Бурушаскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бурушаскі
بروشسکی
Арэал мовы бурушаскі, Гілгіт-Балтыстан (поўнач Пакістану)
Ужываецца ў Пакістане, Індыі
Рэгіён Гілгіт-Балтыстан
Клясыфікацыя Ізалят,
Сына-каўкаская макрасям'я (гіпотэза),
Макрасям'я карасук (гіпотэза)
Афіцыйны статус
Статус: 6a Жывы[d][1]
Пісьмо Urdu orthography[d] і лацінскае пісьмо
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т) bsk
ISO 639-3 bsk
SIL

Буруша́скі (саманазва: بروشسکی, вымаўл. [bu.ˈɾu.ɕa.ski]) — мова-ізалят, на якой размаўляюць на поўначы рэгіёну Гілгіт-Балтыстан, на поўначы Пакістану[2]. Мова распаўсюджаная серад народу бурышоў, якія жывуць у акрузе Гунза-Нагар, поўначы акругі Гілгіт і далінах Ясін ды Ішкаман акругі Гізэр, таксама маецца моўная дыяспара колькасьцю 300 чалавек у месьце Срынагар, Індыя[3][4]. Паводле зьвестак на 2000 год, у Пакістане налічваецца прыкладна 87 тыс чал., якія размаўляюць на бурушаскі[5].

На цяперашні час мова зьмяшчае шмат запазычаньняў з урду (у тым ліку й з ангельскай і фарсі, атрыманых праз пасярэдніцтва ўрду), з суседніх дардзкіх і ўсходнеіранскіх (у прыватнасьці, пушту) моваў, а таксама зь некаторых цюрскіх і геаграфічна блізкай мовы балці[6]. Між тым, карэнная лексыка застаецца амаль некранутай іншамоўнымі ўплывамі, пры гэтым, дардзкія мовы самі па сабе зьмяшчаюць заўважную колькасьць запазычанае лексыкі з бурушаскі.

Мова падзяляецца на тры дыялекты, якія названыя паводле далінаў, у якіх яны распаўсюджаныя — Гунза, Нагар і Ясін, пры гэтым менш за ўсё іншамоўнага ўплыву адлюстроўвае дыялект даліны Ясін. Усе тры дыялекты зьяўляюцца ўзаемазразумелымі.

Мова бурушаскі належыць да катэгорыі г.зв. ізаляваных моваў, то бок, бурушаскі ня мае дакладна ўсталяванае роднасьці зь іншымі мовамі сьвету (нягледзячы на гэта, лінгвістамі могуць высоўвацца вызначаныя гіпотэзы наконт роднасьці бурушаскі зь іншымі моўнымі сем'ямі).

Сувязі зь іншымі мовамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не існуе дакладна даведзенага меркаваньня пра роднасьць бурушаскі з будзь-якімі іншымі мовамі сьвету або моўнымі сем'ямі. Ставіліся спробы вызначыць сувязь бурушаскі з паўночнакаўкаскімі[7], енісейскімі (аб'ядноўвачы енісейскія мовы і бурушаскі ў гіпатэтычную сям'ю карасук)[8], таксама высоўваліся меркаваньні пры прыналежнасьць бурушаскі да індаэўрапейскіх (за выняткам індаіранскіх) моваў або пра ўваходжаньне бурушаскі ў гіпатэтычную сына-каўкаскую макрасям'ю, у якую дадаткова ўваходзяць яшчэ й енісейскія ды паўночнакаўкаскія[9][10], аднак ніводная з гэтых гіпотэзаў не была адзінагалосна прынятай серад лінгвістаў.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бурушаскі зьяўляецца пераважна вуснай мовай. Часам у мове выкарыстоўваецца арабская пісьмовасьць у мадыфікацыі мовы ўрду, аднак сталай артаграфіі не існуе. У асобных выпадках можа выкарыстоўвацца лацінскі альфабэт.

У 2011 годзе бурышом паводле нацыянальнасьці Піярам Карымам і лінгвістам Тайлерам Утам была распрацаваная пісьмовасьць мовы на лацінскай аснове. Гэтая артаграфія адлюстроўвае пяць галосных (a, e, i, o, u), а таксама іх падоўжаныя аналягі, якія пазначаюцца дзьвюма літарамі. Літары для зычных гукаў збольшага маюць тое ж значэньне, што і ў ангельскай мове, аднак маюцца некаторыя адрозьненьні: так, літарай c пазначаецца гук [ts], а гукі [d], [t] пазначаюцца адпаведна як dd і tt. Спалучэньнем gh паказваецца гук [ɣ], літарай h — прыдыханьне. Літара q пазначае глухі ўвулярны выбухны [q], спалучэньне rw — звонкі рэтрафлексны дрыжачы [ɻ], літара x — глухі вэлярны фрыкатыў [x], літара y указвае на паляталізацыю папярэдняга ёй зычнага.

