Палута Бадунова
Палу́та (Пелаге́я) Алякса́ндраўна Бадуно́ва (7 верасьня 1885 — 29 лістапада 1938) — беларускі палітык, адна зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, стаяла на пазыцыях незалежнасьці Беларусі.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася ў мястэчку Навабеліца (зараз — адзін з раёнаў Гомелю). Бацька, Аляксандар Восіпавіч, арандаваў невялікі маёнтак, што і было асноўным прыбыткам сям'і, у якой гадавалася сямёра дзяцей — два сыны і пяць дачок. Палута скончыла двухклясную навучальню ў Буйнічах каля Магілёву, пасьля якой вытрымала іспыты на годнасьць хатняй настаўніцы расейскай мовы і геаграфіі. Ад 1905 году пачала працаваць у школах Гомельскага павета.
У 1914—1917 вучылася на вышэйшых гісторыка-літаратурных курсах у Петраградзе, дзе і адбылося знаёмства Палуты з асяродкам маладой беларускай інтэлігенцыі. У чэрвені 1917 году была абраная сябрам ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады. Была дэпутаткай Петраградзкага Савету рабочых і сялянскіх дэпутатаў. З 5 жніўня 1917 году — сябра рэвізійнае камісіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацыяў у Менску. Брала ўдзел у працы І Усебеларускага зьезду.
21 лютага 1918 году ўвайшла ў Народны сакратарыят БНР, заняла пасаду народнага сакратара апекі. Удзельнічала ў адкрыцьці беларускіх дзіцячых прытулкаў і школаў. Старшыня арганізаванага ў Менску 4 траўня 1918 году дабрачыннага беларускага таварыства «Цётка». Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сакратар ЦК партыі. 12 лістапада 1919 году абраная намесьнікам старшыні Народнай Рады БНР.
17 лістапада 1919 году разам зь Язэпам Мамонькам і Вацлавам Ластоўскім была арыштаваная польскімі ўладамі. У красавіку 1920 году, як прадстаўнік БПСР, вяла перамовы з ЦК РКП(б) у Маскве. На зьезьдзе БПСР 25 сьнежня 1920 году ў Менску адстойвала палітычную лінію лавіраваньня ў адносінах да савецкай улады, лічачы магчымай трансфармацыю БССР у сувэрэнную нацыянальную дзяржаву.
Уначы з 16 на 17 лютага 1921 году падчас акцыі па прымусовай «ліквідацыі БПСР» Палута разам зь іншымі сябрамі партыі была арыштаваная бальшавікамі. Ёй, кіраўніцы правай плыні партыі эсэраў, інкрымінавалася сувязь з падпольнымі арганізацыямі ў Віцебскай, Смаленскай, Гомельскай губэрнях, а таксама з арганізацыямі па іншы бок савецка-польскага фронту. Падчас знаходжаньня пад арыштам значна пагоршыўся стан яе здароўя. Нарэшце, 16 жніўня 1921 яна была вызваленая.
У канцы сьнежня 1922 году нелегальна перайшла польскую мяжу і накіравалася ў Вільню. Недзе празь месяц была арыштаваная польскай жандармэрыяй з мэтай высьвятленьня асобы і вяртаньня ў СССР. Толькі ў жніўні яе вызвалілі з-пад арышту з патрабаваньнем неадкладна пакінуць тэрыторыю Польшчы. Але да таго як пакінуць Польшчу, Палута пасьпела сустрэцца і выступіць перад дзеячамі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні, Гданьску, цудам пазьбегнуўшы затрыманьня.
У 1923—1925 гадах жыла ў Празе. Тут паступіла ва Ўкраінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя М. Драгаманава. Але з-за цяжкага стану здароўя, частых захворваньняў вучоба была перапыненая. Моцным ударам для Бадуновай стала навіна аб ліквідацыі БПСР, гэтае рашэньне было прынятае зьездам партыі, што адбыўся ў кастрычніку 1924 у Менску. Пачалі праяўляцца нэрвова-псыхічныя захворваньні.
У 1923 годзе ўрад БССР абвясьціў амністыю дзеячам беларускага руху, якія не змагаліся са зброяй у руках. Гэта ўсё суправаджалася палітыкай беларусізацыі, узбуйненьнем тэрыторыі БССР, пераходам да НЭПу. Чарговы раз даверыўшыся бальшавікам, недзе ў сярэдзіне 1925 году пачалі масава вяртацца эмігранты. У студзені 1925 году Палута вярнулася ў СССР. Наступныя пяць гадоў жыла ў сваёй сястры Марыі ў Менску, спрабавала наладзіць супрацоўніцтва з Інстытутам беларускай культуры.
Першая хваля рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі, што пачалася ў 1930 годзе, Палуту не закранула, магчыма быў улічаны стан яе здароўя. У 1930 годзе вярнулася ў Гомель. Працавала настаўніцай у Навабеліцкай школе, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі.
Улетку 1937 году пачалася новая хваля рэпрэсій. 3 верасьня 1937 году Палута была арыштаваная. 30 лістапада 1937 Асобая тройка НКВД БССР вынесла прысуд — 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў. 25 траўня 1938 году прыгавораная да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляная 29 лістапада 1938 ў Менску.
Рэабілітаваная 21 чэрвеня 1989 году па пастанове Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета СССР па прычыне адсутнасьці складу злачынства.
Ушанаваньне памяці [рэдагаваць]
Гомельскія грамадзкія актывісты зьвярнуліся да ўладаў з просьбай пераназваць вуліцу баўгарскага камуніста Дзімітрава, на якой жыла П.Бадунова, у яе гонар. Разам са зваротам было перададзена 200 подпісаў гамельчукоў. У сувязі з гэтым Гомельскі гарвыканкам мае намер правесьці збор зьвестак аб дзейнасьці міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Палуты Бадуновай і разгледзець пытаньне аб пераназваньні ў яе гонар гарадзкой вуліцы. Просьба не была задаволеная.[1]
Фільм [рэдагаваць]
У 2012 годзе была зьнятая дакумэнтальна-мастацкая стужка пра Палуту Бадунову «Палута Бадунова – успомніць і не забыць», рэжысэр Валерый Мазынскі. Ідэя зрабіць фільм належыць гамельчукам, у прыватнасьці — журналістцы і гісторыку Ларысе Шчыраковай. Яна пачала сама здымаць яго паводле кніжкі Валянціны Лебедзевай, а потым зьвярнуліся да Валерыя Мазынскага. Галоўную ролю выканала гомельская сяброўка Беларускай асацыяцыі журналістаў Ларыса Шчыракова. У кінастужцы таксама зьняліся грамадзкія актывісты з Гомелю.
Чэскі эпізод з жыцьця Палуты здымаўся ў Чэхіі — ў сярэдняй Чэхіі, ў Мысьліборыцах, у старым замку. Таксама здымкі праходзілі ў Карлавым унівэрсытэце. Прэм'ера фільма адбылася на восеньню 2012 году на тэлеканале «Белсат».[2][3]
Літаратура [рэдагаваць]
- Лебедзева В. Пуцявінамі змагання і пакутаў: Палута Бадунова. Мн.: Тэхналогія, 2004. ISBN 985-458-094-6.
Крыніцы й заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Іх імёнамі названы вуліцы горада//arche.by
- ^ Валерый Мазынскі здымае фільм пра беларускую “жалезную лэдзі”. barysau.by (10 красавіка 2012). Праверана 25 красавіка 2012 г.
- ^ Увосень - прэм’ера фільму пра беларускую жалезную лэдзі Навіны. Белсат (25 красавіка 2012). Праверана 25 красавіка 2012 г.
