Электрастанцыі Паўночнай Македоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 41°59′41″ пн. ш. 21°25′57″ у. д. / 41.99472° пн. ш. 21.4325° у. д. / 41.99472; 21.4325

«Электрастанцыі Паўночнай Македоніі»
мак. Електрани на Северна Македонија
Тып акцыйнае таварыства
Дэвіз Ніколі не спыняемся, пастаянна разьвіваемся
Заснаваная 1945
Заснавальнікі урад Дэмакратычнай Фэдэральнай Македоніі
Уласьнікі урад Паўночнай Македоніі
Краіна Паўночная Македонія
Разьмяшчэньне Скоп'е
Адрас вул. 11 кастрычніка, д. 9[1]
Ключавыя фігуры Сладжана Багдановіч (старшыня), Васько Кавачэўскі (генэральны дырэктар)[2]
Галіна электраэнэргетыка
Прадукцыя электраэнэргія, цеплавая энэргія
Абарачэньне 15,935 млрд дэнараў (2021 год; 259,116 млн эўра)[3]
Апэрацыйны прыбытак 849,2 млн дэнараў (2021 год; 13,808 млн эўра)
Чысты прыбытак -1,728 млрд дэнараў (2021 год; -28,101 млн эўра)
Лік супрацоўнікаў 4471 (2022 год)
Даччыныя кампаніі Рудна-энэргетычны камбінат Бітола

«Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» («ЭПМ») — дзяржаўнае прадпрыемства Паўночнай Македоніі, заснаванае ў 1945 годзе ў якасьці «Электраэнэргетыкі Македоніі».

На 2023 год забясьпечвала каля 90 % вытворчасьці электраэнэргіі ў краіне. Цеплавыя электрастанцыі магутнасьцю 824 МВт выраблялі 5000 ГВт-гадзіна электраэнэргіі за год, гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 556,8 МВт — 1200 ГВт-гадз, ветраэлектрастанцыя на 36,8 МВт — звыш 100 ГВт-гадз. Кагенэрацыйная газавая электрастанцыя на 30 МВт выдавала цеплавую магутнасьць у 26 МВт. Таксама дзейнічала сонечная электрастанцыя «Асламей 1» на 10 МВТ[4].

Будова і вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» ўлучалі:

Дзьве цеплавыя электрастанцыі працавалі на бурым вугалі ў Пелагонскай і Кічаўскай катлавінах. Яны забясьпечвалі да 80 % вытворчасьці электраэнэргіі. Агульныя запасы вугалю ў 20 радовішчах, у тым ліку ў Мар'ёўскай і Ціквескай катлавінах, ацэньваліся ў 2,5 млрд тонаў. Рудна-энэргетычны камбінат (РЭК) «Бітола» меў найбольшую магутнасьць на трох блёках па 233 МВт і вырабляў штогод 1200 ГВт-гадз электраэнэргіі на блёк. Сярэдняя цеплатворная здольнасьць вугалю складала 1540 кДж/кг. РЭК «Асламей» каля Кічава меў магутнасьць 125 МВт. ЦЭЦ на прыродным газе даччынага прадпрыемства «Энэргетыка» вырабляла да 100 МВТ-гадз электраэнэргіі і да 40 МВт цеплаэнэргіі для забесьпячэньня гарачай вадой і ацяпленьня[6]. Два буйныя руднікі бурага вугалю Асламей і Сувадол працавалі ў Кічаўскай і Пелагонскай катлавінах, дзе знаходзіліся радовішча Сувадол, Брод-Гнеаціна, Жывойна, Асламей, Папавяні і Страгаміштэ. Сярод 664 млн тонаў вугалю 62 % падлягалі здабычы ў шахтным спосабам, а рэшта — адкрытым спосабам[7].

Гідраэлектрастанцыі выраблялі 1200 ГВт-гадз электраэнэргіі за год і мелі магутнасьць 554 МВт, што складала 40 % ад агульнага абсягу магутнасьцяў прадпрыемства. Выкарыстаньне магутнасьці рэк Вардар і Чорны Дрым скдалала 27 % ад тэхнічных магчымасьцяў (1417 МВТ-гадз)[8].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1945 годзе ўрад Дэмакратычнай Фэдэральнай Македоніі ўтварыў прадпрыемства «Электраэнэргетыка Македоніі». У хуткім часе ўвялі ў дзеяньне два агрэгаты цеплаэлектрастанцыі «Маджары» ў Скоп'і. Затым штогод запускалі па малой гідраэлектрастанцыі: «Зрноўцы», «Песачаны», «Сапунчыца» і «Дошніца». У 1957 і 1958 гадах запусьцілі 2 агрэгаты магутнасьці па 37,5 МВт на ГЭС «Вруток». У 1960 годзе адчынілі ГЭС «Равен» і «Врбен» па 12,8 МВт, якія ўтварылі першую чаргу «Маўроўскай ГЭС». У 1965-м запусьцілі ГЭС «Глабочыца» магутнасьцю 42 МВт на рацэ Чорны Дрым, а таксама ў 1969-м адчынілі ГЭС «Сьпіле» на 70,2 МВт. У 1968-м узьвялі 2 агрэгаты ГЭС «Ціквеш» па 46 МВт. У 1970-м пусьцілі ГЭС «Каліманцы» на 12,8 МВт[9].

У 1978 годзе пабудавалі цеплаэлектрастанцыю «Нягоціна». У 1980-м запусьцілі Рудна-энэргетычны камбінат «Асламей». Да 1988 году пасьлядоўна ўзьвялі тры цеплавыя блёкі Рудна-энэргетычнага камбінату «Бітола». У 2004 годзе ўсталявалі 2 агрэгаты магутнасьцю 80 МВт ГЭС «Казяк» магутнасьцю, што дазволіла вырабляць 652 000 МВт·гадз электраэнэргіі за год, а гэта склала 1/8 вытворчасьці ГЭС у Македоніі. 30 чэрвеня 2005 году ўрад Македоніі ўхваліў Пастанову № 19-2626/1 аб пераўтварэньні прадпрыемства ў акцыйнае таварыства «Электрастанцыі Македоніі»[9].

У 2008 годзе працягнулі выведку Мар'ёўскага радовішча, дзе пацьвердзілі запасы 111 млн тонаў вугалю. У 2010 годзе пачалі распрацоўку Подзінскага радовішча на рудніку Сувадол, дзе запасаў вугалю ставала на 20 гадоў працы ЦЭС «Бітола». У 2010 годзе дасягнулі найбольшай вытворчасьці электраэнэргіі ў 6462 гігават-гадзіна за кошт павышэньня яе вытворчасьці на ГЭС на 70 % да 2185 гігават-гадзіна. У жніўні 2012 году запусьцілі ГЭС «Сьвятая Петка» на рацэ Трэска магутнасьцю 36,4 мэгават з выпрацоўкай 66 гігават-гадзіна электраэнэргіі за год. У сакавіку 2014 году да электрасеткі падлучылі ветравую электрастанцыю «Багданцы» магутнасьцю 36,8 МВт з пастаўкай 100 гігават-гадзіна электраэнэргіі для 60 000 хатніх гаспадарак. У 2019 годзе прадпрыемства перайменавалі «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі» ў адпаведнасьці з Прэспанскім пагадненьнем з Грэцыяй[9].

На 2020 год сярод 4699 супрацоўнікаў 86 % складалі мужчыны. Найбольш працаўнікоў налічвалі РЭК «Бітола» — 2550 (54 %) і РЭК «Асламей» — 965 (20 %)[5]. За 2021 год вытворчасьць электраэнэргіі ўпала на 21 % да 3227 гігават-гадзіна. Зь іх 63 % вырабілі на 2-х цеплаэлектрастанцыях, 33 % — на 8 гідраэлектрастанцыях, 3 % — на ветравой электрастанцыі «Багданцы», а рэшту на кагенэрацыйнай цеплаэлектрацэнтралі[3]. У красавіку 2022 году запусьцілі сонечную электрастанцыю «Асламей 1» магутнасьцю 10 МВт з выпрацоўкай 15 гігават-гадзіна за год[9].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  2. ^ Будова (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  3. ^ а б Уладзімер Слаўкоўскі, Дабрыла Стэфаноска. Справаздача аб працы за 2021 год (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 9 траўня 2022 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  4. ^ «ЭПМ» на першы погляд (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  5. ^ а б Кіраваньне прадпрыемствам (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  6. ^ Цеплавая энэргія (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 14 красавіка 2023 г.
  7. ^ Руднікі (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  8. ^ Гідраэнэргетыка (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.
  9. ^ а б в г Гісторыя (макед.) // АТ «Электрастанцыі Паўночнай Македоніі», 2023 г. Праверана 15 красавіка 2023 г.