Дзень беларускай вайсковай славы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзень беларускай вайсковай славы
народная традыцыя
Значэньне ушанаваньне перамогі ў Аршанскай бітве 1514 году
Дата 8 верасьня

Дзень белару́скай вайско́вай сла́вы — штогадовае неафіцыйнае сьвята Беларусі, якое адзначаецца 8 верасьня ў гонар перамогі ў Аршанскай бітве 1514 году.

Гісторыя сьвяткаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 верасьня 1992 году грамадзкае аб’яднаньне Беларускі народны фронт «Адраджэньне» зладзіла 1-е сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы на плошчы Незалежнасьці ў Менску[1]. Сьвята таксама адзначылі ў Берасьці, Горадні і іншых гарадах Беларусі. Яго правялі на прапанову гісторыка Міхася Ткачова, які быў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі». Падчас сьвяткаваньня ў сталіцы грамадзкае аб’яднаньне «Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў» зладзіла масавае прыняцьцё 12 афіцэрамі і 3000 жаўнерамі прысягі на вернасьць Беларусі[2]. 8 верасьня 1993 году Дзень беларускай вайсковай славы ў Горадні адсьвяткавалі шэсьцем праз цэнтар гораду, мітынгам у Старым парку і прысягай на вернасьць Беларусі. У 1996 годзе таксама адбыліся сьвяточныя шэсьці і мітынг. У 2000 годзе сьвяткаваньне суправаджалася запускам паветраных шароў зь бел-чырвона-белым сьцягам[3].

8 верасьня 2007 году на Крапівенскім полі (Аршанскі раён), дзе адбылася бітва, прайшоў чарговы фэст беларускай аўтарскай песьні і паэзіі «Аршанская бітва». Як і зазвычай фэст ладзілі для моладзі з удзелам бардаў[4]. 8 верасьня 2009 году беларуская дыяспара Польшчы адсьвяткавала Дзень беларускай вайсковай славы шэсьцем у Варшаве[5].

У 2016 годзе ў Менску сьвяткаваньне прайшло ў некалькіх сквэрах, у тым ліку Партыя БНФ зладзіла мітынг на плошчы Парыскай камуны[6]. 8 верасьня 2017 году Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ правяла сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы ў Кіеўскім сквэры Менску[7]. 503-я ўгодкі перамогі пад Воршай ушанавалі ваярскімі сьпевамі, прысягай на вернасьць Беларусі і духоўным гімнам «Магутны Божа»[8]. Таксама 8 верасьня 2017 году Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне правяло пікет у Брусэлі (Бэльгія)[9]. Адначасна ў вёсцы Пескі Лідзкага раёну правялі музычны фэстываль у гонар Для беларускай вайсковай славы з удзелам сьпевакоў з усіх вобласьцяў Беларусі[3].

Водгукі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 верасьня 2003 году ў газэце «Наша слова» выйшаў артыкул гісторыка Анатоля Грыцкевіча «Дзень беларускай вайсковай славы». 23 лютага 2018 году ваенны гісторык Ігар Мельнікаў прапанаваў перанесьці сьвяткаваньне Дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь: «найлепшай датай дзеля сьвяткаваньня ёсьць 8 верасьня, неафіцыйна вядомы як Дзень беларускай вайсковай славы»[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зянон Пазьняк. Дзень Беларускай вайсковай славы. 503-я гадавіна Перамогі пад Воршай // Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ, 8 верасьня 2017 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  2. ^ Прысяга БЗВ на вернасьць незалежнай Беларусі 8 верасьня 1992 // Хведар Барановіч, 14 кастрычніка 2016 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  3. ^ а б Грамадзка-палітычны летапіс Гарадзеншчыны // Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Горадні, 7 чэрвеня 2011 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  4. ^ 8 верасьня — Дзень беларускай вайсковай славы // Наша ніва : газэта. — 6 верасьня 2007. — № 33 (535). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
  5. ^ Фота з акцыі ў Варшаве з нагоды Аршанскай перамогі 1514 году // Грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская нацыянальная памяць» (Варшава), 9 верасьня 2009 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  6. ^ У Беларусі адзначаецца неафіцыйнае свята — Дзень беларускай вайсковай славы // Эўрарадыё, 8 верасьня 2016 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  7. ^ Менгарвыканкам дазволіў КХП БНФ адзначыць Дзень вайсковай славы ў Менску // Радыё «Свабода», 4 верасьня 2017 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  8. ^ Дзень Беларускай вайсковай славы ў Менску // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 9 верасьня 2017 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  9. ^ Пікет супраць тэрарызму // Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне, 11 верасьня 2017 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.
  10. ^ Сяргей Запрудзкі. Ігар Мельнікаў: 23 лютага – дзіўная дата для сьвяткаваньня, прыдуманая сталінскімі прапагандыстамі // Праект «Мазгавыя трэсты Беларусі», 23 лютага 2018 г. Праверана 18 жніўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]