Эўтаназія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Эўтана́зія (ад грэц. ευ θάνατος (эў танатос) — добрая сьмерць, εύθανασια) — добраахвотнае, як мага больш бязбольнае і ўзгодненае зь лекарам забойства невылечнага хворага чалавека або жывёлы.

Пад эўтаназіяй маецца на ўвазе акт, які выклікае сьмерць пацыента. Дазволіць пацыенту памерці, зь ягонай згоды, адключыўшы ад штучных апаратаў ці не даючы патрэбныя лекі, ня лічыцца эўтаназіяй, хаця часам гэта называюць пасыўнай эўтаназіяй.

Звычайны мэтад правядзеньня эўтаназіі — вялікая доза абязбольнага снатворнага сродку.

У нацысцкай Нямеччыне эўтаназіяй (Euthanasie) называлі сыстэматычнае забойства дзяцей з прыроджанымі дэфэктамі і псыхічна хворых. Таму цяпер у нямецкай мове ўжываюць іншы тэрмін (Sterbehilfe — літаральна, дапамога памерці).

У грамадзтве шматлікіх краінаў сьвету цяпер адбываюцца гарачыя дэбаты на тэму дазволу эўтаназіі. Звычайна хрысьціяне і прадстаўнікі іншых рэлігіяў выступаюць супраць эўтаназіі.

З 2002 году эўтаназія дазволеная ў Бэльгіі й Нідэрляндах. У Нідэрляндах у 2003 годзе мелі месца 1626 актаў эўтаназіі. Пэўны тып эўтаназіі дазволены ў Швайцарыі і ў амэрыканскім штаце Орэган.

У Беларусі эўтаназія забароненая. У артыкуле 38 закону «Аб ахове здароўя», прынятым у 2001 годзе, запісана: «Эўтаназія — добраахвотная, узгодненая з лекарам сьмерць невылечнага хворага з дапамогай адмысловых абязбольных сродкаў. Мэдычным і фармацэўтычным работнікам забараняецца зьдзяйсьненьне эўтаназіі». За парушэньне прадугледжваецца крымінальная адказнасьць як за наўмыснае забойства.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]