Багуслаў Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Багуслаў Радзівіл
Bahusłaŭ Radzivił. Багуслаў Радзівіл.jpg
Багуслаў Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст.
POL COA Radziwiłł.svg
Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 3 траўня 1620
Гданьск, Каралеўства Польскае
Памёр: 31 сьнежня 1669
каля Караляўца, Прусія
Род: Радзівілы
Бацькі: Януш Радзівіл
Альжбета Соф’я Гогенцолерн
Жонка: Ганна Марыя Радзівіл
Дзеці: Людвіка Караліна Радзівіл

Багуслаў Радзівіл (3 траўня 1620 у Гданьску — 31 сьнежня 1669 пад Караляўцом) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1], мэцэнат. Харунжы (16381646) і канюшы1646) вялікі літоўскі. Асабісты дарадца швэдзкага караля Карла X Густава ў часе Паўночнай вайны 16551660 гадоў[2].

Валодаў вялікай лятыфундыяй, па сьмерці бацькі атрымаў у валоданьне Слуцкае і Капыльскае княствы, шматлікія маёнткі, у выніку шлюбу са сваёй стрыечнай пляменьніцай Ганнай Марыяй, атрымаў Кейданы, Дубінкі, Біржы, Заблудаў, Койданаў, Беліцу і інш. Трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Януша і Альжбеты Соф’і Гогенцолерн.

Ад 7-гадовага веку выхоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім пад апекай стрыечнага дзядзькі Крыштапа Радзівіла. Навучаўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Ўтрэхце (Нідэрлянды), Парыжы.

Неаднаразова абіраўся паслом на соймы, займаў пасады харунжага і канюшага вялікіх літоўскіх. Да 1648 знаходзіўся ў Галяндыі і Францыі, кароль Людовік XIV прызначыў яго генэральным палкоўнікам польскай пяхоты і кавалерыі францускага войска. Вярнуўся на радзіму з пачаткам паўстаньня казакоў на Ўкраіне пад камандай Б. Хмяльніцкага. Атрымаў ад Яна Казімера пасаду генэрала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў войсках Кароны і Вялікага Княства, удзельнічаў у Бітве пад Берастэчкам.

У 1652 дамогся ў караля і вялікага князя Магдэбурскага права для Слуцку (паўторна) і Капылю. Забясьпечыў Слуцак новымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі — цытадэльлю і крапаснымі сьценамі з бастыёнамі і 4 брамамі.[3] Разьмясьціў у месьце залогу ў 1 тысячу чалавек, што дало магчымасьць месьцічам вытрымаць аблогу і штурм масоўскага войска ў 1655.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (16541667) удзельнічаў у баявых дзеяньнях, у тым ліку аблозе Магілёва ў лютым — траўні 1655. З пачаткам Паўночнай вайны (16551660) у ліпені таго ж году разам са стрыечным братам гетманам вялікім літоўскім Янушам Радзівілам вёў перамовы са швэдзкім каралём Карлам X Густавам, якія скончыліся падпісаньнем Кейданскай уніі — пераходу Вялікага Княства Літоўскага пад пратэктарат Швэцыі. Узначальваў брандэнбурскае войска на тэрыторыі Прусіі (16571658), аднак потым вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і ваяваў супраць Швэцыі ў Курляндыі.

Сабраў у Слуцку архіў, бібліятэку, дзе зьберагаліся каштоўныя рукапісы, у тым ліку Радзівілаўскі летапіс.

Зьбіраў творы мастацтва, аўтар замалёвак з панарамамі беларускіх местаў, эскізаў і праектных рысункаў збудаваньняў (зьберагаюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі). Падтрымліваў кальвінісцкія зборы і школы, складаў рэлігійныя гімны. На службе ў Багуслава Радзівіла былі многія навукоўцы, дзеячы культуры, у тым ліку Ю. Нарановіч-Наронскі, С. Незабітоўскі.

Па сьмерці Багуслава Радзівіла ягоныя ўладаньні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны (г.зв. «Нойбурскія маёнткі»).

[рэдагаваць] Цікавыя факты

  • Багуслаў Радзівіл мае дачыненьне да распрацоўкі гербу Слуцку. Апроч таго, сярод ягоных рысункаў маецца праект мескай ратушы[4].
  • Заснаваньне Багуславам Радзівілам у 1643 паселішча Багуслаў Поле (пазьней Жодзіна Слабада, Жодзін) у наш час на афіцыйным узроўні лічыцца пачаткам гісторыі места Жодзіна[5].

[рэдагаваць] Галерэя

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Багуслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 487.
  2. ^ Ирина Масленицына, Николай Богодяж. Слуцкий князь Богуслав Радзивилл не променял литвинку на сестру шведского короля // «Аргументы и факты» № 4, 26 студзеня 2011.
  3. ^ Цытадэль няспраўджанай сталіцы. Інфа-Кур’ер. Праверана 10 красавіка 2011 г.
  4. ^ К. Я. Шышыгіна-Патоцкая. Нясвіж і Радзівілы. Мн.: Беларусь, 2007. [1]
  5. ^ Глеб Лабадзенка. Жодзіна заснаваў кузэн Людовіка XІV! // «Звязда» № 97 (26705), 21 траўня 2010.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Багуслаў Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах