Білі Грэм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Білі Грэм
Billy Graham
Доктар (ганаровы)

Адукацыя
Флёрыдзкі біблійны інстытут (1940)
ДзейнасьцьЭвангеліст
Сапраўднае імяWilliam Franklin Graham, Jr.
Нарадзіўся7 лістапада 1918
Сьцяг ЗША Шарлот, Паўночная Караліна
Памёр21 лютага 2018 (99 гадоў)
ЖонкаРут Грэм
Дзеці
Япіскапская хіратоніяПаўднёвы баптыст[1]

Аўтограф

Узнагароды
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Ўі́льям Фрэ́нклін «Білі» Грэм-малодшы (па-ангельску: William Franklin «Billy» Graham, Jr.; 7 лістапада 1918 — 21 лютага 2018[2]) — амэрыканскі хрысьціянскі эвангеліст, прапаведнік. Вядомы сваімі шматлюднымі казаньнямі, адрасаванымі найперш белым кансэрватыўным пратэстантам сярэдняе клясы[3]; ягоныя пропаведзі трансьлююцца на радыё і тэлебачаньні і да гэтага часу[4].

Быў духоўным дарадцам некалькіх прэзыдэнтаў ЗША: асабліва набліжаным быў да Дўайта Эйзэнгаўэра і Рычарда Ніксана[5]. Падчас руху за грамадзянскія правы ён пачаў ладзіць супольныя сабраньні; у 1957 Білі Грэм запрасіў Марціна Лютэра Кінга да супольнае казані ў Нью-Ёрку.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ўільям Фрэнклін Грэм быў першым сынам у сям’і Ўільяма Фрэнкліна і Мораў Грэм (у дзявоцтве Кофі). Меў яшчэ аднаго брата і двух сёстраў. Выхоўваўся ў прэсьбітэрыянскай царкве. У 1933, па сканчэньні сухога закону ў ЗША, бацька напаіў півам яго зь сястрой Катрынаю да такога стану, што яны займелі агіду да алькаголю і наркотыкаў на ўсё сваё жыцьцё[6].

У 1934 року, у 16-гадовым узросьце, Білі Грэм увераваў пасьля наведваньня некалькіх сустрэчаў пад кіраўніцтвам эвангеліста Мардэкая Гэма[7].

Скончыўшы ў 1936 року сярэднюю школу, Грэм паступіў у Коледж Боба Джонса, а ў 1937 перавёўся ў Флёрыдзкі біблійны інстытут. У 1943 скончыў таксама коледж Ўітан, атрымаўшы дыплём па антрапалёгіі[8].

13 жніўня 1943 Білі Грэм ажаніўся з Рут Бэл, аднакурсьніцай з коледжу Ўітан, чые бацькі былі прэсьбітэрыйнскімі місіянэрамі ў Кітаі. Грэм і Рут маюць пяцёх дзяцей: Вірджынію, Ганну, Рут, Фрэнкліна і Нэльсана — а таксама 19 унукаў і мноства праўнукаў.

Служэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Білі Грэм быў пастарам Малітоўнага дому аб’яднанага Эвангельля (анг. United Gospel Tabernacle) яшчэ падчас навучаньня ў коледжы. У 1943—1944 зьяўляўся пастарам Першай баптысцкай царквы ў Ўэстэрн Спрынгзе непадалёк ад Ўітану. У гэты ж час ён узначаліў на радыё праграму «Сьпевы ў ночы», уратаваўшы яе ад закрыцьця з-за недахопу фінансаваньня. У 1947 року, у 30-гадовым узросьце, ён быў запрошаны на пасаду прэзыдэнта Нортўэстэрнскага біблійнага коледжу ў Мінэапалісе, стаўшыся на свой час наймаладзейшым з прэзыдэнтаў амэрыканскіх коледжаў ды ўнівэрсытэтаў. Грэм займаў гэтую пасаду да 1952[9].

Эвангельскае служэньне пачаў з паездак па ЗША і Эўропе ў складзе руху «Моладзь за Хрыста» (анг. Youth for Christ International, YFCI). У 1949 Білі Грэм зладзіў эвангелізацыйную кампанію ў Лос-Анджэлесе, дзеля якой збудаваў вялізны намёт на паркоўцы[10]. Ягонае служэньне прыцягнула ўвагу СМІ і працягнулася на пяць тыдняў даўжэй, чым плянавалася — два месяцы. Пасьля гэтага Грэм стаў вядомым на ўсю краіну[11].

Свае эвангелізацыйныя сабраньні Білі Грэм называе «крыжовымі паходамі» ў гонар хрысьціянскіх ваяроў, якія заваявалі Ерусалім. З пачатку свайго служэньня Грэм зьдзейсьніў болей за 400 крыжовых паходаў у 185 краінах на 6 матэрыкох. Дзеля гэтых сабраньняў ён арандаваў вялізныя плошчы, кшталту стадыёнаў, паркаў ці вуліцаў. З часам, калі колькасьць наведнікаў стала павялічвацца, Білі Грэм сабраў хор з 5000 асобаў, які сьпяваў на гэтых сходах. Прапаведуючы Дабравесьце, ён заклікаў людзей выходзіць наперад, дзе яны мелі магчымасьць паразмаўляць сам-насам, атрымаць адказы на пытаньні ды разам памаліцца. Гэтых людзей называлі нованавернутымі. У 1992 падчас казані ў Маскве на ягоны заклік выйшла наперад чвэрць 155-тысячнага натоўпу[6].

У 1950 року Грэм заснаваў у Мінэапалісе Эвангельскую асацыяцыю Білі Грэма (з 1999 дзейнічае ў Шарлот).

З паўстаньнем на пачатку 1950-х руху за грамадзянскія правы ў ЗША Білі Грэм пачаў праводзіць зьмяшаныя служэньні (дагэтуль мноства ягоных крыжовых паходаў былі расава ізаляваныя), хоць працягваў выступаць і на падзеленых сходах. Пасьля выраку па справе «Браўну супраць Рады па адукацыі», у якой Вярхоўны суд прызнаў сэгрэгацыю ў школах неканстытуцыйнаю, Грэм пачаў настойваць на зьмяшаных сядзеньнях падчас сваіх служэньняў.

Зь сярэдзіны 1950-х Білі Грэм становіцца заўзятым супраціўнікам сэгрэгацыі і расізму. У 1957 гэта стала відавочна для ўсіх, калі ён дазволіў чарнаскурым сьвятарам Томасу Кілгару і Гарднэру Тэйлару стаць чальцамі ягонага Выканаўчага камітэту крыжовых паходаў у Нью-Ёрку[12], а таксама запрасіў Марціна Лютэра Кінга, зь якім упершыню пазнаёміўся падчас байкатаваньня ў Мантгомэры ў 1955[12], да ўдзелу ў супольным служэньні ў Нью-Ёрку, якое на працягу 16 тыдняў наведалі 2,3 мільёны чалавек[10]. Пасьля забойства Кінга ў 1968 Грэм прамовіў, што Амэрыка страціла «сацыяльнага лідэра і прарока»[12].

Аднак, хоць Грэм і называе сябе ў мэмуарах блізкім сябрам Лютэра Кінга, паміж імі здараліся рознагалосьсі. У 1958 року спонсарскі камітэт крыжовага паходу ў Сан-Антоніё (Тэхас) заплянаваў на 25 ліпеня прамову губэрнатара-сэгрэгацыяніста гэтага штату Прайса Дэніела перад выступам Білі Грэма[12]. 23 ліпеня Кінг напісаў Грэму ліст, у якім праінфармаваў, што дазвол Дэніелу прамовіць на крыжовым паходзе за дзень да папярэдніх выбараў Дэмакратычнае партыі ў штаце «можа быць расцэнены як падтрымка табою расавай сэгрэгацыі і дыскрымінацыі»[13]. У адказе дарадца Грэма Грэйдзі Ўілсан напісаў, што «хоць мы і не сыходзімся зь ім цалкам у поглядах, мы ўсё ж любім яго ў Хрысьце»[14]. Таксама Грэм і Кінг мелі розныя меркаваньні наконт вайны ў Віетнаме. Пасьля прамовы Кінга «Па-за Віетнамам» (анг. Beyond Vietnam), у якой той асудзіў уварваньне ў Віетнам, Грэм сувора асудзіў яго й іншых за крытыку замежнай палітыкі ЗША[12].

Улетку 1960 Кінг і Грэм памірыліся і разам накіраваліся на 10-ы Сусьветны баптысцкі кангрэс Сусьветнага баптысцкага зьвязу[12]. У 1963 Грэм паручыўся за Кінга, вызваліўшы таго зь вязьніцы пасьля пратэстаў у Бірмінггэме[15].

Вядомасьць і папулярнасьць Білі Грэма дасягнула і сэкулярнага сьвету. На Сусьветным кірмашы ў Нью-Ёрку ён адчыніў уласны павільён[16]. У 1969 року ён узяў удзел у тэлевізійным выпуску Ўудзі Алена, дзе разам з комікам дасьціпна абмяркоўваў тэалягічныя тэмы[17]. Падчас Халоднае вайны Грэм стаў першым эвангелістам, які трапіў за Жалезную заслону, дзе выступіў перад шматлікімі натоўпамі з заклікамі да міру[18]. Падчас апартэіду Грэм адмовіўся наведваць Паўднёвую Афрыку, пакуль ейны ўрад не дазволіў зьмяшаныя сядзеньні для слухачоў. Першы раз у 1973 зладзіўшы там крыжовы паход, ён адкрыта асудзіў апартэід[19].

З 1992 Грэм пакутаваў на хваробу Паркінсона[20] і з тае пары стаў усё меней выступаць на публіцы.

Узнагароды і прэміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 кастрычніка 1989 зорка Білі Грэма была закладзеная на Галівудзкай алеі славы. Білі Грэм стаў адзіным хрысьціянскім прапаведнікам, які атрымаў гэтую ўзнагароду[21].

55 разоў (і 49 зь іх запар) Інстытут Гэлапа ўключаў Білі Грэма ў свой сьпіс найбольш паважаных асобаў[22] — болей, чым каго-кольвек іншага.

Узнагароджаныя Прэмія фундацыі Тэмпэлтана за прагрэс у рэлігіі і ўзнагародай Сыльвануса Таера за ўнёсак у «Службу, гонар, краіну».

У 2000 былая першая лэдзі Нэнсі Рэйган уручыла Грэму Прэмію свабоды Рональда Рэйгана.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Indepth: Billy Graham (анг.) // CBC Праверана 1 сьнежня 2011 г.
  2. ^ Evangelist Billy Graham dies at age 99; reached millions Associated Press Праверана February 21, 2018 г.
  3. ^ Wacker (2009)
  4. ^ Billy Graham Classics Span 25 Years of Gospel Preaching for the Masses (анг.). TBNПраверана 25 красавіка 2013 г.
  5. ^ The Transition; Billy Graham to lead Prayers (анг.) // The New York Times, 9 сьнежня 1992 г. Праверана 24 сьнежня 2007 г.
  6. ^ а б Nancy Gibbs & Richard N. Ostling. (November 15, 1993) God’s Billy Pulpit (анг.). Time. Праверана 7 лістапада 2011 г.
  7. ^ Who led Billy Graham to Christ... (анг.). Archives, Billy Graham Center, Wheaton College. Праверана 12 траўня 2011 г.
  8. ^ Sociology and Anthropology Department — wheaton.edu
  9. ^ «Farewell to God: My Reasons for Rejecting the Christian Faith»
  10. ^ а б Barry M. Horstmann. Billy Graham: A Man With A Mission Impossible (анг.) // Cincinnati Post, June 27, 2002 г. Праверана 18 жніўня 2007 г.
  11. ^ William Martin, "The Riptide of Revival", Christian History and Biography (2006), Issue 92, pp 24-29, online
  12. ^ а б в г д е Martin Luther King Jr. And The Global Freedom Struggle:Graham, William Franklin (1918-)
  13. ^ To Billy Graham
  14. ^ From Grady Wilson
  15. ^ Long (2008), Critical Reflections, pp. 150—151.
  16. ^ Man in the 5th Dimension (анг.) The 70mm Newsletter. In70mm.com (March 6, 2005). Праверана 12 траўня 2011 г.
  17. ^ Foster Hirsch. Love, Sex, Death & The Meaning of Life: The Films of Woody Allen. — Da Capo Press. — С. 52. — ISBN 0-306-81017-4
  18. ^ Duffy, Michael and Gibbs, Nancy. TIME. «Billy Graham: A Spiritual Gift to All», TIME, May 31, 2007. Retrieved 2007-24-11.
  19. ^ David Aikman. Billy Graham: His Life and Influence. — Thomas Nelson, 2007. — С. 109—110. — ISBN 0849917026
  20. ^ Billy Graham Is Ailing He Has Parkinson’s Disease (анг.) Праверана 12 жніўня 2013 г.
  21. ^ Billy Graham Now a Hollywood Star (анг.). Los Angeles Times (October 16, 1989). Праверана 25 лістапада 2012 г.
  22. ^ The Billy pulpit: Graham’s career in the mainline (анг.) // Christian Century, November 15, 2003 г. Праверана 18 жніўня 2007 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Aikman, David. Billy Graham: His Life and Influence. — Nashville: Thomas Nelson, 2007.
  • Long, Michael G. ed. The Legacy of Billy Graham: Critical Reflections on America’s Greatest Evangelist. — 2008.
  • Martin, William. Prophet with Honor: The Billy Graham Story. — Grand Rapids: Zonderkidz, 1991.
  • Pollock, John. Billy Graham: Evangelist to the World. — 1979. — ISBN 0060666919

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Білі Грэмсховішча мультымэдыйных матэрыялаў