Банглядэш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Банглядэш
গণপ্রজাতন্ত্রী বাংলাদেশ
Сьцяг Банглядэш Герб Банглядэш
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Amar Shonar Bangla»
Месцазнаходжаньне Банглядэш
Афіцыйная мова бэнгальская
Сталіца Дака
Найбуйнейшы горад Дака
Форма кіраваньня Парлямэнцкая рэспубліка
Абдул Хамід
Шэйх Гасіна Вазэд
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
94-е месца ў сьвеце
147 570 км²
6,4%
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
8-е месца ў сьвеце
150 039 000
1034/км²
СУП
 • агульны (2013)
 • на душу насельніцтва
43 месца ў сьвеце
$324,628 млрд
$2083
Валюта така (BDT)
Часавы пас
 • улетку
BST (UTC+6)
BDST (UTC+7)
Незалежнасьць
— абвешчаная
— атрыманая
ад Пакістану
26 сакавіка 1971
16 сьнежня 1971
Аўтамабільны знак BD
Дамэн верхняга ўзроўню .bd
Тэлефонны код +880

Наро́дная Рэспу́бліка Банглядэ́ш (па-бэнгальску: গণপ্রজাতন্ত্রী বাংলাদেশ) — дзяржава ў Паўднёвай Азіі па ўсім пэрымэтры акружаная Індыяй, за выключэньнем невялікіх участкаў мяжы з М’янмай на паўднёвым усходзе і Бэнгальскім залівам на поўдні. Разам з сучасным індыйскім штатам Заходні Бэнгал утварае этналінгвістычны рэгіён Бэнгалія. Назва Банглядэш на афіцыйнай мове бэнгалі азначае «Краіна Бэнгалія».

Сучаснае становішча мяжы было зафіксавана ў ходзе падзелу Бэнгаліі і Індыі ў 1947 годзе, калі пад назвай Усходні Пакістан рэгіён увайшоў у склад створанай дзяржавы Пакістан. Палітычная і моўная дыскрымінацыя, роўна як і ўшчамленьне ў эканамічнай сфэры прывялі да ўзмацненьня сэпаратысцкіх настрояў супраць Пакістану, і ў выніку Вайны за незалежнасьць 1971 году была створана незалежная дзяржава Банглядэш. Пасьля здабыцьця незалежнасьці маладая дзяржава сутыкнулася з голадам, прыроднымі катаклізмамі, жахлівай беднасьцю, палітычнай нестабільнасьцю і ваеннымі пераваротамі. Аднаўленьне дэмакратычных інстытутаў стала магчыма ў 1991 годзе ў пэрыяд зацішша палітычнай барацьбы і эканамічнага росту. Па стане на сёньняшні дзень Банглядэш зьяўляецца сьвецкай дэмакратычнай дзяржавай[1][2].

Банглядэш ёсьць дзявятай краінай у сьвеце па колькасьці насельніцтва і ўваходзіць у сьпіс найболей густанаселеных краінаў сьвету з высокім узроўнем беднасьці. Аднак СУП па парытэце пакупніцкай здольнасьці падвоіўся з 1975 году і ўзровень беднасьці зьнізіўся на 20 адсоткаў з пачатку 1990-х гадоў. Банглядэш уваходзіць ва ўмоўную «Групу адзінаццаці» краінаў з хуткім ростам, па ацэнцы аналітыка Goldman Sachs, сталіца Банглядэш Дака і іншыя буйныя населеныя пункты краіны паслужылі цэнтрамі росту эканамічнага разьвіцьця.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Банглядэш

