Калінінградзкая вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Калінінґрадзкая вобласьць
Калининградская область

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Статус вобласьць
Уваходзіць у Паўночна-Заходняя фэдэральная акруга
Паўночна-заходняя эканамічная акруга
Адміністрацыйны цэнтар Калінінґрад
Улучае 22 раёны
Найбуйнейшыя гарады Тыльжа, Выструч, Пілава, Гумбіна, Цімбуда
Дата ўтварэньня 1946
Губэрнатар Антон Аліханаў[d]
Насельніцтва (2023)
1 032 343 (77-е месца)
Нацыянальны склад расейцы — 78,1 %
беларусы — 7,7 %
украінцы — 7,6 %
Плошча 15 100 км² (-18-е месца)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт
 · найніжэйшы пункт

 242 м
 141 м
Месцазнаходжаньне Калінінґрадзкае вобласьці
Калінінґрадзкая вобласьць на мапе
Мапа Калінінґрадзкае вобласьці
Калінінґрадзкая вобласьць, мапа
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас GMT +3
Код ISO 3166-2 RU-KGD
Код аўтам. нумароў 39, 91 (вайсковы)
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Калініґра́дзкая во́бласьць (па-расейску: Калининградская область) — найзаходнейшая ды найдрабнейшая вобласьць у Расеі. Адміністрацыйны цэнтар — места Калінінґрад (па-беларуску: Каралявец). Мяжуе з Польшчай на поўдні й зь Летувой на поўначы. На захадзе амываецца Балтыйскім морам. Плошча — 15,1 тыс. км² (13,3 тыс. км² з вылікам плошчы Калінінґрадзкае й Курскае затокаў). Насельніцтва на 2023 год — 1 млн 32 тыс. чал. Шчыльнасьць насельніцтва: 68,25 чал/км² (2023 год), агульная доля мясцовага насельніцтва: 77,5% (2023 год). Вобласьць была ўтвораная 7 красавіка 1946 году.

Геаграфічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месцазнаходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калінінградзкая вобласьць — самы заходні рэгіён Расеі. Яна аддзеленая ад астатняй Расеі тэрыторыяй незалежных дзяржаваў, але злучаная морам і зьяўляецца, такім чынам, паўэксклавам. Максымальная працягласьць вобласьці з захаду на ўсход — 205 км, з поўначы на поўдзень — 108 км.

Вобласьць амываецца водамі Балтыйскага мора. На поўначы вобласьці разьмешчаны ўнікальны гідраграфічны аб’ект — Курская пярэспа.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат пераходны ад марскога да ўмерана кантынэнтальнага Сярэдняя тэмпэратура ліпеня +15 — +17°С, студзеня −5 — −3°С. Сярэднярочная колькасьць ападкаў каля 700 мм.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэльеф вобласьці — узгорыстая раўніна. На ўсходзе вобласьці, у Нестараўскім раёне, рэльеф больш няроўны, тут разьмешчанае Віштынеўкае ўзвышша з вышынямі да 230 мэтраў над узроўнем мора. Таксама ўзвышшы маюцца ў Багратыёнаўскім раёне (Вармійскае або Вармінскае ўзвышша). Уздоўж правага берагу ракі Інструч цягнецца Інстручская града.

Самыя нізінныя тэрыторыі вобласьці разьмешчаныя ў Слаўскім раёне. Гэта так званыя польдары — землі стала зьмешчаныя пад пагрозай затапленьня і абгароджаныя дамбамі.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўным прыродным багацьцем вобласьці зьяўляецца бурштын. Калінінградзкую вобласьць завуць Бурштынавым краем, паколькі на яе тэрыторыі разьмешчана звыш 90% выведаных сусьветных запасаў гэтага дзіўнага мінэралу. Вобласьць зьмяшчае невялікае нафтавае радовішча «Краўцоўскае» (Д6), разьмешчанае на шэльфе Балтыйскага мора. На тэрыторыі вобласьці маюцца значныя запасы высакаякаснай каменнай солі й торфу. Вобласьць забясьпечвае сябе такімі будаўнічымі матэрыяламі як пясок, гліна, жвірова-пяшчаныя сумесі, а таксама такімі неруднымі матэрыяламі, як цяжкія пяскі, якія зьмяшчаюць тытан, цырконій і жалезны марганец.

Разьмешчаныя на вялікіх глыбінях мінэральныя воды з высокай ступеньню мінэралізацыі шырока выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасьці і ахове здароўя рэгіёну.

Водныя аб’екты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вобласьць багатая рэкамі. Усяго па тэрыторыі вобласьці працякае 148 рэчак даўжынёй больш за дзесяць кілямэтраў, аднак больш за ўсё ў вобласьці зусім кароткіх рэчак і ручаёў (даўжынёй менш за 10 км). На іх прыпадае сем дзясятых агульнай працягласьці даўжыні калінінградзкіх рэчак. Наогул жа сумарная даўжыня ўсіх калінінградзкіх рэчак складае амаль трынаццаць тысячаў кілямэтраў.

Найбуйныя рэкі вобласьці — Нёман і Прэгель, да басэйну гэтых двух рэчак адносіцца большая частка тэрыторыі вобласьці. Асноўныя прытокі Нёмана на тэрыторыі вобласьці — Шашупэ і Тыўжа, Прагель — Піса, Анграпа, Інструч, Лава.

Рэкі, якія не адносяцца да басэйнаў Нёмана і Прэгеля, упадаюць альбо ў Курскую (Ржэўка з прытокамі Злая, Аса, Швэнта і інш.), альбо ў Калінінградзкую затокі (Прахалодная з прытокамі Карнёўка, Майская і інш.). Толькі невялікая колькасьць малых рэчак упадае непасрэдна ў Балтыйскае мора.

У Калінінградзкай вобласьці налічваецца 38 азёраў плошчай звыш 0,1 км (разам з вадасховішчамі й сажалкамі). Самае вялікае зь іх — Віштынецкае возера. Яно разьмешчанае на ўсходзе вобласьці на мяжы зь Летувой. Плошча гэтага возера — 16,6 км. З 1975 року яно мае статус помніка прыроды.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да XIII стагодзьдзя на тэрыторыі цяперашняй Калінінградзкай вобласьці жылі плямёны прусаў, народу, роднаснага цяперашнім латышам і летувісам. Прусы моцна адсталі ад іншых народаў Эўропы: да XI стагодзьдзя яны ня мелі пісьменнасьці, ня мелі местаў і жылі першабытна-супольным ладам. Іх рэлігіяй было паганства.

Пасьля падпісаньня дамовы аб падзеле прускіх земляў паміж польскім князем Конрадам Мазавецкім і вялікім магістрам (гросмайстрам) Тэўтонскага ордэну Германам фон Зальца у 1226 року пачалася калянізацыя Прусіі нямецкімі рыцарамі Тэўтонскага ордэну.

Асадніцтва праводзілася пад выглядам звароту «дзікага» народа ў хрысьціянства. Папа Рымскі прыраўнаў паход у Прусію да крыжовых паходаў у Сьвятую Зямлю. Прусы не маглі супрацьстаяць рыцарам на роўных на поле бою, але шырока ўжывалі партызанскую тактыку. Падчас заваёў, якія доўжылася каля пяцідзесяці рокаў, рыцары засноўвалі замкі, якія зьяўляліся апорнымі пунктамі. Першым зь іх стаў замак Бальга, заснаваны ў 1239 року на беразе Вісьлінскай (Калінінградзкай) затокі і які захаваўся дагэтуль.

Такім чынам на тэрыторыі цяперашняй Калінінградзкай вобласьці (а таксама на тэрыторыі цяперашняга Вярмінска-Мазурскага ваяводзтва Польшчы) паўстала дзяржава рыцараў-крыжакоў.

Гэтая дзяржава вяла сталыя войны з Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім. Такое ваеннае перанапружаньне прывяло да крызы Прусіі, і пасьля паразы ў Бітве пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 року гэтая дзяржава запала ў васальную залежнасьць спачатку ад Вялікага княства Літоўскага, а пасьля Люблінскай уніі 1569 року ад Рэчы Паспалітай.

Усходняя Прусія, дакладней яе паўночная частка (прыкладна адна траціна агульнай тэрыторыі Ўсходняй Прусіі) ўвайшла ў склад Расеі пасьля Другой сусьветнай вайны, у адпаведнасьці з Пацдамскімі дамовамі.

Адразу пасьля гэтага была арганізаваная Кёнігсбэрская адмысловая вайсковая акруга, якая таксама займаляся й грамадзянскімі справамі. Неўзабаве яна была ператвораная ў Кёнігсбэрскую вобласьць у складзе РСФСР. Аднак Кёнігсбэрскай гэтая вобласьць прабыла нядоўга, у 1946 року яна была пераназваная ў Калінінградзкую. Рэшта нямецкага насельніцтва была дэпартаваная ў Нямеччыну да 1947 року.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 2006 году на тэрыторыі вобласьці існуе 13 муніцыпальных утварэньняў. Пяць местаў не ўваходзяць у склад раёнаў і зьяўляюцца самастойнымі муніцыпальнымі ўтварэньнямі. Тры гарады й адно мястэчка не ўваходзяць у склад раёнаў і ўтвараюць разам са сваімі навакольлямі чатыры мескія акругі, якія зьяўляюцца самастойнымі муніцыпальнымі ўтварэньнямі.

Месты, якія не ўваходзяць ў склад раёнаў:

Мескія акругі:

Месты й населеныя пункты Калінінградзкае вобласьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усяго ў Калінінградзкае вобласьці 22 месты і 5 мястэчак.