Peanuts

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Гарэшкі (па-ангельску: Peanuts) амэрыканскі штодзённы комікс, які маляваў Чарльз Шульц з 2 кастрычніка 1950 па 13 лютага 2000. За пяцьдзясят гадоў выйшла 17 897 стрыпаў, у лепшыя гады Гарэшкі зьяўляліся ў 2600 ґазэтах. Комікс быў перакладзены на 21 мову ды публікаваўся ў 75 краінах. Перадрукі старых выпускаў дагэтуль прысутнічаюць амаль у кожнай амэрыканскай ґазэце. Мультфільм паводле коміксу, «Каляды Чарлі Браўна», атрымаў узнагароду Эмі. Гэты комікс клічуць «Вялікай амэрыканскай гісторыей няпосьпеху». Галоўны гэрой – Карусь Броўн – гэта лагодны й заходлівы няўпэўнены ў сабе хлопчык. У яго не выходзіць выйграць бэйсбольны матч, папасьці па мячу ці нават запусьціць паветранага зьмея. Першапачатковы склад пэрсанажаў быў невялічкі – сам Карусь Броўн, чарнявы Саўцісь, клапатлівая Паўка ды карусёў сабака-бігаль Шныпі. Хутка да сяброў далучыліся ганарыстая i грубаватая Віктуся, піяніст-вундэркінд Рыхард, самалюбка i ўладалюбка Люцька ван Пельт, яе малодшы брацік Луцэсь, юны філёзаф, няздатны развітацца са сваёй каханай коўдраю, ды мурза Цюнік. Гэтыя дзеці жывуць у сярэднястатыстычным амэріканскім прадмесьці, ходзяць да школы, сварацца, лагодзяцца ды гуляюць у бэйсбол (Карусь Броўн ёсьць падаючы, Рыхард – прымаючы). У 60-я гады ўвага засяроджваецца на сабаку Шныпі i ягоным уяўным жыцці: ён уяўляе сябе ці пілётам-асам у Першую Ўсесьветную Вайну ці ўсевядомым пісьменьнікам. Шульц працягвае ўводзіць новых пэрсанажаў, напрыклад васпаватую свавольніцу Польцю-Пятрушку. За ёй падцягваюцца сябры другое бэйсбольнай каманды – першы чарнаскуры пэрсанаж у коміксе хлопчык Пранцысь i польцына таварышка кніжніца Марця. Само сабою комікс нельга ўявіць бяз Зосі Броўн, малодшай сястры Каруся, якая ёсьць закаханая ў Луцэся, ды жоўтае птушкі Вінціка, таварыша Шныпі, які размоўляе з дапамогаю рысак i злучкоў.