Тураўскі слоўнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ту́раўскі сло́ўнік — слоўнік, які адлюстроўвае лексыку гаворак Тураўшчыны.

Слоўнік складаецца зь пяці тамоў. Ён уяўляе сабой поўны слоўнік традыцыйнай лексыкі, якую складальнікі разумеюць як характэрную для гаворкі спрадвечную або дастаткова старую лексыку. Сюды адносяцца перш за ўсё словы, якія складаюць дыялектную лексычную аснову тураўскай гаворкі. Разам з тым у слоўнік уключаны і розныя ўласныя лексычныя набыткі гаворкі. Складальнікі слоўніка ўлічылі і тую акалічнасьць, што «гаворка Тураўшчыны, як і ўсе гаворкі ўсходняга Палесься, знаходзіцца на пэрыфэрыі сучаснай беларускай дыялектнай мовы, і любы іншы від даведніка па яго лексыцы мог бы даць не зусім правільнае ўяўленьне аб асаблівасьцях яго слоўнікавага складу».

Уся лексыка падаецца ў альфабэтным парадку, за выключэньнем памяншальных назоўнікаў, якія прыводзяцца ў артыкулах на словы, ад якіх утвораны. Абагульнены ў адзін слоўнікавы артыкул розныя рэгулярныя і нерэгулярныя фанэтычныя варыянты словаў і амонімы.

Слоўнікавы артыкул у «Тураўскім слоўніку» пабудаваны наступным чынам: загалоўнае слова, марфалягічная і стылістычная яго характарыстыка, раскрыцьцё сэмантыкі слова, ілюстрацыя кожнага значэньня адным або некалькімі прыкладамі на іх ужываньне. У канцы многіх слоўнікавых артыкулаў прыводзяцца ўстойлівыя фразэалягічныя выразы, а ў асобных зь іх — кароткія этнаграфічныя зьвесткі, зьвязаныя з прадметам ці зьявай. Для ілюстрацыі словаў выкарыстоўваюцца найбольш удалыя і зьмястоўныя сказы, у якіх адлюстравана інфармацыя пра мясцовасьць, побыт, звычаі, адносіны людзей, мясцовыя зьявы жыцьця, а таксама прыказкі, прымаўкі, прыкметы, загадкі, звычаі і г. д.

Кожны том «Тураўскага слоўніка» завяршаецца разьдзелам «Тэксты», у якім зьмешчаны ўзоры мясцовай мовы розных жанраў: побытавыя апавяданьні, легенды, звычаі, замовы і г. д. У ім выдзяляецца вялікі цыкль апавяданьняў «Вясельле», у якім на мясцовай гаворцы пададзены падрабязны сцэнар традыцыйнага тураўскага вясельля з тэкстамі абрадавых песень (звыш 100 розных вясельных песень). Запісаў іх і падрыхтаваў для слоўніка ўраджэнец вёскі Пагост, энтузіяст і зьбіральнік узораў духоўнай культуры Тураўшчыны, навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі АН РБ М. А. Саскевіч. Другі цыкль апавяданьняў можна аб’яднаць умоўна пад назвай «Цётка Парулюшка расказвае…». Гэта апавяданьні жыхаркі вёскі Старажоўцы Параскі Мікітаўны Жукоўскай.

У пятым томе «Тураўскага слоўніка» зьмешчаны разьдзел «Анамастыка», у якім прыводзіцца значная частка сабранага матэрыялу па ўласных назвах Тураўшчыны (2095 словаў) — палёў, сенажацей, лесу, балот, узгоркаў, рэчак, азёраў і г. д., а таксама прозьвішчы і мянушкі жыхароў па найменьні мясцовых населеных пунктаў.

У пяці тамах «Тураўскага слоўніка» зьмешчана 20 004 слоўнікавыя артыкулы і вялікая колькасьць разнастайных устойлівых (сэмантычна непадзельных) словазлучэньняў. Слоўнік шырока раскрывае лексычны склад тураўскай гаворкі.

Зьбіраньне матэрыялаў для картатэкі слоўніка адбывалася ў вызначанай усходне-палескай дыялектнай зоне, цэнтрам якой зьяўляўся Тураў. Гэты этнадыялектычны мікрараён зь вельмі выразнымі межамі ўключаў у сябе, акрамя места, 33 вёскі, і быў умоўна названы Тураўшчынай.

Мясцовыя слоўныя багацьці зьбіраліся многімі шляхамі і спосабамі. Перш за ўсё былі выкарыстаны навуковыя дапаможнікі для зьбіраньня лексыкі — апытальнікі, праграмы і інш. У зьбіральніцкай справе вялікую дапамогу аказалі настаўнікі Тураўшчыны. Найбольш актыўна дапамагаў навуковец М. Е. Бруй, які даслаў у картатэку больш як 200 дыялектызмаў. Зборам лексыкі таксама займаліся былы дырэктар Хільчыцкай сярэдняй школы Ф. С. Санец, настаўніца гэтай школы М. Л. Кацэвіч. Вялікая падборка экспрэсіўнай лексыкі была атрымана ад М. А. Дарошкі зь вёскі Верасьніца.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тураўскі слоўнік // А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін, П. А. Міхайлаў, Т. П. Трухан. Т. 1—5. — Мн.: «Навука і тэхніка».
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Жыткавіцкага р-на / Рэд.-укл. В. Р. Феранц. — Мн.: Ураджай, 1994. — 767 с., [8] л. іл. ISBN 5-7860-0614-X.