Інгушэтыя
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Інгушэтыя ГӀалгӀай Мохк |
|
| Герб | Сьцяг |
| Гімн: Нацыянальны гімн | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Расея |
| Статус | Рэспубліка |
| Адміністрацыйны цэнтар | Магас |
| Дата ўтварэньня | 4 чэрвеня 1992 |
| Прэзыдэнт | Юнус-Бэк Яўкураў |
| Насельніцтва (2010) | 413 100 |
| Плошча | 3513 км² |
| Месцазнаходжаньне Інгушэтыі | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Часавы пас | +4 |
Інгушэтыя (па-інгуску: ГIалгIай Мохк) — суб’ект Расейскай Фэдэрацыі, разьмешчаны на Паўночным Каўказе. Мяжуе з Чачэніяй, Паўночнай Асэтыяй і Грузіяй.
Інгушэтыя не мяжуе з Кабардына-Балкарыяй, нягледзячы на тое, што наяўнасьць такой мяжы адзначана на афіцыйных сайтах абедзьвюх рэспублік. Інгушэтыю ад КБР аддзяляе (сапраўды вельмі вузкі) клінок зямлі, на якой разьмешчанае паселішча з асэтынскім назовам Хурыкаў («Сонечная вёска»), пераважна населенае інгушамі. Хоць сытуацыя з гэтым пярэсмыкам няпростая, фармальна і юрыдычна ён адносіцца да Паўночнай Асэтыі.
Па тэрыторыі Інгушэтыя — самы маленькі рэгіён Расеі (ня ўлічваючы гарадоў фэдэральнага падпарадкаваньня Масквы і Санкт-Пецярбургу).
Назоў рэспублікі паходзіць ад расейскай назвы карэннага насельніцтва (інгушы — верагодна, ад назвы вёскі Ангушт). Саманазва народа — «галагай» (што значыць «будаўнікі»).
Зьмест |
Геаграфія[рэдагаваць]
Інгушэтыя разьмешчаная на паўночных схілах перадгор’я Вялікага Каўкаскага хрыбта, у цэнтральнай яго частцы. Гледзячы па расьсяленьні, Інгушэтыя — гэта адна вялікая вёска, якая раскінулася па шырокіх, спадзістых перадгор’ях. Па плошчы гэта невялікая рэспубліка — усяго ў два разы больш за Маскву. Насельніцтва — 350 тыс. чалавек, і амаль усё яно засяроджанае на поўначы, дзе паселішчы пераходзяць адно ў адно. На поўдні — лес і горы. Тамака раскіданыя старажытныя радавыя аўлы — радзіма ўсіх інгускіх тэйпаў. На поўдні насельніцтва вельмі малалікае.
Тэрытарыяльныя спрэчкі[рэдагаваць]
Інгуская Рэспубліка дасюль ня мае вызначаных межаў. Канчаткова няясная мяжа Інгушэтыі з Чачэніяй і з Асэтыяй.
Паміж Паўночнай Асэтыяй і Інгушэтыяй існуе тэрытарыяльная спрэчка — Інгушэтыя аспрэчвае частку Прыгараднага раёну Паўночнай Асетыі на ўсход ад Уладзікаўказу. У 1990 годзе падчас актыўнай фазы канфлікту загінула больш чым 600 чалавек, больш за 900 былі параненыя, 30 000 інгушоў з Прыгараднага раёну ўцяклі з Паўночнай Асэтыі. На гэты канфлікт накладаецца бэсланская трагедыя, што спарадзіла нянавісьць да інгушоў сярод асэтынаў, бо нібыта ўдзельнікі захопу школы прыехалі менавіта з Інгушэтыі.
