Іслам
Іслам (па-арабску: الإسلام, што значыць «пакорнасьць Боскай волі») — манатэістычная рэлігія, другая ў сьвеце па колькасьці прыхільнікаў. Апошнія, каторыя называюцца мусульманамі, мусяць верыць у абсалютную еднасьць Бога і тое, што Бог даслаў людзям настаўленьні праз прарокаў Мухамада, Ісуса, Майсея, Давіда, Аўрама, Ноя, Адама і іншых. Паводле мусульманскай веры, тыя настаўленьні Бога, што былі дасланыя прароку Мухамаду праз анёла Гаўрылу, сабраныя ў сьвятую кнігу Кур'ан.
Зьмест |
Асновы веры [рэдагаваць]
Кур’ан вучыць мусульман верыць
- у таго ж Бога, ў якога веруюць хрысьціяне ды юдэі
- у анёлаў
- у сьвятыя кнігі, што Бог даслаў людзям у розныя эпохі
- у пасланьнікаў Бога
- у тое, што калі-небудзь прыйдзе канец сьвету
- у лёс, дадзены Богам
- у васкрашеньне ўсяго чалавецтва ў судны дзень
Асновы практыкі [рэдагаваць]
Практыка іслама аснаваная на пяці стаўпох:
- Вера ў Бога і тое, што Мухамад Ягоны пасланьнік
- Малітва пяць разоў у дзень
- Пост у час ісламскага месяца Рамадана
- Ахвяраваньне адпаведнай долі сваёй ліквіднай маёмасьці тым, хто ў галечы
- Паломніцтва ў сьвятыя месцы іслама ў Мэцы і вакол яе
Канцэпцыя Бога ў ісламе [рэдагаваць]
Скажы: ён — Бог адзіны
Бог вечны, абсалютны
Не нарадзіў і ня быў нараджоны
І ніхто ня быў зь ім параўнімы
— Кур'ан, 112:1-4
Мусульмане веруюць, што дазнацца аб якасьцях Бога можна па яго імёнах. Імя Бога, якое мусульмане ўжываюць часьцей за ўсё — Алаг. Гэтае слова ў перакладзе з арабскай мовы азначае «Бог». Арабскія хрысьціяне разам з мусульманамі ўсяго сьвету называюць Бога гэтым імем. Усяго мусульмане налічваюць 99 Боскіх імёнаў. Яны ўключаюць у сабе т. зв. «Імёны прыгажосьці», такія, як Найміласэрнейшы, Найдабрэйшы, Мір, Самы Даруючы, Найласкавейшы, і «Імёны вялікасьці», такія як Наймацнейшы, Кароль, Вымушаючы.
Паводле ісламскай веры, Бог — Творца, Усеведаючы, Усечуючы, Усебачачы — бясконца ўзвышаны над усім тварэньнем. Але ён адначасова вельмі блізкі да чалавека: «Я сапраўды блізкі, я слухаю ўзываньне кожнага ўзываючага, калі ён да Мяне ўзывае…» (Кур'ан:2:186).
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Іслам — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў