Леў Цьвяткоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Леў Цьвяткоў
Дата нараджэньня 1881
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 лістапада 1937(1937-11-28)
Месца сьмерці
Месца вучобы Маскоўскі ўнівэрсытэт
Занятак журналіст, мовазнаўца, літаратуразнаўца, пэдагог
Навуковая сфэра славянскае мовазнаўства, літаратуразнаўства
Месца працы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт

Леў Мікалаевіч Цьвяткоў (1881, Яраслаўль — 28 лістапада 1937, Смаленск) — мовазнавец, літаратуразнавец, пэдагог, журналіст; дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і сакратар Інстытуту навуковай мовы.

Адзін зь першых беларускіх славістаў савецкага часу, займаўся найперш паляністыкай і сэрбістыкай. З 1926 году актыўна выступаў у друку з рэцэнзіямі на новыя беларускія, расейскія і замежныя выданьні, з артыкуламі пра літаратурна-грамадзкі рух у XIX стагодзьдзі, нататкамі пра нацыянальныя супольнасьці Беларусі, выказваў прапановы датычна спосабаў усталяваньня правапісу беларускай мовы.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1881 годзе ў Яраслаўлі. Скончыў Маскоўскі ўнівэрсытэт (1904), працаваў у Яраслаўлі і Вязьме, з 1907 году — у Менску, выкладнік (верагодна, нямецкай або францускай мовы) Камэрцыйнай, а пазьней — Політэхнічнай вучэльні.

У 1912—1913 гг. рэдагаваў штодзённую газэту Ўсерасейскага нацыянальнага саюзу «Минское русское слово». У 1917 годзе — выкладнік Менскай духоўнай вучэльні. У 1920 годзе быў выкладнікам у Палітпрасьветы 16-й арміі, парадкаваў бібліятэку пры Менскім архіве. У 1922 годзе працаваў у 5-й савецкай школе Менску. Тады ж як «знаўца славянскай філялёгіі» быў запрошаны працаваць на пэдагагічны факультэт БДУ.

1 кастрычніка 1922 году быў зацьверджаны на пасадзе бібліятэкара кабінэта мастацтваў і літаратуры пры пэдагагічным факультэце БДУ. У 1922/1923 навучальным годзе выкладаў на першым і другім курсах этноляга-лінгвістычнага аддзяленьня дысцыпліны «ўводзіны ў мовазнаўства» і «стараславянская мова». Пазьней выкладаў параўнальнае мовазнаўства і славянскія мовы.

Да канца 1926/1927 навучальнага году займаў на пэдагагічным факультэце пасаду асыстэнта катэдры параўнальнага мовазнаўства, з 1927 году — дацэнт, аднак у канцы году быў вымушаны пакінуць унівэрсытэт. У 1929 г. быў звольнены і зь Беларускай Акадэміі навук.

У 1930-я працаваў настаўнікам у пасёлку Надва Руднянскага раёну Смаленскай вобласьці. Арыштаваны 27 верасьня 1937. Асуджаны 17 лістапада 1937 камі­сіяй НКВД і пракуратуры СССР за «шпіянаж» і «антысавецкую агітацыю»[1]. Расстраляны 28 лістапада 1937 у Смаленску.

Погляды на правапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Леў Цьвяткоў далучыўся да прапановы Язэпа Лёсіка адмовіцца ад ўведзенага Браніславам Тарашкевічам дысыміляцыйнага яканьня ў другім складзе перад націскам. Адмоўна ставіўся да прапановы Язэпа Лёсіка скасаваць пазначэньне асыміляцыйнай мяккасьці праз знаходжаньне ў «супярэчнасьці з духам нашага правапісу»[2]. Ухваляў увядзеньне аканьня ў чужаземных словах, лічыў, што для ўнікненьня магчымай аманіміі (напрыклад, «онтолёгія» — 'частка мэтафізыкі' і «анталёгія» — 'збор лірычных твораў') можна ствараць нэалягізмы тыпу «існаслоўе»)[2]. Дапускаў выкарыстаньне ў беларускай графіцы для зьлітага гуку «дж» сэрбскай літары «ј», а для згука «дз» кірылічнай літары «дзело́» (Ѕ) — нэнѕа, ѕякаваць, суѕьѕя.

Асьвятляючы пытаньне перадачы ўласных назоваў іншамоўнага паходжаньня, Леў Цьвяткоў лічыў патрэбным клапаціцца аб дакладнасьці ў транскрыпцыі чужаземных гукаў, а не пераймаць чужыя напісаньні; ён імкнуўся дасягнуць найбольшае дакладнасьці, якая толькі магчымая пры карыстаньні знакамі беларускага альфабэту[3]. Леў Цьвяткоў выступаў за:

  • выкарыстаньне літары «ґ» для перадачы лацінскага «g» (Гамэр, Гэсіёд, Гарацы, Гарры, але Ґорды, Аґрыгент, Вэрґілі);
  • перадачу італьянскага «ch» праз «к», гішпанскага і ангельскага праз «ч», нямецкага, чэскага і польскага — праз «х», францускага — праз «ш»;
  • перадачу глухога ангельскага «th» праз «с», звонкага — праз «з»;
  • перадачу ангельскага білябіяльнага «w» праз ў (нескладовае) для адрозьненьня «w» ад «u»
  • перадачу гішпанскага «ñ», францускага і італьянскага «gn» беларускім мяккім «н»;
  • перадачу гішпанскага «ll», італьянскага «gl», сэрбскага «љ» беларускім мяккім «л»;
  • перадачу гішпанскага «j» (хоты), а таксама «g» перад галоснымі пярэдняга раду праз «х»;
  • перадачу гішпанскага «b» і «u» паміж галоснымі праз «в» (Ibáñez — Іванес);
  • перадачу падвойных зычных толькі ў становішчы пасьля націску (Шлё́ссэр, Шы́льлер, але Шамісо́, Русо́) і толькі ва ўласна асабовых назовах (не ў геаграфічных);
  • перадачу польскага r (rz) праз «ж» (а побач з глухім зычным — праз «ш») і чэскага «r» праз «рж» і «рш»
  • перадачу старагрэцкага «ζ» (дзэты) праз «з», а не «дз»;
  • перадачу ў пазыцыі паміж галоснымі грэцкага ды гішпанскага «s» праз «с» (Мэндоса, Піса, Лісандр, Элісэйскія палі);
  • скасаваньне «дзеканьня», «цеканьня» і «рэканьня» ў расейскіх асабовых назовах (Брюлоў, Брюсаў, Тіханаў, Дедюлін);
  • скасаваньне «яканьня» ў расейскіх асабовых назовах (Лескоў, Мережкоўскі)
  • скасаваньне «дзеканьня» пры перадачы францускага «u» і нямецкага «ü» пасьля «д», «т» (Дюран, Дюрынг, Тюрлюпэн);
  • перадачу нямецкага «ö» празь «ё» толькі пасьля «г», «к»; у іншых выпадках — праз «э»;
  • перадачу ангельскага «а» ў моцнай пазыцыі праз «эй» (часам перад «l» і «w» — праз «о»);
  • перадачу нямецкіх дыфтонгаў «eu», «äu» праз «ой», дыфтонга «au» — праз «аў»;
  • перадачу «оканьня» ў небеларускіх і нерасейскіх асабовых імёнах (Огоноўскі, Дорошэнка, сэрб. Поповіч, баўгар. Попоў);

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цвяткоў Леў Мікалаевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  2. ^ а б Цьвяткоў, Л. Аб некаторых спрэчных пытаньнях беларускага правапісу і аб яго рэвізіі // ARCHE Пачатак. — Мн.: 2010. — № 11. — С. 191.
  3. ^ Цьвяткоў, Л. Увагі аб правапісе і скланеньні чужаземных уласных іменьняў у беларускай мове // ARCHE Пачатак. — Мн.: 2010. — № 11. — С. 264.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы. ARCHE 2010, № 11.
  • Цыхун, Г.А. З гісторыі беларускай славістыкі: Леў Цвяткоў і яго беларуска-іншаславянскія штудыі // Белорусский и другие славянские языки: семантика и прагматика. Мн., БГУ, 2002.С. 165-171.