Pink Floyd

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Pink Floyd
Pinkfloyd.png
Удзельнікі (зьлева направа): Ўотэрз, Ґілмар, Мэйсан, Райт
Інфармацыя
Гады 1965 — 1996
Адкуль Лёндан, Ангельшчына, Вялікабрытанія
Мова ангельская
Жанр псыхадэлічны рок, прагрэсіўны рок, арт-рок
Выдавец Harvest, Capitol, Calumbia, EMI
Афіцыйная старонка www.pinkfloyd.com
Удзельнікі
Сыд Барэт
Роджэр Ўотэрз
Дэвід Гілмар
Рык Райт
Нік Мэйсан
Pink Floyd у 1973 годзе

Pink Floyd — брытанскі гурт, утвораны ў сярэдзіне 1960-х гадоў, які граў у стылі псыхадэлікі і арт-року.

Гісторыя гурта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя ўтварэньня гурта пачынаецца ў Лёндане ў 1960-х, дзе Роджэр Ўотэрз разам з Рыкам Райтам, Нікам Мэйсанам і іншымі музыкамі пачынаюць арганізоўваюць музычныя гурты, якія ня мелі пастаяннага складу і назвы. Неўзабаве, Уотэрс запрашае ў гурт свайго сябра па школе Сыда Барэта, які і прапаноўвае новую назву гурта — Pink Floyd Sound. Назва складалася з імёнаў 2-х знакамітых блюзмэнаў — Пінка Андэрсана і Флойда Кансэла, творчасьць якіх маладыя музыкі вельмі паважалі. У хуткім часе апошняе слова з назвы зьнікла, канчаткова сфармаваўшы сусьветна-вядомае імя.

Першы альбом — The Piper at the Gates of Dawn — быў запісаны ў 1967 годзе. Асноўную частку матэрыялу напісаў Барэт, які ў той час быў бясспрэчным лідэрам гурта. Альбом стаў даволі пасьпяховым і нават заняў 6 месца ў брытанскіх чартах. Тым часам псыхічнае здароўе Сыда даволі хутка пагаршалася, што было зьвязана са шматлікімі жыцьцёвымі праблемамі і ўжываньнем ЛСД. З-за апошняга неаднаразова зрываліся выступленьні гурта, што вымусіла ў красавіку 1968 афіцыйна заявіць аб сыходзе Барэта, які быў заменены Дэйвідам Ґілмарам. У гэты час адбыўся пераход ад псыхадэлічнай да больш структураванай музыкі. Другі альбом — A Saucerful of Secrets — зьмяшчаў толькі адну кампазыцыю папярэдняга лідэра.

Наступным альбомам гурта стаў More, які зьяўляўся саўндтрэкам да аднайменнага фільму нямецкага рэжысэра Барбэта Шрэдэра пра жыцьцё хіпі. Пасьля гурт неаднаразова пісаў саўндтрэкі да фільмаў: прыкладамі могуць быць «Забрыскі-пойнт» італьянскага рэжысэра Мікеланжэла Антаніёні і Даліна Шрэдэра (пасьля выдадзены на альбоме Obscured by Clouds.

Двайны альбом Ummagumma напалову складаўся з канцэртных вэрсіяў вядомых песень, а напалову — з асабістых экспэрымэнтаў музыкаў, кожнаму зь якіх было выдзелена па пэўнай частцы кружэлкі. Наступны альбом — Atom Heart Mother заняў першае месца ў брытанскім чарце. На ім можна назіраць творчасьць, якая была больш характэрна для позьняга Pink Floyd.

Выхад альбома Meddle можна назваць пачаткам новага этапу творчасьці гурта. Альбом выглядае больш скончаным у параўнаньні з папярэднімі і даходзіць да 3-га радку брытанскага чарту. Песьню «Echoes» шматлікія аматары і цяпер лічаць вяршыняй творчасьці. У гэты пэрыяд творчасьць гурта ў вялікай ступені вызначае праца Роджэра Ўотэрза.

Альбом The Dark Side of the Moon cтаў легендай рок-музыкі. Ен так і не дасягнуў першага месца на радзіме музыкаў, але ў ЗША пратрымаўся ў «Top 200» больш за 700 тыдняў (каля 15 гадоў!). Усе тэксты да гэтага альбома былі напісаныя Роджэрам Ўотэрзам. Яны закраналі тэмы памяшальніцтва, працы, старасьці і сьмерці — тыя, якія хвалююць кожнага. Якасьць запісу ўсталявала новыя стандарты ў музычным сьвеце.

Альбом Wish You Were Here выйшаў у 1975 годзе. Асноўная песьня альбома — «Shine On You Crazy Diamond» была прысьвечана Сыду Барэту і яго псыхічнаму распаду. Наступны альбом Animals па канцэпцыі нагадвае кнігу Джорджа Оруэла «Фэрма» — у ёй людзі выяўляюцца ў выглядзе жывёл. У музыцы большая роля была аддадзена гітарам, што магчыма было зьвязана з нарастаючым канфліктам паміж Уотэрсам і Райтам.

Наступны альбом The Wall, які распавядаў пра жыцьцё рок-музыкі Пінка, заняў першыя месцы ў Брытаніі і Злучаных Штатах. Канфлікт паміж Ўотэрзам і Райтам пад час запісу, які распаліўся з-за таго, што апошні амаль ня ўдзельнічаў у працы, вымусіў Райта канчаткова сысьці з гурта. Шматлікія маштабныя шоў прынесьлі вялікую вядомасьць гурту, але амаль не далі магчымасьці зарабіць на гэтым. На працягу наступных 15 гадоў альбом трымаўся ў сьпісе бэстсэлераў. Праз 3 гады быў зьняты аднайменны фільм.

Наступны альбом The Final Cut — адзін з самых бедных у творчасьці гурта. Увесь матэрыял быў цалкам напісаны Роджэрам Ўотэрзам. На задняй вокладцы нават быў запіс: «Рэквіем пасьляваеннай мары Роджэра Ўотэрза, выкананы Pink Floyd». З гэтым альбомам гурт ня езьдзіў з канцэртамі і неўзабаве разваліўся ў 1986 годзе.

Пасьля The Final Cut музыкі заняліся сольнымі праектамі, якія ня сталі настолькі ж пасьпяховымі, як творчасьць гурту, і з гэтай нагоды Гілмар і Мэйсан у 1987 годзе пачалі ўзнаўляць гурт. Гэта выклікала юрыдычнае разьбіральніцтва з Ўотэрзам, які лічыў, што безь яго гурт ня можа існаваць. Вынікам стала тое, што Ўотэрс пакінуў за сабой правы на большую частку рэквізыту і пэрсанажаў з Сьцяны і ўсе правы на The Final Cut. Падчас запісу наступнага альбома A Momentary Lapse of Reason да музыкаў вярнуўся Райт. У 1994 годзе гурт выпусьціў апошні альбом The Division Bell, канцэртны тур ад якога стаў самым прыбытковым за ўсю гісторыю рок-музыкі.

Пасьля гэтага гурт не выдаваў студыйных альбомаў. Вынікамі наступнай творчасьці сталі канцэртны альбом Pulse, жывы запіс Сьцяны, скампіляваны з канцэртных запісаў 1980 і 1981 гадоў, двухдыскавы альбом Echoes — лепшыя гіты гурта, і перавыданьні Dark Side of the Moon (прысьвечанае 30-годзьдзю альбома) і The Final Cut.

2 ліпеня 2005 году на фэстывалі Live 8 музыкі яшчэ адзін раз выступілі ў клясычным складзе (Ўотэрз/Ґілмар/Райт/Мэйсан).

5 студзеня 2007 году швэдзкі дыджэй і прадусар Eric Prydz зрабіў рэмікс на песьню Pink Floyd Another Brick in the Wall, Part II, які набыў шалёную папулярнасьць і заняў 2-е месца ў гіт-парадзе самотнікаў Вялікабрытаніі.

15 верасьня 2008 году ад раку памёр Рык Райт.

Дыскаґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйныя альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. The Piper at the Gates of Dawn (1967)
  2. A Saucerful of Secrets (1968)
  3. More (1969)
  4. Ummagumma (1969)
  5. Atom Heart Mother (1970)
  6. Meddle (1971)
  7. Obscured by Clouds (1972)
  8. The Dark Side of the Moon (1973)
  9. Wish You Were Here (1975)
  10. Animals (1977)
  11. The Wall (1979)
  12. The Final Cut (1983)
  13. A Momentary Lapse of Reason (1987)
  14. The Division Bell (1994)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Pink Floydсховішча мультымэдыйных матэрыялаў