Вялікі Каньён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вялікі Каньён

Вялі́кі Каньён (па-ангельску: Grand Canyon) — найвялікшы каньён у сьвеце, знаходзіцца на плато Каларада ў штаце Арызона, ЗША. Прарэзаны ракой Каларада ў тоўшчы вапнякоў, лупнякоў і пескавікоў. Час узьнікненьня вызначаецца прыкладна 10 млн гадоў. Даўжыня каньёна 446 км. Шырыня ад 6 да 29 км, на ўзроўні дна каля кілямэтар. Глыбіня — да 1600 мэтраў.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова, рака Каларада цякла па раўніне, але ў выніку тэктанічных зрухаў, каля 65 мільёнаў гадоў таму, плато ўзьнялася, зьмяніўся вугал нахіла, і хуткасьць ракі павялічылася. Спачатку эрозіі падвергліся верхнія вапнякі, потым рака ўзялася і за болей глыбокія старажытныя пескавікі й лупнякі. Нават цяпер каньён павялічваецца з-за эрозіі, якая цягнецца далей.

Асваеньне чалавекам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індзейцы ведалі аб каньёне тысячы гадоў таму. Да першых прыкмет жыцьця людзей у каньёне адносяць наскальныя малюнкі, якія заставілі індзейцы 3.000 гадоў таму.

У 1540 годзе Вялікі Каньён быў выкрыты групай гішпанскіх жаўнераў, пад кіраўніцтвам Гарсіі Лопеса дэ Кардэнаса, якія вандравалі ў пошуках золата. З таго часу, каньён не наведваўся эўрапейцамі болей 2 стагодзьдзяў.

У 1776 годзе, два гішпанскіх сьвятара, у суправаджэньні жаўнераў, на шляху з Санта-Фэ ў Каліфорнію вандравалі ўздоўж Вялікага Каньёна.

Першая навуковая экспэдыцыя, узначаленая вэтэранам Грамадзянскай вайны ў ЗША і прафэсарам унівэрсытэта Джонам Уізьлі Паўэлам, была праведзена ў 1869 годзе. Паўэл дасьледаваў і апісаў каньён.

У 1903 годзе каньён наведаў прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэлт, ён жа абвясьціў яго нацыянальным помнікам у 1909 годзе.

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штогод Вялікі Каньён наведваюць мільёны турыстаў. Праводзяцца самалётныя і верталётныя экскурсіі. Па каньёну пракладзена вялікая колькасьць пешаходных сьцежак. Існуе і водны турызм. Адчынены музэй, прысьвечаны каньёну.