Сьцяпан Некрашэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Сьцяпан Некрашэвіч
Сьцяпан Некрашэвіч (фота).jpg
Нарадзіўся 8 траўня 1883
Сьцяг Расеі Данілаўка, Бабруйскі павет Менская губэрня, Расейская Імпэрыя
Памёр 20 сьнежня 1937
Сьцяг БССР, 1937 Менск, БССР
Грамадзянства Сьцяг БНР БНР
Навуковая сфэра Мовазнаўства
Месца працы Дырэктар Інстытуту мовазнаўтва Беларускай Акадэміі навук, яе віцэ-прэзыдэнт.
Альма-матэр Віленскі настаўніцкі інстытут
Навуковы кіраўнік Яўхім Карскі
Вядомы як Арганізатар Інстытуту беларускай культуры, Сьцяг НАН Беларусі цяпер НАН Беларусі
Сьцяпан Некрашэвіч
POL COA Lubicz.svg
Герб Любіч
Асабістыя зьвесткі
Род: Некрашэвічы
Бацькі: Міхал Некрашэвіч

Сьцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (8 траўня 1883, фальварак Данілаўка Бабруйскага павету Менскай губэрні[1] — 20 сьнежня 1937) — беларускі навуковец і грамадзкі дзяяч, ініцыятар стварэньня і першы старшыня Інстытуту беларускай культуры[2], акадэмік (1928) і віцэ-прэзыдэнт Беларускай акадэміі навук (БелАН), дырэктар Інстытуту мовазнаўства БелАН.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Пэрыяд да 1920 року

С. Некрашэвіч паходзіў са шляхецкага роду Некрашэвічаў (гербу «Любіч»), фальваркам якіх была Данілоўка (Данілаўка)[3]. Пачатковую адукацыю атрымаў у сям’і. У 1908 скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў м. Панявеж (Летува), у 1913 — Віленскі настаўніцкі інстытут (Вільня). Працаваў у школе «Таварыства цьвярозасьці» ў Цельшынскім павеце Ковенскай губэрні.

З 1914 падчас 1-й сусьветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская Сацыялістычная Грамада, затым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

З восені 1917 — у месьце Адэса (Украіна). Загаднік беларускай сэкцыі пры губэрнскім аддзеле народнай асьветы, у выніку працы якой у Адэсе напачатку 1918 навучальнага року былі адкрытыя 30 пачатковых беларускіх школ і мяшаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох клясаў (навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторыяў Беларусі).

Пасьля абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 — прадстаўнік яе ўрада на Поўдні Ўкраіны і ў зносінах з францускім камандаваньнем Антанты. Быў прыхільнікам фармаваньня беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтру, які быў створаны 13 студзеня 1919. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.

[рэдагаваць] Пэрыяд з 1920 року

З 1920 — у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асьветы БССР: загаднік літаратурна-выдавецкага аддзелу, старшыня навукова-тэрміналягічнай камісіі, намесьнік старшыні Акадэмічнага цэнтру, намесьнік старшыні Галоўнага кіраваньня прафэсійнай асьветы і інш.

У студзені 1921 на сходзе працаўнікоў асьветы і культуры прапанаваў у дакладзе стварыць інстытут, які займаўся б вывучэньнем беларускай культуры. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт), у 19221925 — яго першы старшыня, у 19261928 — старшыня Аддзелу гуманітарных навук і старшыня слоўнікавай камісіі Інбелкульту. Адначасова ў 19231925 — выкладнік беларусазнаўства на мэдычным факультэце, з 1927 — дацэнт пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

З пачатку 1925 да ліпеня 1926 — на падвышэньні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-досьленым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградзкім унівэрсытэце (Расея), працаваў пад кіраўніцтвам Я. Карскага.

Уваходзіў ва ўрадавую камісію па рэарганізацыі Інбелкульта ў Акадэмію навук. З 1928 — акадэмік, віцэ-прэзыдэнт Беларускай Акадэміі навук (БелАН), адначасова з 1929 — дырэктар Інстытуту мовазнаўства БелАН, старшыня камісіі па ўкладаньні слоўніка жывой беларускай мовы, старшыня правапіснай і асьпіранцкай камісіяў. З 1 студзеня 1928 — старшыня Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асьветы БССР. У 19271931 быў абраны ў Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР.

21 ліпеня 1930 арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленьнем (ДПУ) БССР па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1931 пастановай калегіі Аб’яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 рокаў высылкі ў места Сарапул (Удмуртыя, Расея); у 1936 тэрмін высылкі прадоўжаны на 2 рокі. Працаваў плянавіком-эканамістам каапэратыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым — бухгальтарам канторы «Нарыхтзерне» (па-расейску: «Зоготзерно»). Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, дастаўлены ў Менск, 19 сьнежня 1937 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР прыгавораны да расстрэлу.

Рэабілітаваны па 2-м прысудзе Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 12 кастрычніка 1957, адноўлены ў званьні акадэміка ў 1978, рэабілітаваны па 1-м прысудзе ў закрытым пасяджэньні Судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР 10 чэрвеня 1988.

У Данілоўцы на месцы былога фальварку Некрашэвічаў — памятны знак (1993)[4]. У Сьветлагорску ў мескай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава — партрэт «Сьцяпан Некрашэвіч» (1992, мастак А. Марачкін, Менск) і эскіз помніка (2007, скульптар Э. Астафьеў, Менск). Да 125-рочча з дня нараджэньня С. Некрашэвіча Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь выдала мастацкі маркіраваны канвэрт, увод у выкарыстаньне — 8 траўня 2008.

[рэдагаваць] Навуковыя працы

Асноўныя кірункі навуковых дасьледваньняў С. Некрашэвіча — лексікаграфія, правапіс, дыялекталёгія і гісторыя беларускай мовы. Апублікаваў больш за 30 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіі і слоўнікі. Распрацаваў тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэньня дыялекталягічных слоўнікаў беларускай мовы. Аўтар першага пасьлярэвалюцыйнага «Беларускага лемантара» (1922, 6-е выданьне — 1929), школьнай чытанкі «Роднае слова» (1923, 4 выданьне — 1925), сааўтар буквара для ліквідацыі непісьменнасьці сярод дарослых «Наша сіла — ніва ды машына» (1925).

Найважнейшыя працы ў галіне лексікаграфіі — «Беларуска-расійскі слоўнік (1925)», «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва — разам з М. Байковым); «Праграма для зьбіраньня асаблівасьцяў беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў» (1927, разам з П. Бузуком).

Працы ў галіне гісторыі беларускай мовы: «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Эраміты „О уставах манастирских“» (1928); «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Эвангельля на беларускую мову і мова перакладу» (не апубл.).

Унёскам у разьвіцьцё беларускага мовазнаўства былі і іншыя навуковыя публікацыі: «Правапіс спрэчных дзеяслоўных форм» (1922), Д"а пытаньня аб укладаньні слоўніка жывой беларускай мовы" (1925); «Да пытаньня пашырэньня аканбня на чужаземныя словы» (1926), «Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну» (1929), «Праект беларускага правапісу» (1930), даклады на Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 «Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы» і «Да пытаньня аб рэформе нашага правапісу» (1927). Стану культуры і навукі ў Беларусі ў 1920-я прысьвечаныя артыкулы «Становішча культурна-асьветных устаноў Беларусі пры НЭПе» (1924), «Да пяцірочнага пляну навукова-досьледнай працы БССР» (1928).

[рэдагаваць] Асноўныя публікацыі

  • Праграма для зьбірання асаблівасьцяў беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (з П. А. Бузуком).
  • Расiйска-беларускi слоўнік. Мн.: Бел. Дзярж. выд-ва, 1928 (з М. Я. Байковым). Выданьне другое, папраўленае, 2010.
  • Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёну. Мн., 1929.
  • Беларуска-расiйскi слоўнік. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926 (з М.Я. Байковым). Выданьне другое, факсымільнае: Народная асвета, 1993.
  • Сучасны стан вывучэньня беларускай мовы // Спадчына. 1993. № 2. С. 86—95.
  • Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча. Мн.: Беларуская навука, 2004.

[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Цяпер — вёска Данілоўка Краснаўскага сельсавету Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці, Беларусь
  2. ^ Цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
  3. ^ Daniłowka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 900.
  4. ^ Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.

[рэдагаваць] Літаратура

  • Расторгуев П. А. О программе по белорусской диалектологии. Рец. на кн.: Некрашэвіч С., Бузук П. Программа для збіраньня асаблівасьцяй беларускіх гаворак i гаворак пераходных да суседніх моваў. — Менск, 1927 / Известия по русскому языку и словесности Академии наук СССР. Т. I. Л., 1928. С. 602—605.
  • Германовіч І. К. Аб навуковай дзейнасці С. М. Некрашэвіча // Веснік БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.
  • Германовіч І.К. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. У двух тамах. Том 2. Мн., 2008. С. 54—67.
  • Іофе Э. «Той самы Некрашэвіч...» // Полымя. 1991. № 6. С. 130—134.
  • Віктараў Т. Юбілей трэба адзначыць // Светлагорскія навіны. 1992. 9 снежня. С. 2.
  • Шчэрбін В. Ён мог стаць беларускім Далем // Роднае слова. 1995. № 2. С. 36—42.
  • Шчэрбін В. Ідэалам навукі не здрадзіў // Роднае слова. 1995. № 4. С. 52—58. № 5. С. 45—49.
  • Іофе Э. Першы старшыня Інбелкульта // Спадчына. 1995. № 6. С. 54—78.
  • Германовіч І. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9. С. 318—319.
  • Германовіч І. Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8. С. 279.
  • Запрудскі С. Жыццё для навукі // Роднае слова. 2003. № 5. С. 34—36.
  • Запрудскі С. Неюбілейныя думкі з нагоды юбілейных выданняў мовазнаўчай спадчыны // Беларускі гістарычны агляд. Том 10. 2003. Сшыткі 1-2 (18-19). С. 319 – 352.
  • Жураўскі А. І. Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч. (Да 120-годдзя з дня нараджэння.) // Беларуская лінгвістыка. Вып. 54. 2004. С. 3—11.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў
Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах