Унутраная эміграцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Уну́траная эмігра́цыя — ухіленьне ад удзелу ў грамадзкім, палітычным і рэлігійным жыцьці дзяржавы, выкліканае нязгодай зь існай дзяржаўнай сыстэмай і паноўнай у ёй ідэалёгіяй, пры немагчымасьці выказаць гэтую нязгоду. Альтэрнатывай эміграцыі могуць быць дысыдэнцтва, дыстанцыйнае партнэрства (спроба знайсьці спосаб суіснаваньня з рэжымам пры захаваньні пэўнай ступені асабістай незалежнасьці), умеранае супрацоўніцтва (у найбольш нэўтральных ідэалягічна галінах, прыкладам, прыродазнаўчыя навукі), сапраўдная эміграцыя ці наадварот, поўнае супрацоўніцтва зь дзяржавай[1].

Даволі цяжка акрэсьліць усе варыянты формаў унутранай эміграцыі. Як правіла, да іх можна аднесьці адмову працаваць у тых галінах вытворчасьці і паслуг, дзе ад кожнага патрабуюць удзел у тых ці іншых мерапрыемствах ідэалягічнага кшталту, стварэньне ўласнага бізнэсу (там, дзе гэта магчыма), адмова ад знаёмства з навінамі, якія перадаюцца па пэўных тэлеканалах, радыёсетцы й іншых сродках масавай інфармацыі, канцэнтрацыя ўвагі на ўласнай сям’і ці ўласным хобі.

Унутраную эміграцыю ня варта блытаць з унутранай міграцыяй — перамяшчэньнем насельніцтва краіны з адной яе часткі ў іншую, напрыклад, з сельскай мясцовасьці ў месты. Зьяўленьне ўнутранай эміграцыі ў пэўнай краіне можа лічыцца прыкметай наяўнасьці ў ёй таталітарнай ці аўтарытарнай сыстэмы кіраваньня.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1838 року Дэльфіна дэ Жырардэн апублікавала эсэ «Ўнутраная эміграцыя» (па-француску: L'émigration intérieure), якое прысьвяціла францускім арыстакратам, нязгодным з рэжымам Ліпеньскай манархіі[2].

СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай форме тэрмін «унутраныя эмігранты» ўжыў Леў Троцкі ў кнізе «Літаратура і рэвалюцыя» (1923) для характарыстыкі пісьменьнікаў, якія засталіся ў Расеі, але мелі агульнае кола інтарэсаў зь пісьменьнікамі-эмігрантамі. Цягам далейшых дзесяцігодзьдзяў тэрмін «унутраны эмігрант» распаўсюдзіўся на дзеячоў іншых галінаў культуры і мастацтва. Напрыклад, ва ўнутранай эміграцыі абвінавачвалі паэтку Ганну Ахматаву[3].

Савецкія грамадзяне маглі зьехаць на сталае месца жыхарства ў іншыя краіны толькі ў выключных выпадках (напрыклад, у выніку міжнароднага розгаласу пасьля турэмнага тэрміну ці псыхіятрычнага лекаваньня). Дысыдэнты, змушаныя заставацца ў краіне і пазбаўленыя якіх-кольвек магчымасьцяў легальна змагацца за ўласныя правы і перакананьні, сыходзілі ва ўнутраную эміграцыю, якая ў пэрыяд застою стала маштабнай зьявай[4]. Нярэдка іхні пратэст выказваўся ў выбары прафэсіяў дворніка, качагара, фатографа пры наяўнасьці вышэйшай адукацыі ці навуковай ступені. У кацельных і дворніцкіх ня ладзіліся ленінскія залікі, атэстацыі і экзамэны па марксізьме-ленінізьме, такім чынам нязгодныя маглі зьменшыць за мінімуму свае кантакты зь дзяржавай.

Трэці райх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першае ўжываньне тэрміну «ўнутраная эміграцыя» ў Нямеччыне ў дачыненьні да групы нямецкай творчай інтэлігенцыі часоў Трэцяга райху датаванае 1933 рокам. У рамане «Вулькан» (1939) Кляўса Мана ўнутранымі эмігрантамі названыя ўсе нямецкія пісьменьнікі, якія засталія ў Нямеччыне, аднак не прынялі нацысцкую ідэалёгію.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праблема ўнутранай эміграцыі засталася і па развале камуністычнага блёку і СССР. Напрыклад, некаторыя дасьледчыкі гавораць пра наяўнасьць «новай унутранай эміграцыі» ў сучаснай Расеі[5][6][7][8][9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Красильников С. А. Феномен и природа конформизма российской интеллигенции в XX веке / С. А. Красильников // Известия Уральского государственного университета. — 1998. — № 8 — С. 81—85.
  2. ^ Построение собственного образа: русские и французские варианты (рас.) Праверана 2011-09-30 г. Архіўная копія ад 2016-03-05 г.
  3. ^ Иванова Е. Феномен внутренней эмиграции.
  4. ^ Андрей Веселов, Константин Грачёв, Евгений Гусятинский, Саша Денисова, Виктор Дятликович, Наталья Зайцева, Дмитрий Карцев, Василий Корецкий, Константин Мильчин, Екатерина Нагибина, Филипп Чапковский. Застой: что это было. Чем время позднего Путина будет отличаться от времени позднего Брежнева // Русский Репортёр. — М.: ЗАО «Группа Эксперт», 2011 (3—10 ноября). — № 43 (221). — С. 26.
  5. ^ Маслов О. Ю. Новая «внутренняя эмиграция» в России начала XXI века, «Независимое Аналитическое Обозрение»
  6. ^ Чемодан, вокзал, Европа – Огонек № 9 (5167) от 07.03.2011 Архіўная копія ад 2018-05-12 г.
  7. ^ Остров Лайк – Власть – Коммерсантъ Архіўная копія ад 2018-05-12 г.
  8. ^ В Москве появился «Вечный город» – Культура – Коммерсантъ Архіўная копія ад 2018-05-12 г.
  9. ^ Хаз барагаз. Краткий курс внутренней эмиграции – Владислав Моисеев – Как жить – Материалы сайта – Сноб Архіўная копія ад 2016-08-06 г.