Лябірынт, або Заблытаная дарога

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Лябірынт, або Заблытаная дарога» (па-польску: Labirynt, abo droga zawikłana) — філязофска-публіцыстычная паэма Тамаша Яўлевіча, напісаная і выдадзеная ў кракаўскай друкарні Францішка Цэзарыя ў 1625 годзе. Твор прысьвечаны навастворанаму магілёўскаму брацтву. На беларускую мову паэма перакладзена Рыгорам Барадуліным (Спадчына, 1999. № 2. С. 91—109).

Кампазыцыйную аснову твора складае творчае спалучэньне вобразаў лірычнага героя і алегарызаванай Мудрасьці, ад імя якіх вядзецца аповед.

Найважнейшы матыў паэмы — услаўленьне багатай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якая ўвасобілася ў гарадах, такіх, як Магілёў, Кіеў, Галіч і іншыя. У мінулым беларускага народу аўтар паэмы бачыў ідэальны, залаты век.

Поўная назва: «Лябірынт, альбо Заблытаная дарога, дзе гожая Мудрасьць з абавязку свайго вяльможным панам магілявянам ды яшчэ некаторым, у пачынаньнях сваіх падобным, карацейшую й далёка лепшую дарогу паказвае» (польск. Labirynt, abo droga zawikłana, gdzie piękna Mądrość z powinności swej pp. mohylowianom i im niekotorym w przedsięwzięciach swych podobnym krotszą i daleko lepszą drogę pokazuje).

Вострае сацыяльнае гучаньне і высокі ўзровень мастацкасьці вылучаюць паэму сярод іншых твораў таго часу, ставяць яе ў шэраг найлепшых дасягненьняў паэтычнай культуры Беларусі эпохі барока.

Тэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўная тэма паэмы — роля навук і мастацтваў, адукацыі і выхаваньня ў жыцьці грамадзтва. Т. Яўлевіча абурала распаўсюджаньне п’янства, якое ён лічыў найвялікшым грамадзкім злом. Упершыню ў беларускай паэзіі аўтар узьняў многія вострыя грамадзкія праблемы, адкрыта заявіў пра маральны крызіс і заганы грамадзтва, раскрытыкаваў чыноўніцка-бюракратычны апарат, які паграз у хабары і стаў абыякавы да простага чалавека.

У сваёй паэме Т. Яўлевіч прапаноўваў станоўчую праграму дзеяньняў, сутнасьць якой — у маральным удасканаленьні людзей, шырокім разьвіцьці навук і асьветніцтве народа. Аўтар патрабаваў ад кожнага чалавека адказнасьці за лёс Айчыны, актыўнага ўдзелу ў грамадзкіх справах, бо замыканьне на сабе, на думку аўтара, прыводзіць да маральнага спусташэньня і духоўнай сьмерці.

У паэме аформлена таксама праблема барацьбы шляхецкіх груповак за палітычную ўладу. На думку паэта, варажнеча паміж палітычнымі дзеячамі ўяўляе страшэнную грамадзкую небясьпеку.

Значнае месца ў паэме займае тэма навучаньня, адукацыі і выхаваньня, якая выяўляецца ў форме дыялёгу Мудрасьці з жыхарамі Магілёва. У недастатковым разьвіцьці навук аўтар бачыў праблему агульнадзяржаўнай важнасьці. Адказнасьць за адукацыю і выхаваньне дзяцей Т. Яўлевіч ускладаў на дарослых, востра крытыкуючы тых бацькоў, якія не жадаюць траціць сродкі на навучаньне сваіх дзяцей.

Генэтычна канцэпцыя Т. Яўлевіча зьвязана з барокавай ідэяй няўстойлівасьці сьвету, паводле якой тое, што сёньня мае чалавек, заўтра можа абярнуцца для яго поўнай процілегласьцю (багацьце — беднасьцю, здароўе — хваробай, шчасьце — бядой і г. д.), аднак аўтар выяўляе сябе ўстойлівым аптымістам. Яго перапаўняе гонар за славянскія народы. Дзейнасьць адукаваных магнатаў, накіраваная на разьвіцьцё навук, імкненьне моладзі да ведаў, а таксама ратныя подзьвігі і адвага запароскіх казакоў пры абароне Айчыны — усё гэта давала Т. Яўлевічу вялікія надзеі на будучыню.

У царкоўных брацтвах аўтар бачыць узор згоды і грамадзкага спакою. Т. Яўлевіч раіць мяшчанам Магілёва аб’яднацца на ўзор жыхароў Львова і Вільні, дзе ўжо даўно існавалі царкоўныя саюзы. Навастворанае магілёўскае брацтва, якому ён прысьвяціў сваю паэму, уважаецца за знак адраджэньня жыцьця ў родным горадзе паэта. Аўтар выказвае спадзяваньне, што маладое пакаленьне абудзіцца ад працяглага сну і знойдзе найлепшае прымяненьне сваіх сілаў, у тым ліку і на карысьць бацькаўшчыны.

Вобраз «Русі»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У паэме няма непасрэдных адсылак да Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. За «Рэч Паспалітую» аўтар ўважае толькі Русь і верыць у лепшую мінуўшчыну таго «панства». Алег Латышонак адзначае, што ў паэме прадстаўлены ўсе кампанэнты так званай украінскай нацыянальнай самасьвядомасьці. Русь тут зьяўляецца ня столькі трэцім кампанэнтам Рэчы Паспалітай, сколькі Рэччу Паспалітай у самой сябе. Гісторык сьцьвярджае, што выдзеленыя Хынчэўскай-Хэнэль і Якавенкам складнікі ўкраінскай нацыянальнай сьвядомасьці зьяўляюцца насамрэч элемэнтамі рускай нацыянальнай самасьвядомасьці, а карацей кажучы — самасьвядомасьці праваслаўнай часткі рускага народу[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Łatyszonek Oleg, Od Rusinów Białych do Białorusinów. Białystok, 2006. С. 146—147

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 30—31. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 619—621