Альхімкава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алея ў былым маёнтку Альхімкава. Фотаздымак 2018 г.

Альхімкава (маск. — Альхѝмково) — маёнтак, які разьмяшчаўся за 2 км на пд.-зах. ад сучаснай в. Якубаўшчына (Лёзьненскі раён Віцебскай вобласьці).

На месцы сядзібнага дома. Фотаздымак 2018 г.

1.   Альхімкава ў канцы XVIII — пачатку ХХ ст.

Альхімкава на карце 1848 г.

У 1777 г. населены пункт значыцца як вёска “Олхимки“, дзе пражывала 25 сялянаў хрысьціянскага веравызнаньня. Вёскай валодаў граф Агінскі, кашталян Віленскі[1].

У 1783 г. маёнтак складаўся зь сяльца Альхімкава і вёскі Якубаўшчына, належаў памешчыку Ёсіфу Антонавічу Сьлежаноўскаму. У Альхімкаве жыла толькі сям’я І. Сьлежаноўскага (дваравыя людзі жылі ў Якубаўшчыне).

У 1848 г. маёнтак ахопліваў 328 дзес. ворыва, 159 дзес. 200 саж. сенажаці, 103 дзес. 130 саж. хмызьнякоў, 500 дзес. 1860 саж. лісьцёвага лесу, 180 саж. лісьцёвага лесу на балоце, 40 саж. пад будынкамі, 20 дзес. 720 саж. пад садам, агародамі, “гуменнікамі і канаплянікамі”, 23 дзес. 1200 саж. пад балотам, 400 саж. пад могілкамі, 400 дзес. 2310 саж. пад дарогамі, 2 дзес. 1500 саж. пад сажалкамі, рэчкай, ручаямі. Усяго налічвалася 1322 дзес. 1260 саж. зямлі[2].

У дакумэнтах 1857 г. Альхімкава значыцца як хутар, які належаў да прыходу Нова-Бельскай праваслаўнай царквы. Разам у Альхімкаве і Якубаўшчыне пражывала 168 чалавек[3] .

У 1871 г. маёнтак адышоў у спадчыну да Аляксандра Ёсіфавіча Сьлежаноўскага — двараніна рымска-каталіцкага веравызнаньня (ён лічыўся арандатарам). У 1882 г. маёнтак ахопліваў 836 дзес., у тым ліку 314 дзес. лесу, 100 дзес. ворыва, 60 дзес. сенажаці.

У 1877 г. праваслаўныя сяляне Старне Карл Пятровіч і Старне Пётр Пятровіч купілі ў Альхімкаве 102 дзес. зямлі, у тым ліку пад лесам — 70 дзес., пад ворывам — 18 дзес., пад сенажацьцю — 10 дзес.[4].

У 1910 г. маёнтак Альхімкава належала дваранцы С.Сьлежаноўскай рымска-каталіцкага веравызнаньня. Ён ахопліваў 213,75 дзес. зямлі (200 дзес. прыгоднай, 10,75 дзес. непрыгоднай і 3 дзес. лесу). На тэрыторыі Альхімкава знаходзілася 9 двароў, у якіх пражывала 19 мужчын і 22 жанчыны[5].

У 1911 г. Альхімкавам валодаў Вячаслаў Аляксандравіч Сьлежаноўскі, плошча маёнтка ахоплівала 193 дзес. зямлі[6].

2.   Альхімкава ў 1917 — 1920-я гг.

2.1.       Разьмеркаваньне зямлі пасьля 1917 г.

Пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. адбывалася разьмеркаваньне зямлі маёнтка паміж сялянамі.

14 ліпеня 1921 г. у зямельны аддзел Лёзьненскага валаснога выканкама паступіла хадайніцтва ад траіх жыхароў вёскі Замошша: Ягора, Якава і Фёдара Зубавых, якія прасілі вылучыць ім дадатковыя надзелы ў Альхімкаве[7]. Зямля, што знаходзілася на мяжы з надзеламі Зубавых, афіцыйна была ў карыстаньні братоў Пятра, Фадзея і Фёдара Захарэнкавых, які, арандавалі яе яшчэ і ў памешчыка Сьлежаноўскага. Па гэтай прычыне ў жніўні 1921 г. кіраўніцтва камуны адмовіла Зубавым у іх просьбе[8].

У ліпені 1922 г. зямельны аддзел Лёзьненскага валвыканкама разьмеркаваў 358 дзес. альхімкаўскіх угодзьдзяў паміж сялянамі з навакольных вёсак, многія зь якіх адначасова карысталіся яшчэ й лугамі ва ўрочышчы Поплава. Супраць такога разьмеркаваньня зямлі ў сярэдзіне сакавіка 1923 г. выказаліся члены Матушоўскага раённага Савета, якія прапанавалі зямельнаму аддзелу Лёзьненскага валвыканкама падзяліць зямлю па справядлівасьці. 20 сакавіка 1923 г. адбылося адкрытае судовае пасяджэньне, на якім Лёзьненскаму валземаддзелу прадпісалі зрабіць новае разьмеркаваньне зямлі[9].

