Банан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Банан
Musa-sp3.1.jpg
Клясыфікацыя
Царства Расьліны
Аддзел Кветкавыя расьліны
Кляса Аднадольныя
Атрад Бананакветкавыя
Сямейства Бананавыя
Трыба Músa
Род Банан
Бінамінальная намэнклятура
Musa

Бана́н (па-лацінску: Musa) — род шматгадовых травяністых расьлінаў сямейства бананавых (лац. Musaceae), радзімай якіх зьяўляюцца тропікі Паўднёва-Ўсходняй Азіі й, у прыватнасьці, Малайскі архіпэляг.

Бананамі таксама называюць плады гэтых расьлінаў, якія выкарыстоўваюць у харч. На сёньня розныя сарты стэрыльнага трыпалёіднага культыгена Musa × paradisiaca (штучнага віду, які не сустракаецца ў дзікай прыродзе), створана на аснове некаторых відаў гэтых расьлінаў, шырока культывуюцца ў трапічных краінах і шмат у якіх зь іх складаюць важную долю рынка. Банан сярод вырошчваемых культураў займае чацьвертае месца ў сьвеце, саступаючы толькі рысу, пшаніцы й кукурузе[1].

Род аб’ядноўвае звыш 40 відаў, якія распаўсюджаны, галоўным чынам, у Паўднёва-Ўсходняй Азіі й на выспах Ціхага акіяну. Самы паўночны від — Банан японскі (Musa basjoo), зь японскіх выспаў Рукю, вырошчваецца ў якасьці дэкаратыўнай расьліны на чарнаморскім узьбярэжжы Каўказа, у Крыме й Грузіі[2].

Культываваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адна зь першых пісьмовых згадак пра банан зьмяшчаецца ў старажытным індыйскім рукапісу Магабгарата

Бананы ёсьць аднымі з самых старажытных расьлінаў, які пачалі вырошчвацца чалавекам. Іхнай радзімай лічацца астравы Малайскгаа архіпэляга, дзе, як лічаць навукоўцы, старажытныя жыхары вырошчвалі іх і спажывалі як дадатак да рыбнай дыеты[3][4]. Падарожнічаючы астравамі Ціхага акіяну, яны запасаліся вядомай ім садавінай і такім чынам спрыялі распаўсюджваньню бананаў. Першым з сучасных навукоўцаў, які ўсталяваў геаграфічнае паходжаньне бананаў, стаў адзін з заснавальнікаў навуковай сэлекцыі, акадэмік Мікалай Вавілаў, які ў 1920-х1930-х гадох дасьледаваў розныя рэгіёны сьвету й апісаў вынікі ў працы «Цэнтры паходжаньня культурных расьлінаў»[5][6].

Першыя пісьмовыя згадкі аб гэтым плодзе дайшлі да нашага часу ў будыйскім каноне на мове палі, які адносіцца да VVI стагодзьдзяў да н. э. — верагодна, да таго часу бананы з дапамогай мараплаўцаў ужо былі інтрадуцыяваны ў Індыі. Пазьней бананы ўжо даволі часта згадваюцца ў старажытных рукапісах на розных мовах. Напрыклад, у індыйскім эпасе Магабгарата й Рамаяна гаворыцца пра тое, што будыйскім манахам дазволена піць напой, прыгатаваны з бананаў. Бананы апісваюцца ў «Натуральнай гісторыі расьлінаў» старажытнагрэцкага філёзафа й аднаго з заснавальнікаў батанікі Тэафраста, які жыў у IV стагодзьдзі да н. э.. Кітайскі тактык і пісьменьнік Ян Фу (кіт. 杨阜), які жыў у часы кітайскай дынастыі Лян, то бок у 502557 гады, у сваёй «Энцыкляпэдыі незвычайнага» ўпершыню згадвае аб разьвядзеньні бананаў у гэтай краіне. Рымскі пісьменьнік Плініюс Старэйшы ў склад «Натуральнай гісторыі» згадвае пра тое, што Аляксандар Македонскі падчас свайго паходу ў Індыю ў 327 годзе да н. э. паспрабаваў гэтую садавіну й нават прывёз яго з сабой у Эўропу[7]. Калі да таго часу ў заходнім сьвеце не адзначана відавочнага абазначэньня для банана, то ў Плініюса Старэйшага ён упершыню згадваецца як «паля» (лац. pala). Гэтая назва да гэтага часу захавалася ў адной з індыйскіх моваў малаялам.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што бананы былі таксама вядомыя й у Паўднёвай Амэрыцы да прыходу эўрапейцаў. Сьцьвярджэньні абгрунтоўваюцца тым, што рэшткі бананавага лісьця знаходзілі ў пэруанскіх індзейскіх магільніцах. Акрамя таго, некаторыя лічаць, што пад «райскай садавінай», у Старым Запавеце спакушаўся да Адама й Евы ў раі менавіта банан[8][9]. Апошняе сьцьвярджэньне вельмі спрэчнае, паколькі ні старажытныя эгіпцяне, ні старажытныя габрэі аб бананах нічога ня ведалі.

