Слоенае цеста

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Слоенае цеста
2015 год
2015 год
Тыпцеста
Нацыянальная стравафранцуская
ПаходжаньнеФранцыя
РэгіёнЗаходняя Эўропа
АўтарКляўдый Геле
Дата зьяўленьня1612 (412 гадоў таму)
Час прыгатаваньня2 гадзіны
Асноўны складнікмука
Распаўсюджаныя складнікімасла, вада
Падобныя стравыліставое цеста

Слоенае цеста[1]цеста, здольнае распластоўвацца пры запяканьні.

Выпечка зь яго атрымліваецца храбусткай і рассыпістай, а знутры застаецца мяккай і элястычнай. Гэта абумоўлена даданьнем кулінарнага тлушчу да гатовага прэснага або дражджавога цеста. Пры гэтым цеста шматкроць раскачваюць, складваюць, ахалоджваюць і зноў раскачваюць да ўтварэньня ўнутры кожнага пласту прынамсі 10 найтанчэйшых праслоек тлушчу. Праслойкі хутка плавяцца пры награваньні і імгненна змушаюць закіпаць вільгаць па баках, што абумоўлівае распластоўваньне[2].

Складнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для прыгатаваньня слоенага цеста выкарыстоўваюць 600 грамаў мукі, 400 грамаў масла, яйка, сталовую лыжку воцату, 250 мілілітраў вады і драбок солі[3].

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Масла на 15 хвілінаў кладуць у маразільнік, а іншыя складнікі ахалоджваюць у лядоўні. Муку прасейваюць у міску. Масла наразаюць кубікамі і дадаюць да мукі. Атрыманую сумесь сякуць нажом да атрыманьня масьляна-мучнога крышыва. Яйка разьбіваюць у мерную шклянку, дзе ўскалмачваюць відэльцам. Затым да яйка дадаюць соль і воцат. Пасьля гэтага ўліваюць 250 мл ледзяной вады і перамешваюць. Атрыманую сумесь дадаюць да масьляна-мучной і зьбіраюць цеста ў адну горку без вымешваньня. Цеста дзеляць на 10 роўных частак. Кожную частку загортваюць у харчовую плеўку і кладуць у лядоўню на 2 гадзіны[3].

Духоўку праграюць да +200 °C. Часткі цеста дастаюць зь лядоўні па чарзе. Кожную частку раскачваюць у тонкі пласт і выразаюць круг прамерам на 3—4 см больш за патрэбны. Кругі наколваюць відэльцам і выпякаюць у духоўцы 10 хвілінаў да залацістага адценьня. Абрэзкі цеста таксама сьпякаюць, каб пакрышыць і пасыпаць верх і бакі торта. Астылыя каржы прамазваюць крэмам пасьля астываньня[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Круасан са слоенага цеста (2011 год)

У Старажытнай Грэцыі вынайшлі выцяжное ліставое цеста (грэц. φύλλο — ліст) з мукі і вады, што было папярэднікам слоенага. Гэтае цеста мела таўшчыню з аркуш паперы. Ліставое цеста стала асновай для шматлікіх страваў балканскай, азіяцкай і афрыканскай кухні, у тым ліку піражкоў бурэкаў, чабурэкаў і ласунка пахлава[2].

Слойкі з цукрам (2015 год)

У 1612 годзе вучань францускага кандытара Кляўдый Геле вынайшаў слоенае цеста, бо хворы бацька мог есьці хлеб з мукі і масла, але без дрожджаў і цукру. Ён укачаў у масла цеста з мукі і вады. У выніку ўтварыліся аб’ёмныя і лёгкія аладкі, што сталі рассыпістымі слойкамі. У 1651 годзе шэф-кухар П’ер дэ Ля Варэн выдаў кнігу «Францускі кухар», што зьмяшчала рэцэпт торта мільфёй (франц. mille-feuilles — тысяча лістоў), у якім прапечанае слоенае цеста атрымала крэмавую праслойку. Да 1700 году слоена-крэмавы ласунак сталі гатаваць у большасьці краінаў Эўропы. Ён складаецца з трох слоеных храбусткіх пластоў, падзеленых двума слаямі ванільнага заварнога крэму. Зьверху яго пакрываюць цукровай пудрай або памадкай. У Беларусі такі мяккі, цалкам умоклы торт назвалі шматслойным. У 1912 годзе ў Расейскай імпэрыі на сьвяткаваньні 100-годзьдзя перамогі над Напалеонам падавалі трохкутныя пірожныя ў выглядзе галаўнога ўбору французаў. Таму слоена-крэмавы торт назвалі «Напалеон»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Слоены (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 2002 г.) // Анлайнавы слоўнік «Вэрбум», 2023 г. Праверана 9 чэрвеня 2023 г.
  2. ^ а б в Тацяна Юхновіч, Сяргей Юхновіч. З гісторыі кулінарыі: слоенае цеста, мільфёй і Напалеон / гал.рэд. Аляксандар Ваюшын // Вельмі смачна : газэта. — Менск: Рэдакцыя газэты «Магазін красвордаў», люты 2023. — № 1 (37). — С. 3. — ISSN 2617-8508.
  3. ^ а б в Тацяна Юхновіч, Сяргей Юхновіч. Слоенае цеста // Вельмі смачна. — люты 2023. — № 1 (37). — С. 3.