Вугорская кухня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вугорская кухня складвалася стагодзьдзямі на скрыжаваньні эўрапейскіх (перадусім італьянскіх і нямецкіх) і ўсходніх (найперш фіна-вугорскіх, турэцкіх і іншых) традыцыяў і мае вельмі своеасаблівае аблічча. Коратка вугорскую кухню, тлустую і вострую, як калісьці і шляхецкая кухня Рэчы Паспалітай, характарызуюць словамі «шпік і перац», але насамрэч яна выкарыстоўвае самыя разнастайныя кампанэнты, — амаль усе вугорскія стравы маюць досыць складаную рэцэптуру. Асноўны спосабы тэрмічнай апрацоўкі — варка, смажаньне і тушэньне. Стравы гатуюць амаль выключна на сьвіным сале, масла і алей ужываюць радзей. Шырока ўжываецца сьмятана, якой запраўляюць і першыя і другія стравы, вырабляюць разнастайныя соўсы. Шмат ужываецца мукі: зь яе гатуюць запраўку (пасероўку), якая надае стравам гушчыню; тархоню — падсушанае цеста, замешанае на яйках, у выглядзе дробных шарыкаў, накшталт крупы, выкарыстоўваецца заміж рысу ў галубцах, фаршыраваным пэрцы, у гарнірах і г. д.; рулет «рэцеш» зь вельмі тонка раскатанага цеста; разнастайныя клёцкі і г. д.

Вельмі папулярная садавіна, асабліва цыбуля, безь якой немагчыма ўявіць амаль ніводную вугорскую страву, часнок, памідоры, бульба, салодкі перацпапрыка, якую вугорцы ўвялі ў эўрапейскую кухню. Шчодра ўжываюцца спэцыі. З сушаных здробненых стручкоў папрыкі вырабляюць адмысловы чырвоны парашок, які надае вугорскім стравам востры смак і спэцыфічны водар. Вугорцы па-майстэрску гатуюць рачную рыбу. Многія вугорскія стравы (гуляш, папрыкаш) даўно атрымалі інтэрнацыянальную вядомасьць, хаця часам замежныя інтэрпрэтацыі вугорскіх страваў моцна адрозьніваюцца ад арыгіналаў.

У Беларусі вугорскі культурны ўплыў у Сярэднявеччы адчуваўся значна больш, чым цяпер, дасягнуўшы максымуму пры Стэфане Баторыі, які значную частку свайго праўленьня правёў у Беларусі (памёр у Горадні). Многія жаўнеры зь яго 40-тысячнага вугорскага войска аселі ў Беларусі, паступова асіміляваўшыся. У вугорцаў добра разьвітая культура вінаробства, на працягу многіх стагодзьдзяў вугорскае віно, асабліва такай, было ўлюбёным напоем шляхты Рэчы Паспалітай.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»