Тыбэцкія крыніцы адзначалі наяўнасьць мовы Bru-śa у даліне Гілгіт, гэтыя згадкі, верагодна, могуць мець на ўвазе менавіта мову бурушаскі. Нягледзячы на тое, што мова бурушаскі тагачаснага пэрыяду мела заўважную літаратурную традыцыю, на цяпер не існуе пісьмовых помнікаў, якія захаваліся б з тых часоў[11].

Лінгвісты ў сваіх дасьледаваньнях выкарыстоўваюць пераважна сыстэму запісу паводле Бэргера, які адрозьніваецца ад сыстэмы IPA (гл. ніжэй).

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мове бурушаскі адзначаецца наяўнасьць прынамсі пяці галосных гукаў — /i e a o u/. Пры гэтым маюцца падоўжаныя аналягі, а націскныя галосныя маюць тэндэнцыю да свайго падаўжэньня. Доўгія галосныя таксама ўзьнікаюць у запазычаных словах. Галосныя гукі маюць насавыя аналягі ў дыялекце Гунза і Нагеру (ва ўласных імёнах і некаторых іншых словах). Ніжэй таксама прыводзіцца й склад зычных гукаў мовы бурушаскі[12]. Яны адлюстроўваюцца паводле IPA і аўтарскай транскрыпцыі (апошняя вылучаная курсівам):

Білябіяльныя Зубныя Альвэа-
палятальныя
Рэтрафлексныя Вэлярныя Увулярныя Глётальныя
Насавыя m /m/ n /n/ /ŋ/
Выбухныя прыдыхальныя ph /pʰ/[a] th /tʰ/ ṭh /ʈʰ/ kh /kʰ/ qh /qʰ/[b]
звычайныя p /p/ t /t/ /ʈ/ k /k/ q /q/
звонкія b /b/ d /d/ /ɖ/ g /ɡ/
Афрыкаты прыдыхальныя[c] ch /t͡sʰ/ ćh /t͡ɕʰ/ c̣h /ʈ͡ʂʰ/
звычайныя c /t͡s/ ć /t͡ɕ/ /ʈ͡ʂ/
звонкія j /d͡ʑ/[d] /ɖ͡ʐ/[e]
Фрыкатывы глухія s /s/ ś /ɕ/ /ʂ/ h /h/
звонкія z /z/ ġ /ʁ/
Дрыжачыя r /r/
Апраксыманты l /l/ y [j][f] /ɻ/[g] w [w][h]
  1. ^ Вымаўленьне можа адрозьнівацца: [pʰ] ~ [p͡f] ~ [f].
  2. ^ Вымаўленьне можа адрозьнівацца: [qʰ] ~ [q͡χ] ~ [χ].
  3. ^ У ясінскім дыялекце замест прыдыхальных зычных зьяўляюцца звычайныя.
  4. ^ Часам ператвараецца ў [ʑ].
  5. ^ Часам ператвараецца ў [ʐ].
  6. ^ Паводле Бэргера [w], [j] — аляфоны /u/, /i/ адпаведна, якія зьяўляюцца перад націскнымі галоснымі.
  7. ^ Гук мае варыяцыі ў рэалізацыі.
  8. ^ Паводле Бэргера [w], [j] — аляфоны /u/, /i/ адпаведна, якія зьяўляюцца перад націскнымі галоснымі.

Лічэбнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэма ліку ў мове бурушаскі грунтуецца на чысьле 20, то бок, назвы ўсіх чыслаў, кратных дваццаці, утвараюцца шляхам даданьня колькасьці кратнасьці да слова дваццаць. Напрыклад: altar (20), alto-altar (40), iski-altar (60) і г.д. Асноўныя лічэбнікі:

Бурушаскі Беларуская
hin
(han, hik)
адзін
altán,
altó
два
iskén,
uskó
тры
wálto чатыры
čundó пяць
mishíndo шэсьць
thaló сем
altámbo восем
hunchó дзевяць
tóorumo,
toorimi,
turma
дзесяць
tha сто

Асноўная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марфалёгія назоўнікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назоўнікі ў бурушаскі падзяляюцца на чатыры клясы:

  • людзі мужчынскае плоці, богі, духі (далей як m);
  • людзі й духі жаночае плоці (далей як f);
  • жывёлы, лічаныя прадметы (далей як x);
  • абстрактныя паняткі, вадкасьці, нялічаныя прадметы (далей як y);

Літара «h» далей выкарыстоўваецца як агульны сымбаль для клясаў m- і f-, «hx» — як агульнае пазначэньне для клясаў m-, f-, x-. Да клясы x- звычайна адносяцца назоўнікі, якімі пазначаюцца разнастайныя рэчы ды зьявы (напр., жывёлы, садавіна, каменьне, яйкі, манэты), да клясы y- звычайна адносяцца тэрміны, пад якімі маюцца на ўвазе нялічаныя прадметы (напр., рыс, вадкасьці, парашкі, вада, сьнег, поўсьць і г.д.).

Тым ня менш, ва ўказанай клясыфікацыі маюцца выключэньні з прычыны таго, што лічаныя прадметы могуць адносіцца й ад y- клясы як напрыклад ha («хата»). Таксама адзначаюцца й паняткі, якія зь невялікай розьніцай у сэнсе могуць мець як паказчык y- клясы, так і клясы x- (напр., слова bayú, якое ў x- клясе пазначае соль у крысталах, а ў y- клясе — соль у парашку). Фруктовыя дрэвы маюцца на ўвазе як прадметы y- клясы, тады як іх садавіна — як прадметы х- клясы. Часам прадметы могуць адносіцца як да х- клясы, так і да клясы y- у залежнасьці ад матэрыялу, зь якога яны вырабленыя (напрыклад, камень і драўніна адносяцца да клясы x, мэтал і скура — да клясы y). Артыклі, прыметнікі, лічэбнікі ды іншыя атрыбуты выражаюцца шляхам разнастайных іменных паказчыкаў.

  • Множны лік:

Назоўнікі маюць два лікі — адзіночны ды множны. Адзіночны лік ня мае маркеру, тады як множны мае розныя суфіксы ў залежнасьці ад клясы.

  1. h — звычайныя суфіксы множнага ліку: -ting, -aro, -daro, -taro, -tsaro;
  2. h, x — звычайныя суіфксы множнага ліку: -o, -išo, -ko, -iko, -juko; -ono, -u; -i, -ai; -ts, -uts, -muts, -umuts; -nts, -ants, -ints, -iants, -ingants, -ents, -onts;
  3. y — звычайныя суфіксы множнага ліку: -ng, -ang, -ing, -iang; -eng, -ong, -ongo; -ming, -čing, -ičing, -mičing, -ičang;

Некаторыя назоўнікі могуць мець два або тры розных суфіксы множнага ліку, іншыя выкарыстоўваюцца толькі ў множным ліку і ня маюць паказчыку (напр., bras «рыс», gur «пшаніца», bishké «поўсьць»), некаторыя маюць аднолькавую форму і ў адзіночным, і ў множным ліках (напр., hagúr — «конь», «коні»).

Прыметнікі маюць уласныя суфіксы меножнага ліку, выкарыстаньне якіх залежыць ад клясы назоўнікаў, якія вызначаюцца (напр., burúm — «белы», але burúm-išo для х-клясы, burúm-ing — для у-).

Некаторыя прыклады ўтварэньня множнага ліку:

wazíir (m), мн.л. wazíirting «візыр», «міністар» hir (m), мн.л. hirí «мужчына» (зрух націску) gus (f), мн.л. gushíngants «жанчына» (зрух націску) dasín (f), мн.л. dasíwants «дзяўчына, незамужняя жанчына» huk (x), мн.л. hukái «сабака» (зрух націску) tilí (x), мн.л. tilí «лясны арэх» tilí (y), мн.л. tiléng «арэхавы куст»

  • Утварэньне склонаў:

Бурушаскі — эргатыўная мова, у мове маецца 5 асноўных склонаў.

Склон Суфікс Функцыя
Абсалютыў няма паказчыку дзейнік пры непераходных і дапаўненьне пры пераходных дзеясловах
Эргатыў -e дзейнік пры пераходных дзеясловах
Ускосны -e; -mo (жаночая кляса) генітыў; аснова для канчаткаў ускосных склонаў, гл. ніжэй
Датыў -ar, -r датыў, аблятыў
Аблятыў -um, -m, -mo сэпаратыў (адкуль?)

Склонавыя суфіксы ў множным ліку далучаюцца да паказчыку множнага ліку (напр., Huséiniukutse — «людзі Гусэйна», эргатыў мн. л.). Канчатак роднага склону для адзіночнага ліку жаночага роду /-mo/, для ўсіх іншых выпадкаў — /-e/, які супадае з эргатыўным канчаткам. Канчаткі давальнага склону /-ar/, /-r/ у адзіночным ліку жаночае клясы таксама далучаюцца да ўскоснага склону, у іншых выпадках — да абсалютыву. Напрыклад:

hir-e «мужчыны», gus-mo «жанчыны» (Р. С.)
hir-ar «мужчыну», gus-mu-r «жанчыне» (Д. С.)

Назоўнікі ў родным склоне стаяць перад дзейнікам, да якога яны адносяцца (напр., Hunzue tham — «эмір Гунзы»).

Канчаткі другаснага склону ўтвараюцца з суфіксу другаснага склону (нярэдка пазначаецца як інфікс) ды аднаго зь першасных канчаткаў, такіх як /-e/, /-ar/, /-um/. Пры гэтым /-e/ утварае лякатыў (мясцовы склон), /-ar/ — тэрмінатыў (пытаньне «куды?»), /-um/ — аблятыў (пытаньне «адкуль?»). Ніжэй пададзеныя інфіксы й іхныя асноўныя значэньні:

  1. /-ts-/ «на»
  2. /-ul-/ «у, ва, ува»
  3. /-aţ-/ «на, з»
  4. /-al-/ «пры, ля, каля» (толькі ў дыялекце гунза).

На іхным грунце ўтвараюцца складовыя, то бок другасныя склоны:

Інфікс Лякатыў Тэрмінатыў Сэпаратыў
-ts- -ts-e «на» -ts-ar «на…(куды)» -ts-um «ад…прэч»
-ul- -ul-e «у, ва, ува» -ul-ar «у, ва, ува…унутар» -ul-um «з…вонкі»
-aţ- -aţ-e «на, з» -aţ-ar «на…уверх» -aţ-um «ад …уніз»
-al- -al-e «пры» -al-ar «да, к…прэч» -al-um «ад…прэч»

Варта зацеміць пра састарэлы характар канчаткаў /-ul-e/, /-ul-ar/, за цяперашнім часам яны найчасьцей замяняюцца на /-ul-o/ альбо /-ar-ulo/.

  • Займенныя прэфіксы ды займеньнікі:

Назвы частак цела і пазначэньні роднасьці ў мове бурушаскі ўжываюцца толькі разам з займеннымі асабовымі суфіксамі (якія пазначаюць паняткі «мой», «твой», «ягоны» і г.д.) — напрыклад, у бурушаскі не выкарыстоўваюцца канструкцыі кшталту «рука», але толькі «мая рука», «ягоная рука» і г.д. Напрыклад:

i-mi «ягоная маці», mu-mi «іхняя маці» (3 а. ж.р.), u-mi «іхняя маці» (3 а. мн.л.), u-mi-tsaro «іхняя маці» (3 л. мн.л.).

Займенныя або асабовыя прэфіксы залежаць ад асобы, граматычнага ліку, а ў трэцяй асобе — таксама і ад іменнае клясы ўласьніка:

Асоба/
Іменная кляса
Адз.л. Мн.л.
1 асоба a- mi-, me-
2 асоба gu-, go- ma-
3 асоба муж. i-, e- u-, o-
3 асоба жан. mu- u-, o-
3 асоба x i-, y- u-, o-
3 асоба y i-, e-

Асабістыя займеньнікі ў бурушаскі для трэцяй асобы маюць адрозныя формы для блізкага ды далёкага, напр., khin («ён, гэты, паблізу»), але in («ён, той, удалечыні»). Ва ўскосным склоне маюцца, апрача гэтага, г.зв. кароткія формы[13].

