Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе
Удзельнікі й супольнікі АБСЭ

     Дзяржавы-ўдзельніцы

     Дзяржавы-супольніцы

Абрэвіятура АБСЭ
Папярэднік Нарада аб бясьпецы й супрацы ў Эўропе
Дата ўтварэньня 18 сакавіка 1991 (23 гады таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Штабкватэра Вена, Аўстрыя
Сяброўства 56 дзяржаваў Паўночнага паўшар’я
Афіцыйныя мовы ангельская, гішпанская, італьянская, нямецкая, расейская, француская
Старшыня Эйман Гілмар
Генэральны сакратар Ламберта Заньер
Дырэктар БДІПЧ Янэз Ленарчыч
Прадстаўнік па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч
Кіроўны орган Нарада
Бюджэт 156,4 млн эўра (2008)
Колькасьць супрацоўнікаў 3266 (2008)[1]
Сайт www.osce.org
Колішняя назва Нарада аб бясьпецы й супрацы ў Эўропе

Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ, да 1995 г. НБСЭ (Нарада)[2]; па-ангельску: Organization for Security and Co-operation in Europe) — міжнародная арганізацыя, заснаваная 34-ма дзяржавамі Паўночнага паўшар’я ў выніку падпісаньня 21 лістапада 1990 году Парыскае хартыі для новай Эўропы. Акрамя сядзібаў у Вене (Аўстрыя) ды Варшаве (Польшча), мае 17 прадстаўніцтваў у краінах Эўропы, у тым ліку ў Беларусі, ды Сярэдняй Азіі[3]. Службовымі мовамі арганізацыі зьяўляюцца ангельская, гішпанская, італьянская, нямецкая, расейская ды француская.

Установы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Выканаўчая рада (да 1995 г. Рада). Складаецца з міністраў замежных справаў, зьбіраецца прынамсі аднойчы на год ды рыхтуе Нарады кіраўнікоў урадаў. Яе старшыня мае быць прадстаўніком дзяржавы, у якой праводзіцца пасяджэньне. Парадак дня яе працы рыхтуецца Сталай радаю.
  • Сталая рада (Вена; да 1995 г. Камітэт высокіх прадстаўнікоў, КВП). Выконвае пастановы Выканаўчае рады, вызначае парадак яе працы на падставе прапановаў дзяржаваў-удзельніцаў АБСЭ ды абмяркоўвае дачыненьні зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі. На паседжаньні мае старшыняваць прадстаўнік дзяржавы, чый міністар ужо быў старшынёю Выканаўчае рады. Старшыня Сталае рады мае права склікаць пасяджэньне пасьля нарады з дзяржавамі-ўдзельніцамі.
  • Нарада кіраўнікоў урадаў. Мае праводзіцца кожныя два гады цягам ня больш як трох месяцаў.
  • Парлямэнцкі сход. Складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў ды ўхваляе штогадовыя заявы[4].

Службовыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сакратарыят (Вена; да 1993 году ў Празе) на чале з генэральным сакратаром:
  1. захоўвае й распаўсюджвае дакумэнты АБСЭ,
  2. забясьпечвае правядзеньне пасяджэньняў прадстаўнічых установаў АБСЭ,
  3. выконвае іх даручэньні.
  • Цэнтар засьцярогі ад супярэчнасьцяў (ЦЗС, Вена). Дапамагае ў ажыцьцяўленьні наступных захадаў дзеля ўмацаваньня даверу й бясьпекі:
  1. парадак нарады й супрацы наконт надзвычайнае вайсковае дзейнасьці,
  2. штогадовы абмен вайсковымі зьвесткамі,
  3. падтрыманьне міжурадавае сеткі зносінаў,
  4. супраца наконт небясьпечных вайсковых здарэньняў.
  • Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ, Варшава; да 1992 г.[5] Бюро па вольных выбарах):
  1. cпрыяе сувязям ды абмену зьвесткамі аб выбарах між дзяржавамі дзеля выкананьня імі пунктаў 6—8 Капэнгагенскага дакумэнта НБСЭ (ахова народаўладзьдзя ад перавароту, правядзеньне вольных выбараў паводле ўсеагульнага ды роўнага выбарчага права, забесьпячэньне свабоды аб'яднаньняў, запрашэньне на выбары замежных назіральнікаў);
  2. зьбірае зьвесткі аб часе, парадку, выніках ды назіраньні за ўсенароднымі выбарамі;
  3. cпрыяе сувязям між замежнымі назіральнікамі за выбарамі ды адпаведнымі ўправамі дзяржаваў, у якіх тыя выбары маюць адбыцца[6].

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры заснаваньні ў арганізацыю ўваходзілі Аўстрыя, Баўгарыя, Брытанія, Бэльгія, Ватыкан, Вугоршчына, Гішпанія, Грэцыя, Данія, ЗША, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія, Канада, Кіпр, Ліхтэнштайн, Люксэмбург, Мальта, Манака, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Румынія, Сан-Марына, СССР, Турцыя, Фінляндыя, Францыя, Чэхаславаччына, Швайцарыя, Швэцыя ды Югаславія. Колькасьць удзельнікаў АБСЭ ўстойліва павялічвалася і ў чэрвені 2006 году дасягнула 56 дзяржаваў.

Урад Беларусі, як і ўрад Украіны, бярэ ўдзел у АБСЭ з 30 студзеня 1992 году. Урады ўсіх іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама зьяўляюцца яе ўдзельнікамі. Урады Расеі (як спадкаемца СССР) й Польшчы — ад заснаваньня арганізацыі, Латвіі й Летувы — з 10 верасьня 1991 году.

На канец года Колькасьць дзяржаваў-удзельніцаў
Заснавальнікі 34
1991 38
1992 51
1993 52
1995 53
1996 54
2000 55
2006 56

Дачыненьні з Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Офіс АБСЭ ў Менску
Папярэднік Кансультацыйна-назіральная група (19982002)
Дата ўтварэньня 1 студзеня 2003 (11 гадоў таму)
Юрыдычны статус прадстаўніцтва
Месцазнаходжаньне праспэкт газэты «Праўда», д. 11
кіраўнік Бэнэдыкт Галер
Колькасьць супрацоўнікаў 13

Урад Беларусі ўступіў у АБСЭ 30 студзеня 1992 году. 26 лютага 1992 году адбылося падпісаньне Канчальнае пастановы Хэльсынскае НБСЭ 1975 году, а 8 красавіка 1993 году — Парыскае хартыі[7].

У выніку роспуску ў 1996 годзе прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам абранага ў 1995 годзе Вярхоўнага Савету Беларусь пазбавілі ў 1997 годзе права на прадстаўніцтва ў Парлямэнцкім сходзе АБСЭ[8]. Паводле бестэрміновае Дамоўленасьці аб Кансультацыйна-назіральнай групе (КНГ) ад 18 сьнежня 1997 году з урадам Беларусі ў 1998 годзе АБСЭ адчыніла ў Менску сваё прадстаўніцтва. КНГ налічвала 4 адмыслоўцаў ды ўзначальвалася да канца 2001 году нямецкім амбасадарам Гансам-Георгам Вікам[9]. Паводле новай Дамоўленасьці з 2003 году КНГ ператварылі ў Офіс, які цяпер складаецца з 5 замежных і 8 мясцовых службоўцаў ды ўзначальваецца нямецкім дыпляматам Бэнэдыктам Галерам[10].

Кіраўнікі Офіса АБСЭ
Імя й прозьвішча Час займаньня пасады Месца народзінаў Дата народзінаў Папярэдняя пасада
1 Эбэргард Гайкен 10 лютага 2003[11]31 ліпеня 2005[12] Нямеччына 1935
2 Оке Пэтэрсан 29 жніўня 2005[13]28 траўня 2007 Швэцыя кіраўнік дэпартамэнту ў справах уцекачоў і міграцыйнай палітыкі МЗС Швэцыі[14]
3 Ганс-Ёхан Шміт 4 лютага 2008[15] — 10 верасьня 2009[16] Нямеччына
4 Бэнэдыкт Галер 15 студзеня 2010 — дагэтуль г. Фэльбэрт, Мэтманскі раён, Дзюсэльдорфская акруга, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына 11 траўня 1954 амбасадар па адмысловых даручэньнях МЗС Нямеччыны[17][18]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ (анг.)Грашовая справаздача за 2008 год ды выснова рэвізора // Сайт АБСЭ. 28 верасьня 2009.
  2. ^ (анг.)Будапэшцкі дакумэнт НБСЭ. 6 сьнежня 1994 г. (Рашэньне аб узмацненьні НБСЭ) // Сайт Арганізацыі па бясьпецы й супрацы ў Эўропе. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  3. ^ (анг.)Кантактныя дадзеныя прадстаўніцтваў // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  4. ^ (анг.)Заявы // Сайт Парлямэнцкага сходу АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  5. ^ (анг.)Хэльсынскі дакумэнт НБСЭ. 10 ліпеня 1992 г. // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  6. ^ (анг.)Парыская хартыя для новай Эўропы. 21 лістапада 1990 г. (Дапаўняльны дакумэнт) // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  7. ^ (анг.)Дзяржавы-ўдзельніцы // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  8. ^ (анг.)Варшаўская заява Парлямэнцкага сходу АБСЭ. 8 ліпеня 1997 г. // Сайт Парлямэнцкага сходу АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  9. ^ (анг.)Кансультацыйна-назіральная група ў Беларусі // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  10. ^ (анг.)Офіс АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  11. ^ (анг.)Агляд Офіса АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  12. ^ Уладзімер Глод. Эбэргард Гайкен пакінуў Беларусь // Радыё «Свабода». 4 жніўня 2005.
  13. ^ Юлія Канавалава. Інтэрв’ю са спадаром Оке Пэтэрсанам, кіраўніком менскага офіса Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ) // 11.09.2005 // Беларуская служба Швэдзкага радыё. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  14. ^ Уладзімер Глод. У менскім офісе АБСЭ будзе новы кіраўнік // Радыё «Свабода». 28 траўня 2007.
  15. ^ Уладзімер Глод. У Менск прыедзе новы кіраўнік офісу АБСЭ // Радыё «Свабода». 4 лютага 2008.
  16. ^ Шміт удзячны дзяржаўным партнэрам // Радыё «Свабода». 8 верасьня 2009.
  17. ^ (анг.)Кіраўнік Офіса АБСЭ ў Менску // Сайт АБСЭ. Дата доступу: 17 жніўня 2010.
  18. ^ Уладзімер Глод. У офісе АБСЭ ў Менску пачаў працаваць новы кіраўнік // Радыё «Свабода». 18 студзеня 2010.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Арганізацыя бясьпекі і супрацы ў Эўропесховішча мультымэдыйных матэрыялаў