Сказ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Сказ — камунікатыўна-сынтаксычная адзінка, якая складаецца са спалучэньня словаў ці асобнага слова і служыць для выражэньня думкі або пачуцьця.

Галоўныя асаблівасьці сказу — камунікатыўнасьць, прэдыкатыўнасьць, граматычная аформленасьць, сэнсавая й ітнанацыйная закончанасьць. Камунікатыўнасьць заключаецца ў тым, што сказ служыць асноўным сродкам моўных зносінаў, прызначаны для паведамленьня пра зьявы й падзеі аб’ектыўнай рэчаіснасьці. Прэдыкатыўнасьць выражае ацэнку рэчаіснасьці, паказвае, што сьцьвярджаецца ці адмаўляецца ў сказе. Яна рэалізуецца пры дапамозе сынтаксычнай мадальнасьці і сынтаксычнасьці часу, якія вызначаюць адносіны таго, пра што паведамляецца, да рэчаіснасьці і канкрэтнага часу (цяперашняга, мінулага, будучага) і выражаюцца дзеяслоўнымі катэгорыямі ладу, часу і асобы, а пры іхнай недастатковасьці або адсутнасьці — мадальнымі словамі, часьціцамі, інтанацыяй.

Словы й спалучэньні словаў у сказе заўсёды граматычна арганізаваныя сынтаксычнымі сувязямі й адносінамі ў цэласнае адзінства, якое зьмяшчае асобную думку, пачуцьцё ды вызначаецца адноснай сэнсавай і інтанацыйнай закончанасьцю: "Лёгкі ветрык чуць прыкметна збажыну калыша" (Янка Купала). У залежнасьці ад колькасьці прэдыкатыўных асноваў (адна ці болей) дзеляцца на простыя сказы й складаныя сказы. Пэўным чынам арганізаваная пасьлядоўнасьць сказаў стварае зьвязны тэкст, які ляжыць у аснове твораў мастацкай, публіцыстычнай і іншай літаратуры.

У залежнасьці ад таго, што й дзеля чаго паведамляецца, сказы бываюць:

  • апавядальныя: Я тут жыву. Я мушу ведаць вашу мову.
  • пытальныя: Што ты пакінеш у спадчыну ўнукам сваім?
  • пабуджальныя: Жыве Беларусь!

Словы-сказы — закончаная думка перадаецца адным словам: Так. Ага. Пэўне ж. Але. Не.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 431. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14)