Карусь Каганец

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Казімер Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі
Karuś Kahaniec.jpg
Карусь Каганец у сталыя гады
POL COA Bajbuza.svg
герб «Байбуза»
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы: Карусь Каганец, K.Kahaniec, Будзімір, К.Шашаль, К. Качанец, К.К.
Нарадзіўся: 10 лютага 1868, Табольск, Расейская імпэрыя
Бацькі: Карл Кастравіцкі
Алена Сьвентаржэцкая
Жонка: Ганна Пракаповіч
Дзеці: Янка, Мірон, Галіна і Мілена
Рэлігія: рыма-каталік
Памёр: 20 траўня 1918, в. Прымагільле, суч. Юцкі, Койданаўскі раён Менскай вобласьці
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: паэт, драматург, мастак, грамадзкі дзяяч, перакладчык
Гады творчасьці: 18931918
Творы на сайце Knihi.com

Казімер Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі (больш вядомы як Кару́сь Кагане́ц; 10 лютага 1868, Табольск — 20 траўня 1918, Прымагільле, Менскі павет, цяпер в. Юцкі, Койданаўскі раён Менская вобласьць) — беларускі паэт і грамадзкі дзяяч пачатку XX стагодзьдзя, перакладчык, мастак, палітык. Сваяк вядомага францускага паэта Гіёма Апалінэра[1].

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Паходжаньне

Першым вядомым прадстаўніком роду Кастравіцкіх быў праваслаўны шляхціч і скарбнік Амсьціслаўскага княства Іван Кастравіцкі (XV cт.). У XVI стагодзьдзі яго ўнук — Сьцяпан Кастравіцкі — перайшоў у каталіцтва. Яшчэ даўней род меў прозьвішча Бакуновічаў, баяр Амсьціслаўскіх, і потым пераехаў на Гарадзеншчыну. Далей, пасьля пярэбараў з гарадзенскіх Кастравічаў, родавага месца, на Меншчыну, адбылося пералічэньне Кастравіцкіх зь віленскіх дваранаў у менскія.

За часам Расейскай імпэрыі «Указом Правительствующего Сената Герольдии» ад 30 чэрвеня 1834 году за № 16277 Менскі дваранскі сход запісаў Кастравіцкіх у шостую частку дваранскай радаслоўнай кнігі Менскай губэрні з захаваньнем герба Байбуза[2].

Бацька Каруся Каганца — удзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў Карл (Караль) Самуілавіч Кастравіцкі быў ужо зьбяднелым шляхцічам і валодаў толькі фальваркам Навасёлкі на Койданаўшчыне, да якога належалі 6 сялянскіх двароў на правах чыншавікоў. Гарбаты ад нараджэньня, ён меў добрую агранамічную адукацыю і быў аматарам музыкі[2]. Ягоны брат, Міхаіл Апалінары Кастравіцкі, у мінулым — таксама ўдзельнік паўстаньня 1863—1864 гадоў, меў чын штабс-капітана царскай арміі і пазьней асеў у Італіі, дзе ў 1880 годзе ў яго нарадзіўся ўнук Вільгельм, які неўзабаве стаў сусьветнавядомым паэтам Гіёмам Апалінэрам. Карусь Каганец прыходзіўся Гіёму стрыечным дзядзькам[2], а Гіём Карусю — стрыечным пляменьнікам.

Маці Каруся Каганца — Алена Сьвентаржэцкая — паходзіла з багатай беларускай сям'і з-пад Стоўбцаў, скончыла Віленскі інстытут. Яе бацька, паводле сямейнага паданьня, размаўляў амаль выключна па-італьянску і быў выдатным навукоўцам.

Пабраліся будучыя бацькі пісьменьніка, калі Каралю Самуілавічу было 40 гадоў, а Алене — 19[2]. За ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў Карл Кастравіцкі быў сасланы ў Сыбір, а зямля і маёмасьць у Навасёлках — канфіскаваная. У Табольску ён знайшоў сабе службу, а ў хуткім часе да яго прыехала і жонка. Тут 10 лютага [ст. ст. 29 студзеня] 1868 году нарадзіўся Казімер Рафаіл Карлавіч Кастравіцкі. Ён меў старэйшых братоў Стася і Амброзія, старэйшую сястру Досю і малодшую Маню[3].

[рэдагаваць] Маленства

У 1872 годзе Кастравіцкія атрымалі дазвол вярнуцца на радзіму. Карл Самуілавіч купіў трое коней і сані, на якіх сваім ходам сям'я дабралася спачатку з Табольска ў Маскву, а пасьля цягніком да Менску. У 1874 годзе сям'я вярнулася ў Менскую губэрню. Пасьля вяртаньня бацьку юнага Казімера прапанавалі жыхарства ў «былым Царства Польскім», куды ён падаўся, пакінуўшы сям'ю ў вёсцы Засульле пад Стоўбцамі, аднак, не знайшоўшы працы, вярнуўся ў Менск, дзе ў 1874 годзе раптоўна для ўсіх памёр у сваіх знаёмых[4].

Пасьля сьмерці мужа яго маці заручылася зь мясцовым мужчынам і пераехала ў вёску Юцкі (Прымагільле), дзе атрымала ад сваёй сястры дзьве валокі зямлі. У гэты час малому Казімеру давялося зрабіцца вясковым пастухом. Акалічнасьці гэтае працы ў розных дасьледнікаў жыцьця і творчасьці Каруся Каганца розьняцца. Так, паводле краязнаўца Мікалая Касьпяровіча, юны Казімер пачаў працаваць і быў пастухом з 6 да 11 гадоў:

« ...Выганяць прыходзілася ледзь ня ўночы — раніцай, і прыганяць — ледзь ня ўночы — увечары. Адпачываць жа ўдзень, калі жывёла стаяла захаванай ў хлявушку ад аваднёў, нельга было, бо не было чаго есьці, і малы Казімір бег да каго-небудзь з суседзяў і вёў пасьвіць выпражанага з плуга каня, каб зарабіць сабе кубак малака...[5] »

Іншак апісвае прычыну ўладкаваньня юнага Казімера пастухом Вацлаў Ластоўскі. Ён сьведчыць аб тым, што сям'я Каруся Каганца ў гэты час жыла досыць багата, мела сваю дваровую службу, пякарню, дзе сярод простага люду малы Казімер і праводзіў большасьць свайго часу.

« Успамінаючы свае дзіцячыя гады, Карусь Каганец апавядаў, што ён да 10 гадоў заўважыў ужо антаганізм паміж пакоямі і пякарняй. У 15-гадовым узросьце яго дражніла тое... дзяленьне на «мы» і «яны». «Мы» — памешчыкі, шляхта, «яны» — сяляне... Яго дружба з сялянскай моладзьдзю і «простая» (г. зн. ня панская) мова бывалі частымі прычынамі сямейных драм. Але аканчальны разрыў з сям'ёй наступіў пасьля таго, калі Карусь Каганец, пад уплывам народавольскіх ідэй, уцёк з дому і наняўся ў суседнім павеце пасьвіць статак у вёсцы[6]. »

[рэдагаваць] Адукацыя і шлюб

Казімер вучыўся спачатку дома. У 1879 годзе беспасьпяхова спрабаваў паступіць у гімназію. Пазьней быў залічаны ў Менскую гарадзкую вучэльню, затым вучыўся ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідзтва і Санкт-Пецярбургу, аднак вучобы ня скончыў празь недахоп грошай. У часе вучобы стаў вядомым сярод настаўнікаў, зрабіўшы надзвычай псыхалягічны скульптурны партрэт цара Івана Жахлівага.

Пачаў займацца літаратурнай дзейнасьцю ў 1893 годзе. У гэты час зьявіліся вершы «Наш покліч», «Наш сымболь», «Згадка пра Галубка» і інш.

У красавіку 1899 году Карусь Каганец пабраўся з Ганнай Канстанцінаўнай Пракаповіч, іхнае знаёмства адбылося некалькі гадоў раней. Адразу пасьля вясельля яны пераехалі ва ўрочышча Лісія Норы ў Прымагільлі. Тэма каханьня і дадзены пэрыяд жыцьця пісьменьніка адлюстраваліся ў вершаваным цыклі «Сьпяваньні мілосныя «Каханьне Каганца» (18941896)[7]. Рукапіс цыклю захоўваецца ў рукапісным паэтавым архіве[8].

[рэдагаваць] Пачатак XX стагодзьдзя

Малюнак Каруся Каганца «Буслы»

Напачатку XX стагодзьдзя сям'я сутыкнулася зь вялікімі матэрыяльнымі цяжкасьцямі. У Лісіх Норах не ставала зямлі нават для сыноў ад другога матчынага мужа[7] Міхаіла і Янкі Кардэцкіх[3]. Таму ўвесь 1901 год Карусь Каганец правёў на службе ў Менскай чайнай. У сакавіку 1902 году яго звальняюць за рэвалюцыйную чыннасьць і, пабыўшы некаторы час беспрацоўным, ён на тры месяцы ўладкаваўся ў мастацкую майстэрню ў Рызе. Затым, зь невялікім беспрацоўным перапынкам, паступіў аканомам у Менскае таварыства дабрачыннасьці, дзе праслужыў два гады, займаючыся нацыянальным і сацыяльным выхаваньнем менскай моладзі. Тамака ж арганізаваў хор і аркестар[9].

У гэты час з-пад пяра Каруся Каганца выходзяць абразкі з жыцьця і апавяданьні-апрацоўкі народных легендаў і паданьняў: «Вітаўка», «Засульскае турэ», «Халера 40-га року», «Чым болей хто мае...», «Такая доля» і інш. Таксама пісьменьнік дэбютуе на драматургічнай ніве выкрывальнаю п'есай «У іншым шчасьці няшчасьце схавана».

У 19021903 гадох Карусь Каганец быў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і чальцом яе Менскага камітэту. На калядным сходзе Беларускай грамады ў 1903 годзе пісьменьнік закранаў пытаньні ідэнтычнасьці беларусаў, што бачна зь ягонага рэфэрату:

« Кажаце, панове, што беларус свае народнасьці ня знае і нічога пра яе ня цяміць... Вота ж мяне гэта вельмі чапіла за сэрца, як кроў з крыві і косьць з косьці беларуса... Гэта, што беларусы названьня «беларус» ня знаюць, то праўда, але тое, што яны з народнасьці свае ніякай справы не здаюць, то няпраўда. Яно то можа трохі і ня так, як бы трэбы было, але ўсё ж такі цямяць, што яны не маскалі і не палякі. А калі станеш у каторага дапытвацца, хто ён, то адкажа, што ён тутэйшы... Помніць наш селянін, што Кацярына II увяла паншчыну, а Мікалай I паправіў, бо да Мікалая былі яшчэ дзе-нідзе вольныя людзі... Нагаворам прыхільнікаў расейскага ўраду, што палякі ў часе паўстаньня 1863 г. хацелі паншчыну вярнуць, наш брат не дае веры, бо помніць Кацярыну і Мікалая. »

—З рэфэрату на калядны сход Беларускай Грамады 1903 году // Беларусь, 1920, №6[10]

У 1904 годзе рабіў захады адносна выданьня ў Менску беларускай газэты «Палесьсе»[11]. З гэтай нагоды пісьменьнік адаслаў прашэньне на імя міністра ўнутраных спраў Расейскай імпэрыі князя Пятра Сьвятаполк-Мірскага:

« Осмеливаюсь считать Ваше Сиятельство белорусом яко потомка наших князей, я, бедный белорус, потомок древних белорусских бояр княжества Мстиславского, уповаю, что у Вашего Сиятельства в душе хранится искра симпатии к Белоруссии, и потому прибегпю с покорнейшей просьбой к Вашему Сиятельству оказать нам величайшую милость, исходатайствовав право издавать литературно-хозяйственную газету на белорусском языке под названием «Полесье»... Покорный проситель Казимир Костровицкий. »

—Его сиятельству кн. Святополк-Мирскому, министру внутренних дел. Ноября 28 дня 1904 года.[12]

У адказ на сваё прашэньне Карусь Каганец атрымаў прапанову прыслаць у Галоўнае ўпраўленьне па справах друку копію дакумэнтаў аб сваім паходжаньні і адукацыі, а таксама праект праграмы газэты[13], аднак да яе выданьня з розных прычынаў справа так і не дайшла.

У сакавіку 1905 году прыняў удзел у Першым беларускім сялянскім зьезьдзе ў Менску, у другім зьезьдзе БСГ і шэрагу партыйных нарадаў. Таксама дапамагаў распрацоўваць праграмы і рэзалюцыі. Сёлета ж атрымаў месца дзясятніка на чыгунцы Балагое — Сядлец у Лідзе. Туды ж ён пераввёз і сваю сям'ю: жонку і сыноў Янку і Мірона[9].

[рэдагаваць] Паміж арыштамі: 1905—1910

Малюнак Каруся Каганца «На ростаньках» (туш)

У сьнежні 1905 году разам зь сябрам Сьцяпанам Багушэвічам Карусь Каганец адправіўся на вёску яго братоў пад Койданава і сабраў там людны мітынг, пра што хутка даведалася паліцыя і ўжо заўтрашняй раніцай уварвалася ў хату Кардэцкіх, дзе 19 сьнежня 1905 году ён быў схоплены разам з сваім сябрам Сьцяпанам[9]. Пісьменьнік прасядзеў у Менскай турме да 16 траўня 1906 году, вельмі папсаваўшы здароўе.

Пасьля выхаду зь вязьніцы Карусь Каганец забірае сям'ю і перабіраецца ў Менск, дзе быў вымушаны пераязджаць з кватэры на кватэру. Вядома, што ў 1907 годзе, з прычыны гадавіны выданьня «Нашай Нівы», пісьменьнік адаслаў у яе рэдакцыю ліст, дзе разам зь віншаваньнямі просіць надрукаваць высланы артыкул, прычым не зьмяняючы правапісу:

« ...Пасылаю я ў паважаную рэдакцыю «Нашай Нівы» адну стацьцю, катору «Окраина» пабаялася надрукаваць, як крамольную, і прашу яе надрукаваць, а адно пазвольце мне палажыць адзін варунак, а менавіце: стацьці, каторыя буду пісаць, друкуйце так, як яны напісаны, не зьменіваючы правапісьма. Я, бачыце, хачу, штобы вашу газэту ўсе беларусы маглі чытаць і штобы мелі зь яе карысьць, а не адна Барысаўшчына і Вілейшчына...[14] »

Аднак ніякіх матэрыялаў Каруся Каганца не было надрукавана ў газэце «Наша Ніва» ні ў канцы 1907 году, ні ў 1908 годзе.

Напачатку 1908 году ён уладкаваўся лясьнічым ў Патоку каля Клічава. Вандроўкі па тутэйшых ваколіцах іновыя сустрэчы спрычынілі пісьменьніка да заняткаў мовазнаўчай працай па стварэньні беларускага правапісу і слоўніка[9]. Увосені 1908 году яго перавялі ў Дулебы за Бярэзаньню. Тут узьнікае апавяданьне-абразок «Забойства Захаркі»[15].

У верасьні 1909 году, ужо страціўшы службу і, пакінуўшы сям'ю ў Бярэзані, Карусь Каганец падаўся ў Вільню. Пра знаходжаньне Каруся Каганца ў Вільні згадваў журналіст Мікалай Шыла:

« У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка нож і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд - малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма - цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К. Каганец у мяне, на Набярэжнай, каля шпіталя Св. Якуба. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатр, і малярства (К. Каганец у поўным значэнні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыццё і ягоныя праблемы.Усю зіму пісьменьнік працуе ў рамесьніцкай школе пры касьцёле Сьвятога Сьцяпана. Тут ён стварае найвядомую сваю скульптуру — драўлянае ўкрыжаваньне Хрыста, амаль у мэтар вышынёй, афарбаванае ў белы колер з ручніком на поясе Ісуса з народным арнамэнтам[16]. »

На гэты час прыпадае стварэньне аўтарам знакамітай п'есы-вадэвілю «Модны шляхцюк», якая была апублікаваная ў 1910 годзе літаграфічным спосабам з накладам у 400 асобнікаў. П'еса неаднаразова ставілася на падмостках беларускіх тэатраў.