Першая пісьмовая згадка пра існаваньне дзяржавы на тэрыторыі цяперашняй Банґлядэш адносіцца да V—IV стагодзьдзяў да н. э. У наступныя стагодзьдзі Ўсходняя Бэнгалія была часткай імпэрый Маур’яў і Гуптаў, зьяўлялася цэнтрам імпэрыі Палаў і дзяржавы Сенаў, уваходзіла ў склад Дэлійскага султанату і імпэрыі Вялікіх Маголаў. З 1757 да 1947 году Ўсходняя Бэнгалія нахадзілася ў складзе Брытанскай Індыі. У выніку падзелу Індыі па рэлігійным прынцыпе Ўсходняя Бэнгалія адышла да Пакістану, і на ейнай тэрыторыі была створаная правінцыя Ўсходні Пакістан. У сьнежні 1970 году на ўсеагульных выбарах, якія адбыліся ў адзіным Пакістане перамагла партыя «Народная ліга» (НЛ), што выступала з праграмай наданьня Ўсходняму Пакістану рэгіянальнай аўтаноміі. Спроба пакістанскіх уладаў сілай не дапусьціць прыходу НЛ да ўлады прывяла да абвяшчэньня незалежнасьці Банґлядэш 26 сакавіка 1971 году і да пачатку ўзброенай барацьбы, у якой узброеныя фармаваньні прыхільнікаў незалежнасьці атрымалі ваенную падтрымку з боку Індыі. Вызваленчая вайна завяршылася 16 сьнежня 1971 году капітуляцыяй усходне-бэнгальскай групоўкі ўзброеных сілаў Пакістану. За гады незалежнасьці адбылося 4 дзяржаўныя перавароты, зьмянілася 14 прэзыдэнтаў, двое зь якіх былі забітыя. Звыш 8 гадоў краіна жыла ва ўмовах ваеннага рэжыму, уплыў вайскоўцаў па-ранейшаму надзвычай высокі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Здымак рэгіёну з космасу

Банглядэш разьмешчаны ў дэльце рэк Брахмапутры і Гангу. Дэльта ўтворана ў месцы зьліцьця рэк Гангу, Брахмапутры і Мэгхны і іхных прытокаў. Ганг зьліваецца з Джамунай і затым, зьліўшыся з Мэгхнай, упадае ў Бэнгальскі заліў. Адклады рэк ствараюць у дэльце найбольш урадлівыя плянтацыі ў сьвеце. Банглядэш мае 58 трансгранічных рэк і пытаньні, якія ўзьнікаюць пры выкарыстаньні водных рэсурсаў, зьяўляюцца вельмі вострымі пры абмеркаваньні зь Індыяй[3]. Большая частка краіны разьмешчана на 12 мэтраў ніжэй за ўзровень мора і ёсьць здагадка, што 50 адсоткаў краіны будзе затоплена пры павышэньні ўзроўню мора на 1 мэтар[4].

На паўднёвым усходзе краіны з 1960-х гадоў праводзяцца працы па ўзьвядзеньні дамбаў, што разам з абложанымі наносамі прыводзіць да зьяўленьня новых вучасткаў сушы. У канцы 1970-х гадоў пры садзейнічаньні інвэстыцыйных фондаў Нідэрляндаў урад Банглядэш пачаў распрацоўваць гэтыя ізноў створаныя вучасткі. Гэтыя намаганьні прывялі да бурнага росту будаўнічай галіны на гэтым напрамку, у тым ліку будаўніцтва дарог, водаправодаў, набярэжных, загараджальных насаджэньняў, вадасховішчаў, туалетаў і перадачу зямель жыхарам.

Найвышэйшай кропкай Банглядэш зьяўляецца гара Маўдок вышынёй у 1052 мэтры над узроўнем мора на плято Чытагонг Гіл Тракт на паўднёвым усходзе краіны[5]. На поўдзень ад Чытагонга раскінуўся самы доўгі пляж у сьвеце — Кокс-Базар, які распасьціраецца на 120 кілямэтраў.

Праз краіну праходзіць Паўночны тропік, з прычыны чаго ў Банглядэш пануе трапічны клімат зь мяккай зімой з кастрычніка па сакавік і гарачым, вільготным летам з сакавіка па чэрвень. Гарачы і вільготны сэзон мусонаў працягваецца з чэрвеня па кастрычнік, у ходзе якога выпадае вялікая колькасьць ападкаў. Краіна стала падвяргаецца ўзьдзеяньню стыхійных бедзтваў, як то паводкі, трапічныя цыклёны, тарнада і боры, якія ўзмацьняюцца эфэктам абязьлесеньня, размываючы глебы[6]. У 1991 годзе ад наступстваў цыклёну загінула парадку 140 тысячаў чалавек[7].