Тэрытарыяльная спрэчка паміж Чачэніяй і Інгушэтыяй ідзе за Сунжанскі раён, які пасьля разьдзяленьня Чачэна-Інгускай АССР кожная з рэспублік палічыла сваім. У момант падзелу ў 1992 годзе ў Сунжанскім раёне паўстала двоеўладзьдзе, утварыліся асобныя інгуская і чачэнская адміністрацыі, якім падпарадкоўваліся тэрыторыі, населеныя, адпаведна, інгушамі і чачэнцамі. Зараз, на тле замірэньня Чачэніі, Крэмль пераконвае інгушоў і чачэнцаў зноў аб’яднацца ў адзіную вайнаскую рэспубліку. Але мясцовыя эліты скептычна глядзяць на такі праект[1].
Насельніцтва[рэдагаваць]
Колькасьць насельніцтва 499 тыс. чал. (2008); інгушы (77,3 %), чачэнцы (20,4 %), расейцы (1,2 %). У Інгушэтыі беларусы складаюць 0,0049% насельніцтва, тут жывуць 23 беларусы (вынікі перапісу 2002 году).
Шчыльнасьць насельніцтва: 141,6 чал./км², удзельная вага гарадзкога насельніцтва: 42,6 % (2005).
Гісторыя[рэдагаваць]
Інгушэтыя захопленая Расейскай Імпэрыяй у 1810 годзе. У 1860 году па ўказе імпэратара Аляксандра II ва ўсходняй частцы Паўночнага Каўказу была створана Церская вобласьць, у склад якой увайшлі Чачэнская, Ічкерыйская, Інгуская і Нагорная акругі.
Пасьля ўсталяваньня Савецкай улады, у сакавіку 1920, Церская вобласць была расфармаваная, а Чачэнская (аб’яднаная з Ічкерыйскай) і Інгуская (аб’яднаная з Нагорнай) акругі сталі самастойнымі тэрытарыяльнымі ўтварэньнямі. Праз год, 20 студзеня 1921 году, Чачэнія і Інгушэтыя разам з Карачаева-Чаркесіяй, Кабардына-Балкарыяй і Паўночнай Асетыяй увайшлі ў Горскую АССР. 7 лістапада 1924 году Горская АССР была ліквідаваная, у зьвязку з чым была створаная Інгуская АВ у складзе РСФСР.
15 студзеня 1934 была створаная Чачэна-Інгуская аўтаномная вобласьць, якая 5 сьнежня 1936 году стала Чачэна-Інгускай АССР (ЧІАССР). У лютым 1944 году ў зьвязку з дэпартацыяй чачэнцаў і інгушоў аўтаномія была расфармаваная, пры гэтым Інгушэтыя ўвайшла ў Паўночна-Асэтынскую АССР у якасьці Назранскага раёну.
9 студзеня 1957 у зьвязку зь вяртаньнем дэпартаваных жыхароў Чачэна-Інгуская АССР была адноўленая (пры гэтым Прыгарадны раён, які датуль ужо засялілі асэтыны, быў уключаны ў склад Паўночнай Асэтыі). 15 траўня 1991 году ЧІАССР пераназваная ў Чачэна-Інгускую Рэспубліку. 1 кастрычніка 1991 году рашэньнем Вярхоўнага Савету РСФСР Чачэна-Інгуская Рэспубліка была падзеленая на Чачэнскую і Інгускую Рэспублікі. У склад рэспублікі ўвайшлі тры адміністрацыйныя раёны былой Чачэна-Інгушэтыі: Сунжанcкі, Малгабэцкі і Назранскі. Сталіцай быў абраны былы раённы цэнтар Назрань. У канцы 2002 сталіцай стала места Магас у 4 кілямэтрах ад Назрані. Рашэньне аб пераносе сталіцы было прынятае ў 2000 годзе.
Адміністратыўны падзел[рэдагаваць]
Рэспубліка падзяляецца на 4 раёны:
У Інгушэтыі 4 месты: Магас (сталіца рэспублікі), Назрань, Малгабэк, Карабулак. На тэрыторыі рэспублікі знаходзіцца самае вялікае ў Расеі па колькасьці жыхароў сельскае паселішча — станіца Арджанікідзаўская (65,5 тысяч чалавек), а таксама самы маленькі ў Расеі горад — Магас (300 чалавек, па стане на 2007 год).
