Піўны путч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Піўны́ путч» (вядомы таксама як путч Гітлера і Людэндорфа, па-нямецку: Hitler-Ludendorff-Putsch) — спроба захопу дзяржаўнай улады, прадпрынятая вэтэранскай арганізацыяй «Kampfbund» на чале з нацыянал-сацыялістам Гітлерам і генэралам Людэндорфам 9 лістапада 1923 году ў Мюнхэне.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1923 годзе ў Нямеччыне пачаўся крызіс, прычынай якога зьяўлялася француская акупацыя Рура. Сацыял-дэмакратычны ўрад, які спачатку заклікаў немцаў да супраціву і ўвёў краіну ў эканамічны крызіс, а потым прыняў ўсё патрабаваньні Францыі, падвяргаўся нападкам і з боку правых, і з боку камуністаў. У гэтых умовах Гітлер уступіў у зьвяз з правымі кансэрватарамі-сэпаратыстамі, якія знаходзіліся ва ўладзе ў Баварыі, сумесна рыхтуючы выступ супраць сацыял-дэмакратычнага ўраду ў Бэрліне. Гітлера натхняў прыклад паходу на Рым Мусаліні, і ён спадзяваўся паўтарыць нешта падобнае, арганізаваўшы паход на Бэрлін. Аднак стратэгічныя мэты саюзьнікаў рэзка адрозьніваліся: першыя імкнуліся да аддзяленьня і рэстаўрацыі дарэвалюцыйнай баварскай манархіі Вітэльсбахаў, у той час як нацысты — да стварэньня моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Лідэр баварскіх правых Густаў фон Кар, абвешчаны камісарам зямлі з дыктатарскімі паўнамоцтвамі, увёў у Баварыі надзвычайнае становішча; пры гэтым ён адмовіўся выконваць шэраг загадаў Бэрліну і ў прыватнасьці — арыштаваць трох папулярных лідэраў узброеных фармаваньняў і зачыніць орган НСДАП «Völkischer Beobachter». Аднак лідэры Баварыі сутыкнуліся зь цьвёрдай пазыцыяй бэрлінскага Генэральнага штабу й начальніка кіраваньня сухапутнымі сіламі Райхсвэра фон Секта і завагаліся. Яны заявілі Гітлеру, што пакуль ня маюць намер адкрыта выступаць супраць Бэрліну. Гітлер успрыняў гэта як сыгнал, што трэба браць ініцыятыву ў свае рукі. Ён вырашыў узяць у закладнікі фон Кара і вымусіць яго падтрымаць паход.[1]

Пачатак путчу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увечары 8 лістапада 1923 году каля 3000 чалавек сабраліся ў памяшканьні мюнхэнскага «Bürgerbräukeller» (велізарнай піўной залы) для таго, каб паслухаць выступ фон Кара. Разам зь ім на трыбуне знаходзіліся мясцовыя вышэйшыя чыны — генэрал Ота фон Лосаў, камандуючы ўзброенымі сіламі Баварыі, і палкоўнік Ханс фон Зайсэр, начальнік баварскай паліцыі. Пакуль фон Кар выступаў, каля 600 штурмавікоў неўзаметку ачапілі залу. Чальцы СА (Sturmabteilung) усталявалі на вуліцы кулямёты, накіраваўшы іх на дзьверы. Лідэр нацыстаў Адольф Гітлер стаяў у дзьвярах зь півам у паднятай руцэ. Прыкладна а 20:45 ён кінуў піва на зямлю й на чале ўзброенага ўдарнага атрада кінуўся ў сярэдзіну залы, ускочыў на стол, стрэліў у столь зь пісталета. Наступіла цішыня й Гітлер пракрычаў: «Нацыянальная рэвалюцыя пачалася!» Затым ён зьвярнуўся да зьдзіўленай публікі: «Зала акружаная шасьцюстамі ўзброенымі да зубоў людзьмі. Ніхто ня мае права пакідаць залу. Калі зараз жа не ўсталюецца цішыня, я загадаю ўсталяваць на галерэі кулямёт. Баварскі ўрад і ўрад рэйха зрынутыя, утворыцца часовы ўрад рэйха, казармы рэйхсвэра й зямельнай паліцыі захопленыя, рэйхсвэр і зямельная паліцыя ўжо выступаюць пад сьцягамі са свастыкай!» Фон Кар, фон Лосаў і фон Зайсэр былі зачыненыя ў адным з пакояў. Гітлер зь пісталетам пераконваў іх заняць пасады ў новым ўрадзе, але безвынікова. Тым часам Шойбнэр-Рыхтэр даставіў у піўную генэрала Людэндорфа, гэроя Першай сусьветнай вайны, які да таго нічога ня ведаў пра путчы, але падтрымаў Гітлера. Пасьля прыезду Людэндорфа фон Кар, фон Лосаў і фон Зайсэр абвясьцілі, што далучаюцца да паходу на Бэрлін. Гітлер абвясьціў фон Кара рэгентам Баварыі й заявіў, што ў той жа дзень у Мюнхэне будзе сфармаваны новы нямецкі ўрад, які здыме з пасады прэзыдэнта Фрыдрыха Эбэрта. Людэндорфа Гітлер адразу ж прызначыў галоўнакамандуючым германскай арміяй (Райхсвэрам), а сябе самога — імпэрскім канцлерам. Прыкладна а 22:30 Гітлер выйшаў зь піўной, каб урэгуляваць сутычку паміж штурмавікамі й рэгулярнымі фармаваньнямі.

Лосаў папрасіўся на вуліцу і даў Людэндорфу «сумленнае афіцэрскае слова», што яму трэба даць распараджэньні ў штабе, Кар і Зайсэр таксама пакінулі піўную. Кар перавёў ўрад у Рэгенсбург і выдаў пракламацыю, у якой адмаўляўся ад усіх заяваў, зробленых «пад дуламі пісталетаў», і аб’яўляў аб роспуску НСДАП і штурмавых атрадаў. Да гэтага часу штурмавікі занялі штаб-кватэру сухапутных сіл у ваенным міністэрстве, але ўначы будынак аблажылі рэгулярныя войскі, верныя ўраду.

У гэтай сытуацыі Людэндорф прапанаваў Гітлеру заняць цэнтар гораду, разьлічваючы, што яго аўтарытэт дапаможа пераманіць на бок нацыстаў войска й паліцыю.

Марш па Мюнхэне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А 11 гадзіне раніцы 9 лістапада прысутныя нацысты пад сьцягамі са свастыкай і ваеннымі штандарамі калёнай накіраваліся да цэнтру гораду на Марыенпляц, спадзеючыся зьняць аблогу з ваеннага міністэрства. На чале калёны ішлі Гітлер, Людэндорф і Герынг.[2] На Марыенпляц да нацыстаў далучыўся Юліўс Штрайхэр, які даведаўся пра путч і прыехаў з Нюрнбэрга. Спачатку нешматлікія паліцэйскія патрулі прапусьцілі калёну, але калі дэманстранты выйшлі на Одэанспляц непадалёк ад Фэльдхэррнхале й міністэрства абароны, шлях ім перагарадзілі ўзмоцненыя нарады паліцыі, узброеныя карабінамі. Тром тысячам нацыстаў супрацьстаяла каля 100 паліцэйскіх. Гітлер заклікаў паліцыю здацца, але атрымаў адмову, пасьля чаго раздаліся стрэлы (дадзеныя пра тое, хто пачаў страляць першым, супярэчлівыя[3]). У перастрэлцы загінула 16 нацыстаў, у тым ліку Шойбнэр-Рыхтэр, і 3 паліцыянты, шмат хто быў паранены, у тым ліку й Герынг (у сьцягно). Гітлер і іншыя путчысты кінуліся на брук, а затым спрабавалі схавацца. Людэндорф застаўся стаяць на Одэанпляц і быў арыштаваны, пазьней ён зьневажаў Гітлера за баязьлівасьць.
Непасрэдны сьведка тых падзей, в. а. генконсула ЗША ў Мюнхэне ў той час Робэрт Мэрфі ў сваіх мэмуарах пісаў: "Калі пачалася страляніна ... і Людэндорф, і Гітлер паводзілі сябе цалкам аднолькава, як і належыць двум загартаваным у баях салдатам. Абодва адначасова ўпалі на зямлю, каб пазьбегнуць граду куляў, які абваліўся на іх. Пры гэтым целаахоўнік Людэндорфа, які маршыраваў зь ім побач, быў забіты, як і многія з паплечнікаў Гітлера".[4].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Такім чынам, путч, які не атрымаў падтрымкі ні сярод насельніцтва, ні сярод вайскоўцаў (на што асабліва разьлічваў Гітлер у сувязі зь сымпатыямі да НСДАП генэрала Людэндорфа), быў падаўлены. На працягу некалькіх дзён пасьля падаўленьня путчу былі арыштаваныя ўсе яго лідэры акрамя Герынга і Геса (яны зьбеглі ў Аўстрыю, Гесс пазьней вярнуўся й таксама быў асуджаны). Удзельнікі шэсьця, у тым ліку й Гітлер, атрымалі турэмныя тэрміны рознай працягласьці.
Загінулыя падчас путчу нацыянал-сацыялісты былі пазьней абвешчаныя афіцыйнай прапагандай «пакутнікамі». Сьцяг, пад якім яны ішлі (і на які, паводле афіцыйнай вэрсіі, трапілі кроплі крыві пакутнікаў), выкарыстоўваўся ў далейшым у якасьці «сьвятога» пры «асьвячэньні» партыйных сьцягоў: на партыйных зьездах ў Нюрнбэргу Адольф Гітлер прыкладваў новыя сьцягі да «сьвятога» сьцяга, зьдзяйсьняючы рытуал «асьвячэньня» новых сьцягоў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ширер, У. Взлёт и падение Третьего рейха. Т. 1. С. 100—101.
  2. ^ Ширер, У. Взлёт и падение Третьего рейха. Т. 1. С. 110.
  3. ^ Ширер, У. Взлёт и падение Третьего рейха. Т. 1. С. 111.
  4. ^ Пападаки Валериан Георгиевич. дипломат среди воинов

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]