Хімічная рэакцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Хімі́чная рэа́кцыя — пераўтварэньне адных рэчываў (рэагентаў) у іншыя (прадукты), адрозныя складам ці будовай. Агульная колькасьць атамаў кожнага з элемэнтаў, зь якіх складаюцца рэчывы, застаецца ў хімічнай рэакцыі нязьменнай (у адрозьненьне ад ядзерных рэакцыяў). Паслядоўнасьць элемэнтарных актаў хімічнага пераўтварэньня называецца мэханізмам хімічнай рэакцыі. Хімічную рэакцыю апісвае хімічнае раўнаньне.

Працяканьне хімічнае рэакцыі залежыць ад прыроды рэагуючых рэчываў і зьнешніх умоваў. Хімічныя рэакцыі адбываюцца пры кантакце рэчываў, часта пад уплывам зьнешніх узьдзеяньняў (награваньне, ціск, выпраменьваньне і г. д.). Хімічныя рэакцыі падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасьцям, якія вывучаюць фізычная хімія, тэрмадынаміка і хімічная кінэтыка, закон аб захаванні масы ў рэчываў, закон Геса, правіла Вант-Гофа)

Клясыфікацыя хімічных рэакцыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрмадынамічная клясыфікацыя ўлічвае энэргетыку хімічнае рэакцыі (экзатэрмічныя і эндатэрмічныя хімічнай рэакцыі), колькасьць фазаў у сыстэме. Адрозьніваюць таксама хімічныя рэакцыі, якія працякаюць у аб’ёме і на паверхні падзелу фазаў.

Кінэтычная клясыфікацыя адрозьнівае хімічныя рэакцыі па суадносінах хуткасьці прамога і адваротнага пераўтварэньня (зваротныя і незваротныя хімічныя рэакцыі), па колькасьці стадыяў (простая і складаная хімічная рэакцыя, якую можна падзяліць на некалькі простых); малекулярнасьць хімічная рэакцыя; парадак хімічнай рэакцыі па кожным рэагенце і ў цэлым. Асобнай групай зьяўляюцца каталітычныя хімічныя рэакцыі.

У залежнасьці ад таго, якія часьцінкі бяруць удзел у элемэнтарным акце хімічнае рэакцыі, іх падзяляюць на малекулярныя, іённыя, фатахімічныя, радыкальныя, ланцуговыя.

У неарганічнай хіміі шырока ўжываецца клясыфікацыя хімічных рэакцыяў па тыпах злучэньняў і характары ўзаемадзеяньня: хімічныя рэакцыі ўтварэньня і раскладу, гідролізу, піролізу, нейтралізацыі, камплексаўтварэньня, акісьляльна-аднаўленчыя рэакцыі.

Арганічная хімія мае сваю клясыфікацыю хімічных рэакцыяў.

Межы панятку хімічная рэакцыя да пэўнай ступені ўмоўныя. Звычайна ня лічыцца хімічнай рэакцыяй утварэньне асацыятаў у растворах, электронна-ўзбуджаныя станы малекул, нават пры істотных зьменах геамэтрычнай канфігурацыі, таўтамерныя пераўтварэньні і г. д.