Бэнзін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўтамабільны 80-ы бэнзін у 720 мл. шкляным слоіку

Бэнзі́н — сумесь лёгкіх вуглевадародаў з тэмпэратурай кіпеньня ад 30 да 200 °C. Шчыльнасьць каля 0,75 г/см². Цеплатворная здольнасьць прыкладна 10500 ккал/кг (46 МДж/кг). Гаручая вадкасьць. Прызначаны для ўжываньня ў якасьці паліва. Атрымліваецца шляхам перагонкі нафты, гідракрэкінгам і, пры неабходнасьці далейшай араматызацыі — каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Для адмысловых бэнзінаў характэрная дадатковая ачыстка ад непажаданых кампанэнтаў і зьмешваньне з карыснымі дадаткамі.

Вядомыя асобныя выпадкі, калі для вытворчасьці бэнзінаў ужываецца й іншая вуглевадародная сыравіна. Магчымы адгон бэнзінавых фракцыяўй са смолаў паўкаксаваньня і каксаваньня з дадатковай іх ачысткай (напрыклад у Эстонскай ССР бэнзін вырабляўся з гаручых сланцаў). Вырабляюцца бэнзіны і з сынтэз-газу (прадукт газыфікацыі вугля, канвэрсіі мэтану) пры дапамозе сынтын-працэсу (сынтэз Фішэра - Тропша), прадукты такой тэхналёгіі — сынтын і кагазіны.

«Клясычная» тэхналёгія вытворчасьці аўтамабільнага бэнзіну на сучасных НПЗ прадугледжвае яго кампаўндаваньне (зьмешваньне) зь некалькіх складнікаў, галоўнымі зь якіх зьяўляюцца:

Найпрасьцейшая схема атрыманьня аўтамабільнага бэнзіну ўлучае адбор лёгкіх фракцыяў падчас грубай перагонкі нафты саматужным спосабам (у г. зв. «самаварах») з наступным падвышэньнем актанавага ліку даданьнем вялікай колькасьці прысадак («бадзяжніцтва»).

Ужываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы XIX стагодзьдзя, бэнзін не знаходзіў лепшага ўжываньня, чым антысэптычны сродак (бэнзін прадаваўся ў аптэках) і паліва для прымусаў. Часьцяком з нафты адганялі толькі газу, а ўсё астатняе, бэнзін улучна, або спальвалі, або проста выкідвалі. Аднак са зьяўленьнем РУЗ, што працаваў паводле цыклю Ота, бэнзін стаў адным з галоўных прадуктаў нафтаперапрацоўкі.

Бэнзін ужываецца як паліва для карбюратарных і інжэктарных рухавікоў, высакаімпульснае ракетнае паліва (Сынтын), у вытворчасьці парафіну, як растваральнік, як гаручы матэрыял, сыравіна для нафтахіміі.

Паліўныя бэнзіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маторныя бэнзіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

АЗС у ЗША

Асноўнымі якаснымі паказчыкамі маторных бэнзінаў зьяўляюцца:

  • Выпаральнасьць і сумесеўтварэньне
  • Дэтанацыйная ўстойлівасьць
  • Схільнасьць да некіраванага ўзгараньня (напальнае запальваньне)
  • Нагараўтварэньне і схільнасьць да адкладаў
  • Хімічная стабільнасьць (індукцыйны пэрыяд)
  • Каразыйная актыўнасьць
  • Экалягічнасьць
  • Таксычнасьць

Асноўнымі характарыстыкамі, што ўплываюць на дадзеныя паказчыкі, зьяўляюцца:

  • Фракцыйны склад бэнзіну, вызначаны тэмпэратурамі пачатку і канца кіпеньня, выкіпаньня 10, 50 і 90% бэнзіну
  • Вуглевадародны склад (улічваючы і іх будову)
  • Утрыманьне серы, тлензьмяшчальных злучэньняў, раствораных смол, мэталаў

Маторныя бэнзіны падзяляюцца на аўтамабільныя (А) і авіяцыйныя (Б). Авіяцыйныя бэнзіны адрозьніваюцца тым, што ўлучаюць больш лёгкіх фракцыяў і маюць больш высокі актанавы лік. Адрозьніваюць таксама летнія і зімовыя гатункі аўтамабільных бэнзінаў. У зімовых гатунках больш лёгкакіпячых фракцыяў, што паляпшае халодны пуск рухавіка. У падмурак клясыфікацыі бэнзінаў пакладзены так званы актанавы лік. Бэнзіны зь вялікім лікам валодаюць больш высокай устойлівасьцю да дэтанацыі і дазваляюць выкарыстоўваць рухавікі з больш высокай ступеньню сьціску. thumb Прамагонны бэнзін, атрыманы шляхам перагонкі нафты, не валодае дэтанацыйнай устойлівасьцю, неабходнай для працы сучаснага рухавіка. Бэнзін маркі А-72 і ніжэй выкарыстоўваўся толькі ў маторах, распрацаваных да 1950 году.

Асноўныя кампанэнты высокаактанавых бэнзінаў атрымліваюць каталітычным крэкінгам і рыформінгам. Дадаткова выкарыстоўваюцца розныя прысадкі і антыдэтанатары. Іх выкарыстаньне абмежаванае стандартамі, абмежавана ўтрыманьне сьвінцу (таксычны тэтраэтылсьвінец), мангану і жалеза (нагараўтваральныя трыкарбанілманган і фэрацэн), смолаўтваральнага монамэтыланіліну (да 1,3%). Гэтак жа магчымае ўжываньне дадаткаў, што падвышаюць актанавы лік сумесі. Такімі дадаткамі зьяўляюцца тлензьмяшчальныя злучэньні (сьпірты і этэры). Так напрыклад: актанавы лік этылявага сьпірту каля 120 пунктаў, а МТБЭ каля 130 пунктаў. Аднак іх утрыманьне абмежаванае з-за нізкай цеплатворнай здольнасьці і тэмпэратуры кіпеньня да 15%. Часта для падвышэньня актанавага ліку выкарыстоўваюць пабочны прадукт нафтахіміі талюол з АЛ роўным 115 пунктаў.

У Беларусі ўжываюцца наступныя маркі аўтамабільных бэнзінаў:

  • Нармаль-80 (А-76)
  • АІ-92 («рэгуляр»)
  • АІ-93 («рэгуляр»)
  • АІ-95 («прэміюм»)
  • АІ-98 («супэр»)

На беларускім рынку сустракаюцца розныя па якасьцях бэнзіны, напрыклад на Нафтане па тэхнічных умовах выпускаюцца бэнзіны марак Нармаль-80 2-га кляса, А-92 неэтыляваны, АІ-95 неэтыляваны з палепшанымі экалягічнымі паказчыкамі. А на Мозырскім нафтаперапрацоўчым заводзе вырабляюць бэнзіны марак Нармаль-80 клясы 1-5, А-92 (АІ-92), А-95 (АІ-95).

У ЗША шырокае ўжываньне атрымалі сумесі бэнзінаў з этанолам да 20% (марка Е20) (гл. біяэтанол). А ў Бразыліі 20% утрыманьне этанолю зьяўляецца агульнапрынятым і даволі распаўсюджаныя сумесі з чыстым сьпіртам, якія ўжываюцца на аўтамабілях з адаптаванымі рухавікамі.

Пазначэньне бэнзінаў: «А» — аўтамабільны бэнзін; «Б» — авіяцыйны бэнзін; «76» — лікавы індэкс — актанавы лік; «І» — мэтад вызначэньня актанавага ліку (дасьледчы). Калі літара І адсутнічае — маторны мэтад.

Бэнзіны-растваральнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Знайшлі ўжываньне вузкія лёгкакіпячыя прадукты каталітычнага рыформінгу (БР-2) ці прамой перагонкі маласярністых нафтаў (БР-1) (ДАСТ 443-76) у якасьці растваральніку для падрыхтоўкі гумовых клеяў пры вытворчасьці друкарскіх фарбаў, масьцік; для абястлушчваньня электраабсталяваньня, тканін, скуры, паверхні мэталаў перад нанясеньнем мэталічных пакрыцьцяў; для прамываньня падшыпнікаў, арматуры перад кансэрвацыяй, у вытворчасьці штучных мяхоў; для вырабу хуткасохлых алейных фарбаў і электраізаляцыйных лакаў; для выманьня каніфолі з драўніны, падрыхтоўкі сьпірта-бэнзінавай сумесі для прамываньня друкаваных плятаў у электратэхнічнай вытворчасьці.

Экстракцыйныя бэнзіны (тэмпэратура кіпеньня 70-95°С) прамой перагонкі маласярністых нафтаў ужываюцца для экстракцыі алеяў, выманьня тлушчу з костак, нікатыну з махоркавага лісьця, як растваральнік у гумовай і лакафарбавай прамысловасьці.

Маласярністы дэараматызаваны экстракцыйны бэнзін (тэмпэратура кіпеньня 70-85°С) ужываецца для выпрацоўкі алеяў у раёнах з гарачым кліматам (высокай выпаральнасьцю).

Атрыманы з рафінату каталітычнага рыформінгу (тэмпэратура кіпеньня 105—125°С), растваральнік БЛХ утрымоўвае галоўным чынам парафінавыя вуглевадароды лінейнай і ізамернай будовы, вырабляецца адмыслова для лесахімічнай прамысловасьці, і ўжываецца для выманьня каніфолі з драўнянай дранкі, часам пры падрыхтоўцы гумовых клеяў і лакавых рэцэптураў друкарскіх фарбаў.

Вузкую фракцыю прамой перагонкі (тэмпэратура кіпеньня 110—185°С) (азакерытавы растваральнік) ужываюць для экстракцыі азакерыту з руд.

Шырокае ўжываньне атрымаў Нэфрас З 50/170 (ДАСТ 8505-80) (шырокая фракцыя прамой перагонкі маласярністых нафтаў ці рафінату каталітычнага рыформінгу), у якасьці растваральніку пры вытворчасьці штучных скур, для хімічнай чысткі тканін, прамываньні дэталяў перад рэмонтам, для змываньня з дэталяў супрацькаразійных пакрыцьцяў і інш.

Ксілёльны рафінат каталітычнага рыформінгу і талюолу з утрыманьнем араматыкі да 30% — Нэфрас САР ужываецца пры вытворчасьці маналітных кандэнсатараў.

Асабліва распаўсюджаны бэнзін-растваральнік для лакафарбавай прамысловасьці — Уайт-сьпірыт.

Нэфрас З 150/200 вузкай фракцыі прамой перагонкі сярністых нафтаў, блізкі па ўласьцівасьцях і ўжываецца таксама як і ўайт-сьпірыт, аднак утрымоўвае больш серы і мае больш рэзкі пах.

У народзе лёгкакіпячыя бэнзіны растваральнікі побытавага ўжываньня часта завуць «Галёш», акрамя таго на расейскім рынку сустракаецца прадукт Нэфрас С2 80/120 падобны па складу на БР1 і таварным найменьнем «Галёш».

Вытворчасьць, спажываньне і экспарт зь Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ём вытворчасьці аўтамабільнага бэнзіну ў 2008 годзе на прадпрыемствах галіны павялічыўся ў параўнаньні з 2007 годам на 4,8% і дасягнуў 3,33 млн.т.[1]

Запасы гатовага аўтамабільнага бэнзіну на прадпрыемствах на 1 студзеня 2009 году склалі 10,5% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці, дызпаліва — 1,1%, топачнага мазуту — 3,2%, алеяў — 92.1%.

У 2008 годзе Беларусь экспартавала 15.2 млн.т. нафтапрадуктаў.[2]. Пры гэтым амаль увесь экспарт нафтапрадуктаў адбываецца праз сыстэму электроннага гандлю канцэрну «Белнафтахім». Галоўнай прадукцыяй у агульным аб’ёме рэалізацыі праз гэту гандлёвую пляцоўку зьяўляюцца нафтапрадукты (41% складае дызпаліва, 23% — мазут, 17% — бэнзін, 19% разьмяркоўваюцца паміж рэшткавымі прадуктамі нафтаперапрацоўкі). 96% прадукцыі «Нафтана» сыходзіць на прыбалтыйскія порты. Прадукцыя Мазырскага НПЗ галоўным чынам таксама ідзе на Прыбалтыку, але гэта 81%. 19% застаецца на ўнутраных рынках найблізкіх краінаў — Украіны, дзяржаваў Усходняй Эўропы[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мілена Ануфрыёнак. Вытворчасьць прадукцыі нафтаперапрацоўкі ў Беларусі ўзрасла ў 2008 годзе на 15,5 працэнта да Br26 трлн. // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 19 студзеня 2009 г. Праверана 6 студзеня 2014 г.
  2. ^ Белстат Таблица «Экспорт важнейших видов продукции»
  3. ^ Белта(недаступная спасылка) Весь экспорт белорусских нефтепродуктов осуществляется через систему электронных торгов

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]