Нэпал

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
सँघिय लोकतान्त्रीक गणतन्त्र नेपाल
Saṃghiya Loktāntrīk Gaṇatantra Nepāl
Сьцяг Нэпала Герб Нэпала
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз:
जननि जन्मभुमिस्च स्‍वर्गादपि गरियेशि
Ja'nani Jan'mabhumis'hchaa Svar'gadapi Gariyo'shi (Санскрыт)
Месцазнаходжаньне Нэпала
Афіцыйная мова Нэпалі
Сталіца Катманду
Найбуйнейшы горад Катманду
Урад Парлямэнцкая рэспубліка

Пушпа Камал Дахал
Плошча
 - Агульная
 - Адсотак вады
94-е месца ў сьвеце
147.181 км²
2,8 %
Насельніцтва
 - Агульнае (2005)
 - Шчыльнасьць
40-е месца ў сьвеце
27.676.547
188/км²
СУП
 - Агульны (2005)
 - на душу насельніцтва
81-е месца ў сьвеце
42,17 блн
1.500
Валюта Рупія (NPR)
Часавы пас
 - улетку
NPT (UTC+5:45)
няма
Дзяржаўны гімн «Гімн Нэпала|Sayaun Thunga Phool Ka»
Дамэн верхняга ўзроўню .np
Тэлефонны код +977
Мапа Нэпала

Фэдэрацыйная Дэмакратычная Рэспубліка Нэпа́л (Нэпа́л) — краіна ў паўночна-ўсходняй Азіі, якая мяжуе з 2 краінамі — Кітаем і Індыяй.

Рэспубліка Нэпал разьмешчаная ў Азіі паміж 26° і 30° з. ш. і паміж 80° і 88° у. д.

Нэпал заціснуты паміж дзьвюма самымі населенымі краінамі сьвету. На поўнач ад яго знаходзіцца Тыбэт — аўтаномны рэгіён КНР, а на паўднёвай мяжы, з захаду на ўсход, Нэпал мяжуе зь індыйскімі штатамі Утаранчал, Утар-Прадэш, Біхар, Заходняя Бэнгалія і Сікькім.

З поўначы Нэпал аблямоўвае Вялікі Гімалайскі хрыбет, знакаміты сваімі некалькімі вяршынямі вышэй 8000 м, сярод якіх Эвэрэст/Джамалюнгма (8848 м) — самая высокая гара на Зямлі.

Самая нізкая кропка Нэпала знаходзіцца на вышыні 70 м. Больш 40 % тэрыторыі Нэпала разьмешчана на вышыні больш 3000 м, таму Нэпал зьяўляецца самай высакагорнай краінай сьвету.

Зьмест

[рэдагаваць] Рэльеф Нэпала

Шэсьць сёмых тэрыторыі краіны занятыя хрыбтамі Гімалайскай горнай сыстэмы.

Уздоўж паўднёвай мяжы працягнулася самая нешырокая (20 — 40 км) паласа на вышынях 200—250 м над узроўнем мора. Гэта пяшчана-гліністыя цераі — паўночная ўскраіна Інда-Гангскай нізіны, асноўная частка якой належыць Індыі. Месцамі яны забалочаныя. Улетку ў выніку мусонных ліўняў невялікія рачулкі шырока разьліваюцца і адбываюцца паводкі.

З поўначы цераі замыкаюцца спадзіста-пагорыстай градой, якая называецца Сівалік — гэта перадгор'е Гімалаяў (500—700 м над узроўнем мора), ніжняя прыступка Гімалайскай горнай сыстэмы. Тутэйшы рэльеф ня мае рэзкіх формаў — нізкагор'і спадзістыя і моцна разьдзеленыя рэкамі. Паўночныя схілы Сіваліка парэзаныя штучнымі тэрасамі, што выкарыстоўваюцца мясцовым насельніцтвам для земляробства.

На поўнач ад грады Сіваліка цягнецца вузкая дэпрэсія з пагорыстым рэльефам — так званыя Ўнутраныя цераі (па-нэпальску — Бхітры-Мадэш).

Яшчэ паўночней разьмяшчаецца сярэдняя прыступка Гімалаяў — сярэднягорны хрыбет Махабхарат, або Малыя Гімалаі, вышынёй да 3000 м і шырынёй да 16 км. Ён складзены цьвёрдымі пародамі, таму шматлікія схілы Махабхарата стромыя, вяршыні вышчэрбленыя. Яшчэ нядаўна тут абрывалася адзіная горная дарога зь Індыі ў Катманду, сталіцу Нэпала.

Паміж Махабхаратам і Галоўным Гімалайскім хрыбтом разьмяшчаецца паніжэньне — унутраная сярэдняя вобласьць (Мідлэнд, або Пахар-Кханда). Шырыня яе прыкладна 25 км, вышыня — ад 600 да 2000 м. Тут сходзяцца рэкі, якія спускаюцца з Гімалаяў. У сярэдняй вобласьці знаходзіцца найбольш спрыяльная для сельскай гаспадаркі і самая населеная частка краіны — даліна Катманду плошчай каля 600 кв. км.

На поўначы Пахар-Кханда прымыкае да Галоўнага Гімалайскага хрыбта, або Вялікіх Гімалаяў. Сярэдняя вышыня Вялікіх Гімалаяў — 6000 м. Па-нэпальску Гімалаі — Хімалай, што азначае «мясьціна снягоў». На тэрыторыі краіны снягамі пакрытыя больш за 1300 горных вяршыняў. У Нэпале знаходзяцца восем з 14 вяршыняў сьвет вышэйшых за 8000 м. Сярод іх самая высокая гара зямное кулі — Эвэрэст, або Джамалюнгма (па-нэпальску — Сагарматха) — 8848 м (на мяжы з КНР). Галоўны Гімалайскі хрыбет мае вострыя зубчастыя абрысы, а яго стромыя схілы маюць шмат глыбокіх цясьнінаў.

Ва ўсходняй частцы Нэпала грэбень Галоўнага Гімалайскага хрыбта зьяўляецца дзяржаўнай мяжой з КНР, у заходняй жа палове мяжа з КНР праходзіць у некалькіх дзясятках кілямэтраў паўночней Галоўнага Гімалайскага хрыбта.

[рэдагаваць] Прыродныя зоны

Тэрыторыя Нэпала па сваіх прыродна-геаграфічных асаблівасьцях падзяляецца на вышынныя пасы, што цягнуцца з захаду на ўсход уздоўж горнай сыстэмы Гімалаяў.

  • Паўднёвы трапічны пас да вышыні 1900 м над узроўнем мора (цераі, Сівалік і ніжняя частка схілаў Махабхарата). Сярэдняя тэмпература ліпеня +27…30°, студзеня +15…17°. Улетку — частыя паводкі, узімку — засухі. Цераі раней былі пакрытыя трапічнымі джунглямі, але да нашых дзён шматлікія лясы зьніштожаныя, на іх месца – ральля і пашы. Джунглі захаваліся ў падножжаў і на схілах Сіваліка, асабліва ва ўсходняй яго частцы.
  • Субтрапічны горны пас (1200—1900 м). Пакрыты шырокалісьцевымі лясамі (дуб, каштан, клён, граб, ільм, а таксама магноліі, рададэндрон, камфаравае і лаўравае дрэвы, баньян, горны бамбук, архідэі).
  • Горны ўмераны пас (1900—2800 м). Лісьцевыя лясы.
  • Умерана халодны пас (3000 — 4000 м). Лісьцевыя дрэвы паступова выцясьняюцца іглічнымі (серабрыстая елка, блакітная хвоя, лістоўніца, дрэвападобны ядловец, гімалайскі кедр, вышэй — піхта).
  • Альпійскія лугі (4000 — 5200 м).
  • Ледзяная зона (вышэй 5200 м).

[рэдагаваць] Насельніцтва

У культурна-этнічным дачыненьні Нэпал уяўляе сабой сумесь каля сотні народнасьцяў і кастаў. Межы кастаў, зазвычай, празрыстыя, а прыналежнасьць да тых або іншых кастаў залежыць таксама ад пазыцыі назіральніка. Насельніцтва Нэпала размаўляе на сямідзесяці розных моваах і дыялектах.

[рэдагаваць] Этнаграфія

Народы Нэпала належаць пераважна да сіна-тыбэцкай (тыбэта-бірманская група) і індаэўрапейскай моўных сем'яў. Нямала народнасьцяў — уцекачы, заваёўнікі або перасяленцы.