Забойствы мірнага насельніцтва[рэдагаваць]
У дакладзе Камісіі Народнага Сходу Рэспублікі Інгушэтыя, падрыхтаваным 21 лютага 2008 году, прыведзеныя факты бясьсьледных зьнікненьняў грамадзянаў, забойстваў і выкраданьняў людзей на тэрыторыі рэспублікі за пэрыяд з 2002 году па цяперашні час[2].
Дзеля шматлікіх выпадкаў з парушэньнем правоў чалавека ў рэспубліцы ў 2005 родныя выкрадзеных на яе тэрыторыі людзей правялі агульны сход і запачаткавалі Аўтаномную некамэрцыйную арганізацыю «МАШР». За пэрыяд з 2002 па 2006 гады праваабаронцамі арганізацыі зафіксавана 150 выпадкаў выкраданьняў мірных людзей[3]. Кіраўнік праваабарончага руху «МАШР» Магамед Муцольгаў сьцьвярджае:
«Дзень, калі прэзыдэнтам Рэспублікі Інгушэтыя стаў Мурат Магамэтавіч Зязікаў, я прыроўніваю да такіх трагічных дат, як дэпартацыя інгушаў у 1944 годзе і генацыд над інгушамі у 1992 годзе.»
2008 год[рэдагаваць]
14 студзеня[рэдагаваць]
У сяленьні Верхнія Ачалукі невядомымі з аўтамабілю ВАЗ-21012 серабрыстага колеру былі абстраляныя жыхары сяленьня Кантышава члены сям'і Кадзоевых, адзін з прадстаўнікоў якой зьяўляецца дэпутатам Дзярждумы. У выніку Адам Кадзоеў 1981 г.н. сканаў, Шаміль Кадзоеў 1979 г.н. атрымаў лёгкае раненьне ў плячо.
Раненьні таксама атрымалі двое невядомых, якія распачалі страляніну з пісталетаў па Кадзоевым. Крыніца ў МУС Інгушэтыі паведаміла, што параненыя мужчыны зьяўляюцца ўдзельнікамі незаконных узброеных фармаваньняў.
28 лютага[рэдагаваць]
У ходзе апэрацыі УФСБ РФ па Інгушэтыі ў муніцыпальнай акрузе Альтыева Назрані забітыя тры чалавекі: 22-гадовы жыхар сяленьня Дышні Вядзенскага раёну Чачэніі Акрамат Гянаеў, жыхарка пасёлку Карца Паўночнай Асэтыі 38-гадовая Мадзіна Аўшава,якую лічылі зьніклай бяз зьвестак, і жыхар станіцы Троіцкая Сунжэнскага раёну Інгушэтыі 28-гадовы Ібрагім Яўлоеў.
Па афіцыйнай вэрсыі, яны распачалі страляніну з аўтаматычнае зброі і гранатамётаў і былі забітыя стрэламі ў адказ. Падчас агляду месца здарэньня выяўлена і вынята вялікая колькасьць зброі і боепрыпасаў.
Вынікі балістычнай экспертызы пацьвердзілі, што зброя ўжывалася пры абстрэле будынку ААТ "Інгушэлектрасувязь" у Назрані 20 студзеня 2008, працаўнікоў ТАА "Энігма" ля базавай станцыі "Мэгафону" ў муніцыпальнай акрузе Насыр-Корцкі 12 лістапада 2007, супрацоўнікаў МУС у муніцыпальнай акрузе Насыр-Корцкі 3 лютага 2007, супрацоўнікаў апэратыўнага палку МУС Інгушэтыі 14 лютага 2008. Групоўку І.Яўлоева вінавацяць таксама ў спрычыннасьці да выкраданьняў дэпутата Народнага Сабраньня Інгушэтыі М.Чахкіева і дзядзі кіраўніка рэспублікі У.Зязікава, а таксама да тэракту супраць старшыні ГАУС Назрані Джабраіла Кастоева ў 2006, падчас якога загінулі 8 чалавек. Забітая Мадзіна Аўшава лічыцца шахідкай-сьмяротніцай.
Па вэрсыі сайту «Інгушэтыя.Ру», супрацоўнікі ФСБ расстралялі выкрадзеных раней двух мужчынаў і жанчыну, зарганізаваўшы імітацыю бою і падкінуўшы зброю.
Па словах суседзяў, узброенага супраціву з хаты, якую забітыя здымалі ў арэнду, аказана не было, і яго проста абстралялі супрацоўнікі УФСБ.
Родныя забітых сьцьвярджаюць, што атрымалі іхнія целы без унутраных ворганаў. Родныя падкрэсьліваюць, што М.Аушава была цяжарная, а гэта ставіць пад сумнеў афіцыйную вэрсыю пра тое, што забітая зьяўлялася сьмяротніцай.
12 сакавіка[рэдагаваць]
Падчас правядзеньня супрацоўнікамі сілавых ворганаў апэрацыі ў Троіцкай быў забіты Рустам Муцольгаў. Па афіцыйнай вэрсыі, ён аказаў узброены супраціў, распачаўшы страляніну па групе захопу, і паспрабаваў прывесьці ў баявы стан гранату, якая ўзарвалася ў ягоных рукох. Па вэрсыі Управы ФСБ Расеі па Інгушэтыі, Муцольгаў намерваўся ў якасьці тэрарыста-сьмяротніка зьдзейсьніць тэракт у месцах скапленьня людзей.
Па сьведках відавочцаў, Рустам і ягоная сястра Зарэма, якая знаходзілася у гэты час у хаце і хавалася ў суседзяў, не аказвалі супраціву, аднак спрабавалі ўцячы.
Па вэрсыі маці забітага Эсэт Муцольгавай, сілавікі не спрабавалі затрымаць Рустама, і ад пачатку занялі зручныя для страляніны пазыцыі. Па ейных словах, Р.Муцольгава расстралялі ў сьпіну, калі той паспрабаваў уцячы. Граната была прыведзеная сілавікамі ў дзеяньне пасьля сьмерці Муцольгава.
25 красавіка[рэдагаваць]
У Назрані абстраляная машына дэпутата Народнага сабраньня Інгушэтыі Руслана Гагіева. У момант абстрэлу за стырном аўтамашыны знаходзіўся ягоны брат Іслам, які атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненьні і памёр у рэанімацыйным аддзяленьні гарадзкой бальніцы.
8 траўня[рэдагаваць]
У населеным пункце Кантышава забіты Іса Арсаеў, 1985 г.н., які, па афіцыйнай вэрсыі, быў удзельнікам незаконных узброеных фарміраваньняў. Арсаеў аказаў супраціў байцам спэцназу і быў зьнішчаны.
Аднак, па словах мясцовых жыхароў, І.Арсаеў быў забіты без аніякага папярэджаньня ў 200-300 м ад сваёй хаты па дарозе на працу. За 10-15 хвілінаў да здарэньня на месца прыбылі 30-40 супрацоўнікаў сілавых структураў на двух БТРах, двух "Газэлях" і некалькіх УАЗах. Арсаеў не аказваў сілавікам супраціву і ня меў пры сабе зброі.
10 траўня[рэдагаваць]
У станіцы Троіцкая Сунжэнскага раёну прайшла спэцапэрацыя праваахоўных ворганаў, у выніку якой забітыя жыхар сяленьня Барсукі Тымур Ужахаў і жыхар Малгабека Маўсар Азіеў. Па афіцыйнай вэрсыі, яны былі баявікамі, якім было прапанавана здацца, аднак яны распачалі страляніну па супрацоўніках праваахоўчых ворганаў.
Аднак, паводле жыхароў Троіцкага, Ужахава і Азіева расстралялі падчас выхаду з саўны, і яны узброенага супраціву не аказвалі. У кампаніі з загінулымі знаходзіўся яшчэ адзін чалавек, якога зьвезьлі ў невядомым накірунку. Раней сястра М.Азіева зьвярнулася ў ПЦ «Мэмарыял» з заяваю, што ў яе ёсьць інфармацыя пра падрыхтоўку да забойства брата сілавымі структурамі.
13 траўня[рэдагаваць]
У прыватнай хаце ў Назрані былі блякаваныя і забітыя баявік і ягоная жонка. Пры аглядзе пасьля спэцапэрацыі на целе жанчыны быў выяўлены "пояс шахіда". Загінула таксама гаспадыня домаўладаньня Мадзіна Борава. Па афіцыйнай вэрсыі, забітая сямейная пара здымала ў Боравай домаўладаньне. Са словаў суседзяў, яны заўважылі пастаронніх людзей у падвале хаты і патэлефанавалі Боравай на працу. Калі жанчына адчыніла брамку ва двор, яна была забітая.
11 чэрвеня[рэдагаваць]
Сілавікі правялі штурм хаты ў Карабулаку. Спачатку быў забіты адзін мужчына, які выбег на вуліцу. Затым супрацоўнікі правахоўных ворганаў абстралялі хату з гранатамётаў і подпалілі яе. Па інфармацыі МУС, было ліквідавана пяць баявікоў, якія мелі адносіны да забойства 8 чэрвеня 2008 супрацоўніка УБАЗ МУС Інгушэтыі Дэмбулата Баголава. Сярод загінулых - гаспадыня хаты Лідзія Албакава, ейны сын, а таксама нехта Аўшаў і Пугоеў.
29 чэрвеня[рэдагаваць]
У Назрані побач з уласнай хатай невядомымі з машыны быў расстраляны мясцовы жыхар Іса Тунгоеў.
31 жніўня[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Магамэд Яўлоеў
Забіты нефармальны лідар інгускай апазыцыі Магамэд Яўлоеў. Па вэрсыі сьледчага камітэту пры пракуратуры, ён «выпадкова» загінуў у машыне, калі супрацоўнікі ўнутраных справаў везьлі яго ў пастарунак. Заведзеная крымінальная справа па артыкуле «забойства па неасьцярожнасьці». Родныя загінулага сьцьвярджаюць, што Яўлоеў пры выхадзе з самалёту, якім ён прыляцеў у сталіцу Інгушэтыі Магас, быў схоплены невядомымі людзьмі, пасьля чаго яго кінулі ў машыну маркі УАЗ і павезьлі ў невядомым кірунку. Родныя Яўлоева адразу ж зладзілі пагоню за гэтым аўтамабілем, аднак выкрадальнікі па дарозе стрэлілі Яўлоеву ў галаву і выкінулі ягонае цела ля брамы інгускай рэспубліканскае клінічнае бальніцы[4]. Інгушы склікаюць агульнанацыянальны сход старэйшынаў, на якім маюць абмеркаваць свае далейшыя дзеяньні[5]. Тым самым рэйсам у Магас прыляцеў і генэрал ФСБ Мурат Зязікаў, кіраўнік рэспублікі Інгушэтыя.
Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» распаўсюдзіў заяву, у якой расцаніў забойства Магамэда Яўлоева як акт дзяржаўнага тэрору[6].
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Юры Чавусаў. Бэтонныя агароджы зь сьлядамі ад куляў // Arche, 3-2007
- ^ Каўказ Мэма.Ру: Комиссия парламента Ингушетии: неправомерные действия силовиков обострили ситуацию в республике
- ^ http://www.mashr.org/docs/report.pdf
- ^ Хартыя-97: Милиция застрелила владельца сайта «Ингушетия.ру»(рас.)
- ^ Наша Ніва: Лідэра апазыцыі Інгушэціі застрэлілі
- ^ Каўказ Мэма.Ру: ПЦ «Мемориал» считает убийство Магомеда Евлоева актом государственного террора(рас.)
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Інгушэтыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|
|||||||