Марфалёгія дзеясловаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Агульныя зьвесткі:

Марфалёгія дзеясловаў у бурушаскі — досыць складаная і багатая на разнастайныя формы, што знаходзіць паралелі ў шумэрскай, басконскай, енісейскіх, некаторых абхаска-адыскіх ды наска-дагестанскіх мовах. Разнастайныя фанэтычныя зьмены (асыміляцыя, сынэрэзіс, зрух націску) ператвараюць амаль кожны дзеяслоў ва ўнікальны з пункту гледжаньня марфалёгіі. Ніжэй прыведзены кароткі прынцып падобных зьмяненьняў[14]. Для фінітных дзеясловаў маюцца наступныя катэгорыі:

Катэгорыя Дапушчальныя формы
Час, від прэзэнс, футурум, імпэрфэкт, пэрфэкт, плюсквампэрфэкт
Лад умоўны, тры аптатывы, імпэратыў, канатыў
Лік адзіночны, множны
Асоба першая, другая, трэцяя, у імпэратыве — толькі другая
Іменныя клясы чатыры — m, f, x, y (толькі ў трэцяй асобе)

Для многіх пераходных дзеясловаў, акрамя дзейнікаў, адзначаецца таксама прамое дапаўненьне шляхам далучэньня займенных прэфіксаў, якія таксама пазначаюць такія катэгорыі, як лік, асоба, а для трэцяй асобы — таксама іменная кляса. Усе дзеясловы маюць адмоўную форму; некаторыя непераходныя дзеясловы могуць марфалягічна ўтвараць другасныя пераходныя формы. Неспраганыя дзеясловы — у бурушаскі гэта абсалютыў мінулага й цяперашняга часоў (паводле функцыі падобны на дзеепрыметнік), пэрфэкт-дзеепрыметнік і два інфінітывы — маюць усе катэгорыі спраганых формаў, апрача часу й ладу. Неспраганыя формы ўтвараюць дзякуючы дапаможным дзеясловам пэрыфрастычныя (аналітычныя) формы дзеясловаў.

  • Пазыцыі фінітных дзеяслоўных формаў:

Усе дзеяслоўныя формы апісваюцца пры дапамозе складанай, але рэгулярнай сыстэме пазыцыяў. Паводле Бэргера вылучаюцца 11 пазыцыяў, якія, аднак, у маўленьні ня могуць выкарыстоўвацца адначасова ў адной і той жа форме дзеяслова. Некаторыя пазыцыі характарызуюцца наяўнасьцю альтэрнатыўных варыянтаў выкарыстаньня (далей пазначаюцца як A/B/C). Дзеяслоўная аснова займае пазыцыю 5, перад ёй могуць ужывацца некалькі прэфіксаў, пасьля яе — шэсьць пазыцыяў для суфіксаў.

Пазыцыі дзеяслоўных формаў бурушаскі
Пазыцыя Афіксы ды іхнае значэньне
1 Адмоўны прэфікс a-
2a/b d-прэфікс (утварэньне непераходных формаў) / n-прэфікс (абсалютны прэфікс)
3 Займенныя прэфіксы: дзейнік непераходных або дапаўненьне пераходных дзеясловаў
4 s-прэфікс для ўтварэньня другасных непераходных дзеясловаў
5 корань
6 Суфікс мн.л. -ya- пры корані дзеяслова
7 Паказчык кораню цяп. часу -č- (або š, ts..) для ўтварэньня прэзэнсу, футуруму, пэрфэкту
8a/b Займенны суфікс 1-й асобы адз.л. -a- (дзейнік) / злучальны галосны (без канкрэтнага значэньня)
9a m-суфікс: утварае просты m-дзеепрыметнік і m-аптатыў/
9b m-суфікс: ад кораню цяп. часу — будучы час і ўмоўны лад /
9c n-суфікс для перадачы абсалюту (параўн. з пазыцыяй 2) /
9d š-суфікс для ўтварэньня š-аптатыву й -iš-інфінітыву /
9e інфінітыўны канчатак -as, -áas / суфікс аптатыву -áa (непасрэдна да кораню)
10a займенныя суфіксы 2, 3 асобаў, а таксама 1 а. мн.л. (суб'ект; формы гл. ніжэй) /
10b канчаткі імпэратыву (непасрэдна да кораню) /
10c формы дапаможнага дзеяслова ba- для ўтварэньня цяп. часу, імпэрфэкту, пэрфэкту, плюсквампэрфэкту
11 іменныя флексійныя канчаткі й часьціцы
  • Утварэньне дзеяслоўных часоў і ладоў:

Утварэньне дзеяслоўных часоў і ладоў — даволі складанае, ажыцьцяўляецца шляхам дапасаваньня адзін да аднаго розных суфіксаў. Ад «простага кораню» ўтвараюцца прэтэрыт, пэрфэкт, плюсквампэрфэкт, канатыў; зь іншага боку, прэзэнс, імпэрфэкт, будучы й умоўны лады ўтвараюцца ад «кораню цяперашняга часу», які ўтвараецца шляхам даданьня да простага кораню суфіксу на сёмай пазыцыі, звычайна -č-. Непасрэдна з кораню выводзяцца аптатывы ды імпэратыў. Наогул, збольшага дзейнічаюць наступныя парадыгмы (на прыкладзе тварэньня часоў ды ладоў ад дзеяслова her — «плакаць», бяз прэфіксаў):

Часы ад простага кораню
Граматычная
катэгорыя
Утварэньне Форма ды пераклад
Канатыў корань + асаб. суфікс her-i «ён прама зараз (цяпер) плакацьме»
Прэтэрыт корань + злуч. галосны + m-суфікс + асаб. суфікс her-i-m-i «ён плакаў»
Пэрфэкт корань + злуч. галосны + дапам. дзеясл. цяп. часу her-u-ba-i «ён (ужо) плакаў»
Плюсквам-
пэрфэкт
корань + злуч. галосны + дапам. дзеясл. у прэтэрыце her-u-ba-m «ён (калісьці) плакаў»
Час ад кораню цяп. часу = корань + паказчык цяп. часу
Граматычная
катэгорыя
Утварэньне Форма ды пераклад
Будучы Аснова + маркер цяп. ч. (+ злуч. галосны + m-суфікс) + асаб. канчатак her-č-i-m-i «ён плакацьме»
Цяперашні Аснова + маркер цяп. ч. + злуч. галосны + дапам. дзеясл. цяп. ч. her-č-u-ba-i «ён плача»
Імпэрфэкт Аснова + марке цяп. ч. + злуч. галосны + дапам. дзеясл. у прэтэрыце her-č-u-ba-m «ён плакаў (часта)»
Умоўны Аснова + маркер цяп. ч. + злуч. галосны + m-суфікс (апроч 1 а. мн. л.) + če her-č-u-m-če «… плакаў бы»,
Умоўны лад Аснова + маркер цяп. ч. + злуч. галосны + канчатак 1 а. мн.л. + če her-č-an-če «мы б плакалі»
Аптатыў ды імпэратыў
Граматычная
катэгорыя
Утварэньне Форма ды пераклад
áa-аптатыў аснова + áa (для ўсіх асобаў) her-áa «… мусіць.. плакаць»
m-аптатыў аснова + (злу. галосны) + m-суфікс her-u-m «… мусіць.. плакаць»
š-аптатыў аснова + (i)š + асабісты канчатак her-š-an «яны маюць плакаць»
Імпэратыў
адз.л.
аснова (+ é для дзеясловаў з націскам у канцы) her «плач!»
Імпэратыў
мн.л.
аснова + in her-in «плачце!»
  • Пазначэньне суб'екту і аб'екту:

Пазначэньне суб'екту і аб'екту дзеяслоўнае формы адбываецца пры дапамозе займенных прэфіксаў і суфіксаў у пазыцыях 3, 8, 10 наступным чынам:

Тып афіксу Пазыцыя Функцыя
Прэфіксы 3 прамы аб'ект пры пераходным дзеяслове, суб'ект пры непераходным
Суфіксы 8/10 суб'ект пераходнага й непераходнага дзеяслова

Асабовыя прэфіксы ідэнтычныя займенным прэфіксам у імя (абавязковыя для частак цела ды тэрмінаў роднасьці, гл. вышэй). Формы прэфіксаў (пазыцыя 3) ды суфіксаў (пазыцыі 8, 10) прыведзеныя ў табліцы:

  • Займенныя прэфіксы (пазыцыя 3)
Асоба/
Іменная кляса
Адз.л. Мн.л.
1. асоба a- mi-
2. асоба gu- ma-
3. асоба м.р. i- u-
3. асоба ж.р. mu- u-
3. асоба клясы x i- u-
3. асоба клясы y i-
  • Займенныя суфіксы (пазыцыі 8, 10)
Асоба/
Іменная кляса
Адз.л. Мн.л.
1-е/2-е асоба -a -an
3-е асоба m -i -an
3-е асоба f -o -an
3-е асоба x -i -ie
3-е асоба y -i

Для тлумачэньня ўзаемасувязі між прэфіксам і суфіксам, прыведзеныя прыклады канструкцыяў пераходнага дзеяслова з прэфіксам phus («зьвязваць») у прэтэрыце:

  • i-phus-i-m-i > ён зьвязаў яго (пазыцыі: 3-5-8-9-10)
  • mu-phus-i-m-i > ён зьвязаў яе
  • u-phus-i-m-i > ён зьвязаў іх
  • mi-phus-i-m-i > ён зьвязаў нас
  • i-phus-i-m-an > мы зьвязалі / вы зьвязалі / яны зьвязалі яго
  • mi-phus-i-m-an > вы / яны зьвязалі нас
  • i-phus-i-m-a > я / ты зьвязаў яго
  • gu-phus-i-m-a > я зьвязаў цябе

Займенныя афіксы выкарыстоўваюцца толькі ў выпадку адыгрываньня назоўнікамі ролі дзейніка або дапаўненьня, напр. hir i-ír-i-mi («мужчына памёр»). Для непераходных дзеясловаў функцыю суб'екту могуць выражаць прэфікс, суфікс, або іх спалучэньне. Прыклады:

  • gu-ir-č-u-m-a «ты памрэш» (будучы час)
  • i-ghurts-i-m-i «ён патануў» (прэтэрыт)

Займенныя прэфіксы сустракаюцца не ва ўсіх дзеясловах і не для ўсіх часоў. У некаторых дзеясловах выкарыстоўваюцца асабовыя прэфіксы, аднак іншыя і пры вызначаных умовах. Займенныя прэфіксы выражаюць для непераходных дзеясловаў «чаканае (суб'ектам) дзеяньне», у той час як бяспрэфіксныя формы — дзеяньне, што адбывалася супраць волі суб'екту. Напрыклад:

  • hurúţ-i-m-i «ён сеў» (добраахвотнае дзеяньне бяз прэфіксу)
  • i-ír-i-m-i «ён памёр» (нядобраахвотнае дзеяньне з прэфіксам)
  • ghurts-i-mi «ён нырнуў (добраахвотна сышоў пад ваду)» (бяз прэфіксу)
  • i-ghurts-i-m-i «ён патануў (нядобраахвотна сышоў пад ваду)» (з прэфіксам).
  • d-прэфікс:

Шэраг дзеясловаў, некаторыя — поруч з асноўнай формай, сустракаюцца з d-прэфіксам (пазыцыя 2), які перад зычным дадаецца «узгадняльным» злучальным галосным гукам. Дакладная сэмантычная функцыя гэтага d-прэфіксу невідавочная[15]. Напрыклад:

  • i-phalt-i-mi «ён зламаў гэта» (пераходны)
  • du-phalt-as «зламацца, выбухнуць» (непераходны).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 2022. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Encyclopedia - Britannica Online Encyclopedia. Original.britannica.com. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
  3. ^ Dissertation Abstracts Linguist List Праверана 1 сьнежня 2013 г.
  4. ^ Copyright by Sadaf Munshi, 2006 Repositories.lib.utexas.edu Праверана 1 сьнежня 2013 г.
  5. ^ Burushaski. A language of Pakistan (анг.) Ethnologue Праверана 1 сьнежня 2013 г.
  6. ^ BURUSHASKI – Encyclopaedia Iranica (анг.) Iranicaonline.org Праверана 1 сьнежня 2013 г.
  7. ^ John Bengtson Ein vergleich von buruschaski und nordkaukasisch. — Georgica 20, 1997. — С. 88-94.
  8. ^ George van Driem Languages of the Himalayas: An Ethnolinguistic Handbook of the Greater Himalayan Region. — Brill. — 2001.
  9. ^ John Bengtson, Some features of Dene–Caucasian phonology (with special reference to Basque). Cahiers de l’Institut de Linguistique de Louvain (CILL) 30.4: 33-54,
  10. ^ John Bengtson and V. Blazek, "Lexica Dene–Caucasica". Central Asiatic Journal 39, 1995, 11-50 & 161-164
  11. ^ George van Driem, Languages of the Himalayas, Brill 2001:921
  12. ^ Паводле Бэргера, 1998.
  13. ^ Падрабязьней гл. H. Berger 1998
  14. ^ Падрабязьней у Hermann Berger 1998, Grammatik, 103—173
  15. ^ Падрабязьней — (Berger 1998:I:110).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Anderson, Gregory D. S. 1997. Burushaski Morphology. Pages 1021–1041 in volume 2 of Morphologies of Asia and Africa, ed. by Alan Kaye. Winona Lake, IN: Eisenbrauns.
  • Anderson, Gregory D. S. 1999. M. Witzel’s "South Asian Substrate Languages" from a Burushaski Perspective. Mother Tongue (Special Issue, October 1999).
  • Anderson, Gregory D. S. forthcoming b. Burushaski. In Language Islands: Isolates and Microfamilies of Eurasia, ed. by D.A. Abondolo. London: Curzon Press.
  • Backstrom, Peter C. Burushaski in Backstrom and Radloff (eds.), Languages of northern areas, Sociolinguistic Survey of Northern Pakistan, 2. Islamabad, National Institute of Pakistan Studies, Qaid-i-Azam University and Summer Institute of Linguistics (1992), 31-54.
  • Bashir, Elena. 2000. A Thematic Survey of Burushaski Research. History of Language 6.1: 1–14.
  • Berger, Hermann. 1956. Mittelmeerische Kulturpflanzennamen aus dem Burušaski [Names of Mediterranean cultured plants from B.]. Münchener Studien zur Sprachwissenschaft 9: 4-33.
  • Berger, Hermann. 1959. Die Burušaski-Lehnwörter in der Zigeunersprache [The B. loanwords in the Gypsy language]. Indo-Iranian Journal 3.1: 17-43.
  • Berger, Hermann. 1974. Das Yasin-Burushaski (Werchikwar). Volume 3 of Neuindische Studien, ed. by Hermann Berger, Lothar Lutze and Günther Sontheimer. Wiesbaden: Otto Harrassowitz.
  • Berger, Hermann. 1998. Die Burushaski-Sprache von Hunza und Nager [The B. language of H. and N.]. Three volumes: Grammatik [grammar], Texte mit Übersetzungen [texts with translations], Wörterbuch [dictionary]. Altogether Volume 13 of Neuindische Studien (ed. by Hermann Berger, Heidrun Brückner and Lothar Lutze). Wiesbaden: Otto Harassowitz.
  • Casule, Ilija. 2010. Burushaski as an Indo-European language. Languages of the World 38. Munich: Lincom.
  • Casule, Ilija. 2003. Evidence for the Indo-European laryngeals in Burushaski and its genetic affiliation with Indo-European. The Journal of Indo-European Studies 31:1–2, pp 21–86.
  • van Driem, George. 2001. Languages of the Himalayas: An Ethnolinguistic Handbook of the Greater Himalayan Region, containing an Introduction to the Symbiotic Theory of Language (2 vols.). Leiden: Brill.
  • Greenberg, Joseph H., and Merritt Ruhlen. 1992. Linguistic Origins of Native Americans. Scientific American 267(5): 94–99.
  • Grune, Dick. 1998. Burushaski – An Extraordinary Language in the Karakoram Mountains.
  • Karim, Piar. 2013. Middle Voice Construction in Burushaski: From the Perspective of a Native Speaker of the Hunza Dialect. Unpublished MA Thesis. Denton: University of North Texas. Department of Linguistics.
  • Lorimer, D. L. R. 1935–1938. The Burushaski Language (3 vols.). Oslo: Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning.
  • Morgenstierne, Georg. 1945. Notes on Burushaski Phonology. Norsk Tidsskrift for Sprogvidenskap 13: 61–95.
  • Munshi, Sadaf. 2006. Jammu and Kashmir Burushaski: Language, language contact, and change. Unpublished Ph.D. Dissertation. Austin: University of Texas at Austin, Department of Linguistics.
  • van Skyhawk, Hugh. 1996. Libi Kisar. Ein Volksepos im Burushaski von Nager. Asiatische Studien 133. ISBN 3-447-03849-7.
  • van Skyhawk, Hugh. 2003. Burushaski-Texte aus Hispar. Materialien zum Verständnis einer archaischen Bergkultur in Nordpakistan. Beiträge zur Indologie 38. ISBN 3-447-04645-7.
  • Starostin, Sergei A. 1996. Comments on the Basque–Dene–Caucasian Comparisons. Mother Tongue 2: 101–109.
  • Tiffou, Étienne. 1993. Hunza Proverbs. University of Calgary Press. ISBN 1-895176-29-8
  • Tiffou, Étienne. 1999. Parlons Bourouchaski. Paris: L'Harmattan. ISBN 2-7384-7967-7
  • Tiffou, Étienne. 2000. Current Research in Burushaski: A Survey. History of Language 6 (1): 15–20.
  • Tikkanen, Bertil. 1988. On Burushaski and other ancient substrata in northwest South Asia. Studia Orientalia 64: 303–325.
  • Varma, Siddheshwar. 1941. Studies in Burushaski Dialectology. Journal of the Royal Asiatic Society of Bengal, Letters 7: 133–173.
  • Witzel, Michael. 1999. Early Sources for South Asian Substrate Languages. Mother Tongue (Special Issue, October 1999): 1–70.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]