Так, народнасьць бахуны каля 1300 уцякла ў Нэпал з поўдня ад мусульманскага ўварваньня, а народнасьць шэрпы прыкладна 500 гадоў назад уцякла з поўначы ад манголаў. Паходжаньне некаторых этнічных груп невядомае, напрыклад нэвары або тхару.

Зьвесткі аб буйных народнасьцях Нэпала сабраныя ў наступнай табліцы:

Найбольш шматлікія этнічныя групы і касты Нэпала
Народнасьць Адсотак насельніцтва Асноўнае месца расьсяленьня моўная група
Чхетры 12,8 % па ўсёй тэрыторыі інда-эўрапейцы, тыбэта-бірманцы
Горныя Бахуны 12,7 % па ўсёй тэрыторыі інда-эўрапейцы
Магары 7,1 % сярэдне-заходнія горы тыбэта-бірманцы
Тхару 6,8 % заходнія цераі тыбэта-бірманцы
Тамангі 5,6 % даліна Катманду і цэнтральныя горы тыбэта-бірманцы
Нэвары 5,5 % даліна Катманду тыбэта-бірманцы

Акрамя гэтага варта згадаць народнасьці гурунгі, шэрпы, лімбу і раі.

Для 49 % Насельніцтва па перапісе 2001 гады родная моваНэпалі. Іншыя распаўсюджаныя мовы: Майтхілі (12,4 %), Бходжпуры (7,6 %), Тхару (5,9 %), Таманг (5,2 %), Нэвары (3,6 %) і Магары (3,4 %).

[рэдагаваць] Рэлігія

Па афіцыйных дадзеных, 90 % насельніцтвы вызнаюць індуізм. Па незалежных ацэнках, фактычная колькасьць прыхільнікаў індуізму складае толькі 70 %, або нават менш. Падобнае разыходжаньне зьвязанае з тым, што існуе нямала народнасьцяў, якія, хоць фармальна абвяшчаюць аб сваёй прыналежнасьці да індуізму, але ў рэальнасьці практыкуюць анімізм або будызм. Нярэдка цяжка правесьці выразную мяжу, таму нельга казаць аб дакладнасьці ацэнак. Але, так ці інакш, індуізм дамінуе ў Нэпале. Нэпал — адзіная краіна ў міры, дзе індуізм быў дзяржаўная рэлігія да самага апошняга часу, але пасьля ўступленьня ў сілу 15 студзеня 2007 часовай новай канстытуцыі індуізм больш не зьяўляецца дзяржаўнай рэлігіяй.

Прыкладна 11 % насельніцтва прылічаюць сябе да будыстаў, асабліва ў Каралеўстве Мустанг. Існуюць таксама меншасьці, якія вызнаюць іслам, кірант і прыналежныя да асобных анімістычных вераваньняў.

Хрысьціяне ня маюць права афіцыйна вызнаваць сваю веру. Нешматлікія хрысьціяне ўваходзяць у замкнутыя супольнасьці.

[рэдагаваць] Касты

Нэпальская каставая сыстэма разьвівалася раўналежна зь індыйскай. Вядома, што гістарычны Буда Гаўтама Сіддхарта (род. 563 да н. э.) належаў да касты Кшатрыяў — касты ваяроў. Асабліва ўзрос індыйскі ўплыў у Нэпале падчас дынастыі Гупта (320 - 500); Нэпал тады меў статут «суседзкага каралеўства», аднак падпарадкаванага Самудрагупта.

Пазьней, з стагодзьдзя, шматлікія індуісты (а таксама шматлікія Брахманы) перасяляліся зь Індыі у Нэпал, пераважна ўцякаючы ад арабскага ўварваньня і ўкараненьні іслама, асабліва з паўночна-ўсходняй Індыі. Пры гэтым уцекачы імкнуліся захаваць зыходную культуру і рытуалы.

Каб зразумець нэпальскія каставыя адносіны, трэба памятаць пра існаваньне розных каставых сыстэмаў.

Каста недатыкальных складае ў Нэпале каля 7 адсоткаў насельніцтва.

Індуісты-нэвары, што засяляюць выключна даліну Катманду, выкарыстоўваюць сваю каставую сыстэму, часткова перанятую ад нэвараў-будыстаў. Аднак каставая сыстэма ў абшчынах нэвары ня мае такога значэньня, як у іншых народаў.

Меркаваньне большасьці з нагоды каставай сыстэмы

Большасьць, у якую ўваходзяць лібэральныя бахуны і чхетры і народы без уласных каставых сыстэмаў, разглядаюць наступную гіерархію, важную для рэлігійных рытуалаў:

chokho jaat (Чыстыя касты) / pani nachalne jaat (Недатыкальныя касты)

На практыцы здараецца, што прыналежнасьць да кастаў зьвязваюць з матэрыяльным дабрабытам, гэта значыць бедных прылічаюць да недатыкальных, а багатых — да вышэйшых кастаў. Гэта прыводзіць да таго, што замежнікі эўрапейскага паходжаньня, якія ня ёсьць індуістамі, і павінны таму прылічацца да недатыкальных, прылічаюцца да вышэйшых кастаў, аднак, калі ідзецца аб адносінах, зьвязаных з рытуальнымі дзеяньнямі, зь імі абыходзяцца як зь недатыкальнымі. У прыватнасьці, гаворка ідзе аб рытуалах, зьвязаных з вадой і гатаваньнем рысу.

[рэдагаваць] Адміністрацыйнае падзел

Нэпал падзелены на 14 зонаў і 75 раёнаў, згрупаваных у пяць акругаў.

Зона Цэнтар Плошча, кв. км Насельніцтва (2001), чал.
1 Багмаці Катманду 9 428 3 008 487
2 Бхеры Нэпалгандж 10 545 1 417 085
3 Гандакі Покхара 12 275 1 487 954
4 Джанакпур Сіндхулімады 9 669 2 557 004
5 Дхавалагіры Баглунг 8 148 556 191
6 Карналі Джумла 21 351 309 084
7 Касі Дхаран 9 669 2 110 664
8 Лумбіні Бутвал 8 975 2 526 868
9 Махакалі Махендранагар 6 989 860 475
10 Мячы Ілам 8 196 1 307 669
11 Нараяні Хетаўда 8 313 2 466 138
12 Рапці Тулсіпур 10 482 1 286 806
13 Сагарматха Раджбірадж 10 591 1 926 143
14 Сетхі Дхангадхі 12 550 1 330 855

міні|300пкс|Акругі: Дальнезаходнія: Махакалі (9), Сетхі (14) Сярэднезаходнія: Карналі (6) Бхеры (2), Рапці (12) Заходнія: Дхавалагіры (3), Гандакі (4), Лумбіні (8) Цэнтральныя: Багмаці (1), Джанакпур (5), Нараяні (11) Усходнія: Сагарматха (13), Касі (7), Мячы (10)

[рэдагаваць] Гарады

Значную частку насельніцтва Нэпала складаюць сяляне, якія пражываюць у горах і сельскай мясцовасьці. Гарадзкое насельніцтва Нэпала складае толькі 14 %, доля гарадзкога насельніцтва сярод самых нізкіх у сьвеце. У апошнія гады колькасьць гарадзкіх жыхароў стала расьці, прыкладна на 3,5 % у год.

Да пачатку 1990-ых гадоў Нэпал кіраваўся выключна з цэнтра. Па меры разьвіцця дэмакратыі і дэцэнтралізацыі камуны атрымалі самакіраваньне.

Ва ўсіх гарадах за выключэньнем Катманду адсутнічаюць рэсурсы, таму актывізацыя мясцовага самакіраваньня ёсьць праблематычнай справай.

У залежнасьці ад эканамічнага стану, існуюць тры ўзроўня самакіраваньня камунаў. У найвышэйшай кампетэнцыі ляжыць Maha-Nagarpalika, да гэтай катэгорыі належыць толькі Катманду. Наступны ўзровень — Up-Maha-Nagarpalika, да якой належаць такія гарады, як Лалітпур або Похара; на ніжнім узроўні знаходзіцца Nagarpalika.

Тры самыя буйныя месты знаходзяцца ў горах, але большасьць камунаў знаходзяцца ў цераях. Астатнія камуны ў горах групуюцца вакол невялікіх горных гарадоў, якія за кошт уключэньня ў сваю рысу бліжэйшых вёсак маюць насельніцтва 20 000 чалавек.

Значная частка насельніцтва Нэпала засяроджаная на поўдні, унізе, на мяжы зь Індыяй, у цераях. Дзеля таго, што ў гэтай зоне шмат роўнай зямлі, менавіта тамака вырастаюць новыя гарады і паселішчы.

У даліне Катманду разьмешчаны канглямэрат Катманду-Лалітпур(Патан), непадалёку яшчэ адзін меншы горад Бхактапур, а вакол невялікія гарады, якія таксама нясуць традыцыйную нэварскую культуру — Цімі, Кірціпур, і ў невялікім аддаленьні Банэпа, Дулікель і Панаўці. У цэлым даліна населеная вельмі бязладна і шчыльна, агульнае насельніцтва даліны складае больш за паўтары мільёна чалавек.

Другі па населенасьці горны канглямэрат, насельніцтва якога стала расьце — гэта даліна Похара з гарадамі Похара і Лекнат, насельніцтва якіх ужо перасягнула дзьвесьце тысяч.

Акрамя гэтых дзьвюх далінаў, у горах існуе яшчэ нямала гарадоў паменш, вось іх пералік (з усходу на захад):

Ілам, Дханкута, Бхімэсвар, Тансэн, Путалібазар, Трыбхуванагар, Тулсіпур, Birendranagar і Дыпаял-Сілгадхі. У зоне тэраяў знаходзяцца наступныя буйнейшыя гарады (з усходу на захад): Мэхінагар, Біратнагар, Дхаран, Ітахары, Раджбірадж, Трыюга, Джанакпур, Біргандж, Хетаўда, Бхаратпур, Рамгар, Бутвал, Сідхартханагар, Нэпалгандж, Гуларыя, Цікапур, Дхангадхі і Махендранагар.

Варта мець на ўвазе, што ў апошні час многія гарады памянялі назвы. Так, знакаміты горад Горкха афіцыйна называецца Прытхівінараян, а стары горад-каралеўства Патан стаў афіцыйна звацца Лалітпур. Старымі імёнамі працягваюць актыўна карыстацца.

[рэдагаваць] Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Нэпала

Некалі даліна Катманду ляжала на дне велізарнага горнага возера. Пасьля землятрусу вада возера сыйшла (па легендзе — бадхісатва Манджушры расьсёк ваду магічным мячом, па іншай легендзе гэта быў Крышна, які з дапамогай кія стварыў Чабарскую цясьніну, празь якую сыйшла вада), і даліна была заселеная шматлікімі людзьмі з ваколіцаў, што ўтварылі народ нэвары. Даліна адрозьнівалася высокай урадлівасьцю, а насельніцтва — здольнасьцямі ў мастацтве і рамёствах, і стала знакамітая ва ўсёй усходняй Азіі.

Яшчэ да нашай эры ў Нэпал прыйшоў будызм, і Нэпал зьяўляўся апорай будызму ва ўсім гімалайскім рэгіёне, а таксама важным перавалачным пунктам на гандлёвых шляхах паміж Індыяй, Тыбэтам і Кітаем.

Росквіт Нэпала меў месца за часы нэварскай дынастыі Мала, якая пакінула найбольш прыкметны сьлед у гісторыі Нэпала ў выглядзе яшчэ існуючых пышных архітэктурных помнікаў, якія ў значнай ступені сфармавалі аблічча краіны ў вачах астатняга сьвету. Эпоха кіраваньня Мала лічыцца «Залатой эрай».

У 1768 кароль царства Горкха Прытві Нараян Шах заваяваў даліну Катманду і перанёс сваю сталіцу ў места Катманду. Такім чынам быў пакладзены пачатак кіраваньню ў Нэпале дынастыі Шах, якое працягваецца па прамой лініі дагэтуль.

15 верасьня 1846 змоўшчыкі на чале з Джанг Бахадурам — маладым амбітным і лютым арыстакратам з касты Чхетры на захадзе Нэпала — зьдзейсьнілі крывавы палацавы пераварот, названы «Разьнёй у Кот».

На працягу больш чым стагодзьдзя дынастыя прэм'ер-міністраў Рана кіравала краінай, і хоць гэты час характарызуецца ізаляцыяй краіны і стагнацыяй амаль ва ўсіх абласьцях жыцця, Нэпал здолеў захаваць сваю незалежнасьць у той час, як эўрапейскія каляніяльныя дзяржавы падпарадкавалі сабе практычна ўвесь сьвет.

У канцы 1950 г. кароль Трыбхуван пакінуў свой палац, схаваўшыся ў пасольстве Індыі, адкуль ён пасьля ўцёк у Індыю. У гэты час прыхільнікі БП Койралы захапілі ўладу ў большай частцы тэраяў і сфармавалі Часовы ўрад у памежным зь Індыяй мястэчку Бірганж. У Нэпале пачаліся сутыкненьні прыхільнікаў ННК і дынастыі Рана, падчас якіх ніводная сіла не дасягнула вырашальнай перавагі. Тады ўмяшалася Індыя, і прапанаваны ёю плян урэгуляваньня быў прыняты абодвума бакамі. У адпаведнасьці з гэтым плянам, кароль Трыбхуван вярнуўся ў сталіцу ў 1951 і сфармаваў новы ўрад, які ўключыў як прыхільнікаў Рана, так і прадстаўнікоў ННК. Зь векавой ізаляцыяй краіны было пакончана, Нэпал усталяваў адносіны з шматлікімі дзяржавамі сьвету.

У 1955 кароль Трыбхуван памёр (яго іменем названы, у прыватнасьці, сталічны аэрапорт), і на пасад уступіў яго сын Махендра. Ён абвесьціў новую канстытуцыю, у адпаведнасьці зь якой у 1959 у Нэпале ўсталёўвалася парлямэнцкая сыстэма. У 1972 кароль Махендра памёр, і на пасад уступіў яго сын Бірэндра, што атрымаў бліскучую адукацыю ў Ітоне і Гарвардзе.

Разам з тым, насельніцтва, якое ў большасьці сваёй чакала неадкладнага паляпшэньня жыцьця пасьля ўвядзеньня дэмакратыі, хутка расчаравалася ў кіруючай партыі, у краіне ізноў пачаліся масавыя беспарадкі, і ўрад быў вымушаны прызначыць датэрміновыя выбары ў 1994. На гэтых выбарах перамогу атрымала Аб'яднаная Камуністычная партыя (марксісцка-ленінская) пад кіраўніцтвам Ман Мохан Адхікары. Узьнікла ўнікальная палітычная сітуацыя: камуністычны ўрад пры тэакратычнай манархіі (Нэпал — адзіная тады краіна, дзе індуізм быў абвешчаны дзяржаўнай рэлігіяй). Аднак, гэтая сітуацыя існавала нядоўга: ужо ў верасьні 1995 урад камуністаў атрымаў вотум недаверу і змушаны быў сыйсьці ў адстаўку, і да ўлады прыйшла трохпартыйная кааліцыя з ННК, правай партыі Растрыя Праджатантра і праіндыйскай партыі Нэпал Сабдхавана.

[рэдагаваць] Сучасны Нэпал

З 1996 году мааісцкая апазыцыя Нэпала прыступіла да актыўных дзеяньняў, і ў Нэпале пачалася грамадзянская вайна. Урад ня даў рады з ростам эканамічных праблемаў, высокай карупцыяй службоўцаў, і час ад часу краіна скаланалася ад крызысаў, зьвязаных з разрухай і голадам на аддаленых тэрыторыях. Высокі наплыў замежных турыстаў, які меў месца ў сярэдзіне 1990-х гадоў, стаў скарачацца, і да 2005 зьменшыўся ў дзесяць разоў, што яшчэ больш ударыла па эканоміцы Нэпала.

1 чэрвеня 2001 спадчынны прынц Дыпэндра на традыцыйным абедзе, прысьвечаным сустрэчы ўсёй каралеўскай сям'і, расстраляў усіх прысутных, а потым застрэліўся сам. Пры гэтым загінуў кароль Бірэндра і амаль усе чальцы каралеўскай сям'і. На трон уступіў яго дзядзька Г'янэндра.

Спрабуючы стабілізаваць становішча, Г'янэндра пайшоў на шэраг непапулярных захадаў, аж да забароны палітычных партыяў і роспуску ўрада, перамяжоўваючы актыўныя ваенныя дзеяньні супраць мааістаў зь перамовамі. У той самы час мааісты узялі пад свой кантроль значную частку тэрыторыі Нэпала, тады як урадавыя войскі ўтрымлівалі даліну Катманду, навакольлі Покхары, найбольш населеную частку тэраяў і раёны асноўных турысцкіх маршрутаў у навакольлях Эвэрэста і Анапурны.

