Чачэнія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Чачэнская Рэспубліка
рас. Чеченская Республика
чач.
Нохчийн Республика
Coat of arms of Chechnya.svg
Flag of the Chechen Republic.svg
Герб Сьцяг
Гімн: Гімн Чачэніі
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Эканамічны раён Паўночнакаўкаскі
Статус Рэспубліка
Уваходзіць у Паўночнакаўкаскую фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Грозны
Улучае 15 раёнаў,
2 мескія акругі
Найбольшы горад Грозны
Іншыя буйныя гарады Грозны, Урус-Мартан
Дата ўтварэньня 21 студзеня 1920 (як Чачэнская нацыянальная акруга)
30 лістапада 1922 (як Чачэнская АВ)
15 студзеня 1932 (частка Чачэнска-Інгускай АВ)
5 сьнежня 1936 (частка Чачэна-Інгускай АССР)
7 сакавіка 1944 (скасаваньне ЧІАССР)
9 студзеня 1957 (аднаўленьне ЧІАССР)
24 траўня 1991 (фактычны распад)
10 сьнежня 1992 (утварэньне Чачэнскай Рэспублікі)
Кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў
Старшыня ўраду Іса Тумхаджыеў (в.а.)
Афіцыйныя мовы расейская, чачэнская
Насельніцтва (2014)
Green Arrow Up Darker.svg1 346 524[1] (38-е месца)
Шчыльнасьць 86,06 чал./км²
Нацыянальны склад чачэнцы, расейцы
Плошча 15 647 км² (75-е месца)
Месцазнаходжаньне Чачэнскае Рэспублікі
Чачэнская Рэспубліка на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +4
Код ISO 3166-2 RU-CE
Код аўтам. нумароў 95
Афіцыйны сайт

Чачэ́нія (па-расейску: Чечня, па-чачэнску: Нохчийчоь), афіцыйна Чачэ́нская Рэспу́бліка (па-расейску: Чеченская Республика, па-чачэнску: Нохчийн Республика) — суб’ект Расейскай Фэдэрацыі і рэспубліка ў яе складзе[2]. Месьціцца ў паўднёва-заходняй частцы Расеі, уваходзіць у склад Паўночнакаўкаскай фэдэральнай акругі.

Адміністрацыйны цэнтар — места Грозны, знаходзіцца ў цэнтральнай частцы поўначы рэспублікі. Мяжуе з трыма рэспублікамі Расеі (з Дагестанам — на поўначы, усходзе, паўднёвым усходзе; з Інгушэтыяй — на захадзе; з Паўночнай Асэтыяй — на паўночным захадзе) і адным краем краіны (з Стаўрапольскім — таксама на паўночным захадзе). На поўдні рэспублікі праходзіць участак мяжы Расеі з Грузіяй.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дагістарычны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьляды чалавечых паселішчаў на тэрыторыі сучаснае Чачэніі ўзыходзяць да 40 000 г. да н.э., гэтыя сьведчаньні былі знойдзеныя ля возера Кезеноям, што на мяжы Дагестану ды Чачэніі. Наскальныя малюнкі й археалягічныя знаходкі сьведчаць, што ў гэтым рэгіёне чалавек жыў бесьперапынна на працягу каля 8000 гадоў[3].

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя амэрыканскія дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што продкі сучасных чачэнцаў маюць сваё паходжаньне ад земляробаў Урадлівага Паўмесяцу, якія прыйшлі на тэрыторыю сучаснага Каўказу праз сучасны Азэрбайджан каля 10 000 г. да н.э.[4]. Прыкладна ў гэты ж пэрыяд перасяленцы вынайшлі мэтады сельскае гаспадаркі, ірыгацыі і прыручэньня жывёлаў.

Старажытная гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 6000 па 4000 гг. да н.э. на тэрыторыі сучаснай Чачэніі пачалі зьяўляцца керамічныя вырабы, паселішчы з каменьня й цэглы[5]. Знаходкі пэрыяду 4000—3000 г. да н.э. сьведчаць пра ўзьнікненьне кола, выплаўкі мэталу і пачатку выкарыстаньня каня ў транспартных мэтах[5].

Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы XХІІІ стст. навакольныя рэгіёны пасьлядоўна трапляюць пад уладу іранамоўных аланаў і, пазьней, Залатой Арды, якая ачольвалася ўнукам Чынгісхана Батыем. Тым ня менш, у часы ХІІІXIV стст. пачынаецца барацьба мясцовых плямёнаў супраць мангольскага панаваньня, якая, урэшце, скончылася па распадзе Залатой Арды ў рэгіёне. З XVI ст. пвчынаецца пэрыяд паступовай заваёвы рэгіёну Расеяй.

Расейскае панаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1783 грузінская арыстакратыя, шукаючы дапамогі ад суседніх мусульманскіх дзяржаваў, падпісала з Расеяй Георгіеўскі трактат, паводле якога грузінскае царства Картлі-Кахетыя (цэнтар і ўсход Грузіі) атрымлівалі статус пратэктаратам Расеі. У 1785 годзе Расея ды заходнія насельнікі Картлі-Кахетыі пачынаюць паўстаньне супраць кіроўчай у тыя часы Асманскай імпэрыі, а таксама сілаў на баку імпэрыі. Шукаючы транспартны калідор з хрысьціянскімі супольнасьцямі Закаўказьзя, расейцы распачалі супрацьстаяньне зь мясцовымі наскімі плямёнамі (продкамі сучасных чачэнцаў), якія геаграфічна аддзялялі Грузію ад Расеі. Вайсковыя дзеяньні Расеі супраць вайнахаў становяцца адным з фактараў збольшаньня папулярнасьці ісламу, які стаў разглядацца як адзін з сродкаў барацьбы з расейцамі[6]. Неўзабаве Шэйхам Мансурам было ўзьнятае паўстаньне, сярод мэтаў якога было, у прыватнасьці, стварэньне ісламскай дзяржавы на Паўночным Каўказе. Паўстаньне пацярпела паразу, і ў ходзе баявых дзеяньняў Мансур быў схоплены асманамі і перададзены Расеі, у якой Мансур быў сьмяротна пакараны ў 1794 годзе[7].

У 1834 годзе на тэрыторыі Паўночнага Каўказу ўспыхнула новае паўстаньне, на чале якога ўстаў аварац Імам Шаміль. У 1859 годзе Шаміль быў схоплены расейцамі, аднак вайсковыя дзеяньні паўстанцаў працягваліся яшчэ два гады пад кіраўніцтвам Байсангура Бенойскага. Для падпарадкаваньня чачэнскіх тэрыторыяў расейскі ўрад пачаў выкарыстоўваць тактыку калянізацыі гэтых земляў казакамі, якія ў асноўным узмацнялі свае пазыцыі на паўночнай, раўніннай частцы Чачэніі. Гэтая стратэгія, аднак, пацярпела вызначаную няўдачу, паколькі горцы пачалі ажыцьцяўляць рэйды на раўнінных перасяленцаў. Напрыканцы 1860-х гадоў урад Расеі стаў спрыяць перасяленьню чачэнцаў і інгушаў Асманскую імпэрыю, што зьменшыла маштаб вайсковых дзеяньняў з адкрытых баявых дзеяньняў да паўстанцкага руху. Асобныя вайсковыя дзеяньні з боку чачэнцаў ды інгушаў працягваліся да пачатку ХХ ст.

У адміністрацыйным упарадкаваньні Расеі тэрыторыя сучаснай Чачэніі знаходзілася ў падначальваньні Церскай вобласьці, якая існавала ў 18601920 гадох і ўключала, апроч тэрыторыі сучаснай Чачэніі, тэрыторыю Дагестану, Інгушэтыі, Паўночнай Асэтыі ды поўдня Стаўрапольскага краю.

Рэвалюцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля рэвалюцыі ў Расеі баявыя рухі чачэнцаў узнавіліся, у выніку чаго чачэнцы пачалі вайсковыя дзеяньні супраць фармаваньняў Белага Руху, а потым і супраць камуністычных уладаў.

21 сьнежня 1917 году не-камуністычныя рухі народаў Дагестану, Чачэніі й Інгушэтыі абвясьцілі ўласнае дзяржаўнае ўтварэньне, якое атрымала назву Горская Рэспубліка. Сталіцай дзяржавы было абвешчанае места Тэмір-Хан-Шура (сучасны Буйнацк, захад Дагестану), прэм’ер-міністрам краіны быў прызначаны чачэнец Тапа Чармоеў[8]. Дзяржаўнае ўтварэньне ня стала адносна трывалым, у выніку чаго ў 1921 годзе ягоная тэрыторыя была ўключаная ў склад тагачаснай камуністычнай Расеі.

Савецкае кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры ўсталяваньні савецкага панаваньня ў рэгіёне на месцы былой Горскай рэспублікі была створаная Горская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у складзе якой 21 студзеня 1920 году была ўтвораная Чачэнская нацыянальная акруга. 30 лістапада 1922 году ейная тэрыторыя была вылучаная са складу Горскай АССР і пераўтвораная ў Чачэнскую аўтаномную вобласьць, якая, нарэшце, праіснавала да 15 студзеня 1934 году.

У 1934 годзе Чачэнская АВ была аб’яднаная з Інгускай аўтаномнай вобласьцю ў Чачэна-Інгускую аўтаномную вобласьць, статус якой 5 сьнежня 1936 году быў падвышаны да АССР. У 1944 годзе савецкім кіраўніцтвам была ажыцьцяўленая дэпартацыя чачэнцаў і інгушаў у Казаскую ССР і сыбірскія рэгіёны РСФСР, у выніку якой загінула больш за 60% дэпартаваных. Асноўнай нагодай дэпартацыі стала наяўнасьць сьведчаньняў пра масавую падрыхтоўку чачэнцаў ды інгушаў да паўстаньня і дапамогі нямецкім войскам у часы Другой сусьветнай вайны, многія зь якіх, аднак, апынуліся сфабрыкаванымі[9]; дэпартацыі падвяргаліся ў тым ліку і вэтэраны вайны чачэнскай і інгускай нацыянальнасьцяў.

Праз узьніклую адсутнасьць чачэнскага й інгускага насельніцтва ў Чачэнска-Інгускай АССР яе тэрыторыя была падзеленая між Стаўрапольскім краем, Дагестанскай АССР, Паўночна-Асэтынскай АССР і Грузінскай ССР. Нягледзячы на гэта, падчас палітыкі г.зв. «адлігі» Хрушчова Чачэна-Інгуская АССР была адноўленая, а чачэнцам ды інгушам было дазволена вярнуцца ў рэспубліку. На тэрыторыі ўзноўленай рэспублікі пасьпела пасяліцца вызначаная частка этнічна расейскага насельніцтва, што ў асобных выпадках прыводзіла да ўзаемных сутыкненьняў. Пры аднаўленьні Чачэна-Інгуская АССР зазнала шэраг зьменаў: у складзе Паўночна-Асэтынскай АССР застаўся Прыгарадны раён, у якім на той момант ужо пасьпела асесьці прыкметная частка асэтынаў, але пры гэтым ЧІАССР атрымала Шэлкаўскі й Наурскі раёны, населеныя на той час пераважна расейцамі.

Пазьнейшы пэрыяд савецкай улады характарызаваўся палітыкай русіфікацыі, якая, на думку, некаторых дасьледчыкаў, адзначалася ў тагачаснай Чачэніі[6].

Распад СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 лістапада 1990 году Вярхоўны Савет Чачэна-Інгускай АССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Чачэна-Інгускай Рэспублікі. У 1991 годзе быў утвораны Аб’яднаны Кангрэс чачэнскага народу пад кіраўніцтвам былога генэрала паветраных сілаў СССР Джахара Дудаева, які ўзяў курс на адасабленьне Чачэніі як асобнай рэспублікі ды незалежнай дзяржавы. Тым ня менш, гэты курс атрымаў крытыку тагачаснага кіраўніцтва РСФСР, паколькі аўтаномныя рэспублікі СССР ня мелі права выхаду са складу СССР у адрозьненьне ад саюзных рэспублік. 8 чэрвеня гэтага ж году АКЧН абвясьціла Чачэнскую Рэспубліку Нахчы-чо, пазьней вядомую як Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя[10], чым фактычна замацоўваецца распад Чачэнска-Інгускай Рэспублікі. 10 сьнежня 1992 расейскім урадам быў выдадзены ўказ пра падзел Чачэна-Інгускай Рэспублікі на Чачэнскую Рэспубліку ды Інгускую Рэспубліку[11].

У пэрыяд паміж абвяшчэньнем незалежнасьці Чачэнскай Рэспублікі Нахчы-чо і 1994 годзе тэрыторыя сучаснай Чачэнскай Рэспублікі знаходзілася пад кантролем палітычных структураў Джахара Дудаева, у сувязі з чым тэрыторыя Чачэніі дэ-факта існавала як незалежная дзяржава.

У 1994 годзе Расея паставіла спробу аднаўленьня кантролю над Чачэніяй, што спрычынілася да Першай Чачэнскай вайны, якая цягнулася з 1994 па 1996 гады. Незважаючы на перавагу расейскіх войскаў над чачэнскімі фармаваньнямі ў колькасным пляне, а таксама ў галіне ўзбраеньня й авіяцыі, Расея ня здолела ўсталяваць кантроль над паўднёвай, гарыстай часткай Чачэніі (аднак, напрыклад, цягам некаторага часу кантраляваўся Грозны). Атака чачэнскіх фармаваньняў на Будзёнаўск (Стаўрапольскі край) у 1995 годзе стала чыньнікам росту незадавальненьня расейскага грамадзтва і міжнароднага асуджэньня чачэнскіх сілаў.

У 1996 року ракетным ударам быў забіты прэзыдэнт Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Джахар Дудаеў, аднак у хуткім часе Расея падпісала мірную дамову зь лідэрамі чачэнскіх фармаваньняў, у якой прадугледжваўся вывад расейскіх войск з тэрыторыі Чачэніі. Гэтай дамове спрыяў, у прыватнасьці, пасьпяховы наступ чачэнскіх фармаваньняў, кіраваных Асланам Масхадавым.

  • Міжваенны пэрыяд

Пасьля вайны ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў у Чачэніі да ўлады прыйшоў Аслан Масхадаў, начальнік штабу ЧРІ і прэм’ер-міністар рэспублікі. Масхадаў імкнуўся захаваць фактычны сувэрэнітэт ЧРІ, адначасова патрабуючы ад Расеі дапамогі ў аднаўленьні эканомікі і інфраструтуры рэспублікі. Расея працягвала забясьпечваць Чачэнію сродкамі, але на мясцовым узроўні большая іх частка сыходзіла пад кантроль мясцовых прывілеяваных палявых камандзіраў[12]. Прыкладна 40% ад даваеннага насельніцтва Чачэніі (прыкладна паўмільёна чалавек) жылі ў лягерах бежанцаў або ў перапоўненых вёсках[13].

Праз вынікі эканамічнага спаду адным з распаўсюджаных спосабаў атрыманьня даходу ў Чачэніі стала практыка выкраданьняў, якія прынесьлі больш за 200 млн даляраў на працягу трох гадоў фактычнае незалежнасьці Чачэніі[14]. 25 кастрычніка 1998 году прэзыдэнт ЧРІ Масхадаў абвясьціў кампанію па прадухіленьні выкраданьняў, але празь некаторы час Шадзід Баргішаў, адзін з найгалоўнейшых праціўнікаў выкраданьняў, быў забіты. Паплечнікі Баргішава выказалі сваю нэгатыўную рэакцыю на забойства, што паступова прывяло да эскаляцыі напружанасьці ў рэспубліцы, якая, у сваю чаргу, стала прычынай адкрытых сутыкненьняў між Нацыянальнай гвардыяй ЧРІ ды ісламісцкімі баевікамі.

7 жніўня 1999 году баявыя дзеяньні ўзнавіліся, у выніку якіх Ісламская міжнародная міратворчая брыгада ўварвалася ў Дагестан, намагаючыся аказаць дапамогу тамтэйшым сэпаратысцкім фармаваньням[15].

У верасьні ў некалькіх гарадох цэнтральнай Расеі адбылася сэрыя выбухаў дамоў, у адказ на што была ініцыяваная новая вайсковая кампанія супраць ЧРІ[16]. Маючы лепшую арганізацыю, расейскія сілы ўзялі пад кантроль большасьць рэгіёнаў Чачэніі, выкарыстоўваючы, у тым ліку, і грубую сілу супраць некаторых жыхароў Чачэніі. Пасьля ўзяцьця Грознага ў лютым 2000 году палітычыя структуры ЧРІ страцілі большую частку ўлады[17]. Цягам наступнага часу чачэнскія сэпаратысцкія фармаваньні перайшлі да тактыкі тэрактаў як у Чачэніі, так і за яе межамі ў іншых рэгіёнах Расеі.

У адказ на рост тэрарызму расея пашырыла свой кантроль над Чачэніяй і павялічыла маштаб антытэрарыстычных апэрацыяў у рэспубліцы. У 2003 годзе адбыўся рэфэрэндум па рэінтэграцыі Чачэніі ў склад Расеі, на якім, паводле зьвестак ураду расейскай Чачэнскай Рэспублікі, была дасягнутая яўка ў 80% выбарцаў, якія ў большасьці сваёй (95,5%) прынялі прапановы рэфэрэндуму[18].

У красавіку 2009 году Расея аб’явіла пра заканчэньне контратэрарыстычнай апэрацыі ў Чачэніі і адцягнула вялікую частку войскаў. Нягледзячы на гэта, тэрарыстычныя акты за апошнім часам адзінкавымі выпадкамі сталі распаўсюджаныя ў іншых рэспубліках Паўночнага Каўказу.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле зьвестак на 2014 год колькасьць насельніцтва Чачэнскае Рэспублікі складае 1 346 524 чал.[1] У тым ліку шчыльнасьць насельніцтва склала 86,06чал./км², дзеля мескага насельніцтва — 34,25%.

Нацыянальны склад разьмяркоўваецца наступным чынам: чачэнцы — 95,3%; расейцы — 1,9%; кумыкі (гістарычна пражываюць у некаторых рэгіёнах на поўначы рэспублікі) — 1,0%; іншыя нацыянальнасьці[19].

Урад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пачаткам Другой чачэнскай вайны была сфармаваная адміністрацыя прарасейскай Чачэнскай Рэспублікі, якую ўзначаліў Ахмат Кадыраў. У 2003 адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх Кадыраў атрымаў перамогу, аднак у наступным годзе ён загінуў у выніку тэрарыстычнага акту ў Грозным. Наступным прэзыдэнтам стаў Алу Алханаў, якога ў 2007 зьмяніў сын Ахмата Кадырава Рамзан Кадыраў. На цяперашні час пасада прэзыдэнта рэспублікі пераназваная ў «кіраўнік рэспублікі».

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Чачэніі.

У склад Чачэнскай Рэспублікі ўваходзяць дзьве мескія акругі (адпаведныя гарадам Грозны й Аргун), а таксама 15 муніцыпальных раёнаў. Серад раёнаў — два раёны, створаныя ў часы новай адміністрацыі (Галанчоскі, Чэберлоеўскі)[20].

  • Раёны Чачэнскай Рэспублікі (нумар раёну адпавядае нумару раёну на мапе):
  1. Ачхой-Мартанаўскі;
  2. Ведзенскі;
  3. Грозьненскі;
  4. Гудзермескі;
  5. Галанчоскі;
  6. Ітум-Калінскі;
  7. Курчалоеўскі;
  8. Надцерачны;
  9. Наурскі;
  10. Нажай-Юртаўскі;
  11. Сунжанскі;
  12. Урус-Мартанаўскі;
  13. Шалінскі;
  14. Шаройскі;
  15. Шатойскі;
  16. Шэлкаўскі;
  17. Чэберлоеўскі;
  18. Меская акруга места Грозны;
  19. Меская акруга места Аргун

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б http://www.gks.ru/free_doc/new_site/population/demo/PrPopul.xls
  2. ^ Зьвесткі паводле Канстытуцыі Расейскае Фэдэрацыі (артыкул 5, пункты 1, 2)
  3. ^ Amjad M. Jaimoukha. The Chechens: A Handbook. — RoutledgeCurzon, 2005. — 320 с.
  4. ^ Bernice Wuethrich. Peering Into the Past, With Words // Science. — 2000. — № 5469.
  5. ^ а б Н. Д. Кодзоев. История ингушской нации.
  6. ^ а б Johanna Nichols. The Ingush (with notes on the Chechen): Background information // Berkeley Linguistics Department. — University of California, Berkeley, 1997.
  7. ^ John Frederick Baddeley. The Russian Conquest of the Caucasus. — London: Curzon Press, 1999. — С. 49.
  8. ^ hrono.info. Горская республика // Хронос. Всемирная история в Интернете.
  9. ^ Яковлев А. Сумерки. — М.: Материк, 2003. — С. 205-206. — ISBN 5-85646-097-9
  10. ^ Тимур Музаев. Чеченская Республика Ичкерия. Общий обзор(рас.). igpi.ru. Праверана 22 лютага 2014 г.
  11. ^ Закон Расейскай Фэдэрацыі ад 10 сьнежня 1992 г. N 4071-I «Аб унясеньні зьменаў у артыкул 71 Канстытуцыі (Асноўнага Закону) Расейскай Фэдэрацыі — Расеі»(рас.) Сайт Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі. Б. Ельцын. Праверана 22 лютага 2014 г.
  12. ^ Leon Aron. Chechnya // AEI Online. — 2003.
  13. ^ Alex Goldfarb, Marina Litvinenko. Death of a Dissident: The Poisoning of Alexander Litvinenko and the Return of the KGB. — New York: Free Press, 2007.
  14. ^ Tishkov, Valery. Chechnya: Life in a War-Torn Society. — Berkeley: University of California Press, 2004. — С. 114.
  15. ^ Steve Harrigan. Moscow again plans wider war in Dagestan // CNN. — 1990.
  16. ^ Context of 'September 13, 1999: Second Moscow Apartment Bombing Kills 118; Chechen Rebels Blamed' // History Commons.
  17. ^ globalsecurity.org. Second Chechnya War - 1999-2006. // globalsecurity.org.
  18. ^ Ben Aris. Boycott call in Chechen poll ignored // The Telegraph. — 2003.
  19. ^ [1]
  20. ^ grozny-inform.ru. На карте Чечни появятся возрожденные Галанчожский и Чеберлоевский районы // Информационное агентство «Грозный-информ».

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]