Гай Юліюс Цэзар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
(Перанакіравана з «Юлі Цэзар»)
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гай Юліюс Цэзар
Дыктатар Рымскай рэспублікі
49 да н. э. — 15 сакавіка 44 да н. э.
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 13 ліпеня 100 да н. э. альбо 102 да н. э.
Субура, Рым
Памёр: 44 да н. э. Рым
Бацькі: Gaius Julius Caesar
Aurelia Cotta

Гай Юліюс Цэзар (па-лацінску: Gaius Julius Caesar) — рымскі ваенны і палітычны дзяяч.

Зьмест

Біяграфія [рэдагаваць]

Пачатак кар’еры [рэдагаваць]

Нарадзіўся ў вельмі знатнай, але беднай патрыцыянскай сям’і Юліюсаў, якія ўзводзілі сваё паходжаньне да багіні Вэнэры і цара Анка Марцыя. Дакладная дата яго нараджэньня невядомая, бо пачаткі адпаведных біяграфічных твораў Плютарха і Свэтонія не захаваліся. Падчас панаваньня ў Рыме дыктатара Сулы у 82 — 79 да н. э. быў вымушаны зьбегчы з Рыма і хавацца ў Азіі, бо Цэзар зьяўляўся сваяком Марыя і Цыны, ворагаў Сулы. Акрамя таго, Сула спрабаваў развесьці Цэзара зь яго жонкай Карнеліяй[1], выкарыстоўваючы свае дыктатарскія паўнамоцтвы. У час свайго выгнаньня Цэзар служыў у віфінскага цара[1] і аднойчы трапіў у палон да піратаў[2]. У выгнаньні Цэзар працягваў атрымліваць адукацыю (у прыватнасьці, на высьпе Родас[3]), што потым дапамагло яму ў палітычнай кар'еры. Цэзар быў майстрам лацінскай пісьмовай мовы, а таксама зьяўляўся выдатным прамоўцай.

Хутка пасьля адыходу Сулы ад улады Цэзар быў абраны на малодшую грамадзянскую пасаду квэстара. Сьмерць Сулы ў 78 да н. э. дазволіла вярнуцца да былых дэмакратычных традыцыяў. Адбываліся вольныя выбары магістратаў, суды зноў сталі роўнымі, і рашэньні выносіліся не па пажаданьню дыктатара, а так, як прагаласуюць судзьдзі. Цэзар быў ужо даволі бачнай палітычнай фігурай, таму што неаднаразова прыцягваў да суду магістратаў, якімі быў незадаволены народ (напрыклад, Далябэлу і Публія Антонія[4]). Таксама Цэзар зрабіў выдатную прамову падчас пахаваньня сваёй жонкі[5], пасьля чаго ён стаў лічыцца цудоўным прамоўцай. У гэтай прамове ён таксама закрануў тэму паходжаньня свайго роду ад багіні Вэнэры. Таксама Цэзар таемна аднавіў бюсты свайго сваяка Гая Марыя, якія ў свой час зьнішчыў Сула[6].

Празь некалькі год на выбарах прэтара Цэзар перамог зь вялікай перавагай, дзякуючы сваім здольнасьцям прамоўцы і велізарнай папулярнасьці сярод плебеяў, якія складалі большасьць выбарнікаў. Аднак на падтрымку сваёй папулярнасьці, у тым ліку на арганізацыю гульняў для народа, Цэзар патраціў безьліч грошаў, у выніку чаго яго фінансавае становішча вельмі пагоршылася[4]. Менавіта ў гэты час Цэзар зьблізіўся з Красам, адным з найбагацейшых рымлянаў таго часу. Крас бачыў у Цэзары прыладу для барацьбы супраць свайго ворага Пампэя і таму шчодра азалаціў Цэзара[7].

У 63 да н. э., пасьля сьмерці вялікага пантыфіка Квінта Цэцыліюса Мэтэла Піюса, Цэзар быў абраны на гэтую вельмі ганаровую пасаду і стаў захавальнікам рымскіх рэлігійных традыцыяў, хаця на пасаду прэтэндавалі таксама два вельмі вядомых чалавека — Ісаўрык і Катул[8]. Аднак у часы Цэзара старыя рымскія рэлігійныя традыцыі амаль не паважаліся, а ў Рыме зьяўляліся новыя культы, прынесеныя з Грэцыі, Малай Азіі, Эгіпту і Блізкага Ўсходу, таму функцыі вялікага пантыфіка былі значна меншыя за ранейшыя.

У тым жа 63 да н. э. Рым перажыў найбуйнейшую спробу незадаволеных існуючым ладам кіраваньня зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот — змову Катыліны. Лічылася, што Цэзар меў дачыненьне да змовы, а раней, у 65 да н. э. ён нібыта быў адным з галоўных асобаў першай спробы змовы. Аднак доказаў удзела Цэзара ў змове ня было, таму супраць яго не былі высунуты прамыя абвінавачваньні. Аднак Катон Малодшы ў сваёй прамове ў сэнаце паспрабаваў абвінаваціць Цэзара ў дачыненьні да змовы[8], але Цыцэрон, які кіраваў раскрыцьцём змовы і пакараньнем вінаватых, ня стаў прымаць меры супраць Цэзара, улічваючы папулярнасьць Цэзара сярод плебеяў.

Пасьля прэтарства ў Рыме Цэзар выехаў у падначаленую яму на нейкі тэрмін правінцыю Дальняя Гішпанія[7]. У Гішпаніі Цэзар правёў некалькі невялікіх вайсковых кампаніяў і атрымаў навыкі ваяра і камандуючага[9], якія потым спатрэбіліся яму ў Галіі. Плютарх распавядае, што калі Цэзар ехаў у падначаленую яму Гішпанію і калі ён праязджаў празь невялікае селішча, Цэзар у адказ на нейкі жарт сваіх сяброў сказаў: «Што да мяне, я б хацеў быць першым тут, чым другім у Рыме»[7].

Ацэнка дзейнасьці Цэзара [рэдагаваць]

Праўленьне Цэзара лічаць аднім з галоўных момантаў у працэсе пераходу ад Рэспублікі да Імпэрыі, бо менавіта ён пачаў таптаць рэспубліканскія дзяржаўныя звычаі і ўсталёўваць новыя. Выдатны гісторык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Тэадор Момзэн у сваёй фундамэнтальнай «Рымскай гісторыі» ўсімі сродкамі ўзвышаў Цэзара, паралельна прыніжаючы ўсіх сучасных яму палітыкаў, і перш за ўсё Пампэя. Аднак лічыцца, што пазыцыя Момзэна знаходзілася пад уплывам палітычных падзеяў у Нямеччыне канца XIX стагодзьдзя. Шмат хто з гісторыкаў пачатку XX стагодзьдзя палемізаваў з Момзэнам адносна яго поглядаў, і ў тым ліку адносна яго відавочных цэзарыянскіх пазыцыяў. У больш позьніх, у тым ліку сучасных працах дзейнасьць Цэзара ацэньваецца нэўтральна і на фоне сучаснай яму вельмі складанай эпохі.

Ад кагномэна Цэзара паходзяць германская назва манарха kaiser і славянская цар. У гонар Цэзара таксама названыя месяц яго нараджэньня (былы квінцілій), назва якога перайшла ў шмат эўрапейскіх моваў.

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ а б Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 1
  2. ^ Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 1—2
  3. ^ Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 3
  4. ^ а б Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 4
  5. ^ Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 5
  6. ^ Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 6
  7. ^ а б в Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 11
  8. ^ а б Плютарх. Параўнальныя жыцьцяпісы. Цэзар, 7
  9. ^ Плютарх. Параўнальныя жыцтцяпісы. Цэзар, 12

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Гай Юліюс Цэзарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў