Адольф Гітлер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адольф Гітлер
23-ці райхсканцлер Нямеччыны
30 студзеня 1933 — 30 красавіка 1945
Папярэднік: Курт фон Шляйхэр
Наступнік: Паўль Ёзэф Гёбэльс
Фюрэр Нямеччыны (прэзыдэнт)
19 жніўня 1934 — 30 красавіка 1945
Папярэднік: Паўль фон Гіндэнбург
Наступнік: Карл Дзёніц
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 20 красавіка 1889(1889-04-20)[1][2][3][…]
Браўнаў-ам-Ін, Верхняя Аўстрыя, Аўстра-Вугоршчына
Памёр: 30 красавіка 1945(1945-04-30)[4][1][2][…] (56 гадоў)
Бэрлін, Трэці Райх
Партыя: НСДАП
Сужэнец: Эва Браўн
Бацька: Алаіс Гітлер[d]
Маці: Клара Гітлер[d]
Адукацыя:
Узнагароды:
Адольф Гітлер

Адольф Гі́тлер (па-нямецку: Adolf Hitler; 20 красавіка 1889 — травень 1945) — дыктатар Нямеччыны з 1933 па 1945 год, галоўны ідэоляг нацызму. Ініцыятар Другое сусьветнае вайны, Галакосту, перасьледу і вынішчэньня мільёнаў людзей паводле расы, нацыянальнасьці, палітычных поглядаў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў горадзе Браўнаў-на-Іне, Аўстрыя, у сям’і мытнага чыноўніка. Адольф Гітлер усё сваё жыцьцё лічыў сваім родным горадам Лінц. Бацька Адольфа Аляіз Гітлер быў байструком, і спачатку насіў прозьвішча маці Шыкльґрубэр, потым узяўшы прозьвішча мужа маці — Гітлер (па іншай вэрсіі, Гютлер).

Гітлер ад самага нараджэньня, а потым і ўсё сваё жыцьцё быў эйдэтыкам, гэтая псыхалягічная дэталь моцна паўплыла на ўсю сусьветную гісторыю, з-за эйдэтызму ў чалавека зьяўляецца неверагодна добрая памяць, Гітлер запамінаў усё што бачыў,а вобразы дзяцінства заставаліся зь ім на ўсё жыцьцё, напрыклад ён мог пабачыць у школьным падручніку ілюстрацыю таго ці іншага прадстаўніка нейкай нацыі, зьнешні выгляд гэтага чалавека потым заставаўся на ўсё жыцьцё ў памяці гэтага чалавека. З эйдэтычнай памяцьцю у эйдэтыкаў на ўсё жыцьцё застаецца і псіхічная асаблівасць: чалавек лічыць што ўсё будзе так як ён і схоча, неверагодныя думкі кружацца ў галаве застаўляючы думаць што ў самы апошні момант усё можа вярнуцца на свае месцы. Сэксуальнасьць і пачуцьцё жаласьці амаль адсуднічалі, гэта пазволіла Гітлеру тварыць усе свае жудасныя планы, так пад час французскай кампаніі Гітлер зьнішчыў дзве вёскі сваіх продкаў і могілкі дзе былі пахаваны яго продкі ў Ніжняй Аўстрыі.

Малады Гітлер вучыўся дрэнна, так і не атрымаў пасьведчаньня аб матуры. Два разы Гітлер марна спрабаваў паступіць у Венскую акадэмію мастацтваў. Пасьля сьмерці маці Гітлер канчаткова пераехаў у Вену, спадзеючыся зарабіць сабе на жыцьцё. З 1909 па 1913 год ён жыў вельмі бедна, зарабляючы такія-сякія грошы аздабленьнем рэклямы, паштовак і г. д.

У 1913 годзе Гітлер зьбег у Мюнхэн, ратуючыся ад закліку ў войска. У наступным годзе ён усё-ткі патрапіў на мэдычную камісію, але быў прызнаны нягодным да службы. Пасьля пачатку Першае сусьветнае вайны Гітлера пацягнула ў войска, і ён запісаўся добраахвотнікам у 16-ы Баварскі рэзэрвовы пяхотны полк.

Вайсковая служба канчаткова зрабіла маладога чалавека перакананым мілітарыстам і нацыяналістам. Гітлер атрымаў званьне яфрэйтара, ён удзельнічаў у баявых дзеяньнях і быў чатыры разы адзначаны баявымі ўзнагародамі. Пасьля паразы Нямеччыны Гітлер не пакінуў свой полк, але заставаўся ў ім да 1920 году, выступаючы ў якасьці палітычнага інфарматара. У верасьні 1919 году Гітлер уступіў у Мюнхэне ў Нямецкую рабочую партыю (DAP), а ў 1920 сышоў з войска, каб цалкам прысьвяціць сябе працы ў партыйным аддзеле прапаганды.

Гэта быў час глыбокае крызы Нямеччыны. Вайна, плацяжы і кантрыбуцыі пераможцам прывялі да гіпэрінфляцыі, зьбядненьня насельніцтва. Баючыся ўзмацненьня камуністаў, улады талерантна ставіліся да паўваенных рэваншысцкіх рухаў. Зарыентаваўшыся ў гэтай сытуацыі, Гітлер ператварыў Нямецкую рабочую партыю ў Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю (NSDAP). У ліпені 1921 году Гітлер быў сам абраны старшынём гэтай партыі.

8—9 лістапада 1923 году Гітлер узначаліў мюнхэнскі «Піўны путч», дзёрскую спробу захапіць уладу ў Баварыі. Путч быў задушаны, Гітлер быў арыштаваны і асуджаны за дзяржаўную здраду на 5 гадоў турмы. З гэтага тэрміну Гітлер адсядзеў толькі 9 месяцаў, падчас якіх напісаў сваю кнігу «Мая барацьба» («Mein Kampf»), дзе выклаў палітычную філязофію нацызму. У сваёй працы Гітлер абвесьціў вайну габрэям і камуністам ува ўсім сьвеце, раскрытыкаваў сыстэму парлямэнцкае дэмакратыі і ўвітаў адраджэньне расава чыстай Нямеччыны і непераможнай волі нацыі. Ён пісаў пра Нямеччыну, якая падымецца і стане панаваць у сьвеце, падпарадкуе сабе народы і дзяржавы, заваюе «жыцьцёвую прастору» для калянізацыі на ўсходзе.

Вялікія посьпехі для нацысцкай партыі прыйшлі разам з усясьветнай эканамічнай крызай 1929 году і наступнай дэпрэсіяй. Нацысты сталіся другой па велічыні фракцыяй у Райхстаґу. Паралельна з парлямэнцкай і палітычнай працай, партыя мела ваенізаваныя штурмавыя аддзелы (SA), якія займаліся фізычным зьнішчэньнем палітычных праціўнікаў.

У студзені 1933 году прэзыдэнт Гіндэнбурґ прызначыў Гітлера райхсканцлерам, і той цягам аднаго году дабіўся ўсталяваньня ў Нямеччыне дыктатуры нацыстаў.

Падпаленьне невядомымі будынку Райхстаґу Гітлер выкарыстаў для забароны дзейнасьці камуністычнай партыі і арыштаў яе кіраўнікоў. У сакавіку быў прыняты закон пра надзвычайныя паўнамоцтвы, які даў Гітлеру 4 гады неабмежаванае дыктатарскае ўлады. Усе палітычныя партыі, акрамя NSDAP, былі паступова разагнаныя і зачыненыя. Дзеячы нацысцкай партыі выціскалі з урадовых установаў габрэяў, ставілі дзяржаўныя структуры пад непасярэдні кантроль партыі.

30 чэрвеня 1934 году Гітлер правёў зачыстку шэрагаў свае партыі («Ноч даўгіх нажоў»), фізычна зьнішчыўшы сваіх канкурэнтаў і іншых людзей, якія маглі быць для яго небясьпечнымі, у прыватнасьці, Эрнста Рэма, які стаяў ля вытокаў NSDAP і прывёў Гітлера на чало партыі. 30 жніўня 1934 памёр Гіндэнбурґ, і Гітлер узяў на сябе функцыі прэзыдэнта, узяўшы тытул «фюрэра» — вышэйшага водцу «Трэцяга райху».

Фюрэр замяніў штурмавыя аддзелы SA на аддзелы аховы SS, паставіўшы на чале іх Генрыха Гімлера. Разам з палітычнай тайнай паліцыяй Gestapo, SS стварылі сыстэму канцэнтрацыйных лягероў, куды «дэпартаваліся» палітычныя праціўнікі нацыстаў, габрэі і іншыя «непажаданыя» элемэнты. У 1935 годзе Гітлер увёў г. зв. Нюрнбэрскія расавыя законы, якія пазбаўлялі грамадзянства Нямеччыны людзей габрэйскага паходжаньня.

Сусьветная супольнасьць ігнаравала дэманстратыўныя парушэньні нацысцкай Нямеччынай Вэрсальскае дамовы. Гітлер бесьперашкодна мілітарызаваў краіну; пры тэхнічнай і адукацыйнай падтрымцы СССР былі створаныя танкавыя і паветраныя войскі, армія матарызавалася і абсталёўвалася найноўшым узбраеньнем. 7 сакавіка 1936 г. увёў войска ў Райнскую дэмілітарызаваную вобласьць і пачаў будаўніцтва 16 тысячаў умацаваньняў на 500 км мяжы зь Нідэрляндамі, Бэльгіяй, Люксэмбургам і Францыяй, што заходзілі на 35—100 км углыб.

Вялікабрытанія і Францыя падштурхоўвалі нямецкую ваенную машыну да наступу на ўсход. У 1935 годзе Вялікабрытанія падпісала зь Нямеччынай ваенна-марскі пакт. У 1936 годзе Гітлер заключыў хаўрус з Бэніта Мусаліні — фашысцкім галавой Італіі. 11 сакавіка 1938 г. увёў 200-тысячнае войска ў Аўстрыю, якое да 13 сакавіка захапіла ўсю краіну[7]. У верасьні 1938 году са згоды Брытаніі і Францыі была падзеленая Чэхаславаччына, Нямеччына захапіла індустрыяльна разьвітую заходнюю яе частку.

У сакавіку 1939 году Гітлер запатрабаваў ад Летувы «Мэмэльскі калідор». Працягваліся палітычныя гульні і з Савецкім Зьвязам. 23 жніўня 1939 году Нямеччына і СССР падпісалі дамову аб ненападзе (Пакт Молатава-Рыбэнтропа), які зьмяшчаў таксама сакрэтны пратакол пра разьдзел Польшчы і сфэраў уплыву ва Ўсходняй Эўропе. 1 верасьня хаўрусьнікі напалі на Польшчу. Заходнія краіны абвесьцілі вайну Нямеччыне, пачалася Другая сусьветная вайна.

Польшча была пакораная ўжо цягам месяцу. Да чэрвеня 1940 году былі акупаваныя скандынаўскія краіны. Францыя пратрымалася два тыдні: з 25 траўня па 5 чэрвеня. Ангельшчына здолела адбіць напад.

У красавіку 1941 году нямецкія войскі захапілі Югаславію і Грэцыю.

22 чэрвеня 1941 году Нямеччына напала на СССР. Ад 26 чэрвеня 1941 году знаходзіўся ў сваёй стаўцы «Ваўчынае логава», якая ўяўляла сабой каменны бункер пад Растэнбургам ва Ўсходняй Прусіі. 4 жніўня прыляцеў у Барысаў, дзе месьцілася камандаваньне групы арміяў «Цэнтар». На нарадзе ў Старабарысаве перанакіраваў 2-й танкавую армію Вільгельма Гудэрыяна са Смаленскага напрамка на Гомель і заявіў: «Раён Масквы па сваёй важнасьці стаіць толькі на 3-м месцы. Таму апэрацыя ў паўднёва-ўсходнім напрамку зьяўляецца першачарговай, у той час як на ўсходнім напрамку пакуль, відавочна, лепш выбраць абарончы спосаб дзеяньня. У гэты горад не павінен уступіць ні адзін нямецкі салдат. Маскву варта акружыць так, каб зь яе ня выйшлі ні расейскія салдаты, ні цывільнае насельніцтва. Будуць прынятыя захады для таго, каб затапіць Маскву і яе навакольлі». Таксама прапанаваў Японіі адкрыць 2-і фронт, аднак японскі амбасадар Хіросі Асіма, які таксама прыляцеў у Барысаў на яго запрашэньне, заявіў пра ўстрыманьне свайго ўраду[8]. У сьнежні 1941 году нямецкае войска было спыненае пад Масквой. У 1942 годзе немцам атрымалася прасунуцца да Волгі. 7 сьнежня 1941 году ЗША абвесьцілі вайну Японіі і Нямеччыне.

Гады Другой сусьветнай вайны сталіся трагедыяй для мільёнаў людзей, для народаў, якія зрабіліся ахвярамі генацыду. Толькі ў Нямеччыне ў канцэнтрацыйных лягерох пагінула больш за 6 мільёнаў габрэяў. Гітлер плянаваў суцэльнае вынішчэньне нацыяў габрэяў і цыганоў, ператварэньне славянаў у рабоў.

У 1943 годзе Савецкаму Зьвязу ўдалося пераламіць ход вайны. У Заходняй Эўропе быў адчынены другі фронт.

У чэрвені (паводле іншых зьвестак, 20 ліпеня) 1944 году група афіцэраў-змоўшчыкаў на чале з Кляўсам фон Штаўфэнбэргам, якія прадбачылі беспэрспэктыўнасьць далейшай барацьбы, зьдзейсьніла замах на Гітлера. Яны падклалі ў пакой, дзе ён меў сустрэчу, партфэль з бомбай. Гітлер цудам застаўся жывы, але атрымаў сур’ёзную кантузію і маральную траўму.

У апошнія месяцы вайны Гітлер кіраваў рэшткамі нямецкіх войскаў з штабу, які зьмяшчаўся ва ўмацаваным падземным бункеры. Калі савецкія войскі захапілі Бэрлін, Гітлер сьпешна абвянчаўся з сваёй каханкай Эвай Браўн, пасьля чаго маладыя скончылі жыцьцё самагубствам. Цела дыктатара так і не было дакладна апазнана.

Сёньня Гітлер застаецца кумірам для маргінальных нэанацысцкіх груповак у Эўропе, Расеі і Амэрыцы. Ідэалёгія нацызму была асуджаная і забароненая ўва ўсіх цывілізаваных краінах сьвету.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Adolf Hitler (нід.)
  2. ^ а б в г Adolf Hitler // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
  3. ^ а б Adolf Hitler // filmportal.de — 2005.
  4. ^ а б Гитлер Адольф // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  5. ^ The Routledge Companion to Nazi Germany — 2007. — ISBN 978-0-415-30860-1
  6. ^ Hitler: A Biography — 2008. — ISBN 978-0-393-06757-6
  7. ^ Павал Берасьнеў. Крыжовы шлях нацыянальнага Ўзьяднаньня (частка 1) // Зьвязда : газэта. — 16 верасьня 2009. — № 174 (26532). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ Натальля Голубева. «Чорны корпус» генэрала Пятроўскага // Зьвязда. — 18 лютага 2021. — № 32 (29401). — С. 2021.