Гарбузовы хлеб

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарбузовы хлеб
Гарбузовы хлеб з грэцкімі гарэхамі (2015 год)
Гарбузовы хлеб з грэцкімі гарэхамі (2015 год)
Тыпхлеб
Нацыянальная страваамэрыканская
ПаходжаньнеЗША
РэгіёнПаўночная Амэрыка
Дата зьяўленьняХІХ стагодзьдзе
Час прыгатаваньня2 гадзіны
Асноўны складнікгарбузовае пюрэ
Распаўсюджаныя складнікіпшанічная мука, алей, цукар, яйкі, сода

Гарбузо́вы хлеб — хлеб на аснове гарбузовага пюрэ з духмянымі прыправамі.

У Паўночнай Амэрыцы страву падаюць у якасьці сьвяточнай на Дзень усіх сьвятых.

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для прыгатаваньня гарбузовага хлеба выкарыстоўваюць па 150 грамаў гарбузовага пюрэ й пшанічнай мукі найвышэйшага гатунку, па 100 грамаў алею і цукру, паўшклянкі вады і 2 вялікія яйкі, па гарбатнай лыжцы харчовай соды і молатай карыцы, па 30 грамаў грэцкіх арэхаў і разынак, 3/4 гарбатнай лыжкі солі, палову гарбатнай лыжкі молатага мускатнага гарэху і 1/4 гарбатнай лыжкі молатага гвазьдзіка[1].

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку ўключаюць духоўку на +180°С для разагрэву. Тым часам, зьмешваюць муку і цукар, харчовую соду і мускатны гарэх, карыцу і гвазьдзік. Каб прыбраць смак харчовай соды, дадаюць соль. У асобнай місцы ўзьбіваюць яйкі з алеем. Затым дадаюць ваду і гарбузовае пюрэ, папярэдне нацёртае на дробнай тарцы або кансэрваванае бяз цукру. Узьбітую сумесь спалучаюць з сухімі складнікамі і вымешваюць цеста да стану сярэднетлустай сьмятаны. Пасьля даданьня здробненых грэцкіх арэхаў і разынак гарбузовы хлеб выпякаюць прынамсі гадзіну пры тэмпэратуры +180°С. Сярэдзіну буханкі пратыкаюць зубачысткай і правяраюць гатоўнасьць стравы паводле чысьціні зубачысткі пры яе даставаньні. Пасьля выпечкі хлеб пакідаюць у форме на 10 хвілінаў. Гарбузовы хлеб падаюць да супу і гародніннай салаты, калі замест разынак выкарыстоўваюць насеньне сланечніка і кунжут, а таксама дадаюць менш цукру. Пры даданьні разынак, курагі і чарнасьліва яго падаюць да піцьця гарбаты[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Валянціна Мохар. Гарбузовы хлеб // Партал «Слушна», 9 кастрычніка 2020 г. Праверана 16 чэрвеня 2022 г.