Пасьля 650 году бананы былі завезены з Індыі ў Палестыну й на ўсходняе ўзьбярэжжа Афрыкі — на гэты раз дзякуючы арабам, якія актыўна гандлявалі рабамі й слановай косткай. Да часу актыўнага дасьледаваньня Заходняй Афрыцы эўрапейцамі, якое прыйшлося на XV стагодзьдзе, бананы там ужо былі добра вядомыя. Пасьля 1402 году партугальцы прывезьлі бананы з Гвінэі на Канарскія астравы, дзе заняліся іхным вырошчваньнем, а ў 1516 годзе — праз толькі 24 гады пасьля адкрыцьця Амэрыкі Калюмбам — завезьлі гэтую садавіну на востраў Гаіці. Апошняе падарожжа ўзначальваў гішпанскі місіянэр манах Томас дэ Бэрлянга (гішп. Tomas de Berlanga). Аб актыўным вырошчваньні бананаў у Паўднёвай Амэрыцы ўжо ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пісаў у сваёй «Хроніцы Пэру» Пэдра дэ Сьеса дэ Леон у 1553 годзе[10].

Нягледзячы на тое, што ў тропіках бананы хутка заваявалі папулярнасьць, у эўрапейскіх і амэрыканскіх краінах з умераным кліматам яны яшчэ доўгі час заставаліся вельмі рэдкім экзатычным прадуктам, паколькі адным з асноўных патрабаваньняў да іхнага транспартаваньня й захоўваньня зьяўляецца падтрыманьне сталай тэмпэратуры не вышэй за 14 °C[3]. Толькі ў другой палове XIX стагодзьдзя, з вынаходзтвам халадзільных установак і будаўніцтвам чыгунак, зьявілася стабільная магчымасьць дастаўкі гэтай садавіны на паўночныя рынкі спачатку ЗША, а потым і Эўропы.

Вырошчваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бананавыя плянтацыі.

Як прадукты харчаваньня, бананы культывуюць у тропіках на вышыні да 2 тысячаў мэтраў над узроўнем мора. Спрыяльнымі ўмовамі для вырошчваньня гэтых расьлінаў лічаць тэмпэратуры ад 26 да 35 °C днём і ад 22 да 28 °C ноччу[11]. Пры тэмпэратуры ніжэй за 16 °C рост расьліны значна запавольваецца, а пры 10 °C — спыняецца зусім. Толькі асобныя гатункі, як то раджапуры, здольныя вытрымліваць нізкія тэмпэратуры каля 0 °C. Вышыня над узроўнем мора, на якой расьліны прыжываюцца, залежыць ад даўгаты — звычайна яна не перавышае 920 мэтраў, не зважаючы на тое, што на гавайскім востараве Маўі яны растуць на вышыні да тысячы мэтраў, а ў Папуа-Новай Гвінэі — да двух тысячаў мэтраў над узроўнем мора[1]. Вялікае значэньне для культываваньня гэтай садавіны таксама мае пэўны рэжым вільготнасьці, то бок засушлівы сэзон не павінен доўжыцца больш за тры месяцы ў годзе, а сярэдняя норма ападкаў павінна складаць ня менш за 100 мм у месяц[12].

