The Beatles
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Інфармацыя | |
|---|---|
| Гады | 1960-1970, 1994-1995 |
| Адкуль | |
| Мова | ангельская |
| Жанр | поп, рок ды інш. |
| Выдавец | Parlophone Records, Capitol Records, Odeon Records, Apple Records, Vee-Jay Records, Polydor Records, Swan Records, Tollie Records, United Artists Records |
| Зьвязаныя праекты | The Quarrymen, Plastic Ono Band, The Dirty Mac, Wings, Traveling Wilburys, Rory Storm and the Hurricanes, Ringo Starr All-Starr Band |
| Афіцыйная старонка | http://www.beatles.com/ |
| Удзельнікі | |
| Удзельнікі | Джон Ленан, Пол Макартні, Джордж Харысан, Рынга Стар |
| Былыя ўдзельнікі | Сьцюарт Саткліф, Піт Бэст |
The Beatles (па-беларуску: Жукі, прамаўляецца «бітлз»; паасобку ўдзельнікаў ансамблю называюць «бітламі») — брытанскі рок-гурт, які ўнёс манумэнтальны ўклад у разьвіцьцё поп-музыкі, ня толькі карэнным чынам зьмяніўшы яе, але і дасягнуўшы беспрэцэдэнтнай папулярнасьці, дзякуючы чаму ансамбль стаў адным з найярчэйшых фэномэнаў сусьветнай культуры 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
[рэдагаваць] Вытокі (1956—60)
Карані ансамблю вырастаюць зь сярэдзіны 1950-х, эпохі рок-н-рола, якая стварыла сьветапогляд і музычныя густы будучых Beatles. Увесну 1956 году Джон Ленан (1940-1980) упершыню пачуў песьню Heartbreak Hotel Элвіса Прэсьлі, якая, па ягоных словах, значыла канец яго папярэдняга жыцьця (цікава адзначыць, што пачуты ім раней Біл Хейлі — самы папулярны выканаўца рок-н-ролу да Прэслі — ня надта яго ўразіў). Да таго часу Джон граў на губным гармоніку і банджа, цяпер ён пачаў асвойваць гітару. Хутка разам з таварышамі па школе ён заснаваў гурт Quarrymen, названы так у гонар іх школы, Quarry Bank. Quarrymen гралі скіфл — брытанскі варыянт аматарскага рок-н-ролу — і стараліся быць падобнымі да тэдзьдзі-бояў. Улетку 1957 году Ленан падчас аднаго зь першых канцэртаў Quarrymen пазнаёміўся з 15-гадовым Полам МакКартні, які ўразіў Джона веданьнем «акордаў» і «словаў» апошніх навінак рок-н-ролу (у прыватнасьці, песьні Twenty-Flight Rock Эдзі Кокрана) і тым, што той быў яўно больш разьвіты музычна (Пол таксама граў на трубе і фартэпіяна). Праз год да іх далучыўся сябар Пола, Джордж Харрысан (1943—2001). Менавіта гэтыя трое сталі асноўным касьцяком гурту, для астатніх жа ўдзельнікаў Quarrymen рок-н-рол быў часовым падросткавым захапленьнем, і неўзабаве яны пакінулі калектыў.
Quarrymen пэрыядычна гралі на розных вечарынах, вясельлях, грамадзкіх мерапрыемствах, да сапраўдных канцэртаў і запісаў справа не ішла (праўда, у 1958 годзе за свае грошы яны запісалі плытку зь дзьвюма песьнямі); некалькі разоў удзельнікі разьбягаліся (так, Харысан пэўны час меў свой гурт). Ленан і МакКартні, сталі разам пісаць свае песьні па прыкладзе сваіх куміраў Бадзі Холі і Эдзі Кокрана (тыя ня толькі спявалі, але і самі гралі на гітарах і самі сачынялі песьні, што было было дастаткова незвычайна на той час). Пры гэтым яны вырашылі даваць сваім песьням падвойнае аўтарства, гэтаксама, як гэта рабілі амэрыканскія аўтарскія калектывы кшталту Лэйбэра і Столера. Напрыканцы 1959 году ў гурт увайшоў малады мастак Сьцюарт Саткліф, зь якім Ленан разам вучыўся ў арт-коледжы. Саткліф ня вельмі добра валодаў гульнёй на бас-гітары, і гэта неаднаразова выклікала раздражненьне МакКартні. У такім выглядзе склад ансамбля аказаўся амаль што поўным: Джон Ленан (вакал, рытм-гітара), Пол МакКартні (вакал, піяніна, гітара), Джордж Харысан (лідэр-гітара), Сьцюарт Саткліф (бас-гітара), — аднак была праблема знайсьці ўдарніка, што прымушала музыкантаў нават рабіць конкурсы на сцэне, каб запрасіць каго-небудзь з гледачоў пайграць на барабанах.
Гурт актыўна спрабаваў увайсьці ў канцэртна-клюбнае жыцьцё Лівэрпуля. Адзін за адным праходзілі конкурсы таленту, але гурту ўвесь час не шанцавала. Такія больш сур'ёзныя мерапрыемствы прымусілі музыкаў задумацца, ці падыходзіць сцэнічнае імя, бо да Quarry Bank ніхто з удзельнікаў ужо ніякага дачынення ўжо ня меў. Так, напрыклад, на мясцовым тэлевізійным конкурсе ў сьнежні 1959 году гурт выступіў пад назвай «Johnny and the Moondogs», якая зьмянялася на іншыя назвы падчас наступных концэртаў. Назва «Beatles» зьявілася празь некалькі месяцаў, у красавіку 1960 году. Нават сёньня няма адназначнага адказу, хто ж прыдумаў гэтае слова. Як успаміналі ўдзельнікі гурту, аўтарамі нэалагізму былі Саткліф і Ленан, якія хацелі прыдумаць назву, якая б мела адразу некалькі значэньняў. Напрыклад, гурт Бадзі Холі The Crickets («сьвярчкі», аднак для ангельцаў быў і другі сэнс — «крыкет»). Выбар паў на «beetles». Аднак проста слова Beetles («жукі») ня мела ніякага дадатковага сэнсу; толькі замена «e» на «a» дала арыгінальнае слова: калі вымаўляць яго, то чулася «beetles», але ў надрукаваным выглядзе адразу заўважаўся корань «beat» (як біт-музыка). Прамоўтары знаходзілі імя занадта кароткім і «някідкім», таму музыкі былі прымушаныя спачатку зьмяняць сваю назву на афішах на больш рэкламную — «Long John and The Silver Beetles». Гурт атрымліваў усё больш і больш прапановаў выступіць — як правіла, у пабах і маленькіх клюбах. У красавіку 1960 году Beatles паехалі ў сваё першае невялікае турнэ па Шатляндыі ў якасьці гурту Джоньні Джэнтла. Майстэрства Beatles як музыкаў хутка ўзрастала, і ўсё адно яны працягвалі заставацца адным з многіх нікому не вядомых рок-н-рольных гуртоў Лівэрпуля.
[рэдагаваць] Гамбург (1960—62)
Улетку 1960 году Beatles атрымалі прапанову выступаць у Гамбургу, дзе гаспадары клюбаў былі зацікаўленыя ў прафэсійных англамоўных рок-н-рольных ансамблях; той факт, што ў Гамбургу ўжо гралі некалькі лівэрпульскіх гуртоў, аказаўся на руку Beatles. Аднак гэта ж прымусіла іх тэрмінова шукаць барабаншчыка, каб адпавядаць прафэсійнаму кантракту. Так яны ўзялі да сябе Піта Бэста, сына гаспадара клюба «Касба». 16 жніўня Beatles паехалі ў Нямеччыну, а ўжо на наступны дзень адбыўся іх першы канцэрт у гамбурскім клюбе «Indra», у якім гурт граў першы месяц, затым да канца году Beatles былі зьвязаныя з клюбам «Kaiserkeller» паводле кантракту.
Графік выступаў быў надзвычай шчыльным: як правіла, у клюбе адну гадзіну выступаў адзін гурт, наступную гадзіну — іншы, так напрацягу 12 гадзінаў. Удзельнікі Beatles жылі ў адным цесным пакоі, які зьмяшчаўся ў будынку кінатэатра. На сцэне музыкам прыходзілася граць шмат матэрыялу, таму акрамя рок-н-ролаў (імі выконваліся амаль што ўсе запісы з альбомаў Літл Рычарда, Чака Бэры, Карла Пэркінса і г.д., яны гралі блюзы, рытм-энд-блюзы, народныя песьні, старыя эстрадныя і джазавыя нумары, зьмяняяючы іх у стылістыцы рок-н-рола. Часам звычайныя песьні ў фармате рок-н-рола ператвараліся ў імправізацыі на паўгадзіны; пры гэтым хлопцы зьвярнулі ўвагу на тое, што немцам падабалася асабліва гучная і актыўная музыка. Свае ўласныя песьні Beatles не выконвалі, паколькі, паводле іх словаў, не было імпэту з той жа прычыны — у тагачаснай музыцы і так было шмат выдатных песень. Менавіта такая штодзённая праца і магчымасьць граць музыку любога жанру сталі адным з галоўных чыньнікаў у станаўленьні таленту Beatles.
У Гамбургу ўдзельнікі ансамбля пазнаёміліся з гуртом студэнтаў мясцовага арт-каледжа – Астрыд Кірхнэр і Кляўсам Форманам, якія адыгралі значную ролю ў біяграфіі гурту. Кірхнэр неўзабаве стала сяброўкай Саткліфа і гэта яна прапанавала праз год новыя даўгія прычоскі, а затым і пінжакі без каўнеру і лацканаў паводле моды П'ера Кардэна. Усе гэтыя рэчы сьпярша выпрабоўваў на сабе Саткліф, і толькі затым яны прымаліся ўсім гуртом (хаця Бэст так і не згадзіўся на даўгую чолку).
Пасьля вяртаньня ў сьнежні 1960 году ў Лівэрпуль Beatles аказаліся ў ліку самых актыўных і амбіцыйных мясцовых гуртоў, якія спаборнічалі па рэпэртуары, гуку і колькасьці прыхільнікаў. Варта заўважыць, што ўсе лівэрпульскія гурты гралі ледзьве не адны і тыя ж (амэрыканскія) песьні, аднак канкурэнцыя ішла яшчэ такім чынам: хто якую песьню першым «знойдзе» і зробіць «сваёй». Лідэрамі лічыліся Rory Storm and the Hurricanes, яны гралі ў найлепшых клюбах Лівэрпуля, а таксама Гамбурга – менавіта там Beatles пазнаёміліся зь іх барабаншчыкам — Рынга Старам, зь якім хутка пасябравалі і сталі праводзіць разам час.
У красавіку 1961 году Beatles паехалі на другія гастролі ў Гамбург, дзе выступалі тры месяцы ў клюбе «Top Ten». Менавіта ў Гамбургу адбыўся першы прафэсійны запіс Бітлз — у якасьці ансамблю акампанэмэнта сьпевака Тоні Шэрыдана. Шэрыдан выступаў як рок-н-рольны сьпявак для ўнутранага заходненямецкага рынку. Запіс праходзіў пад кіраўніцтвам Бэрта Кемпфэрта, які і выбраў Beatles. Падчас запісу гурту далі магчымасьць запісаць некалькі сваіх ўласных кампазыцыяў (Ленан таксама засьпяваў «Ain't She Sweet»). Першым вынікам запісаў стаў сынгл «My Bonnie / The Saints», які выйшаў у чэрвені 1961 году ў Нямеччыне. На вокладцы было пазначана: Тоні Шэрыдан і The Beat Brothers. Калі гастролі скончыліся, Саткліф вырашыў застацца ў Гамбургу з Кірхнэр і, такім чынам, кінуць сваю музычную дзейнасьць у гурце. Дарагая бас-гітара, якую Саткліф купіў на свае грошы, перайшла да МакКартні. Праз год, 10 красавіка 1962 году Саткліф памёр у Гамбургу ад крывавыліваньня ў мозг.
З 14 ліпеня 1961 году квартэт пачаў рэгулярныя выступы ў лівэрпульскім клюбе «Cavern». 27 ліпеня адбыўся канцэрт у лівэрпульскай залі «Litherland Town Hall», які стаў першым па-сапраўднаму вялікім посьпехам Beatles — мясцовыя газэты назвалі Beatles найлепшым рок-н-рольным ансамблем Лівэрпуля.
У лістападзе 1961 году першым мэнэджэрам Beatles стаў Браян Эпштэйн (Алан Ўільямс, які спачатку дапамагаў гурту, ня быў мэнэджэрам, ён толькі выконваў абавязкі канцэртнага прамоўтэра і тур-агента, але ніяк ня быў зьвязаны абавязкамі з гуртом).
[рэдагаваць] Дыскаграфія
Прадстаўленыя афіцыйныя плыткі, выдадзеныя ў Вялікабрытаніі лэйбламі Parlophone і Apple. Дыскаграфіі ў іншых краінах (перш за ўсё ЗША) значна адрозьніваліся ад брытанскай.
[рэдагаваць] Сынглы
Прадстаўленыя ўсе афіцыйныя сінглы, выдадзеныя ў 1962—1970 гадах.
| Год | Назва |
|---|---|
| 1962 | Love Me Do / P. S. I Love You |
| 1963 | Please Please Me / Ask Me Why |
| 1963 | From Me to You / Thank You Girl |
| 1963 | She Loves You / I'll Get You |
| 1963 | I Want to Hold Your Hand / This Boy |
| 1964 | Can't Buy Me Love / You Can't Do That |
| 1964 | A Hard Day's Night / Things We Said Today |
| 1964 | I Feel Fine / She's a Woman |
| 1964 | If I Fell / Tell Me Why |
| 1965 | Ticket to Ride / Yes It Is |
| 1965 | Help! / I'm Down |
| 1965 | Day Tripper / We Can Work It Out |
| 1966 | Paperback Writer / Rain |
| 1966 | Yellow Submarine / Eleanor Rigby |
| 1967 | Strawberry Fields Forever / Penny Lane |
| 1967 | All You Need Is Love / Baby You're a Rich Man |
| 1967 | Hello Goodbye / I Am the Walrus |
| 1968 | Lady Madonna / The Inner Light |
| 1968 | Hey Jude / Revolution |
| 1969 | Get Back / Don't Let Me Down |
| 1969 | The Ballad of John and Yoko / Old Brown Shoe |
| 1969 | Something / Come Together |
| 1970 | Let It Be / You Know My Name |
[рэдагаваць] Альбомы
Прадстаўленыя ўсе афіцыйныя альбомы (таксама самастойныя міні-альбомы (EP), якія не дублююць сынглы і плыткі; выключаныя перавыданьні).
| Год | Назва | Заўвагі |
|---|---|---|
| 1963 | Please Please Me | Студыйны альбом |
| 1963 | With the Beatles | Студыйны альбом |
| 1964 | Long Tall Sally | Студыйны міні-альбом |
| 1964 | A Hard Day's Night | Студыйны альбом; першы бок плыткі — гукавая дарожка да аднайменнага фільма |
| 1964 | Beatles for Sale | Студыйны альбом |
| 1965 | Help! | Студыйны альбом; першы бок плыткі — гукавая дарожка да аднайменнага фільма |
| 1965 | Rubber Soul | Студыйны альбом |
| 1966 | Revolver | Студыйны альбом |
| 1966 | A Collection of Beatles Oldies | Зборнік |
| 1967 | Sgt. Pepper's Lonely Hearts Club Band | Студыйны альбом |
| 1967 | Magical Mystery Tour | Студыйны міні-альбом (2 плыткі), гукавая дарожка да аднайменнага фільма |
| 1968 | The Beatles | Студыйны альбом (2 плыткі), яшчэ вядомы як «White Album» («Белы альбом») |
| 1969 | Yellow Submarine | Студыйны альбом, гукавая дарожка да аднайменнага фільма |
| 1969 | Abbey Road | Студыйны альбом |
| 1970 | Let It Be | Студыйны альбом, гукавая дарожка да аднайменнага фільма |
| 1973 | The Beatles 1962—1966 | Зборнік, анталёгія песень 1962—66 гадоў (2 плыткі), яшчэ вядомы як «Red Album» («Чырвоны альбом») |
| 1973 | The Beatles 1967—1970 | Зборнік, анталёгія песень 1967—70 гадоў (2 плыткі), яшчэ вядомы як «Blue Album» («Блакітны альбом») |
| 1976 | Magical Mystery Tour | Допоўненае выданне двайнога міні-альбома 1967 году; у гэтым фармаце плыткі ўпершыню выйшаў у ЗША у 1967 годзе |
| 1976 | Rock’n’roll | Зборнік (2 плыткі) |
| 1977 | The Beatles at the Hollywood Bowl | Запісы з канцэртаў у Галівудзе (23 жніўня 1964 і 30 жніўня 1965) |
| 1977 | Love Songs | Зборнік (2 плыткі) |
| 1978 | Rarities | Зборнік рэдкіх запісаў і адваротных бакоў сынглаў |
| 1979 | Hey Jude | Зборнік (упершыню выйшаў у ЗША ў 1970) |
| 1980 | The Beatles' Ballads | Зборнік |
| 1982 | Reel Music | Зборнік песень зь фільмаў |
| 1982 | 20 Greatest Hits | Зборнік |
| 1988 | Past Masters, Volume One | Збор песень 1962—65 гадоў, якія ня трапілі на арыгінальныя альбомы |
| 1988 | Past Masters, Volume Two | Збор песень 1966—70 гадоў, якія ня трапілі на арыгінальныя альбомы |
| 1994 | Live at the BBC | Зборнік радыёвыступаў 1962—66 гадоў на «Бі-бі-сі» (2 плыткі) |
| 1995 | Anthology 1 | Зборнік — анталёгія студыйных дубляў, канцэртных і іншых рэдкіх запісаў 1958—1964 гадоў, якія раней не выдаваліся |
| 1996 | Anthology 2 | Зборнік — анталёгія студыйных дубляў і рэдкіх запісаў 1965—1968 гадоў, якія раней не выдаваліся |
| 1996 | Anthology 3 | Зборнік — анталёгія студыйных дубляў і рэдкіх запісаў 1988—1970 гадоў, якія раней не выдаваліся |
| 2000 | 1 | Зборнік сынглаў, якія занялі 1-е месца ў ЗША і/або Вялікабрытаніі |
| 2003 | Let It Be… Naked | Студыйны альбом у арыгінальнай канцэпцыі альбома «Let It Be» з запісаў 1969 году |
[рэдагаваць] Фільмаграфія
Гэты сьпіс складаецца з афіцыйна выдадзеных фільмаў з удзелам Beatles.
| Год | Беларуская назва | Арыгінальная назва | Заўвагі |
|---|---|---|---|
| 1964 | Вечар цяжкога дня | A Hard Day's Night | Мастацкі кінафільм |
| 1965 | Дапамажыце! | Help! | Мастацкі кінафільм |
| 1967 | Магічнае таямнічае падарожжа | Magical Mystery Tour | Мастацкі тэлефільм |
| 1968 | Жоўты падводны човен | Yellow Submarine | Мультыплікацыйны фільм |
| 1970 | Няхай будзе так | Let It Be | Дакумэнтальны кінафільм |
| 1996 | Анталёгія | Anthology | Дакумэнтальна-біяграфічны тэлефільм |
[рэдагаваць] Бібліяграфія
- Антология «Битлз» (Пер. с англ. У. В. Сапциной). М: РОСМЭН, 2002(рас.)
- Воробьева, Т. История ансамбля «Битлз». Л.: Музыка, 1990(рас.)
- Дэвис, Х. Авторизованная биография «Битлз» (Пер. с англ. В. Н. Чемберджи, В. В. Познера). М.: Радуга, 1990(рас.)
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
The Beatles — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйны сайт Beatles
- Сайт расейскамоўных прыхільнікаў Beatles
- Найбольш поўная інфармацыя пра выдадзеныя ў СССР і Расеі плыткі квартэта Beatles і яго былых удзельнікаў