У 2005 кароль фактычна распусьціў парлямэнт.

Выступаючы супраць аўтарытарных захадаў з боку караля, кіруючыя палітычныя партыі ўступілі ў хаўрус з мааістамі. 11 ліпеня 2006 парламент Нэпала пазбавіў караля Г'янэндру права накладваць вэта на законы і законапраекты. За месяц да гэтага дэпутаты аднадушна адабралі ў караля пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага войскам, пазбавілі імунітэту (з гэтага часу яго можна аддаць пад суд), а таксама абавязалі плаціць падаткі. Акрамя таго, дэпутаты пастанавілі з гэтага часу лічыць Нэпал — адзінае ў міры цалкам індуісцкае каралеўства — «сьвецкай дзяржавай», адабраўшы такім чынам у Г'янендры тытул інкарнацыі Вішну. Быў сфармаваны кааліцыйны ўрад.

21 лістапада 2006 урад зь сямі партыяў заключыў мір з мааістамі, абвесьціўшы аб завяршэньні грамадзянскай вайны. Па ўмовах гэтай угоды мааісты пагадзіліся скласьці зброю. За гэта прэм'ер-міністр Гірыджа Прасад Койрала, яі ў траўні 2006 стаў кіраўніком краіны, паабяцаў аддаць мааістам 73 з 330 дэпутацкіх месцаў у новым парлямэнце.

14 студзеня 2007 парламент прыняў часовую канстытуцыю, па якой кароль пазбаўляецца статуту ачольніка дзяржавы і ўладныя функцыі перадаюцца прэм'ер-міністру. Пры гэтым мааісты дамагліся павелічэньні прадстаўніцтва ў парламенце да 83 месцаў, сталі самай буйной апазыцыйнай партыяй і атрымалі месцы ў кабінэце міністраў. [1] Нэпальскі нацыянальны кангрэс на чале з прэм'ер-міністрам атрымаў 85 месцаў.

Былі прызначаныя выбары ў Канстытуцыйную Асамблею. Адначасова на поўначы Нэпала ўзброеныя атрады мааістаў пачалі здаваць зброю ў адмысловыя сховішчы, якія будуць кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі. Прыём зброі ажыцьцяўляе адмысловая камісія з супрацоўнікаў ААН і вэтэранаў брытанскіх каляніяльных войскаў зь ліку нэпальскіх горцаў-гуркхаў.

Пазьней аднак выбары былі перанесены на больш позьні тэрмін.

28 сьнежня 2007 часовы парлямэнт абвесьціў Нэпал дэмакратычнай федэрацыйнай рэспублікай [2]. Рашэньне падлягае зацьвярджэньню Канстытуцыйнай Асамблеі пасьля выбараў.

[рэдагаваць] Эканоміка

Аснова нэпальской эканомікі — турызм, унутраны гандаль, сельская гаспадарка. На поўдні краіны існуюць мясцовыя прадпрыемствы індыйскіх прамысловых кампаніяў.

Грашовая адзінка — нэпальская рупія. Курс рупіі складае прыкладна 70 рупій за адзін даляр ЗША. Абмен валюты — вольны. Грошы можна абмяняць як у банках, так і ў шматлікіх абменных пунктах.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі



Краіны Азіі
Азэрбайджан | Аман | Армэнія | Аўганістан | Банґлядэш | Бахрэйн | Брунэй | Бутан | Віетнам | Грузія | Емэн | Злучаныя Арабскія Эміраты | Ізраіль | Інданэзія | Індыя | Ірак | Іран | Казахстан | Камбоджа | Катар | Кіпр | Кітай | Кувэйт | Кыргыстан | Лаос | Лібан | Малайзія | Мальдыўскія выспы | Манголія | М'янма | Нэпал | Пакістан | Паўднёвая Карэя | Паўночная Карэя | Расея | Рэспубліка Кітай (Тайвань) | Саудаўская Арабія | Сынґапур | Сырыя | Таджыкістан | Тайлянд | Туркмэністан | Турцыя | Тымор-Лешці | Узбэкістан | Філіпіны | Шры-Ланка | Эгіпет | Японія | Ярданія
Непрызнаныя тэрыторыі: Абхазія | Ганконґ | Курдыстан | Макао | Нагорны Карабах | Палестына
На іншых мовах