Ангельская кухня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Анге́льская ку́хня ў наш час не карыстаецца вялікай папулярнасьцю ў сьвеце, але аказала пэўны ўплыў на фармаваньне комплексу страваў, уласьцівых агульнаэрапейскай кулінарыі (напрыклад: ростбіф, біфштэкс). Сярод арыстакратыі Рэчы Паспалітай асобныя стравы ангельскай кухні пачалі распаўсюджвацца ў другой палове XVIII стагодзьдзя (у гэты час распаўсюдзілася мода на портэр), спачатку пры пасярэдніцтве францускай кухні, пазьней дзякуючы высокай рэпутацыі ангельскай культуры ў эпоху прамысловай рэвалюцыі. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя з Ангельшчыны прыйшла мода на нятлустую сьвініну (бэкон), гарбату (асабліва на адмысловы спосаб яе падачы, г. зв. «гарбату па-ангельску»), сэндвічы, ром, пудынгі (асабліва плам-пудынг) і іншыя. У Ангельшчыне была вынайдзеная блізкая да сучаснай кухонная пліта, якая пачала распаўсюджвацца ў заможных дамах у 1830-х гадах пад назвай «ангельскай». Самастойная рэцэпцыя беларускай шляхтай ангельскіх звычаяў спынілася пасьля падаўленьня паўстаньня 1863 году.

У другой палове XX стагодзьдзя Ангельшчына найбольш прычынілася да распаўсюджваньня ў Эўропе кулінарных традыцыяў сваіх былых калёніяў (асабліва Індыі, напрыклад кары) ды іншых неэўрапейскіх краін (Кітаю, Японіі) і сёньня зьяўляецца самай касмапалітызаванай у гастранамічным сэнсе нацыяй у Эўропе. З уласна ангельскіх традыцыйных страваў захоўваюцца пудынгі, якія гатуюць і як асноўныя (мясныя, крупяныя, гародніныя) і як дэсэртныя (салодкія фруктовыя) стравы. Г. зв. «чорны пудынг» на самой справе зьяўляецца аналягам беларускай крывянкі. Папулярнай нацыянальнай стравай зьяўляецца вадкая аўсяная кашапорыдж, якую звычайна ядуць на сьняданьне. Ангельшчына мае разьвітую малочную гаспадарку, вырабляе некалькі славутых гатункаў нацыянальных сыроў (стылтан, ўэнзьлідэйл і інш.); на пачатку XX стагодзьдзя вялікую папулярнасьць мела імпартаванае зь Беларусі дзісенскае масла. Ангельцы спажываюць вельмі мала хлеба, але шмат рыбы і морапрадуктаў (асабліва любяць смажаную рыбу са смажанай бульбай, «фіш энд чыпс»), мяса нятлустых гатункаў (з соўсамі — мятным, кетчупам і г. д.). Найбольш папулярнымі стравамі ў грамадзкім харчаваньні ў апошнія дзесяцігодзьдзі зьяўляюцца асарты з крэветак, стэйк «гарні» і «шварцвальдзкі» вішнёвы торт.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша Ежа»Commons-logo.svg  Ангельская кухнясховішча мультымэдыйных матэрыялаў