У выпадку недоўгачасовага пахаладаньня бананавыя плянтацыі спрабуюць абаграваць, затапляючы іх вадой або абпальваючы дымам. Многія культуры адчувальныя да моцнага ветру — неглыбокая каранёвая сыстэма няздольная ўтрымаць расьліну на месцы, і толькі лісьце, якія ірвуцца ўздоўж прожылкаў, памяншае ціск на расьліну. Для вырошчваньня ў прамысловых маштабах патрабуецца добра асушаная, пажадана кіслая глеба. У глебе, небагатай мінэральнымі рэчывамі, расьліны пры добрым доглядзе таксама будуць расьці, аднак у гэтым выпадку іхная культывацыя можа стаць эканамічна невыгоднай. Ураджайнасьць пладоў можа дасягаць да 40 тысяч кіляграмаў на гектар плошчы штогод[1].

Транспартаваньне пладоў, Гішпанія.

Пэрыяд поўнага пасьпяваньня пладоў, пачынаючы з пасадкі, звычайна займае 10—12 месяцаў, а для некаторых гатункаў можа складаць 17—19 месяцаў. Для плянтацыяў выбіраюць як урадлівыя землі ў рачных далінах, гэтак і раўнінныя вучасткі й схілы пагоркаў. Калі зямля ня схільная да эрозіі, перад пасадкай яе добра аруць. Размнажэньне ў асноўным праходзіць вегетатыўна, радзей насеньнем. Як правіла, пасадка вырабляецца перад або ў пачатку сэзону дажджоў, бо ў гэтым выпадку саджанцы атрымліваюць неабходную ім колькасьць вільгаці. Шчыльнасьць насаджэньняў вар’іруе ў шырокіх межах і залежыць ад шматлікіх фактараў, як то пры згушчанай пасадцы паляпшаецца супраціў ветру, аднак павялічваецца адчувальнасьць да захворваньняў. Увогуле, на адным гектары можа расьці ад 600 да 4400 расьлінаў[12].

Падчас росту плянтацыі старанна праполваюць, дзеля барацьбы з пустазельлямі ўжываюць розныя мэтады, як то прымяненьне гербіцыдаў, мульчаваньне (абкладаньне каранёў) сухім бананавым лісьцем і нават выкарыстоўваюць гусей, якія ахвотна ядуць некаторае пустазельле, пры гэтым не чапаючы бананаў. Калі глебы недастаткова ўрадлівыя, то іх актыўна ўгнойваюць. Склад мінэральных рэчываў, якія выкарыстоўваюць для падкорму, залежыць ад кожнага канкрэтнага выпадку, то бок гэта могуць быць азот, каль або фосфар.

Калі ў расьлінаў зьяўляюцца плады, іх абавязкова падпіраюць драўлянымі ці бамбукавымі шастамі, каб яны не зламаліся пад цяжарам пладоў, а самі плады для лепшай захаванасьці пакрываюць старымм сухімі лістамі, брызэнтам, мешкавінай альбо плястыкавай плёнкай. Зразаюць плод яшчэ зялёным, калі ён пасьпеў толькі на 75% — у такім выглядзе ён лягчэй транспартуецца й даўжэй захоўваецца. Бананы дрэнна захоўваюцца, бо ў месцах мэханічных пашкоджаньняў скуркі хутка ўзьнікаюць пацямненьні, якія загніваюць[13]. Каб бананы не страцілі свой таварны выгляд, іх апрацоўваюць цытрынавым сокам або апускаюць у вуглякіслую мінэральную ваду[14].

Індустрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сартыроўшчыцы бананаў у Бэлізе адразаюць бананы ад галінаў.

Росквіт індустрыі бананаў бярэ свой пачатак у другой палове XIX стагодзьдзя, калі з вынаходзтвам халадзільных установак зьявілася магчымасьць транспартаваньня гэтага тавару ў рэгіёны з умераным кліматам. Ейнымі заснавальнікамі лічаць двух амэрыканцаў — Ларэнца Бэйкера й Майнора Кейта, якія незалежна адзін ад аднаго ў 1870 і 1872 гадох заняліся транспартаваньнем гэтай садавіны з краінаў Лацінскай Амэрыкі й Вэст-Індыі ў ЗША. Першы зь іх дастаўляў тавар з Ямайкі ў Бостан, а другі заснаваў плянтацыю ў Коста-Рыцы й перавозіў прадукты морам у Новы Арлеан й Нью-Ёрк. Першыя перавозкі былі занадта рызыкоўныя, бо ў выпадку неспрыяльнага ветру караблі затрымліваліся ў шляху, і тавар хутка псаваўся[4].

Аднак ужо да пачатку XX стагодзьдзя бізнэс стаў хутка разьвівацца, і зь лёгкай рукі амэрыканскага пісьменьніка О. Генры (аповесьць «Каралі й капуста») нават зьявіўся тэрмін «бананавая рэспубліка», які адносіцца да эканамічна слабых дзяржаваў, цалкам залежных ад экспарту гэтай садавіны. Бурны рост індустрыі працягнуўся й у XX стагодзьдзі, толькі з 1961 па 2001 гады вытворчасьць тавару вырасла больш чым у 3,5 разы[15].

У цяперашні час бананы вырошчваюць практычна ва ўсіх краінах зь вільготным трапічным кліматам. Паводле дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, якая займаецца пытаньнямі разьвіцьця сельскай гаспадаркі, агульны аб’ём выгадаваных бананаў у сьвеце ў 2001 годзе верагодна склаў каля 99 млн тон гэтай садавіны. Далёка не ўсе краіны займаюцца экспартам гэтай прадукцыі, то бок Індыя, Бразылія, Кітай і Тайлянд вырошчваюць яе толькі для ўнутранага спажываньня[7].

Аднак паводле аб’ёму прадукцыі Індыя й Бразылія, а таксама Эквадор, займаюць першыя пазыцыі ў сьвеце, то бок доля Індыі складае 23%, а Бразыліі й Эквадора — па 9%[15]. Каля 80% усяго экспарту прыпадае на краіны Лацінскай Амэрыкі — у асноўным гэта Эквадор (28,5%), Коста-Рыка (13,9%), Калюмбія (10,0%) і Гватэмала (5,8%). Вялікі аб'ём экспарту таксама прыходзіцца на Філіпіны (11,7%). Шмат якім астраўным краінам бананы прыносяць ільвіную долю даходаў ад экспарту, як то Сэнт-Люсіі, якая складае амаль палову агульнай выручкі ад экспарту (49,6%). Асноўныя імпартэры прадукцыі зьяўляюцца Эўразьвяз (33,9%), ЗША (28,3%) і Японія (7,1%).

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужываньне ў ежу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Смажаны плянтайн.

У многіх краінах бананы зьяўляюцца адной з асноўных крыніцаў харчаваньня, то бок толькі ў Эквадоры гадавое спажываньне гэтага прадукту складае 73,8 кг на душу насельніцтва. Істотную долю спажываньня бананы таксама складаюць у Бурундзі (89,4 кг), Самоа (85,0 кг), Каморскіх астравах (77,8 кг) і на Філіпінах (40,6 кг).

Ядомыя гатункі бананаў умоўна падзяляюцца на дзьве асноўныя групы: дэсертныя, якія ўжываюцца, галоўным чынам, у сырым або сушоным выглядзе, і плянтайны, якія перад ужываньнем патрабуюць тэрмічнай апрацоўкі. Мякаць дэсэртных гатункаў вельмі салодкая на смак, зьмяшчае вялікую колькасьць вугляводаў, вітаміну C і некаторыя неабходныя арганізму мінэральныя рэчывы, як то фосфар, жалеза, каль, кальц і магн. Плянтайн (ад гішп. plantar — саджаць), як правіла, ёсьць плодам зь зялёнай або чырвонай лупінай і крухмалістый, жорсткай і несалодкай мякацьцю; перад ужываньнем у ежу іх смажаць, вараць або апрацоўваюць парай. Акрамя ўжываньня ў ежу, плянтайны часьцяком выкарыстоўваюць у якасьці корму для хатняга жывёлы[3].

Амаль усе ў цяперашні час бананы, як то дэсэртныя гатункі, гэтак і плянтайн, зьяўляюцца варыяцыямі аднаго культыгену (штучнага выгляду, створанага чалавекам) Musa × paradisiaca, які зьяўляецца гібрыдам банана завостранага (Musa acuminata), банана Бальбіса (Musa balbisiana) і радзей банана Маклая (Musa maklayi)[2][3].

Стравы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падсмажаныя на вуглях бананы. Традыцыйная форма падрыхтоўкі бананаў на востраве Суматра ў Інданэзіі.

У краінах з умераным кліматам бананы часьцей за ўсё ўспрымаюцца як дэсэртны прадукт, які ўжываюць у ежу ў сьвежым вычышчаным выглядзе альбо выкарыстоўваюць у якасьці дабавак у кандытарскія вырабы й марозіва. Аднак у тропіках часьцей за ўсё знаходзяць прымяненьне плянтайны — бананы, якія патрабуюць папярэдняй тэрмічнай апрацоўкі.

На астравах Карыбскага мора іх вараць у лупіне, пры гэтым часам дадаючы разнастайныя прыправы, як то соль, воцат, чорны перац, аліўкавы алей, лук, часнок. У Коста-Рыцы з іх вырабляюць гэтак званы «мёд» — густы сыроп, які ўтвараецца пасьля доўгага варэньня вычышчаных пладоў. Падсмажаныя ў аліўкавым алеі бананы лічацца звычайным гарнірам да розных страваў. У многіх краінах Лацінскай Амэрыцы, як то Гандурас, Дамініканская Рэспубліка, Калюмбія, Коста-Рыка, Куба, Нікарагуа, Панама, Пэру, Пуэрта-Рыка, Трынідад і Табага, Эквадор і Ямайка, даволі папулярна страва пад назвай мадурас (гішп. maduros) — сасьпелыя й вычышчаныя плянтайны разразаюць на касыя дзелькі таўшчынёй у 3—4 мм, пасыпаюць сольлю й пякуць на алеі да стварэньня залаціста-карычневай скарыначкі. Перад ужываньнем іх кладуць на талерку, пакрытую папяровым ручніком[16][17]. У Вэнэсуэле вядомай нацыянальнай стравай зьяўляецца ё-ё (гішп. Yo-Yo) — паміж двума дзелькамі смажаных бананаў кладзецца кавалачак мяккага белага сыру, і ўсё гэта замацоўваецца драўляным калыпком.

У Пэру распаўсюджана страва на кожны дзень — чапо. Зь зялёных плянтайнов здымаюць лупіну, вараць каля 20 хвілінаў, пасьля чаго таўкуць. Атрыманае пюрэ й ёсьць чапо. Бывае двух відаў: звычайнае й салодкае. Для салодкага варыянту бяруцца сьпелыя плянтайны.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Musa species (banana and plantain) Species Profiles for Pacific Island Agroforestry.. traditionaltree.org. Праверана 2006 г.
  2. ^ а б Кляса Аднадольныя. Банан Moscow State University Botanical Server.
  3. ^ а б в г Hands with yellow fingers. Bananas and plantains (Musa spp.). The Mildred E. Mathias Botanical Garden.
  4. ^ а б Food Resource What is the history of the banana? Oregon State University , Corvallis, OR.
  5. ^ Вавилов, Н. И. Ботанико-географические основы селекции. — М. — Л.: Государственное издательство совхозной и колхозной литературы, 1935.
  6. ^ В. Петунин ««Селекция и биотехнология». Интересные факты из жизни растений
  7. ^ а б The Origin of Bananas Complete Guide to Bananas. banana.com.
  8. ^ Gewertz, Ken. Taxonomist Carl Linnaeus on show at HMNH. Harward University.
  9. ^ Linnaeus grows bananas and comes up with a "modern" thermometer. Uppsala Universitet.
  10. ^ Хроника Перу. Часть Первая. kuprienko.info
  11. ^ The Texas Riviera. «Musa Banana»
  12. ^ а б Morton, J. F. 1987, ст. 29—46.
  13. ^ Циганенко В.О., Солових З.Х. 1990, ст. 224.
  14. ^ Food Lover's Companion. Food Lovers Companion information about banana. Barron's Educational Series, Inc.
  15. ^ а б Info Comm. Market of Banana»
  16. ^ Rosengarten, D. 2005, ст. 142.
  17. ^ Maduros (plantain). banana.com.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Циганенко В.О., Солових З.Х. Страви із фруктів та овочів.. — К.: Техніка, 1990. — ISBN 5-335-00561-0
  • Morton, Julia F. Fruits of Warm Climates. — Florida Flair Books, 1987. — 505 с. — ISBN 978-0961018412
  • Rosengarten, David. It's All American Food: The Best Recipes for More than 400 New American Classics. — Little, Brown and Company, 2005. — 512 с. — ISBN 978-0316159203

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Банансховішча мультымэдыйных матэрыялаў