Люцічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Лю́цічы (вільцы, велеты) — зьвяз заходнеславянскіх плямёнаў. Этнонім магчыма паходзіць ад старажытнаславянскага «людцы», альбо «людзі». Адзін з племянных зьвязаў так званых палабскіх славян — спрадвечнага славянскага насельніцтва сучаснай паўночнай, паўночна-заходняй і ўсходняй Нямеччыны. Акрамя люцічаў, у склад палабскіх славян уваходзілі племянныя зьвязы бодрычаў (абадрытаў, рарагаў або рэрэкаў) і лужычане (лужыцкія сэрбы, мільчане або проста сэрбы). Самі люцічы складаліся з доленчан, ратараў, хіжан і чэразьпенян. Люцічы пражывалі на тэрыторыях цяперашніх нямецкіх фэдэральных земляў Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія і Брандэнбург (поўнач Брандэнбурга). Абедзьве зямлі знаходзяцца ва ўсходняй Нямеччыне. Цэнтрам зьвяза люцічаў было сьвяцілішча «Радагост», у якім пачытаўся бог Сварожыч. Усе рашэньні прымаліся на вялікім племянным зборы, а цэнтральная ўлада адсутнічала. Таксама адной з сталіц люцічаў зьяўляўся горад Аркона, які разьмяшчаўся на высьпе Руген (славянская назва Руян) са сьвяцілішчам бога Сьвятавіта. Гэты горад быў разбураны датчанамі пры каралю Вальдэмары I, падчас войн, якія праводзілі ўжо прыняўшыя на той момант хрысьціянства нямецкія дзяржавы супраць земляў палабскіх славян, з мэтай далучэньня гэтых багатых земляў да нямецкіх дзяржаваў і звароту мясцовага насельніцтва ў хрысьціянства. Датчане, у прыватнасьці, прымалі ўдзел у гэтых войнах перасьледваючы сваю мэту, акрамя распаўсюджваньня хрысьціянства, яшчэ і абарону ад люцічаў, а таксама помста за напады і спусташэньні, якія да гэтага зьдзяйсьнялі люцічы ў стаўленьні да Даніі; нарэшце, мэтай зьяўлялася вызваленьне ад даніны, якую выплачвалі люцічам некаторыя дацкія правінцыі. Гл. таксама руяне.

Люцічы ўзначалілі славянскае паўстаньне 983 году супраць нямецкай калянізацыі земляў усходняй Эльбы, у выніку якога калянізацыя прыпынілася амаль на дзьвесьце гадоў. Ужо да гэтага яны былі заўзятымі супернікамі нямецкага караля Атона I. Аб яго нашчадку, Генрыху II, вядома, што ён не спрабаваў іх заняволіць, а наадварот перавабіў іх грашыма і падарункамі на свой бок у барацьбе супраць Польшчы Баляслава Адважнага.

Ваенныя і палітычныя посьпехі ўзмацнілі ў люцічах прыхільнасьць паганству і паганскім звычаям, што адносілася і да роднасных бодрычаў. Аднак у 1050-х сярод складовых плямёнаў люцічаў вылілася міжусобная вайна і зьмяніла іх становішча. Зьвяз хутка губляў моц і ўплыў, а пасьля таго, як цэнтральнае сьвяцілішча было разбуранае саксонскім герцагам Лотарам у 1125 годзе, зьвяз канчаткова распаўся. На працягу наступных дзесяцігодзьдзяў саксонскія герцагі паступова пашырылі свае валадарствы на ўсход і заваявалі землі люцічаў. У сваю чаргу люцічы імігравалі ў двух накірунках — у Чэхію і вярхоўі рэкаў Віліі і Нёмана. Гэта пацьвярджаюць усе сучасныя чэскія дасьледчыкі, бо большасьць чэскіх гарадоў (Літвінаў, Літамежыца і г.д) да XIII стагодзьдзя зваліся Лютвінаў, Лютамежыца і г. д. (усяго больш 120 гарадоў, мястэчак і вёсак у Чэхіі). Гэтак жа і на тэрыторыі сучаснай Заходняй Беларусі і Віленскага краю люцічы заснавалі свае селішчы (Літва, Літоўцы і інш., больш за 55 пунктаў).