Партрэт Войцеха Пуслоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Партрэт маршалка дваранства Слонімскага павету Войцеха Пуслоўскага
Польская моваPortret Wojciecha Pusłowskiego
Мастак Валенці Ваньковіч
Год да 1833
Тып палатно, алей
Памеры 102 × 82
Месцазнаходжаньне Летувіскі нацыянальны мастацкі музэй(lt)Вільня

«Партрэт маршалка дваранства Слонімскага павету Войцеха Пуслоўскага[1]» (па-польску: «Portret Wojciecha Pusłowskiego») — карціна Валенція Ваньковіча, напісаная ім да 1833 году[1].

Гісторыя карціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месца й час напісаньня карціны дакладна невядомыя. Войцех Пуслоўскі (1762—1833) — прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду Рэчы Паспалітай, вядомы грамадзка-палітычны й гаспадарчы дзеяч беларуска-літоўскіх зямель, маршалка дваранства Слонімскага павета, уладальнік шматлікіх маёнткаў у Слонімскім, Кобрынскім, Гарадзенскім, Пінскім, Віленскім і іншых паветах Паўночна-Заходняга края[1]. Яго партрэт мог быць замоўлены маладому Ваньковічу як у Вільні, дзе Ваньковіч вучыўся ва ўнівэрсытэце (18181824), так і ў Санкт-Пецярбургу, дзе мастак працягваў сваю адукацыю ў Акадэміі мастацтваў (па 1829 г.). Існуе таксама магчымасьць, што партрэт быў напісаны й на слонімскай зямлі. У Войцеха Пуслоўскіх там было некалькі маёнткаў, а Валенцій Ваньковіч, яшчэ будучы студэнтам, часта бываў у тых краях — на радзіме сваёй жонкі Анэлі (з роду Растоцкіх)[1]. Партрэт быў напісаны для сямейнай партрэтнай галерыі й быў закліканы захаваць памяць пра прадстаўніка роду[2].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захавалася арыгінальная аўтэнтычная рама карціны[3].

Войцех Пуслоўскі на партрэце Ваньковіча паўстае асобай выдатнай — заможным, прадпрымальным і кемлівым ў справах, франтам і моднікам і пры ўсім гэтым — чалавекам вельмі набожным[1]. На партрэце ён ужо немалады чалавек у традыцыйным шляхецкім сармацкім строі з чырвонай муаравай стужкай, з ордэнам Сьвятой Ганны 1 ступені й са слуцкім поясам[3]. Багаты тканы слуцкі пояс у папярочную чорна-чырвоную палоску, павязаны па апошняй шляхецкай модзе, з выпушчанымі вонкі пэндзьлямі колеру старога золата арганічна дапаўняе старапольскі кунтуш шляхціца. Твар шляхціца, добра змадэляваны мастаком, прыцягвае ўнутранай энэргіяй, аптымізмам, упэўненасьцю ў сабе[1][2].

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 17 лютага да 17 чэрвеня 2012 карціна ўпершыню[2] ў Беларусі выстаўлялася ў Нацыянальным мастацкім музэі[1].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]