Люцыян Жалігоўскі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Жаліго́ўскі Люцыя́н (Жэлігоўскі; па-польску: Lucjan Żeligowski 17 кастрычніка 1865 — 9 ліпеня 1947) — польскі вайсковы і палітычны дзяяч, генэрал.
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся ў Ашмянах.
З 1885 году — кадравы афіцэр расейскага войска, падчас Першае сусьветнае вайны — камандзір палка, затым служыў у Польскім корпусе ў Расеі. У 1918—1919 гадах — камандзір сфармаванае на Кубані г.зв. Дывізіі Жалігоўскага і галоўнакамандуючы польскіх атрадаў на Ўсходзе. У красавіку 1919 году разам з дывізіяй вярнуўся на Радзіму, быў камандзірам апэратыўнае групы ў раёне Менску. Затым — камандзір 10-й дывізіі і 1-й беларуска-літоўскай дывізіі, якую падняў на вядомы «бунт», у выніку якога 9 кастрычніка 1920 году заняў Вільню і сфармаваў Часовую кіраўнічую камісію Сярэдняе Літвы.
У 1925—1926 гадах — міністар вайсковых справаў Польшчы, у 1928—1930 гадах — пасол польскага сойму, падчас Другой сусьветнай вайны — на эміграцыі, сябра Лёнданскай Нацыянальнай Рады.
Памёр у Лёндане.

