Стогадовая вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Стогадовая вайна
Па гадзіннай стрэлцы, ад верху зьлева: Ян Люксэмбурскі ў бітве пры Крэсі. Ангельскі і франка-кастыльскі флёт у бітве пры Ля-Рашэлі. Генры V і плантагенэцкае войска ў бітве пры Азэнкуры. Жанна д’Арк зьядноўвае францускія сілы пры аблозе Арлеану.
Дата: 1337—1453
Месца: У асноўным Францыя і Гістарычныя Нідэрлянды
Вынік: Перамога Францыі. Дом Валюа ўмацаваўся ў якасьці кіруючай дынастыі Францыі. Англія згубіла большую частку ўладаньняў у Францыі (акрамя Кале).
Супернікі
Дынастыя Валюа
Кастылія і Леон
Шатляндыя
Генуя
Маёрка
Багемія
Арагонская карона
Брэтань
Дынастыя Плантагенэтаў
Бургундыя
Аквітанія
Брэтань
Партугалія
Навара
Фляндрыя
Генэгаў
Люксэмбург
Сьвяшчэнная
Рымская імпэрыя

Стогадовая вайна (па-ангельску: Hundred Years' War, па-француску: Guerre de Cent Ans) — сэрыя асобных ваенных канфліктаў, якая працягвалася з 1337 па 1453 гады паміж дзьвюма каралеўскімі дынастыямі за вакантны францускі трон пасьля выміраньня апошняга прадстаўніка старэйшай Капэтынскай лініі францускіх каралей. Двума першымі прэтэндэнтамі былі дынастыі Валюа і Плантагенэтаў. Тым часам як Валюа заяўлялі пра свае правы на тытул караля Францыі, Плантагенэты самаабвяшчалі сябе каралямі і Францыі, і Англіі. Плантагенэцкія каралі былі валадарамі Каралеўства Ангельшчына ў XII ст і мелі генэалягічныя карані ў францускіх рэгіёнах Анжу і Нармандыі. Бургундыя і Аквітанія аказвалі значную падтрымку сілам Плантагенэцкага блёку.

Канфлікт доўжыўся 116 гадоў, перарываючыся некалькімі пэрыядамі міру да канчатковага выгнаньня Плантагенэтаў з Францыі (акрамя Кале). Урэшце вайна стала пераможнай для дынастыі Валюа, якая здолела вярнуць захопленыя ў пачатковай стадыі Плантагенэтамі землі і выціснуць іх з большай часткі Францыі да 1450 году. Тым ня менш, вайна амаль разарыла Валюа, тым часам як Плантагенэты вывезьлі агромністую колькасьць трафэяў з кантынэнту, якія ў будучым ўзбагачалі Ангельшчыну. Сама Францыя моцна пакутавала ад вайны, бо пераважная большасьць ваенных дзеяньняў адбывалася на кантынэнце.

Фактычна, Стогадовая вайна была сэрыяй канфліктаў, якую звычайна падзяляюць на: Эдўардыянскую вайну 1337—1360 гадоў, Каралінскую вайну 1369—1389 гадоў, Ланкастэрскую вайну 1415—1429 гадоў і пэрыяд, пасьля зьяўленьня Жанны д’Арк — 1412—1431. Некалькі іншых ваенных канфліктаў у Эўропе былі непасрэдна зьвязаныя з гэтай вайной: Вайна за брэтонскую спадчыну, Кастыльская грамадзянская вайна, Вайна двух Пэдра і крызіс 1383—1385 гадоў. Тэрмін «Стогадовая вайна» быў пазьнейшай назвай, выдуманай гісторыкамі для абагульненьня дадзенай сэрыі канфліктаў.

Вайна абавязана сваёй гістарычнай значнасьці некалькім фактарам. Першапачаткова зьяўляючыся дынастычным канфліктам, вайна надала імпэт ідэям францускага і ангельскага нацыяналізму. З ваеннага пункту гледжаньня, вайна пабачыла ўвядзеньне новай зброі і новых тактыкаў, якія разбурылі старэйшую сыстэму фэадальных армій, у якіх дамінавала цяжкая кавалерыя. У вайне былі прадстаўленыя першыя рэгулярныя арміі ў Заходняй Эўропе з часоў Заходняй Рымскай імпэрыі. З-за ўсяго пералічанага, як і з-за доўгай працягласьці, Стогадовая вайна разглядаецца адным з самых значных канфліктаў у ваеннай гісторыі сярэднявечча. У сувязі з уварваньнем ангельцаў, грамадзянскімі войнамі, сьмяротнымі эпідэміямі, голадам і забойствамі насельніцтва Францыі ў выніку вайны скарацілася на дзьве трэці[1]

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя канфлікту сягае ў 1066 год, калі Вільгельм I Заваёўнік арганізоўваў заваяваньне Англіі. Ён атрымаў перамогу над Гаральдам II і ўзыйшоў на ангельскі трон. Будучы герцагам нармандзкім, ён зьяўляўся васалам францускага караля і быў абавязаны паклясьціся апошняму ў адданасьці, у тым ліку і за свае падуладныя землі ў Францыі; у тыя часы для аднаго караля прысягаць у вернасьці іншаму каралю лічылася зьняважлівым, таму, звычайна, нармандзкія каралі спрабавалі пазьбегнуць васальскае службы. З францускага боку, капэтынскія манархі абураліся фактам суседзтва караля, які трымае свае землі ў межах іхняга каралеўства і шукалі шляхі нэўтралізацыі пагрозы, якую цяпер уяўляла Ангельшчына.

Пасьля пэрыяду неспакою і грамадзянскіх войнаў у Англіі (1135—1154) на месца англа-нармандзкай дынастыі прыйшла дынастыя анжуйская. На піке сваёй сілы анжуйцы кантралявалі Нармандыю і Ангельшчыну, разам з Мэн, Анжу, Турэньню, Пуату, Гасконьню, Сэнтонжам і Аквітаняй. Кароль Ангельшчыны адкрыта кіраваў большай тэрыторыяй на кантынэнце, чым сам кароль Францыі. Такая сытуацыя, у якой анжуйскія каралі знаходзіліся ў васальнай залежнасьці ад манарха, які быў дэ факта нашмат слабейшым за іх, і была прычынай зацяжнога канфлікту. Гэтая кантынэнтальная сукупнасьць земляў часам завецца Анжуйскай імпэрыяй.

Ян Безьзямельны ўспадкаваў гэтую агромністую маёмасьць у караля Рычарда I, але, тым ня менш, кароль Францыі Філіп II рашуча скарыстаў слабасьць караля Яна як у юрыдычным, так і ў ваенным дачыненьнях, і да 1240 году вырваў з рук ангельскага караля кантроль над большасьцю старых тэрытарыяльных уладаньняў. Пазьнейшая бітва пры Бувіне (1214), у шэрагу з Сэнтонжскай вайной (1242) і, урэшце, Сэнсардаўская вайна (1324) абмежавалі анжуйскую ўладу на кантынэнце да некалькіх невялікіх правінцыяў у Гасконі і прывялі да поўнай страты нармандзкай каралеўскай рэгаліі ў ангельскай кароне.

Дынастычнае бязладзьдзе: 1314—1328[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адмысловыя падзеі, якія спрычынілі ваенны канфлікт мелі месца ў Францыі, дзе патомкі непарыўнай капэтынскай лініі зьмянялі адзін аднаго на працягу стагодзьдзяў. Гэта была самая доўгая дынастыя ў Эўропе, якая не перарывалася. У 1314 годзе прамы капэтынскі нашчадак Філіп IV памёр, пакінуўшы трох сваіх пераемнікаў: Людовіка X, Філіпа V і Карла IV. Чацьвертае дзіця Філіпа IV, Ізабэла, была ў шлюбе з каралём Ангельшчыны Эдўардам II і ў 1312 годзе нарадзіла сына, Эдўарда Вінздарскага, які быў патэнцыйным пераемнікам як ангельскага (па бацькавай лініі), так і францускага (па лініі яго памерлага дзядулі Філіпа IV) трона.

Старэйшы сын і спадкаемца Філіпа IV Людовік X загінуў у 1316 годзе. Пасьля сваёй сьмерці ён пакінуў толькі адзінага сына, Жана I, які нарадзіўся і памёр амаль адначасова, і дачку Жанну II Наварскую, чыё бацькоўства было пад сумневам.

Пасьля сьмярцей Людовіка X і Яна I, другі старэйшы сын Філіпа IV, Філіп V, мерыўся ўзыйсьці на трон шляхам распаўсюджваньня чутак пра незаконнанароджанасьць яго пляменьніка Яна I, які быццам бы стаў рэзультатам парушэньня шлюбнай вернасьці. Пабочным вынікам гэтай кампаніі ў 1350-х гадах стаў заклік, паводле Салічнага закону, да зацьвярджэньня немагчымасьці ўспадкаваньня францускага трона жанчынай. Калі Філіп V памёр у 1322 годзе, спадчыннае права яго дачок было праігнараванае на карысьць Карла IV, трэцяга сына Філіпа IV.

У 1324 годзе Карл IV (кароль Францыі) і яго зяць Эдўард II (кароль Ангельшчыны) разьвязалі ў Гасконі непрацяглую Сэнсардаўскую вайну. Галоўнай падзеяй вайны была аблога ля-рэольскай ангельскай цьвердзі ў Гароньне. Ангельскія сілы, кіруемыя Эдмундам Вудстокам былі вымушаныя здацца пасьля месяцу гарматнага абстрэлу францускіх пушкаў. Вайна была суцэльным правалам для Ангельшчыны. Ад некалі агромністай Анжуйскай імпэрыі, у руках ангельцаў застаўся толькі горад Бардо зь невялікай прыбярэжнай паласой.

Вяртаньне гэтых земляў стала найважнейшым адпраўным пунктам ангельскай дыпляматыі. Вайна таксама стымулявала апазыцыю да Эдўарда II сярод арыстакраты Ангельшчыны і прывяла да зьняцьця яго з каралеўскай пасады ў 1327 годзе на карысьць яго малодшага сына Эдўарда Вінздарскага, які такім чынам стаў Эдўардам III. Карл IV памёр у 1328 годзе, пакінуўшы дачку і ненараджонае дзіця, якое таксама мусіла стаць дзяўчынай. Такім чынам, галоўная лінія дынастыі Капэтынгаў абарвалася, стварыўшы крызіс спадкаемнасьці францускага трона.

Тым часам у Ангельшчыне ў 1327 годзе малады Эдўард Вінздарскі стаў каралём Эдўардам III. Будучы таксама і пляменьнікам Карла IV, караля Францыі, Эдўард зьяўляўся яго найбліжэйшым выжылым родзічам мужчынскага полу і адзіным выжылым нашчадкам Філіпа IV. Паводле ангельскай інтэрпрэтацыі фэадальных законаў, гэта рабіла Эдўарда III легітымным наступнікам францускага трона.

Фамільнае дрэва ўзаемасувязі францускага і ангельскага каралеўскіх дамоў напачатку Стогадовай вайны

Францускае дваранства, аднак, адмовілася ад пэрспэктывы прышлага караля, асабліва калі той зьяўляўся каралём Ангельшчыны. Яны сьцьвярджалі, паводле іхняй інтэрпрэтацыі Салічнага закону, што спадчыннасьць ня можа пераходзіць да жанчыны ці празь яе да яе нашчадкаў. Такім чынам, адзіным легітымным спадкаемцам на трон французы лічылі найсталейшага прадстаўніка Капэтынскай дынастыі мужчынскага полу пасьля Карла IV, унука Філіпа III, Філіпа Валюа. Філіп Валюа быў каранаваны Філіпам VI. Ён быў першым францускі каралём з дынастыі Валюа, малодшага адгалінаваньня Капэтынскай дынастыі.

Жанна II Наварская, дачка Людовіка X, таксама мела законнае права на францускі трон, але ёй бракавала дастатковай моцы, каб падтрымаць яго. У Наварскім каралеўстве заканадаўства дазваляла мець жанчыну-манарха (дынастыя Капэтынгаў успадкавала гэтае ўладаньне цераз бабулю Жанны II, Жанны I Наварскай) і, паводле пагадненьня, ёй і яе мужу, Філіпу III д'Эвро, было дазволена атрымаць яго ў спадчыну; тым ня менш, тое ж пагадненьне вымусіла Жанну II і яе мужа прыняць уступленьне на каралеўскую пасаду Філіпа VI і адмовіцца ад сваіх спадчынных земляў у Шампані і Бры на карысьць францускай кароны. Пасьля, у Жанны II і Філіпа д’Эвро нарадзіўся сын Карл II Наварскі. Нарадзіўшыся ў 1332 годзе, Карл заняў месца Эдўарда III як спадчыньнік Філіпа IV і блізкі родзіч Людовіка X.

Напярэдадні вайны: 1328—1337[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францыя ў 1330 годзе

     Аквітанія: фэод караля Англіі ў Францыі ў 1330

     Каралеўства Францыя

     Уладаньні Плантагенэтаў у 1180

Пасьля каранацыі Філіпа VI ангельцы яшчэ кантралявалі Гасконь. Гасконь вырабляла жыцьцёванеабходную прадукцыю солі, віна і зьяўлялася вельмі прыбыльным рэгіёнам, які, па сутнасьці, зьяўляўся хутчэй асобным фэодам і належаў францускай кароне, чымся ангельскай тэрыторыі. Заключэньне васальнага дагавору на яе валоданьне стала яблыкам раздору паміж двума каралямі. Філіп VI патрабаваў ад Эдўарда прызнаць яго манархам, а Эдўард, у сваю чаргу, хацеў вярнуць згубленыя яго бацькам землі. Кампрамісны «амаж», заключаны ў 1329 годзе не задаволіў ніводны бок, але ў 1331 годзе, перад абліччам сур’ёзных нутраных праблемаў Эдўард прызнаў Філіпа каралём Францыі і адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў на францускі трон. Па сутнасьці, Ангельшчына ўтрымала за сабой Гасконь за кошт адмовы Эдўарда ад яго патрабаваньняў быць законным каралём Францыі.

У 1333 годзе Эдўард III адправіўся на вайну супраць Дэйвіда II Шатляндзкага і пачаў Другую вайну за незалежнасьць Шатляндыі. Філіп убачыў магчымасьць вярнуць сябе Гасконь пакуль увага Ангельшчыны зьвернутая на поўнач. Зрэшты, вайна была, прынамсі на пачатковай стадыі, хуткай перамогай для Ангельшчыны, і Дэйвід быў вымушаны ўцячы ў Францыю пасьля сваёй паразы ад караля Эдўарда і Эдўарда Баліёла ў ліпеньскай бітве пры Халідон-Хіле. У 1336 годзе Філіп мерыўся арганізаваць ваенную кампанію, каб аднавіць Дэйвіда на шатляндзкім троне і завалодаць Гасконьню.

Пачатак вайны: 1337—1360[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эдўард III

Стварылася сытуацыя адкрытай варажнечы, як толькі францускія караблі пачалі разьведваць прыбярэжныя паселішча ўздоўж Ля-Маншу і ў 1337 годзе Філіп VI вярнуў гасконьскі фэод, адзначаючы, паводле фэадальнага права, што Эдўард III парушыў сваю прысягу не клапоцячыся пра патрэбы свайго лорда. Эдўард III адказаў Філіпу, што ў сапраўднасьці ён зьяўляўся законным спадкаемцам францускага трону і на Дзень усіх сьвятых Генры Бёргхэрш, біскуп лінкальнскі, прыбыў у Парыж з выклікам ад караля Ангельшчыны. Неўзабаве вайна была абвешчаная.

Бітва пры Слейсы. Мініятура з «Хронік» Жана Фруасара, Бруге, прыкладна 1470.
Філіп VI

У першыя гады вайны Эдўард III заключыў саюз з арыстакратыяй гістарычных Нідэрляндаў і бюргерамі Фляндрыі, але пасьля дзьвюх безвыніковых кампаніяў, у 1340 годзе альянс разваліўся. Выплата субсыдыяў нямецкім прынцам і кошты ўтрыманьня войска за мяжой уцягнулі ангельскі ўрад у стан банкруцтва, моцна шкодзячы аўтарытэту Эдўарда III. Пэўны час Францыя дамінавала на моры за кошт генуэскіх караблей і экіпажэй. Некалькі мястэчак уздоўж берагу Ангельшчыны былі абрабаваныя, некаторыя неаднаразова. Гэта выклікала страх і дэзарганізацыю сярод прыбярэжнага насельніцтва Ангельшчыны. Цягам гэтага пэрыяду вайны пастаянны страх францускага ўварваньня меў месца на ангельскіх землях. Моц марскога флёту Францыі прывяла таксама і да падрыву ангельскай эканомікі, бо, такім чынам, яна ўрэзала гандлёвыя пастаўкі воўны ў Фляндрыю і пастаўкі віна з Гасконі. Тым ня менш, у 1340 годзе, спрабуючы перашкодзіць высадке ангельскага войска на землю, францускі флёт быў амаль цалкам зьнішчаны ў бітве пры Слейсы. Пасьля гэтага Ангельшчына пераняла дамінаваньне ў рэгіёне Ля-Манша да канца вайны, прадухіляючы францускія нашэсьці.

У 1341 годзе канфлікт за спадчыннасьць герцагства Брэтаніі спрычыніў Вайну за брэтонскую спадчыну, у якой Эдўард III падтрымліваў Жана IV Манфора, а Філіп VI — Карла дэ Блуа. Ваенныя дзеяньні на некалькі наступных год засяродзіліся на пераменнапасьпяховай барацьбе ў Брэтаніі. Горад Ван пераходзіў з рук у рукі некалькі разоў, гэтаксама як і наступныя кампаніі з абаюдным пераменным посьпехам у Гасконі.

Першы этап Стогадовай вайны

     Буйнейшыя бітвы першага этапу вайны

                     Кавалерыя Эдўарда III у 1339                      Кірункі арміі Эдўарда III у 1346                      Кавалерыя Эдўарда Чорнага Прынца ў Лагедоке ў 1355                      Кавалерыя Ланкастэра ў 1356                      Маршрут Эдўарда Чорнага Прынца ў 1356                      Кавалерыя Эдўарда III у 1359—1360

У ліпені 1346 году Эдўард арганізаваў нашэсьце на прыбярэжную частку Францыі, высадзіўшыся ў Катантэне. Ангельская армія захапіла Кан за адзін дзень, зьдзіўляючы французаў, якія чакалі нашмат больш працяглай абароны гораду. Філіп VI сабраў маштабную армію, каб супрацьстаяць яму, і Эдўард вырашыў рушыць на поўнач у напрамку да гістарычных Нідэрляндаў, цягам свайго паходу больш рабуючы, чым спрабуючы ўзяць і ўтрымліваць францускія тэрыторыі. Зразумеўшы, што ён ня зможа атрымаць перавагу больш умелым манэўраваньнем, Эдўард разьмясьціў свае сілы да бітвы, і армія Філіпа атакавала. Знакамітая Бітва пры Крэсі была суцэльнай катастрофай для французаў. Эдўард прасьледаваў далей не сустрэўшы супраціўленьня і аблажыў горад Кале на беразе Ля-Манша, захапіўшы яго ў 1347 годзе. Для ангельцаў гэта стала вельмі важным стратэгічным крокам, які дазволіў трымаць свае войскі ў Францыі бясьпечна. Сёлета перамога ангельцаў над шатляндцамі ў бітве пры Нэвілс-Кросе, падчас якой быў схоплены Дэйвід II, моцна паменшыла пагрозу з боку Шатляндыі.

У 1348 годзе пошасьць Чорнай сьмерці пачала спусташаць Эўропу. Пасьля таго, як у 1356 годзе эпідэмія адышла і Ангельшчына была здольная аднавіць сваё фінансвае становішча, сын Эдўарда, прынц Ўэйлскі, Эдўард Чорны Прынц, уварваўся ў Францыю з Гасконі і атрымаў слаўную перамогу ў бітве пры Пуат’е, у якой ангельскія лучнікі паўтарылі тактыку, выкарыстаную ў Крэсі. Новы францускі кароль Жан II быў схоплены. Жан заключыў перамір’е з Эдўардам, і ў яго адсутнасьці, большая частка ўрада прыйшла ў заняпад. Крыху пазьней, у гэтым жа годзе была заключаная Лёнданская дамова 1359 году, паводле якой Ангельшчына атрымала ў валоданьне Аквітанію і Жан II быў вызвалены.

Француская вёска на гэтай стадыі пачала ўпадаць у суцэльны хаос. Дэмаралізаванае ангельскае войска было здольнае толькі рабаваць. У 1358 годзе сяляне паднялі паўстаньне супраць арміі Эдўарда IV, якое пазьней было названае Жакерыяй. Эдўард уварваўся ў Францыю ў трэці і апошні раз, спадзяючыся здабыць выгаду з нутранай нестабільнасьці ў краіне і завалодаць францускім тронам, але, нягледзячы нават на тое, што ніякая француская армія не аказала яму супраціву, ён ужо ня быў здольны захапіць Парыж або Рэймс у дафіна, пазьней караля Карла V. 8 траўня 1360 году дафін Карл і Эдўард Чорны Прынц падпісалі Мір у Брэтыньі, паводле якога Францыя пазбаўлялася паловы сваёй тэрыторыі. Аб’яднаная Ангельшчына выходзіла з Эдўардыянскага пэрыяду Стогадовай вайны з паловай Брэтаніі, Аквітаніі (амаль чвэрцю Францыі), Кале, Панцьё і іншымі васальнымі землямі Францыі, маючы відавочную перавагу над дэзарганізаванай Францыяй.

Першы мір: 1360—1369[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі сын Жана II, Людовік I Анжуйскі, зьбег у 1362 годзе з ангельскага палону, парушыўшы т. зв. другую «Дамову вязьняў», Жан II добраахвотна аддаў сябе ў палон і вярнуўся ў Ангельшчыну. Ён памёр у пачэсным зьняволеньні ў 1364 годзе і Карл V заняў яго месца на пасадзе караля Францыі.

Мірная дамова ў Брэтыньі вымусіла Эдўарда адмовіцца ад сваіх прэтэнзіяў на францускіх трон. Але адначасова яна моцна пашырыла яго тэрыторыі ў Аквітаніі і замацавала за ім захопленае Кале. У сапраўднасьці, Эдўард ніколі не адмаўляўся ад прэтэнзіяў на карону Францыі. Адразу пасьля ўзыходжаньня на трон, Карл V абавязаў сябе вярнуць новаздабытыя Эдўардам тэрыторыі. У 1369 годзе на падставе таго, што Эдўард III быццам бы парушыў умовы мірнага пагадненьня ў Брэтыньі Карл абвясьціў новую вайну.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • The Anonimalle Chronicle, 1333-1381. Edited by V.H. Galbraith. Manchester: Manchester University Press, 1927.
  • Avesbury, Robert of. De gestis mirabilibus regis Edwardi Tertii. Edited by Edward Maunde Thompson. London: Rolls Series, 1889.
  • Chronique de Jean le Bel. Edited by Eugene Deprez and Jules Viard. Paris: Honore Champion, 1977.
  • Dene, William of. Historia Roffensis. British Library, London.
  • French Chronicle of London. Edited by G.J. Aungier. Camden Series XXVIII, 1844.
  • Froissart, Jean. Chronicles. Edited and Translated by Geoffrey Brereton. London: Penguin Books, 1978.
  • Gesta Henrici Quinti: The Deeds of Henry V. Translated by Frank Taylor and John S. Roshell. Oxford, UK: Clarendon Press, 1975.
  • Grandes chroniques de France. Edited by Jules Viard. Paris: Société de l'histoire de France, 1920-53.
  • Gray, Sir Thomas. Scalacronica. Edited and Translated by Sir Herbert Maxwell. Edinburgh: Maclehose, 1907.
  • Le Baker, Geoffrey. Chronicles in English Historical Documents. Edited by David C Douglas. New York: Oxford University Press, 1969.
  • Le Bel, Jean. Chronique de Jean le Bel. Edited by Jules Viard and Eugène Déprez. Paris: Société de l'historie de France, 1904.
  • Register of Edward the Black prince, vol. 1. London: His Majesty’s Stationary Office, 1930.
  • Rotuli Parliamentorum. Edited by J. Strachey et al., 6 vols. London: 1767-83.
  • St. Omers Chronicle. Bibliothèque Nationale, Paris, MS 693, fos. 248-279v. (Currenting being edited and translated into English by Clifford J. Rogers)
  • The Chronicles of Enguerrand de Monstrelet. Translated by Thomas Johnes. London, 1840.
  • Venette, Jean. The Chronicle of Jean de Venette. Edited and Translated by Jean Birdsall. New York: Columbia University Press, 1953.