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унутрання палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак парямэнта Банглядэш

Банґлядэш ёсьць унітарнай рэспублікай з парлямэнцкай формай кіраваньня. Дзейнічае Канстытуцыя ад 1972 году з наступнымі зьменамі. Кіраўнік дзяржавы — прэзыдэнт (ад 14 сакавіка 2013 году — Абдул Хамід), які абіраецца парлямэнтам на тэрмін 5 гадоў.

З кастрычніка 2001 году па кастрычнік 2006 году кааліцыйны ўрад чатырох-партыйнага альянсу («Нацыяналістычная партыя Банґлядэш», «Джамаат-і-Ісламі», «Аб’яднаны Ісламскі блёк» і «Нацыянальная партыя») узначальвала прэм’ер-міністар спадарыня Шэйх Хасіна Вазэд. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй за тры месяцы да правядзеньня парлямэнцкіх выбараў, то бок 29 кастрычніка 2006 году, выканаўчая ўлада была перададзеная «пазапартыйнаму» пераходнаму ўраду, якое ўзначальвае Фахрудын Ахмэд.

Парлямэнт — аднапалатная Нацыянальная асамблея (Джат’я Шангшад), якая складаецца з 345 дэпутатаў, 300 дэпутатаў зь якіх абіраюцца на аснове мажарытарнай сыстэмы па аднамандатных акругах, а 45 месцаў рэзэрвуюцца для жанчын-парлямэнтарыяў па адмысловай квоце. Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнта — 5 гадоў. Абраны ў кастрычніку 2001 году парлямэнт распушчаны ў кастрычніку 2006 году ў сувязі з заканчэньнем тэрміна паўнамоцтваў.

У краіне дзейнічае звыш 100 палітычных партыяў — ад фундамэнталісцкіх да ўльтралевых. Найболей уплывовымі зьяўляюцца «Нацыяналістычная партыя Банґлядэш» (НПБ) і «Народная Ліга» (НЛ). НПБ заснаваная ў 1978 годзе, у 1978—1982, 1991—1996 і 2001—2006 гадох партыя знаходзіліся ва ўладзе. Кіруецца ідэямі «банґлядэскага нацыяналізму». У цяперашні час фактычна падзеленая на дзьве фракцыі. НЛ, узначаленая Шэйхам Хасінам, была заснаваная ў 1949 годзе, у 1972—1975 і 1996—2001 гадах партыя знаходзіліся ва ўладзе. Выступае, у цэлым, з сэкулярысцкіх, шмат у чым — цэнтрысцкіх пазыцыяў.

Абмежаваны ўплыў захоўвае «Нацыянальная партыя» былога прэзыдэнта і дыктатара Хусэйна Мухамада Эршада, заснаваная ў 1986 годзе, урад якога сышоў пад ціскам масавых выступаў у сьнежні 1990 году. Прыкметным уплывам сярод кансэрватыўнай часткі насельніцтва карыстаецца рэлігійная партыя «Джамаат-і-Ісламі», якая ўваходзіла ва ўрад Халеды Зіі. Сярод партыяў левага толку, аб’яднаных у 11-партыйны альянс, найбуйнейшыя — Працоўная і Камуністычная партыі.

Дзьве радыкальныя тэрарыстычныя арганізацыі «Джаграта Мусьлім джаната Банглядэш» і «Джамаатул-муджахедын Банглядэш» былі забароненыя на тэрыторыі краіны ў лютым 2005 году. У выніку правядзеньня шэрагу тэрарыстычных актаў, якія мелі месца з 1999 году, былі затрыманыя падазраваныя чальцы і лідэры гэтых арганізацыяў у 2006 годзе. Кіраўнікі былі асуджаныя і прыведзеныя ў выкананьне сьмяротная кара. Правядзеньне антытэрарыстычных апэрацыяў урадам Банглядэш выклікала станоўчы водгук кіраўнікоў іншых дзяржаваў.

У выніку прыняцьця 11 студзеня 2007 году экстранай пастановы пры падрыхтоўку новага выбарчага сьпісу, барацьбы супраць карупцыі, падтрыманага ваеннымі коламі краіны, часовы ўрад пад кіраўніцтвам Фахрудына Ахмада 22 студзеня 2007 году прыпыніў выбары. Ваенныя аказалі падтрымку часоваму ўраду ў барацьбе з карупцыяй, у выніку якой Банглядэш перамясьціўся з самага нізу на 147 месца ў «Індэксе карупцыйнасьці», складзенаму Transparency International. «Вялікі Альянс» атрымаў безумоўную перамогу на выбарах 29 сьнежня 2008 году, узяўшы ў парлямэнце 230 месцаў з 300[8].

Зьнешняя палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Банґлядэш ёсьць чальцом ААН з 1974 году, была ініцыятарам стварэньня ў 1985 годзе Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўднёвай Азіі (СААРК), а ў 2006—2007 гадох старшынствавала ў Асацыяцыі. Зьяўляецца таксама чальцом Садружнасьці, узначаленай Вялікабрытаніяй, Руху недалучэньня, Арганізацыі Ісламская Канфэрэнцыя, Групы 77-і, арганізацыі «Ісламская васьмёрка», паўднёва-азіяцкага «чатырохкутніка росту», групы эканамічнага супрацоўніцтва БІМСТЭК (Банглядэш, Індыя, М’янма, Шры-Ланка, Тайлянд, Нэпал, Бутан) і Дыялёгу па супрацоўніцтве ў Азіі. У 2005 годзе краіна стала ўдзельнікам Азіяцкага рэгіянальнага форуму (АРФ).

Зьнешнепалітычны курс Дакі сфакусіраваны на задачы забесьпячэньня спрыяльных міжнародных умоваў для пераадоленьня сацыяльна-эканамічнай адсталасьці краіны сродкам максымальнага прыцягненьня інвэстыцыяў, замежнай дапамогі (каля 1,2 млрд даляраў штогод), захаваньні і набыцьці гандлёвых палёгак. Асноўны прынцып зьнешняй палітыкі — «сяброўства з усімі, варожасьць ні з кім». Банґлядэш выступае за захаваньне ролі ААН як галоўнага гаранта падтрыманьня міру і бясьпекі, за ўзмацненьне ролі Рады Бясьпекі ААН і ягонага права разглядаць у індывідуальным парадку пытаньні ўжываньня сілы. Дака супраць павелічэньня ліку сталых чальцоў СБ ААН, а пры разглядзе пытаньня аб пашырэньні складу нясталых чальцоў выступае за захаваньне геаграфічнай прапорцыі пры разьмеркаваньні месцаў. З 1988 году банґлядэскія вайскоўцы прымаюць удзел у апэрацыях ААН па падтрыманьні міру.

Банґлядэш актыўна працуе ў фармаце Канфэрэнцыі па раззбраеньні, рэгулярна падае інфармацыю ў Рэестар звычайных узбраеньняў ААН, падтрымлівае ініцыятывы па раззбраеньні і кантролю над узбраеньнямі. Зьяўляючыся ўдзельніцай усіх буйных адпаведных міжнародных дагавораў (ДВЗЯД, ДНЯЗ, КЗХЗ, КБТЗ і інш.), імкнецца да захаваньня і ўмацаваньня наяўных рэжымаў нераспаўсюду. Салідарная з высілкамі сусьветнай супольнасьці на антытэрарыстычным напрамку, Дака, у тым ліку і на рэгіянальным узроўні (у рамках БІМСТЭК і СААРК), будуе свае падыходы ў рэчышчы выкананьня рэзалюцый СБ ААН №1373 і №1624. Зьяўляецца ўдзельніцай усіх 13 міжнародных антытэрарыстычных канвэнцыяў, далучыўшыся ў траўні 2007 году да Канвэнцыі ААН па прадухіленьні ядзернага тэрарызму. У лютым 2008 году Дака далучылася да Канвэнцыі ААН супраць карупцыі.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Банглядэш

Бангладэш — унітарная дзяржава, адміністратыўна падзеленая на сем абласьцей (па-бэнгальску: «бібгаґ»). Абласнымі цэнтрамі зьяўляюцца гарады:

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працоўныя ў рысавым полі — амаль дзьве траціны насельніцтва ў Банглядэш занятыя ў сельскай гаспадарцы

Паводле клясыфікацыі ААН Банґлядэш уваходзіць у лік найменш разьвітых краінаў сьвету. Гадавы прыбытак на душу насельніцтва — 520 даляраў ЗША. У Банґлядэш маюцца радовішчы прыроднага газу, (запасы ацэньваюцца ад 360 млрд м³ да 657 млрд м³), нафты, каменнага вугля, вапняку. Гідраэнэргетычныя рэсурсы выкарыстоўваюцца практычна поўнасьцю. Аб’ём СУП у 2007 годзе склаў 78 млрд дал. (у 2006 годзе — 64 млрд), золатавалютныя запасы — 5,5 млрд даляраў. Дзяржаўная запазычанасьць краіны складае 22 млрд даляраў. Аб’ёмы экспарту ў 2007 годзе склалі 12,8 млрд даляраў, па імпарту — 16 млрд даляраў. Інфляцыя ў 2007 годзе знаходзілася на ўзроўні 11,5%.

Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята каля 65% насельніцтва. Апроч некалькіх мікрадзяржаваў і краінаў-астравоў, Банґлядэш мае самую высокую шчыльнасьць насельніцтва ў сьвеце. Па гэтай прычыне безьзямельле зьяўляецца адною з найвялікшых праблем краіны. Безьзямельныя сяляне часта перасяляюцца ў гарады, асабліва Даку, дзе цяжка знайсьці працу і жытло. Іншыя незаконна перабіраюцца ў Індыю. Збор зерневых (рыс, пшаніца) не перавышае 20 млн тонаў і не задавальняе ўнутраных патрэбаў краіны, таму харчовы дэфіцыт пакрываецца за кошт імпарту. Удзельная вага прамысловасьці, у якой занята 14% насельніцтва, складае 12%. Ейная аснова — тэкстыльныя, швачныя, джутавыя і гарбарныя прадпрыемствы[9].

Асноўныя экспартныя тавары Банґлядэш — швачныя вырабы і трыкатаж, а таксама марожаныя морапрадукты, абутак, кераміка, джут і вырабы зь яго, гарбата, мэдыкамэнты. У наменклятуры імпарту пераважаюць энэрганосьбіты, машыны і абсталяваньне, сыравіна і розныя спажывецкія тавары. Найбуйнейшыя імпартэры банґлядэскай прадукцыі — ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і Францыя, а асноўныя пастаўшчыкі тавараў у Банґлядэш — Індыя, Японія, Кітай, ЗША.

З пачатку 1990-х урад Банґлядэш праводзіць палітыку заахвочваньня прыватнага капіталу, у тым ліку замежнага, які ўжо заняў трывалыя пазыцыі ў тытунёвай, фармацэўтычнай, хімічнай, гарбарнай прамысловасьці, а таксама ў энэргетыку і газаздабычу. Асабліва спрыяльныя ўмовы для замежных капіталаўкладаньняў створаныя ў свабодных экспартных зонах, колькасьць якіх павялічваецца з кожным годам. На канец 2007 году іх налічвалася дзевяць.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэлігіі ў Банглядэш
Рэлігія Адсотак
Іслам
  
89.7%
Індуізм
  
9.2%
Іншыя
  
1.1%

У этнічным пляне насельніцтва Банглядэш зьяўляецца амаль аднародным. Бэнгальцы складаюць 98% насельніцтва[10]. У астатнія 2% ўваходзяць выхадцы зь Індыі, якія гавораць на мове урду, а таксама мангалойдныя плямёны, якія жывуць пераважна на паўднёвым усходзе краіны. Бэнгальцы гавораць на бэнгальскай мове, якая належыць да індаарыйскай групы індаэўрапейскай сям’і. У бэнгальскай мове існуюць шматлікія мясцовыя дыялекты, носьбіты якіх не заўсёды могуць разумець адзін аднаго, не карыстаючыся стандартызаванай бэнгальскай мовай. Некаторыя лінгвісты лічаць адзін з гэтых дыялектаў, якім карыстаюцца на паўночным усходзе Банглядэш, асобнаю, сылецкаю моваю.

Большасьць насельніцтва Банглядэш (прыкладна 83%) складаюць мусульмане. Бэнгальцы пачалі масава прымаць іслам у XIII стагодзьдзі. Але 16% насельніцтва захавала ранейшую веру — індуізм. У Банглядэш таксама жывуць будысты, хрысьціяне ды анімісты.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвята ў Даке

Бангладэш самастойна выпускае каля 80 фільмаў у год[11], аднак вялікай папулярнасьцю ў насельніцтва карыстаюцца таксама і фільмы суседняй Індыі[12]. Агульная колькасьць пэрыядычных выданьняў складае звыш 1,5 тысячы, у тым ліку больш за 200 штодзённых газэт на бэнгальскай і ангельскай мовах. Найбуйнейшыя бэнгаламоўныя штодзённыя газэты — «Ітэфак», «Джанаконтха», «Інкілаб», англамоўныя — «Банґлядэш абзэрвэр», «Індэпэндэнт». На пэрыяд надзвычайнага становішча ўведзеныя абмежаваньні на крытыку дзейнасьці кіраўніцтва краіны. Маюцца тры дзеючыя інфармацыйныя агенцтвы: дзяржаўнае Бі-Эс-Эс, а таксама прыватныя Ю-Эн-Бі і «Бі-Дзі-Ньюс 24».

Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне маюць па адным канале, якія вяшчаюць на бэнгальскай і часткова на ангельскай мовах. Існуе 10 прыватных кабэльных тэлеканалаў і 6 радыёстанцыяў. З прычыны масавай непісьменнасьці насельніцтва Банґлядэш дзяржава прымае меры па ейнай хутчэйшай ліквідацыі. Створана асобнае міністэрства ўсеагульнай пачатковай адукацыі, дадзены дазвол на дзейнасьць у краіне шматлікіх банґлядэскіх і замежных няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў у сфэры адукацыі.

Адмысловае месца займаюць духоўныя ісламскія навучальныя ўстановы, афіцыйная колькасьць якіх перавышае 12 тысячаў. У краіне налічваецца некалькі дзясяткаў дзяржаўных і прыватных ВНУ, якіх у краіне больш за 60 тысячаў. Вялікая частка зь іх разьмешчаная ў сталіцы краіны Даке. Празьмерна актыўны ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у палітычнай дзейнасьці адмоўна адбіваецца на навучальным працэсе. Недахоп навучальнай і навуковай базы і невысокі прэстыж банґлядэскіх дыплёмаў у іншых краінах змушае студэнтаў працягваць сваю адукацыю за мяжой.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ AFP: Bangladesh court bans religion in politics. Google.com
  2. ^ Govt won't ban religion based parties. Thedailystar.net
  3. ^ Suvedī Sūryaprasāda International watercourses law for the 21st century. — Ashgate Publishing, Ltd., 2005. — P. 154–166. — ISBN 0-7546-4527-4
  4. ^ «Vulnerability of Bangladesh to climate change and sea level rise through tropical cyclones and storm surges». Water, Air, & Soil Pollution 92 (1–2): 171–179. DOI:10.1007/BF00175563
  5. ^ Frequent Internet Errors. Summit Elevations
  6. ^ Alexander David E. The Third World // Natural Disasters. — Dordrecht: Kluwer Academic Publishers, 1999. — P. 532. — ISBN 0-412-04751-9
  7. ^ «Beset by Bay’s Killer Storms, Bangladesh Prepares and Hopes». Los Angeles Times.
  8. ^ Bangladesh Election Commission.
  9. ^ Bangladesh Garments Aim to Compete. BBC
  10. ^ «Background Note: Bangladesh». State.gov
  11. ^ Logan Stephen Asian communication handbook 2008. — AMIC, 2008. — P. 115. — ISBN 981-4136-10-7
  12. ^ Cinemas in Bangladesh, Pakistan squeezed by Bollywood(недаступная спасылка). NewIndPress.Com

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]