2.2.       Саўгас “Альхімкава”

Пасьля рэвалюцыі 1917 г. на базе былога маёнтка Альхімкава быў арганізаваны саўгас, сябрамі якога ў асноўным зьяўляліся сяляне зь вёскі Якубаўшчына. За саўгасам лічылася 140 дзес. ворыва, 320 дзес. лугоў і непрыдатнай зямлі, а таксама 18 дзес. ва ўрочышчы Поплава. Паводле заявы, падпісанай 46 гаспадарамі зь Якубаўшчыны і накіраванай у зямельнае ўпраўленьне Віцебскага губвыканкама 6 сьнежня 1922 г., умовы працы ў саўгасе былі горшымі, чым пры памешчыку. У свой час за ўборку яго лугоў памешчык дазваляў сялянам забіраць сабе 1/2 скошанай травы, а ў саўгасе яны маглі забраць толькі 1/3. Сяляне былі незадаволены тым, што да канца 1922 г. азімым збожжам засявалася толькі 3 дзес. з магчымых 22-х, а яравых — 5 — 6 дзес. замест магчымых 50-ці. Канюшына і іншыя травы ўвогуле не засяваліся. Нават у канцы году сена і збожжа часта заставалася на палетках непрыбраным. З 200 галоў буйной рагатай жывёлы засталося 13, а з 40 коней — 2. У сувязі з заняпадам саўгаса сяляне прасілі вылучыць зямлю ў іх карыстаньне.

У канцы лютага 1923 г. за саўгасам “Альхімкава” лічылася каля 358 дзес. зямлі: 137 дзес. ворыва, 3 дзес. пад сядзібай, 2 дзес. пад садам і гародам, 38 дзес. сухадольных лугоў, 22 дзес. заліўных лугоў, 30 дзес. пад “выганам” (ускраіны балот), 125 дзес. тарфяных балот, 1 дзес. пад дарогамі. Апроч таго да саўгаса адносіўся заліўны луг “Поплава” ўздоўж рэчкі Страгоўкі плошчай 22 дзес. У садзе налічвалася 287 яблынь (пераважна летніх гатункаў, узростам 14 — 18 гадоў). На тэрыторыі саўгаса знаходзілася 18 драўляных будынкаў, усе яны патрабавалі рамонту. З жывёлы ў Альхімкаве меліся 2 кані, 14 кароў, 1 баран, 15 авечак і 2 сьвіньні.

16 сакавіка 1923 г. зямельнае ўпраўленьне Віцебскага губвыканкама перадала саўгас “Альхімкава” Якубаўшчынскаму сельскагаспадарчаму таварыству. Гэтая дамова заключалася тэрмінам на 8 гадоў.

Паводле стану на красавік 1925 г., кожная зь сялянскіх сем’яў, па сутнасьці, працягвала весьці аднаасобную гаспадарку: тыя, што жылі ў Альхімкаве, прывозілі сабраны ўраджай на тэрыторыю саўгаса, а астатнія адвозілі ў Якубаўшчыну. Жывёлу кожная сям’я трымала ва ўласных хлявах. Сад нікім не даглядаўся, больш таго, на частцы яго тырэторыі былі зроблены гароды. Нягледзячы на дамову, у саўгасе не былі зроблены паказальныя ўчасткі і не арганізавана паказальнае кармленьне жывёлы.

23 чэрвеня 1925 г. на тэрыторыі саўгаса пабывала камісія ў складзе загадчыка зямельнага аддзела Віцебскага акрвыканкама і старшыні Лёзьненскага райвыканкама, якія канстатавалі нізкі ўзровень вядзеньня гаспадаркі ў Альхімкаве.

На 1 і 6 жніўня 1925 г. былі прызначаны аўкцыёны па продажы маёмасьці былога маёнтка Альхімкава[10].

2.3.       Сельскагаспадарчая арцель “Чырвоны Кастрычнік”

Да вясны 1926 г. у Альхімкаве было вырашана стварыць габрэйскую сельскагаспадарчую арцель. Тым ня менш, да гэтага часу не былі падрыхтаваны сьпісы габрэяў — сябраў плянуемай арцелі, не была аформлена перадача маёмасьці, не былі выселены жыхары Альхімкава, бо ў такім выпадку зямля б засталася неапрацаванай. У выніку ў маі 1926 г. усім сялянам было дазволена карыстацца тымі ж надзеламі, што і ў мінулым палявым сэзоне. Праўда, усім сялянам было забаронена вывозіць з Альхімкава гной, а таксама засяваць лёнам больш як 4 дзес. Адначасова сялянам было паведамлена, што летам засяваць азімае жыта і касіць сена яны будуць ужо на новых участках[11].