[рэдагаваць] Паўторны арышт: 1910—1911

Малюнак Каруся Каганца «За сахой» (туш)

2 красавіка 1910 году за ўдзел у рэвалюцыі 1905 году Карусь Каганец быў асуджаны Віленскай крымінальнай палатай на год зьняволеньня ў Менскай турме. Час паміж судовым выракам і адбываньнем тэрміну пісьменьнік правёў зь дзецьмі і жонкай у Бярэзані[15]. Вядома, што ён прыкладаў намаганьні, каб хутчэй сесьці ў турму і, тым самым, хутчэй адбыць тэрмін. Тагачасная Менская турма была перапоўнаю, таму пісьменьнік імкнуўся найхутчэй быць этапаваным[17].

16 ліпеня 1910 году ў лісьце да сваёй жонкі Ганны Кастравіцкай ён пісаў: «...дагэтуль яшчэ не дабіўся, каб мяне пасадзілі, але ўжо ў панядзелак абяшчалі пасадзіць (т. е. 19 ліпеня)...»[18]. У гэты час у турме знаходзіўся беларускі паэт і празаік Якуб Колас і Міхаіл Кардэцкі — Карусёвы зводны брат. У чарговым лісьце да сям'і ён адзначаў: «Міхась тако ж тут і адзін паэт, што пісаў у «Нашу Ніву» і завецца Якуб, тутака»[18].

У часе турэмнага зьняволеньня пісьменьнік маляваў карціны і рэзаў з дрэва скульптурныя фігуры[19]. Тады ж у турме Карусь Каганец рабіў ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, якія той пісаў у турме. Малюнкі гэтыя не захаваліся.

« Маляваць я маляваў усё найболей беларускія тыпы, ажно два малюнкі з турэмнага жыцьця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў[20] »

У сваім лісьце да Ганны Кастравіцкай за 17 сьнежня 1910 Карусь Каганец дакладна апісаў адзін дзень з турэмных будняў:

« Калі табе цікава, то апішу ўвесь свой дзень, як я яго праводжу: прачынаюся рана ў 6, 6½ гадзіны і, паляжаўшы крыху, пакуль празвоняць у касьцёле новым, у каторым ужо служаць, устаю, крышу застаўшыяся ад учора скарынкі галубам, каторыя чуць сьвет прылятаюць на акно. Міхась перша за мяне ўстае і вяжа сець, а калі яму няма работы, то ён хлеб крышыць. Потым, як адчыняць камэру, іду апраўляцца, мыюся і сьнедаю; потым люю, ці рысую, ці чытаю што або пішу, потым прагулка парамі вакол двара, па прагулцы абед, па абедзе паваляюся. Калі дзень сьветлы, то, паваляўшыся, зноў што паработаю, а як цьмяны, то так да вечара праваляюся, прашатаюся па камэры. Вечарам ізноў праверка, па паверцы вечарам і Міхась ідзе спаць, а ўскорасьці за ім і я, а другія чытаюць і ў шахы іграюць да позьняе ночы. Я цяпер на сьнеданьне і на вячэру зьядаю па паўкварты малака![21] »

26 ліпеня 1911 году Карусь Каганец быў выпушчаны з турмы.

