Мікола Дзямідаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Мікола Дзямідаў (10 сьнежня 1888Ломжа або Гарадок — 23 траўня 1967, Чыкага) — беларускі пэдагог, вайсковец.

Біяграфія [рэдагаваць]

Сын Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозьвішча меў па другім мужу маці. Яго дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі — брат Кастуся Каліноўскага.

У 1905 годзе здаў экзамэн на настаўніка дзьвюхклясных пачатковых школ у настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. У 1907 годзе паступіў як вольны слухач на вячэрнія курсы на гістарычна-філялягічны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту; працаваў у канцылярыі службы руху Ўправы Прывісьлянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 году прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку.

З 1914 году на ваеннай службе ў царскай арміі. 1 лютага 1917 года скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкай рэвалюцыі, быў Наваградзкім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 году ў нямецкім палоне. Арганізаваў беларускія аддзелы ў Вільні. 1 сьнежня 1918 году быў адкамандаваны ў годнасьці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 сьнежня 1918 году да 1 чэрвеня 1919 году быў камэндантам Горадні. Арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, быў інтэрнаваны ў лягеры ў Беластоку. У 1919 году увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі у Вільні.

У 1920 годзе ў навакольлях Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек) і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. У складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі 1014 лістапада вёў зацятыя баі за Калінкавічы, 21 лістапада ўдзельнічаў у баях над Прыпяцьцю. Са сваім батальёнам працягваў барацьбу таксама пасьля адступленьня арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю. Вёў баі да студзеня 1921 году, пасьля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім падразьдзяленьнем, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.

У 19211922 гадох быў настаўнікам у Гарадку, патым жыў у Латвіі. У 1940 быў арыштаваны і да 1941 году зьняволены ў Маскве на Лубянцы. У 19411944 гадох быў інспэктарам школьніцтва ў Латвіі і Беларусі. Быў выкладчыкам у батальёне Беларускай Краёвай Абароны. Быў адкамандзіраваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады. З 1950 году ў ЗША.

Пахаваны ў Чыкага.

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]