Юры Радзівіл (гетман вялікі літоўскі)
| Юры Радзівіл | |
Партрэт Юрыя Радзівіла «Геркулеса», XVII ст. |
|
Герб «Трубы» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 1480 |
| Памёр: | красавік 1541 |
| Род: | Радзівілы |
| Бацькі: | Мікалай Радзівіл «Стары» Соф'я з Манівідаў |
| Жонка: | Барбара з Кішкаў Барбара з Колаў |
| Дзеці: | ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ганна Альжбета, Барбара |
Ю́ры Радзіві́л (мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — красавік 1541[1]) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1509—1517), ваявода кіеўскі (1510/1511—1514), гетман польны літоўскі (1520—1523), кашталян троцкі (1522—1527) і віленскі (з 1527), маршалак дворны літоўскі (з 1528), гетман вялікі літоўскі (з 1531). Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай (таксама вядомай як пратэстанцкай) лініі роду Радзівілаў.
Быў адным з найбагацейшых магнатаў Вялікае Княства. Валодаў маёнткамі Сьвір, Міхалішкі, Жупраны, Баруны, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Індура, Котра, Табола ў Гарадзенскім, Жырмуны, Дакудава, Сялец і Збляны ў Лідзкім, Уселюб і Ліпск у Наваградзкім, Вязынь, Налібакі, Камень Харэцкі ў Менскім паветах, вялікай колькасьцю маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Летувы. З 1500-х трымаў Вяленскае, Майшагольскае, Мерацкае, уцянскага, Мазырскае (1511—1514), Гарадзенскае[1] (з 1514), Беліцкае (з 1528), Валынскае, Лідзкае, Скідальскае, Крынкаўскае і Азёрскае староствы-намесьніцтвы.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Сын Мікалая Радзівіла «Старога» і Соф’і з Манівідаў. Меў братоў Мікалая (князь Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзях ды Мядзелах[2]), Яна, Войцеха і сястру Ганну (жонка Конрада III Рудога, апошняя ўдзельная мазавецкая княгіня[2]).
Здабыў шырокую вядомасьць дзякуючы сваім вайсковым дасягненьням (атрымаў перамогу ў 30 бітвах[1]) і мастацву палітыка[3].
З 1508 году ўдзельнічаў у вайне з Масковіяй. У 1511 годзе са слуцкім князем Ю. С. Алелькавічам разьбіў крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28 красавіка 1512 году ўдзельнічаў у пераможнай бітве з татарамі пад Лапушнай (каля ўкраінскага Вішняўцу). У Аршанскай бітве 1514 году камандаваў лёгкай коньніцай на левым флянзе. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 — у баёх з маскоўскім войскам каля Крэва.
У 1519—1521 удзельнічаў у вайне супраць Тэўтонскага ордэну. Невялікі корпус Ю. Радзівіла ўзяў шэраг ордэнскіх замкаў — Голянд, Квідзын, Мелшак, Любаву, Брандэнбург ды іншыя[4].
У 1526 годзе, будучы чальцом Рады магнатаў, зьвярнуўся да вялікага князя Жыгімонта Старога з прапановаю аднаўленьня Каралеўства Літва пад кіраваньнем гаспадарскага сына Жыгімонта Аўгуста[3]. У 1530-х разам з сваім братам Янам амаль цалкам кантраляваў унутраныя справы Літвы[3].
27 студзеня 1527 году разам з К. Астроскім разьбіў татараў у бітве на рацэ Альшаніца за места Канеў. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37 гадоў. У 1535 годзе войска на чале з Юрыем Радзівілам і каронным вялікім гетманам Янам Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб.
За шматлікія перамогі над ворагамі атрымаў мянушку «Геркулес», таксама быў называны «Віктар» (лац. Victor — пераможац)[4].
Першы раз ажаніўся з Барбарай Кішчанкай (? — 1513[5]), другі — каля 1515 году[6] з Барбарай, дачкой ваяводы падольскага Паўла Колы. У другім шлюбе меў сына Мікалая і 2 дачок. Малодшая, Барбара Радзівіл, выйшла за вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, што значна ўзмацніла пазыцыі Радзівілаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім[3].
Галерэя [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Юрый // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 499.
- ^ а б Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста / Пераклад з: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. — W-wa, 1985 // «Спадчына» № 5, 1994. — Эл. рэсурс www.pawet.net Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б в г Bajer P. P. Een korte geschiedenis van de familie Radziwill (Short history of the Radziwill Family) // «Oost-Europaverkenningen» № 162, 2000. P. 39—53.
- ^ а б 38. Хто здабыў славу «літоўскага Геркулеса» // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
- ^ Сліўкін В. Найстаражытнейшыя пасяленьні Лідчыны // «Лідзкі летапісец» № 3, 4, 6. — Эл. рэсурс www.radzima.org Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
- ^ Jerzy Radziwiłł(пол.). Genealogia dynastyczna. Праверана 3 кастрычніка 2010 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Юры Радзівіл (гетман вялікі літоўскі) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Генэалягічнае дрэва(пол.)
|
|||||||
|
|||||||