Альбрэхт Дурэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Альбрэхт Дурэр
Альбрэхт Дурэр (аўтапартрэт)
Альбрэхт Дурэр (аўтапартрэт)
Імя пры нараджэньні: Albrecht Dürer
Нарадзіўся: 21 траўня 1471
Нюрнбэрг, Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя
Памёр: 6 кастрычніка 1528
Нюрнбэрг, Сьвяшчэнная Рымская імпэрыя
Нацыянальнасьць: немец
Грамадзянства: Нямеччына
Заняткі: жывапіс, графіка
Плынь: пэйзажызм
Працы: «Рыцар, Сьмерць і Д'ябал» (1513), «Мэлянхолія» (1514)

А́льбрэхт Ду́рэр (па-нямецку: Albrecht Dürer, 21 траўня 1471, Нюрнбэрг6 красавіка 1528, там жа) — нямецкі мастак і графік, тэарэтык мастацтва, лічыцца найвыбітнейшым мастаком эпохі нямецкага Рэнэсансу.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Дурэра, таксама Альбрэхт, нарадзіўся ў вугорскай вёсцы Эйтас. У 1455 годзе пераехаў у Нюрнбэрг, дзе стаў ювэлірам. У 1467 годзе ён ажаніўся з Барбарай Гольпэр, дачкой свайго настаўніка. З васемнаццаці дзяцей, Альбрэхт быў трэцім. Яго брат, Ганс Дурэр, так сама прысьвяціў жыцьцю мастацтву, працаваў пры двары польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога ў Кракаве. Альбрэхт Дурэр (бацька), навучыў ювэлірнай працы ўжо ў дзяцінстве. У выніку таго, што бацька сам вучыўся ў нідэрляндзкіх майстроў, малады Альбрэхт ўжо тады даведаўся мастацтву Яна ван Эйка і Роджэра ван дэр Вэйдэна, якія значна паўплывалі на разьвіцьцё мастацкага таленту Альбрэхта. У гэты час ўзьніклі яго першыя малюнкі, якія Альбрэхт намаляваў, калі яму было 13 гадоў («Альбэрціна», 1484) і («Мадонна з двума анёламі», 1485). У 1485 — 1490 г.г. Альбрэхт Дурэр вучыўся ў нюрнбэрскага мастака Міхаэля Вольгэмута.

З 1490 да 1494 году, Альбрэхт Дурэр вандраваў па Рэйнлянду. Гэта было яго першае вандраваньне з трох, маршрут якога дакладна невядомы. Верагодна, ён наведаў і Нідэрлянды, і ў 1491 годзе затрымаўся ў Эльзасе, дзе ня змог пазнаёміцца з Марцінам Шоўгаўэрам (памёршым 2 лютага 1491 году), выбітнейшым графікам таго часу. Альбрэхт некаторы час жыў у доме яго брата Георга.

Восеньню 1493 году Дурэр пакінуў Эльзас і перабраўся ў Страсбург, але ўжо 18 траўня 1494 году ён вярнуўся ў Нюрнбэрг, дзе 7 ліпеня 1494 году ажаніўся з прыгожай і багатай Агнэс Фрэй (пам. 1539 годзе), дачкой нюрнбэрскага мяшчаніна. На працягу наступных некалькіх гадоў, да 1500 году Альбрэхт Дзюрэр намаляваў акварэльлю сэрыю невялікіх пэйзажаў, на якія яго натхніў родны Нюрнбэрг, а так сама вандроўка ў Вэнэцыю, якая пачалася восеньню 1494 году, а скончылася ў траўні 1495 году.

У 1497 годзе Дурэр набыў вядомасьць. У гэты пэрыяд сваёй мастацкай дзейнасьці ён стварыў некалькі партрэтаў, а таксама два аўтапартрэты. 1500 годам датуецца стварэньне карцінаў «Хрыстос на крыжы», «Марыя з немаўлятам» і «Крыжаваньне Хрыста». Аднак большасьць часу Дурэр прысьвячаў гравюрам і малюнкам для кніжак.

Восеньню 1505 году Дурэр адправіўся ў другое падарожжа да Вэнэцыі, дзе ў гэты час працавалі выбітныя мастакі вэнэцыянскай школы. На Дурэра асабліва паўплывала мастацтва Джаваньні Бэліні. Да свайго майстэрства, тут Дурэр дадаў пачуцьцё рэальнасьці, у Вэнэцыі ён дасканала вывучыў калярыстыку. Тым ня менш, восеньню 1506 году ён пакінуў Італію і вярнуўся ў Нюрнбэрг.

Першай працай Дурэра пасьля яго вяртаньня з Італіі быў партрэт немаўляці (1507 год), страчаная зараз карціна «Адам і Ева ў раі».

У 1507 і 1508 гадах, Дурэр заняўся карцінай замоўленай князем Фрыдрыхам Мудрым, для сваёй калекцыі, тэмай якой былі пакуты дзесяці тысячаў хрысьціянаў праз пэрсыдзкага цара Сапора.

У 15111513 гадах Дурэр маляваў некалькі партрэтаў Карла Вялікага для Нюрнбэргу.

У 1520 годзе мастак зьдзейсьніў падарожжа ў Нідэрлянды, дзе захварэў невядомай хваробай, ад якой пакутаваў да канцы жыцьця.

Альбрэхт Дурэр памёр 6 красавіка 1528 году ў Нюрнбэргу.

Зорная і геаграфічная мапы Дурэра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1515 годзе Дурэр выканаў тры знакамітыя гравюры на дрэве, з малюнкам мапаў паўднёвага і паўночнага паўшар’яў зорнага неба і ўсходняга паўшар’я Зямлі. Гэтыя творы мастацтва зьяўляюцца адначасова найкаштоўнейшымі помнікамі навукі. Праца над гравюрамі праходзіла ў супрацоўніцтве з бачнымі нямецкімі навукоўцамі Ёганам Стабіюсам (ініцыятар праекту) і Конрадам Гайнфогэлем. Мапа зорнага неба Дурэра, якая стала першай у гісторыі аддрукаванай друкарскім спосабам, была падрыхтаваная, імаверна, да 1512 году. Накід мапы з градуснай сеткай, відаць, зрабіў Стабіюс. Па гэтых дадзеных, па сьведчаньні Ёгана Допэльмайра, Гайнфогэль «рупліва вырабіў на роўніцы» разьмяшчэньне зорак, «прыцягваючы ўжывальны яшчэ ў той час каталёг нерухомых зорак Пталемэя, якое затым Альбрэхт Дурэр забясьпечыў належнымі фігурамі… і для карысьці аматараў астраноміі прадставіў у гравюры на дрэве». На двух аркушах мапы зорнага неба фігуры сузор’яў намаляваныя паводле грэцкай міталягічнай традыцыі. Малюнкі двух паўшар’яў дадзеныя ў стэрэаграфічныя праекцыі з цэнтрамі ў палюсах экліптыкі. У левым верхнім куце аркуша з паўднёвым паўшар’ем зьмешчаны герб кардынала Лянга, у правым — тэкст прыьсьвячэньня, а ўнізе зьлева разьмешчаныя гербы Ё. Стабіюса, К. Гайнфогэля і самога А. Дурэра і надпіс на латыні: «Ёган Стабіюс накіраваў — Конрад Гайнфогэль разьмясьціў зоркі — Альбрэхт Дурэр запоўніў кола малюнкамі». У чатырох кутах карты паўночнага паўшар’я намаляваныя ў фантастычных адзеньнях выбітныя старажытныя астраномы: Арат з Сол (зьлева ўверсье), Кляўдыюс Пталемэй (справа ўверсе), Марк Маніліюс (зьлева ўнізе) і Ас-Суфі (справа ўнізе)[1].

На геаграфічнай мапе Дурэра, таксама выкананай у супрацоўніцтве зь Ё. Стабіюсам і К. Гайнфогэлем, намаляваны «Стары Сьвет» — Эўропа, Азія і Афрыка, гэта значыць тыя жа вобласьці, якія былі картаграфаваныя Пталемэем. Сам Дурэр таксама прымаў удзел у шматгадовай падрыхтоўцы выданьня «Геаграфіі Пталямэя» на лацінскай мове. Нягледзячы на традыцыйныя рысы, мапа ўтрымоўвае шмат новых асаблівасьцяў, якія адлюстроўваюць узровень разьвіцьця геаграфічных ведаў у эпоху Адраджэньні. На геаграфічнай мапе Стабіюса-Гайнфогэля-Дурэра для перадачы шарападобнай Зямлі была ўжытая пэрспэктыўная праекцыя з пунктам гледжаньня, зьмешчанай па-за глёбусам на адлегласьці патроенага дыямэтра, зь якой кропкі зямной паверхні спраектаваныя на роўніцу рысунку. Распрацоўкай мэтадаў праектаваньня Дурэр цікавіўся ўжо як мастак. Мапа зьяўляецца, акрамя таго, і несумнеўным узорам мастацтва гравюры. Па баках карты прыведзеныя майстэрні малюнкі некалькіх дуючых на Зямлю вятроў[2].

Гравюры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дурэр быў першым нямецкім мастаком, які пачаў працаваць адначасова ў абодвух відах гравюры — на дрэве і на медзі. Незвычайнай выразнасьці ён дасягнуў у гравюры на дрэве, зьмяніўшы традыцыйны стыль працы, выкарыстаўшы стылі працы гравюры на мэтале. У канцы 1590-х, Дурэр стварыў шэраг выдатных ксыляграфіяў, у тым ліку і адзін з шэдэўраў — сэрыю гравюраў на дрэве «Апакаліпсыс» (1498 год). У 15131514 г.г. Дурэр старыў тры графічных ліста, якія ўвайшлі ў гісторыю мастацтва пад назвай «Майстэрскія гравюры»: «Рыцар, сьмерць і д'ябал», «Сьвяты Геранім у кельлі» і «Мэлянхолія». Шэдэўрам разцовай гравюры на мэтале лічыцца гравюра «Адам і Ева» (1904 год).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Матвиевская Г. П. Альбрехт Дюрер — ученый. — М.: Наука, 1987. С.180-196
  2. ^ Там жа, с.196-197

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Альбрэхт Дурэрсховішча мультымэдыйных матэрыялаў