У 1926 — 1927 гаспадарчым годзе ў Альхімкаве дзейнічала сельскагаспадарчая арцель “Чырвоны Кастрычнік”. На яе тэрыторыі разьмяшчалася 8 двароў, у якіх пражывала 5 габрэйскіх сямей, 2 беларускія і 1 руская (усяго — 14 мужчын і 17 жанчын)[12].

Альхімкава было зьнішчана нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны[13].

2.4.       Жыхары Альхімкава

У 1918 — 1923 гг. у школах вёсак Баравая, Замошша і Малькава працавала настаўніца Марыя Аляксандраўна Сьлежаноўская (1869 г. нараджэньня, на той час зьяўлялася ўдавой), якая выкладала музыку, арытмэтыку і рускую мову[14].

***

Прозьвішчы пададзены на мове дакумэнта і ў гэтакай жа пасьлядоўнасьці:

1)            Жицели Альхимково, имеющие избирацельные права, 24 окцября 1923 г.:

Филипп Кукушкин (55 лет), Павел Кукушкин (32 году), Петр Кукушкин (28 лет), Захар Кукушкин (25 лет), Иван Кукушкин (20 лет), Михаил Симаченко (38 лет), Мария Симаченко (30 лет), Петр Берэзкин (40 лет), Сцефан Павленко (41 год), Евлампия Берэзкина (38 лет), Анна Павленко (36 лет), Иван Королев (35 лет), Ульяна Королева (30 лет), Игнатий Шэрандин (30 лет), Ольга Шэрандина (24 году), Максим Майоров (39 лет), Иван Жевлоченко (32 году), Анастасия Жевлоченко (30 лет), Павел Жевлоченко (29 лет)[15].

2)            Сьпіс дзяцей 5 — 9 гадоў раёну Якубаўшчынскай школы, 25 мая 1929 г.:

пасёлак Альхімкава: Бярозкіна Алеся Пятроўна (9 гадоў), Шарандзін Сьцяпан Максімавіч (5 гадоў), Шарандзіна Мар’я Ігнатаўна (7 гадоў), Шарандзін Янка Ігнатавіч (5 гадоў), Паўленкава Зіна Сьцяпанаўна (8 гадоў), Паўленкаў Мікола Сьцяпанавіч (6 гадоў);

арцель “Чырвоны Кастрычнік”: Вярхоўская Сора Гэрцаўна (9 гадоў), Амусіна Двейра Лейбаўна (8 гадоў), Лев Ян Лейбавіч (8 гадоў), Лев Фрыда Лейбаўна (9 гадоў), Ларысон Саламон Марцінавіч (9 гадоў), Рагацкіна Буся Бэркаўна (9 гадоў), Блюмкін Алтыр Кірпалавіч (6 гадоў)[16].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ведомость о дворянах Могилевской губернии, по разделению на двенадцать нижеписанных уездов, с показанием какие каждый из них имеет во владении местечки, села и деревни и сколько в оных христиан и жидов состоит. – 1777 г. – 112 л. – Л. 31 – 31 об.
  2. ^ Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 1354, воп. 232, спр. А-4 чырв., арк. 1.
  3. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290, воп. 4, спр. 80, арк. 371.
  4. ^ Опыт описания Могилевской губернии. Книга 3. – Могилев на Днепре: Типография Губернского правления, 1884. – 327 с. – С. 170 – 171.
  5. ^ Список населенных мест Могилевской губернии. – Могилев: Губернская типография, 1910. – 250 с. – С. 122.
  6. ^ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 2089, воп. 1, спр. 6, арк. 77 адв.
  7. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 144, воп. 1, спр. 39, арк. 117 – 117 адв.
  8. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 144, воп. 1, спр. 40, арк. 27 – 27 адв.
  9. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 144, воп. 1, спр. 298, арк. 4 – 7, 11.
  10. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 160, воп. 13, спр. 6, арк. 27 – 28, 30, 36 – 37, 54, 59 – 60.
  11. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 160, воп. 1, спр. 5, арк. 60.
  12. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 118, воп. 1, спр. 729, арк. 141.
  13. ^ http://db.narb.by/search/6263(недаступная спасылка).
  14. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 246, воп. 2, спр. 798, арк. 1.
  15. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 104, воп. 2, спр. 22, арк. 105 адв. – 106.
  16. ^ Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці. Ф. 160, воп. 11, спр. 30, арк. 133 адв. – 134.