Слова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Сло́ва — асноўная намінатыўная і кагнітыўная адзінка мовы, што выкарыстоўваецца для найменьня й паведамленьня аб прадметах, прыкметах, працэсах і адносінах. Слова ўяўляе сабою структурна-сэмантычную двухбаковую адзінку мовы, якая валодае формай (плянам выразу) і значэньнем (плянам зьместу).

Асноўныя ўласьцівасьці слова:

  • Фанэтычная аформленасьць (наяўнасьць галоўнага націску).
  • Сэмантычная аформленасьць (наяўнасьць лексычнага, граматычнага, структурнага значэньня).
  • Намінатыўная функцыя (назоў зьявы рэчаіснасьці й паданьне яго ў выглядзе лексычнага значэньня).
  • Узнаўляльнасьць (слова існуе ў мове як гатовая самастойная адзінка і ў момант маўленьня ўзнаўляецца, а не вынаходзіцца зноўку).
  • Сінтаксычная самастойнасьць (здольнасьць быць ужытым у якасьці асобнага выказваньня; адносная свабода разьмяшчэньня слоў у сказе).
  • Унутраная лінейная арганізацыя (cлова складаецца з марфэм).
  • Непранікальнасьць слова (немагчымасьць разрыву адзінкі іншымі элемэнтамі). Выключэньні: "ніхто", "ні ад каго" й да таго падобнае
  • Цэльнааформленасьць
  • Валентнасьць (здольнасьць спалучацца зь іншымі словамі па вызначаных сэмантычных і граматычных законах).
  • Матэрыяльнасьць (існаваньне слова ў гукавай/графічнай абалонцы).
  • Інфарматыўнасьць (аб'ём ведаў аб зьяве рэчаіснасьці).

Словы падзяляюцца на знамянальныя (што абазначаюць некаторыя паняцьці) і службовыя, што служаць для сувязі слоў паміж сабою.

Словы падзяляюцца таксама на розныя часьціны мовы.