Мэнструацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Малюнак адлюстроўвае прагрэсаваньне мэнструальнага цыклю і розныя гармоны, якія спрыяюць гэтаму працэсу.

Мэнструацыя (ад лац. Mensis — «месяц») — частка мэнструальнага цыклю жаночага арганізму, адрыньваньне функцыянальнага плясту эндамэтрыя, то бок сьлізьневай абалонкі маціцы, якое суправаджаецца крывацёкам. Ад першага дня мэнструацыі пачынаецца адлік мэнструальнага цыклю. Тое, што мэнструальная кроў ня згортваецца і мае больш цёмны колер, чым кроў, якая цыркулюе ў судзінах зьяўляецца нормай. Гэта тлумачыцца прысутнасьцю ў мэнструальнай крыві набору фэрмэнтаў.

Мэнструацыя звычайна адбываецца кожны месяц, але маюцца і нестандартныя тэрміны мэнструацыі. Да плоцевага пасьпяваньня, у пэрыяд цяжарнасьці і адразу пасьля родаў, у мэнапаўзе мэнструацыя адсутнічае. Мэнапаўза наступае ў жанчын звычайна паміж 45 і 55 гадамі, што азначае, што жанчына больш ня зможа зацяжарыць[1]. Вылучэньні адразу пасьля родаў называюцца лохіі і працягваюцца некалькі тыдняў. Часам падчас кармленьня грудзьмі мэнструацыя можа адсутнічаць нейкі час і на гэтым адсутнасьці мэнструацыі пабудаваны такі мэтад засьцярогі ад цяжарнасьці як мэтад ляктацыйнай амэнарэі. Першае зьяўленьне мэнструацыі, вядомае як мэнархэ, у жанчыны адбываецца ў 12—14 гадоў, аднак у сярэднім гэты паказчык вагаецца ад 9—11 да 19—20 гадоў. Пасьля першай мэнструацыі наступная можа быць праз 2 або 3 месяцы. З часам мэнструальны цыкль усталёўваецца і працягваецца звычайна 28 дзён, але працягласьць цыклю можа складаць ад 21 да 35 дзён. Толькі ў 13% ад усіх жанчынаў цыкль складае роўна 28 дзён. Мэнструацыя доўжыцца прыкладна 2—8 дзён.

Да 80% жанчынаў паведамляюць аб наяўнасьці некаторых сымптомаў да пачатку мэнструацыі[2]. Агульныя прыкметы і сымптомы ўключаюць акнэ, падвышэньне адчувальнасьці грудзяў, уздуцьце жывата, пачуцьцё стомленасьці, раздражняльнасьць і зьмены настрою[3]. Гэта можа перашкаджаць нармальнаму жыцьцю, такі стан кваліфікуюць як перадмэнструальны сындром, які назіраецца ад 20 да 30% жанчынаў[2]. У 3 да 8% жанчынаў сымптомы зьяўляюцца сур’ёзнымі[2].

Адсутнасьць пэрыядаў мэнструацыі вядомая як амэнарэя, калі мэнструацыя ня мае месца ў дзяўчынак да 15 гадоў ці пэрыяды не адбываліся на працягу 90 дзён[4]. Іншыя праблемы, зьвязаныя з мэнструальным цыклем, уключаюць у сябе моцны боль і ненармальны крывацёк, як то крывацёк паміж цыклямі мэнструацыі або моцны крывацёк[4]. Мэнструацыя ў іншых жывёлаў адбываецца ў прыматаў, як то звычайных і чалавекападобных малпаў, а таксама у рукакрылых і скакунчыкаў[5][6].

Мэнструальныя цыклі адбываюцца за кошт пад’ёму і падзеньню гармонаў[4]. Цыкль прыводзіць да патаўшчэньня сьлізьневай абалонкі маціцы і ростам заплодкавай вузы, што неабходна для цяжарнасьці[4]. Заплодкавая вуза выходзіць зь яечніка каля чатырнаццаці дзён, патоўшчаная падшэўка маткі забясьпечвае спажыўныя рэчывы эмбрыёну[4]. Калі цяжарнасьць не наступае, падшэўка адрынаецца і выводзіцца з арганізму, што і вядома як мэнструацыя[4].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Menopause: Overview». National Institute of Child Health and Human Development.
  2. ^ а б в Biggs, WS; Demuth, RH (15 October 2011). «Premenstrual syndrome and premenstrual dysphoric disorder». American Family Physician. 84 (8): 918—924. PMID 22010771.
  3. ^ «Premenstrual syndrome (PMS) fact sheet». Office on Women's Health.
  4. ^ а б в г д е «Menstruation and the menstrual cycle fact sheet». Office of Women's Health.
  5. ^ Kristin H. Lopez (2013). «Human Reproductive Biology». Academic Press. — С. 53. — ISBN 9780123821850.
  6. ^ Martin RD (2007). «The evolution of human reproduction: a primatological perspective». Am. J. Phys. Anthropol. Suppl 45: 59–84. doi:10.1002/ajpa.20734. PMID 18046752.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]