Землятрус у Індыйскім акіяне 2004 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Землятру́с ля Сума́тры — падводны буйнамаштабны землятрус, які адбыўся ў Індыйскім акіяне 26 сьнежня 2004 году ў 00:58:50 UTC з гіпацэнтрам непадалёк ад інданэзійскага вострава Суматра (160 кілямэтраў ад вострава, 3,298°N, 95,779°E), на глыбіні 30 кілямэтраў, і моцнасьць якога дасягнула 9,0 балаў (першапачаткова паведямлялася, што ягоная сіла была 8,5, потым — 8,8 балу), і які меў катастрафічныя наступствы для ўсяго рэгіёну Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Гэта быў наймацнейшы землятрус на плянэце за апошнія сорак гадоў (пасьля землятрусу на Алясцы ў 1964 годзе), і чацьверты па сіле з усіх задакумэнтаваных землятрусаў з 1900 году.

Землятрус выклікаў велізарныя хвалі цунамі, якія ўдарыла па ўзьбярэжжы Шры-Ланкі, Індыі, Інданэзіі, Тайлянду, Малайзіі, Самалі (знаходзіцца за 4100 кілямэтраў ад эпіцэнтру). Пасьля першага землятрусу былі зафіксаваныя шматлікія паўторныя штуршкі сілай ад 5,7 да 7,3 балу.

Характарыстыка землятрусу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты землятрус акрамя сваёй велізарнай сілы меў надзвычайна вялізны маштаб — адбылося сутыкненьне тэктанічных плітаў на лініі даўжынёй 1200 кілямэтраў. Энэргія, якая вызвалілася ў выніку гэтага землятрусу (2 эксаджоўляў = 2×1018 джоўляў), перавышае ўсю энэргію, якую спажывае ЗША за год (гэтай энэргіі хапіла б для таго, каб на кожнага жыхара плянэты ўскіпяціць некалькі тысячаў літраў вады). У выніку сутыкненьня плітаў некаторыя маленькія астравы ля Суматры пасунуліся на 20—30 мэтраў. Паўночная частка Суматры пасунулася на 36 мэтраў.

У выніку землятрусу зямная вось зьмясьцілася на некалькі сантымэтраў з Захаду на Ўсход, а папярэднія падлікі паказваюць, што ў выніку гэтага суткі скараціліся на 3 мікрасэкунды. Пра гэта паведамілі адмыслоўцы з італьянскай касьмічнай агенцыі. У выніку гэтага зруху Зямля будзе круціцца трошачкі павольней, што прывядзе да мікраскапічнага скарачэньня працягласьці сутак. Гэткія зьмяшчэньні восі кручэньня Зямлі адбываюцца падчас любых буйных прыродных катастрофаў. Часам нават без стыхійных бедзтваў зямная вось зьмяшчаецца нават больш, чым цяпер. Але цяперашні зрух адбыўся надзвычай хутка, што ўяўляе апроч іншага і навуковы інтарэс.

Ахвяры землятрусу і цунамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа землятрусу ля ўзьбярэжжа Суматры

Паводле папярэдніх дадзеных у выніку хваляў цунамі, якія сягалі 15 мэтраў вышынёй і дасягалі хуткасьці 800 км/г, загінулі як найменей 160 000 чалавек. Паводле колькасьці загіблых, гэтае цунамі сталася адной з найбуйнешых катасторфаў сучаснасьці. Каля траціны ўсіх загінулых — дзеці.

Адна з асноўных прычынаў вялікай колькасьці ахвяраў — адсутнасьць сыстэмы папярэджаньня. У 2003 годзе адносна бедныя краіны рэгіёну Паўднёва-Ўсходняй Азіі адмовіліся ад спэцыяльнай электроннай сыстэмы раньняга папярэджаньня. Па-другое, папярэдзіць людзей у гэтых краінах наўрад ці пасьпелі б таму, што эпіцэнтар быў вельмі блізка — за 66 кілямэтраў ад тайляндзкай выспы Пхукет, а хвалі цунамі могуць дасягаць хуткасьці 700—800 км/г.

Эканамічная шкода ад землятрусу й цунамі ацэньваецца як найменей у 12—14 мільярдаў даляраў ЗША.

Паводле ААН, прыблізна 1,7 мільёну чалавек у Інданэзіі і Шры-Ланцы павінны будуць атрымліваць харчовую дапамогу цягам многіх месяцаў. Таксама каля двух мільёнаў чалавек у Інданэзіі, Тайляндзе і Шры-Ланцы маюць патрэбу ў леках, ежы, чыстай вадзе, і ня маюць даху над галавой. Паводле ААН, пацярпелым краінаў будуць ахвяраваныя амаль тры мільярды даляраў. Найбольшыя сумы выдзелілі Аўстралія (810 мільёнаў даляраў), Нямеччына (660 мільёнаў даляраў), Японія (500 мільёнаў даляраў), ЗША (350 мільёнаў даляраў), Сусьветны банк (250 мільёнаў даляраў).

Беларускі ўрад пакуль не выдзяляў сродкаў на дапамогу пацярпелым.

Паводле папярэдніх зьвестак Міністэрства замежных справаў, афіцыйна ў зоне цунамі былі прынамсі 24 беларускія турысты, але ніхто зь іх не пацярпеў. Неафіцыйна, прадстаўнік беларускага турагенцтва заяўляе, што ў зоне бедзтва мусіла быць да тысячы беларусаў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відэа, мапы і фота[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]