Панцеляймон Панамарэнка
Панцеляймо́н Кандра́тавіч Панамарэ́нка (9 жніўня 1902, Беларэчанскі раён, Краснадарскі край, Расейская імпэрыя — 18 студзеня 1984) — беларускі і савецкі партыйны й дзяржаўны дзеяч, генэрал-лейтэнант (1943). Старшыня Савету Народных Камісараў (Савету Міністраў) БССР (1944—1948), Першы сакратар ЦК КП Беларусі (1938—1947), начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху (1942—1944).
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1918 быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнік Грамадзянскай вайны 1917—1922. З 1919 працаваў на нафтапромыслах, пасьля на чыгуначным транспарце. З 1922 на камсамольскай працы. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынэраў транспарту (1932). У 1932—1936 служыў у Чырвонай Арміі. З 1936 інжынэр Усесаюзнага электратэхнічнага інстытуту. З 1937 у апараце ЦК ВКП(б).
У 1938—1947 гадох першы сакратар ЦК КП(б)Б. Даваў згоду на арышт і асуджэньне дзяржаўных і партыйных работнікаў БССР.
21 лістапада 1938 падрыхтаваў справаздачу «О Белорусском языке, литературе и писателях». У ім Панцеляймон Кандратавіч дакладае дзяржсакратару ЦК аб тым, што азнаёміўшыся з беларускімі пісьменьнікамі і іх настроямі, ён зрабіў шэраг высноў, па рэалізацыі якіх жадаў параіцца са Сталінам. Спадар Панамарэнка для перадачы беларускай мовы скарыстоўваў расейскую транскрыпцыю (накшталт «щирых белорусов»), абражаў культуру і мову, фактычна падпісваў сьмяротны прысуд літаратурным дзеячам, абвінаваціўшы іх у «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай працы, ідэйна кіруемых заўсёды дзясяткам прафашысцкіх пісьменнікаў (у тым ліку Янкам Купалай і Якубам Коласам[1])...» Панамарэнка ў сваёй справаздачы прапаноўвае:
«...Решительно очистить литературу от произведений с национал-фашистской контрабандой (кое-что мы в этом направлении уже сделали), поднять литературную, преданную молодежь, освежить литературу, укрепить руководство Союза писателей».
Затым піша, якія крокі ўжо былі праведзеныя ў бок саюзу пісьменьнікаў, і дадае:
«По двум вопросам:
- а) о предлагаемых мероприятиях в отношении белорусского языка — грамматики и литературы;
- б) об отношении к писателям Янке Купале и Якубу Коласу, — я прошу Вас дать мне совет».[2]
Але ўжо лiтаральна праз месяц Панамарэнка просiць узнагародзiць разам зь iншымi пiсьменьнiкамi Якуба Коласа: «...У яскравых мастацкiх вобразах паказаў барацьбу беларускага народа супраць белапольскiх акупантаў...»[1]
З пачатку 1939 удзельнічаў у выкрыцьці кіраўнікоў НКУС БССР, абвінавачаных у грубых парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці і злоўжываньнях уладай. З 1939 таксама чалец Ваеннага савету Беларускай ваеннай акругі, прымаў удзел у кіраўніцтве войскамі, што ўвайшлі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Менавiта Панамарэнка пераканаў Ёсiфа Сталiна ў тым, што Палесьсе зь Берасьцем i Пiнскам мусяць быць менавiта ў складзе БССР[3].
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў чальцом ваенных саветаў 3-й ударнай арміі, Заходняга, Цэнтральнага і Бранскага франтоў. У 1942—1944 гг. начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандаваньня. Непасрэдна пасьля вызваленьня БССР Сталін прад’явіў прапанову зьмяніць межы рэспублікі з РСФСР. У жніўні гатовы быў праект перадачы Расейскай Фэдэратыўнай Рэспубліцы Полацкай вобласьці. Дзякуючы настойлівым стараньням І сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі, падмацаваным аргумэнтамі аб ахвярнасьці насельніцтва Беларусі ў барацьбе зь нямецкім акупантам, беларускім камуністам удалося абараніць усходнія межы рэспублікі[4][5].
У 1944—1948 гг. Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У 1948—1953 гг. сакратар ЦК ВКП(б), адначасова ў 1950—1953 гг. міністар нарыхтовак СССР. З 16 кастрычніка 1952 па 6 сакавіка 1953 чалец Палітбюро ЦК КПСС. У 1953—1954 гг. міністар культуры СССР. У 1954—1955 гг. першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстану.
З 1955 амбасадар у Польшчы. З 1957 ў Індыі і Нэпале, з 1959 ў Нідэрляндах.
Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Узнагароды [рэдагаваць]
Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Суворава I ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам «Знак Пашаны».
| Папярэднік Аляксей Волкаў |
Першы сакратар ЦК КП(б)Б 1938—1947 |
Наступнік Мікалай Гусараў |
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Кастусь Ліпскі. Як ордэр памянялi на ордэн // Газэта „Пагоня“, 2008-10
- ^ Дар’я Сацукевіч. No comments… Альбо пра тое, як мову прадаюць // Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
- ^ Пабачылi свет асабiстыя дзённiкi Панцеляймона Панамарэнкi // Народная Воля №123-124, 21.08.2008
- ^ VII. Уніфікацыя палітычнай і гаспадарчай сістэмы БССР (1944—1956) // Навейшая гісторыя Беларусі. — Беласток: Праграмная Рада Тыднёвіка Беларусаў у Польшчы «Ніва», 1999
- ^ Уладзімер Арлоў. Мажвідас, Кант і Ваня зь піларамы // Наша Ніва, сакавік 2002 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Сымон Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. — Менск: БГА, 2000.— 160 с. ISBN 985-6374-15-4.
|
|||||||||||||||||
|
||||||||||||||