[рэдагаваць] Апошнія гады

Пасля вызваленьня ў 1911 годзе з турмы Каганец рабіў безвыніковыя спробы знайсьці працу на Ўкраіне, у Вільні, пасьля чаго вяртаецца ў Менск і жыве ў сваёй малодшай сястры Мані. У гэты час зьяўляецца апавяданьне «Што кажух, то не вата»[15]. Напачатку 1912 году пісьменьнік уладкоўваўся аканомам у фальварку Жортай, каля мястэчка Багданава, дзе праслужыў апошнія 6 гадоў жыцьця. У 1917 году вярнуўся пад у Менск. У 1928 годзе пра гэта успамінаў пісьменьнік Зьмітрок Бядуля:

« Я памятаю Каганца з 1917 году, калі ён пасьля Лютаўскай рэвалюцыі пехатою прыйшоў у Менск з свайго хутару пад Койданавам... У яго быў выгляд імяніньніка: радасны, бадзёры, хоць яму было ўжо за 50 гадоў. «Вось цяпер падышо ў час і нам, беларусам, працаваць», — гаварыў ён[15] »

Карусь Каганец памёр ад сухотаў 20 траўня 1918 году ў Прымагільлі. Пахаваны ў вёсцы Вялікія Навасёлкі на Койданаўшчыне[22].

[рэдагаваць] Творчасьць

Творы Каруся Каганца, апрача некалькіх рэчаў, якія выйшлі асобнымі кніжкамі («Модны шляхцюк», «У іншым шчасьці няшчасьце схавана»), друкаваліся ў розных расейскіх часопісах 18901900-х і ў беларускіх выданьнях нашаніўскай пары. Некаторыя былі зьмешчаныя ў тыднёвіку «Вольная Беларусь» (1917, 1918), а пасьмяротныя — у газэце «Беларусь» (1919, 1920)[23].

Паводле Максіма Гарэцкага, Карусь Каганец «па свайму нацыянальнаму беларускаму народніцкаму рамантызму належыць да часу Багушэвіча, а стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайменьнямі; тут ён народнік і рамантык-адраджэнец»[23].

К. Каганец пачаў літаратурную дзейнасьць з апрацаваньня беларускіх легенд і казак («Прылукі», «Вітаўка», Адкуль мядзьведзі, «Хто міл богу», «Машэка», «Скрыпач і ваўкі») і з пісаньня невялікіх апавяданьняў гістарычнага характара, якія пераймалі падобныя народныя пераказы («Навасадзкае замчышча», «Засульскія турэ», «Ваўчок», «Халера 40-га року» і інш.)[24].

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005. S. 124.
  2. ^ a b c d Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса...» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 11.
  3. ^ a b Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 259. — 264 с. — 5000 ас.
  4. ^ Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса...» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 12.
  5. ^ Касьпяровіч М. Карусь Каганец (Да 10-ай гадавіны сьмерці) // Наш край. — 1928. — № 10. — С. 70.
  6. ^ Ластоўскі В. (Успаміны аб Карусю Каганцу) // Савецкая Беларусь. — 1928. — № 115.
  7. ^ a b Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса...» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 14.
  8. ^ Аддзел рэдкай кнігі і старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, ф. 1. Вып. 1.
  9. ^ a b c d Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса...» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 15.
  10. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 61. — 264 с. — 5000 ас.
  11. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 7. — 264 с. — 5000 ас.
  12. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 237. — 264 с. — 5000 ас.
  13. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 259. — 264 с. — 5000 ас.
  14. ^ Каганец К. У рэдакцыю газэты «Наша Ніва» // Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 238. — 264 с. — 5000 ас.
  15. ^ a b c d Пашкевіч, А. «Кроў з крыві беларуса...» Легенда і лёс Каруся Каганца // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 7—8. — С. 16.
  16. ^ Станіслаў Суднік Лёсам Лідчыны крануўся. 140 гадоў з дня нараджэння Каруся Каганца. pawet.net. Праверана 19 жніўня 2011 г.
  17. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 238. — 260 с. — 5000 ас.
  18. ^ a b Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 238. — 264 с. — 5000 ас.
  19. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 261. — 264 с. — 5000 ас.
  20. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 247. — 264 с. — 5000 ас.
  21. ^ Каганец К. Творы / Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча. — Мн.: Маст. літ., 1979. — С. 248. — 264 с. — 5000 ас.
  22. ^ Незвычайныя людзі Вялікіх Навасёлак Радыё «Свабода», 28 сьнежня 2009
  23. ^ a b Гарэцкі, М. Карусь Каганец // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 135.
  24. ^ Гарэцкі, М. Карусь Каганец // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 136.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Карусь Каганецсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах