Карл Вялікі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Карл Вялікі (па-лацінску: Carolus Magnus, па-нямецку: Karl der Große, па-француску: Charlemagne) (742-814), франкскі кароль з 768, з 800 імпэратар; з дынастыі Каралінгаў. Яго заваёвы (у 773-74 Лянгабардзкага каралеўства ў Італіі, у 772-804 вобласьці саксаў і інш.) прывялі да ўтварэньня разьлеглай імпэрыі. Палітыка К. (падтрымка царквы, судовыя і вайсковыя рэформы ды інш.) спрыялі фармаваньню фэўдальных стасункаў у Зах. Эўропе. Імпэрыя К. распалася неўзабаве па яго сьмерці. Прыдомак “Вялікі” К. атрымаў яшчэ пры жыцьці.
Войны К. ставілі за мэту пашырэньне хрысьціянскага сьвету. За часы яго ўладараньня франкі зрабілі 53 выправы, 27 зь іх узначальваў сам Карл; за пэрыяд яго кіраваньня Франкская дзяржава павялічылася ўдвая. Самай працяглай была вайна з саксамі 772-804, у выніку якой Саксонія была гвалтоўна хрысьціянізаваная і ўключаная ў склад Франкскай дзяржавы. Выправы ў Гішпанію супраць арабаў у 778-810 прывялі да ўтварэньня ў Франкскай дзяржаве Гішпанскай маркі на паўночным усходзе Пірэнейскай паўвыспы. Першая выправа 778 аказалася няўдалай, ар’ергард войска быў пры адступленьні разьбіты загонам баскаў. Граф Роланд, што камандаваў ар’ергардам загінуў. Гэтая падзея стала асновай для пазьнейшай «Песьні пра Роланда». У 787-796 былі заваяваныя населеные аварамі абшары цяперашніх Аўстрыі і Вугоршчыны. У 785 заваяваная Фрысляндыя, у 789 і 812 зробленыя выправы супраць палабскіх славянаў вільцаў.
У 773 і 774 на запрашэньне папы Адрыяна I К. зрабіў выправы ў Італію, разьбіў лянгабардаў, каранаваўся італійскай каронай і пацьвердзіў правы папаў на Папскую (Царкоўную) вобласьць. У 800 Карл задушыў паўстаньне супраць папы ў Рыме. 25 сьнежня 800 у Саборы Сьв. Пятра папа Леў III каранаваў К. імпэратарам. Бізантыйскі ўрад адмовіўся прызнаваць за Карлам гэты тытул, але пасьля вайны 809-814 пагадзіўся на тое.
Дзяржаўны лад гаспадарства К. сьведчыць пра надыход фэўдалізма. Вышэйшая шляхта краіны, зьвязаная з Карлам леннай прысягай, павінна была прыходзіць на вайну з падуладнымі ёй людзьмі. З 789 Карл неаднаразова выдаваў указы, што прадпісвалі кожнаму вольнаму чалавеку знайсьці сабе сэньёра, у падпарадкаваньні якога ён мусіў служыць. Павялічылася колькасьць залежных сялянаў. Імпэрыя К. дзялілася на акругі на чале з прызначанымі манархам зь мясцовай шляхты графамі, якія валодалі адміністрацыйнай і вайсковай уладай ды старшынявалі ў судох з удзелам прысяжных зь мясцовых вольных мужчынаў; кантроль за дзейнасьцю графаў і суд ад імя дзяржаўцы ажыцьцявалі разьязныя г. зв. «гаспадаравы пасланцы». Штогод склікаліся т. зв.«травеньскія палі», сэймы вышэйшых прадстаўнікоў сьвецкай і царкоўнай знаці, на якіх К. прадстаўляў указы і капітулярыі, што датычыліся ўсіх бакоў жыцьця, у т. л. царкоўнага.
Карл Вялікі, да канца жыцьця непісьменны, надаваў вялікую ўвагу адукацыі. У 787 быў выдадзены ўказ аб стварэньні школаў пры кляштарох, у 789 — аб абавязковай адукацыі ўсяго вольнага мужчынскага насельніцтва (застаўся нявыкананым). Пры двары склаўся вучоны гурток на чале з К., названы Акадэміяй. Усяляк пялегавалася лацінская славеснасьць, што дало прычыны гісторыкам назваць эпоху кіраваньня К. і яго бліжэйшых пераемнікаў Каралінгскім Адраджэньнем. Карл цікавіўся таксама германскімі старажытнасьцямі, загадаў запісваць песьні і паданьні на народных мовах, скласьці германскую граматыку.
Карл Вялікі перажыў двух сваіх законных сыноў і пакінуў пасад трэцяму — Людовіку Набожнаму. Імпэрыя Карла распалася ў 843 у выніку Вэрдэнскае дамовы.
Пахаваны ў катэдральным саборы нямецкага места Ахен.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Карл Вялікі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў