Сацыялістычная партыя Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сацыялістычная партыя Сэрбіі
па-сэрбску: Социjалистичка партиjа Србиjе
Выява лягатыпу
Заснавальнік Слабадан Мілошавіч
Дата заснаваньня 17 ліпеня 1990
Штаб-кватэра
Ідэалёгія сацыял-дэмакратыя[d] і папулізм
Афіцыйны сайт sps.org.rs

Сацыялістычная партыя Сэрбіі (па-сэрбску: Социјалистичка партија Србије/Socijalistička partija Srbije) — адна з найстарэйшых партыяў посткамуністычнай Югаславіі. Створаная 16 ліпеня 1990 году ў выніку зьліцьця Зьвязу камуністаў Сэрбіі зь некалькімі сацыялістычнымі рухамі. Першым лідэрам партыі стаў Слабадан Мілошавіч. У 1990-я гады партыя была кіроўнай у Сэрбіі і Чарнагорыі. На выбарах 1990 году партыя атрымала больш за палову галасоў выбаршчыкаў, на наступных выбарах у 1992, 1993 і 1997 гадах таксама атрымлівала большасьць галасоў. Пасьля Бульдозэрнай рэвалюцыі сацыялісты перайшлі ў апазыцыю. У 2001 годзе партыя была абезгалоўлена праз экстрадыцыю Слабадана Мілошавіча ў Гаагу. У 2003—2007 гадах рэйтынг партыі ўвесь час вагаўся на ўзроўні 5—6%.

На выбарах 2008 году партыя здабыла 7,6% галасоў, што дазволіла разьлічваць на стварэньне антыпрэзыдэнцкага ўраду радыкалаў, дэмакратаў Ваіслава Каштуніцы і сацыялістаў. Аднак насуперак усім чаканьням, нацыяналістычная Сацыялістычная партыя сфармавала кааліцыю з процілеглай ёй паводле ідэалёгіі і традыцыям праэўрапейскай Дэмакратычнай партыяй Тадзіча і ейнымі хаўрусьнікамі. Гэта спарадзіла мноства спэкуляцыяў і чутак пра тое, што дэмакраты маглі заплаціць сацыялістам некалькі мільёнаў дынараў за стварэньне кааліцыі дзеля захаваньня ўлады, паколькі пасьля выбараў магчымасьць фармаваньня антызаходняй кааліцыі ва ўрадзе была як ніколі ў незалежнай Сэрбіі вялікая, што азначала б кардынальную зьмену замежнай палітыкі Сэрбіі, у тым ліку ў дачыненьнях з Захадам і Эўрапейскім Зьвязам.

Да 2006 году партыя падтрымлівала цесныя сувязі зь Югаслаўскай лявіцай — былое аб’яднаньне 23 камуністычных і посткамуністычных групаў былой Югаславіі, якое ачольвала жонка Мілошавіча. Цяпер намагаецца далучыцца да Сацыялістычнага інтэрнацыяналу, аднак гэтаму супрацьстаіць Сацыял-дэмакратычная партыя Босьніі і Герцагавіны і шэраг іншых сябраў арганізацыі. З 2012 годзе ўваходзіла ў склад кааліцыйнага ўраду Прагрэсіўнай партыі Сербіі ды іншых партыяў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]