Ахоўнае аддзяленьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Групавое фота супрацоўнікаў Пецярбурскага ахоўнага аддзяленьня. 1905.

Ахоўнае аддзяленьне (па-расейску: Охранное отделение) — падразьдзяленьне дэпартамэнту паліцыі Міністэрства ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі, якое займалася палітычным вышукам. З моманту стварэньня аддзяленьне атрымала выключнае права вядзеньня апэратыўна-вышуковай працы па палітычных злачынствах, як у Расеі, так і за мяжой.

Аддзяленьне па ахове парадку і грамадзкай бяспекі было створана ў 1866 годзе ў Санкт-Пецярбургу пасьля замаху на Аляксандра II. У Маскве і Варшаве зьявілася ў 1880 годзе. З 1880 году падпарадкоўвалася непасрэдна Дэпартамэнту паліцыі Міністэрства ўнутраных справаў.

Да 1914 году ў краіне існавала 26 ахоўных аддзяленьняў у розных губэрнях і абласьцях. У выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ахоўныя аддзяленьні былі скасаваныя. Агульная колькасьць супрацоўнікаў усіх ахоўных аддзяленьняў была меней за тысячу чалавек, зь якіх дзьвесьце працавалі ў Санкт-Пецярбургу. У большай частцы губэрняў было ня больш за 2—3 супрацоўнікі ахоўнага аддзяленьня. Акрамя афіцыйнага штату, ахоўнае аддзяленьне мела спэцыяльную агентуру — філёраў, якія ажыцьцяўлялі зьнешнее назіраньне, і інфарматараў, укаранённых у палітычныя партыі.